Вы тут

Слонім: абыякавых няма


У Гродзенскім аблвыканкаме расказалі, як Слонім рыхтуецца да сустрэчы гасцей Свята беларускага пісьменства

Чаго чакаць наведвальнікам ад свята і як змянілася аблічча горада падчас падрыхтоўкі, распавёў карэспандэнту «ЛіМа» начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.


— Аляксандр Людвігавіч, Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, якія заўсёды займалі і займаюць важную ролю ў развіцці асветы, літаратуры, з якімі звязана жыццё знакамітых дзеячаў культуры краіны. У Гродзенскай вобласці сталіцай літаратурнага свята ўжо былі Навагрудак, Мір, Смаргонь, Шчучын. Цяпер Слонім. У чым асаблівасці сёлетняга свята?

— Так, сапраўды, у Гродзенскай вобласці Дзень беларускага пісьменства будзе праведзены пяты раз. І кожны з населеных пунктаў, што прымалі свята, па-свойму важны ў гісторыі культуры, асветы і літаратурнай спадчыны нашай краіны. Слонім не выключэнне. У Беларусі нямала гарадоў з багатай гісторыяй: Полацк і Мсціслаў, Заслаўе і Брэст, Навагрудак і Тураў, яшчэ дзясяткі іншых. Амаль 800-гадовы Слонім таксама ўваходзіць у гэты спіс. Трэба падкрэсліць, што Слонім таксама ўваходзіць у сямёрку гарадоў Беларусі, дзе ў XVIII стагоддзі былі свае тэатры. Але слонімскі меў асаблівае непаўторнае аблічча. У межах горада вялікі гетман літоўскі Міхаіл Казімір Агінскі пабудаваў так званы малы канал, які існуе і дагэтуль, выпрастаўшы рэчышча Шчары для падачы вады на сцэну свайго знакамітага на ўсю Еўропу тэатра, сцэна якога падчас спектакля залівалася вадой.

У тэатры працавалі прафесійныя італьянскія і польскія оперныя і драматычныя акцёры і мастакі. Тут быў хор і балет. Велізарнай папулярнасцю карыстаўся прыдворны аркестр з пяцідзесяці трох музыкантаў, адзін з самых знакамітых у Еўропе. Традыцыі тэатра Агінскага працягваюцца і дагэтуль. Слонім — адзіны ў краіне горад з такой колькасцю насельніцтва (каля 50 тысяч чалавек), дзе ёсць свой народны драматычны тэатр.

Нельга не ўспомніць і пра Льва Сапегу — асобу вядомую не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, але і далёка за іх межамі. Пачаўшы з вялікага пісара ВКЛ, ён даслужыўся да высокай пасады канцлера, атрымаў званні ваяводы Віленскага і гетмана Вялікага Княства Літоўскага. У 1586 годзе атрымаў у кіраванне Слонім. Менавіта па яго просьбе ў 1591 годзе каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам III Вазам гораду было пацверджана права на самакіраванне і падараваны герб, дзе намаляваны залаты леў, які трымае сярэбраную стралу.

Мы памятаем, што неацэнная заслуга Льва Сапегі ў выданні ў 1588 годзе першай канстытуцыі — Статута ВКЛ. Ён сам узначаліў соймавую камісію па яго падрыхтоўцы, асабіста адрэдагаваў тэксты і фінансаваў выданне Статута ў Віленскай друкарні. Менавіта Леў Сапега настаяў на тым, каб Статут быў напісаны на старабеларускай мове. Па гэтым законе (удумайцеся толькі!) насельніцтва жыло 252 гады.

Я расказваю вам гісторыю горада не проста для даведкі, а дзеля таго, каб яшчэ раз падкрэсліць значнасць Слоніма і патлумачыць, чаму менавіта гэты горад цалкам мае права быць сталіцай пісьменства краіны.

— Як правядзенне Дня беларускага пісьменства ўплывае на развіццё культурнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці ў цэлым?

— Любое свята такога маштабу — магчымасць для гаспадароў паказаць самае лепшае. Мы таксама пакажам сваіх найлепшых артыстаў і майстроў. На працягу года яны працавалі над праграмамі, шліфавалі іх для таго, каб парадаваць гасцей свята. Дарэчы, у мерапрыемствах Дня пісьменства ў Слоніме возьмуць удзел самыя розныя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, чыя творчасць даўно стала брэндам Гродзенскага рэгіёна, а таксама майстры і рамеснікі з унікальнымі вырабамі.

У Гродзенскай вобласці вельмі паважліва ставяцца да Дня беларускага пісьменства, таму што гэта свята не аднаго дня — свята года! Заўважце, колькі робіцца для развіцця культуры і інфраструктуры гарадоў. Да таго ж у дні свята заўсёды знаходзяцца новыя таленты, адкрываюцца зоркі ў літаратурным свеце. Гэта вельмі важна з пункту гледжання развіцця культурнага патэнцыялу краіны.

 — Якіх традыцыйных і наватарскіх падзей чакаць падчас свята?

— Асноўнымі мерапрыемствамі Дня беларускага пісьменства па традыцыі будуць урачыстае адкрыццё свята, цырымонія ўзнагароджання пісьменнікаў — пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і цырымонія закрыцця свята. Усе падзеі пазначаны ў праграме святкавання Дня пісьменства. Асобна адзначу Міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, падчас якога вызначаецца вектар развіцця нацыянальнай літаратуры.

Сцэнарыст Алесь Бадак і галоўны рэжысёр Ніна Осіпава распрацавалі выдатны сцэнарый урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Гледачы змогуць убачыць цікавае і захапляльнае мастацка-тэатралізаванае дзеянне «Зямля пад белымі крыламі».

Разам з ужо звыклымі традыцыйнымі формамі ў Слоніме запланаваны шэраг новаўвядзенняў, сярод якіх — гульня-квэст «Код Сапегі»: удзельнікам (а гэта моладзь і школьнікі) трэба прайсці праз браму машыны часу, знайсці па падказках дзесяць месцаў горада, дзе стваралася гісторыя Слоніма, і ўпісаць у дзённікі знойдзеную інфармацыю.

Мы доўга выбіралі дэвіз і талісман Дня беларускага пісьменства. Такім чынам, дэвізам свята стаў слоган «ЛІТАРАльна наша свята», які будзе стрыжнем усіх мерапрыемстваў і звяжа іх у адзінае цэлае. Пляцоўкі таксама адзначаны пэўнымі назвамі. «ЛІТАРАльна наша мова» — пляцоўка кнігі і прэсы, дзе кожны зможа знайсці чытво на любы густ. Моладзевая пляцоўка «ЛІТАРАльна наша МОЛАДЗЬ» падрыхтавана спецыяльна для пакалення, якое ўжо не можа абысціся без гаджэтаў. «ЛІТАРАльна наша страва» — пляцоўка свята-фестывалю беларускай кухні, дзе не толькі смачна пачастуюць, але і падзеляцца ўнікальнымі рэцэптамі нацыянальных страў. А на пляцоўцы «ЛІТАРАльна наша мастацтва» прадставяць творчасць мясцовыя мастакі. Дзіцячыя забавы разгарнуца на пляцоўцы «ЛІТАРАльна наша дзяцінства».

Талісманам Дня беларускага пісьменства стане малюнак ільвяняці, які атрымаў імя Лявон. Спецыяльна да свята былі выраблены тры роставыя лялькі талісмана, якія будуць задзейнічаны ў мерапрыемствах і фотазонах. У межах святкавання Дня беларускага пісьменства таксама пройдзе гастранамічны фестываль з гатаваннем страў, апісаных у творах беларускіх класікаў. А яшчэ прапануецца праект «На плоце»: у фотаздымках будзе паказаная гісторыя правядзення дзён беларускага пісьменства на гродзенскай зямлі.

Упершыню ў межах святкавання аб’яўлены конкурс на найлепшае асвятленне тэматыкі Дня беларускага пісьменства ў Слоніме сярод рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ Беларусі, арганізатарам якога выступае галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйныя партнёры конкурсу — выдавецкі дом «Звязда» і рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». Лаўрэаты па асвятленні тэматыкі Дня беларускага пісьменства ў перыяд правядзення конкурсу будуць вызначаны ў намінацыях «Найлепшае рэспубліканскае друкаванае СМІ», «Найлепшае рэгіянальнае друкаванае СМІ», «Найлепшая публікацыя ў рэспубліканскім друкаваным СМІ»; «Найлепшая публікацыя ў рэгіянальным друкаваным СМІ». Узнагароджанне пераможцаў таксама пройдзе 1 верасня.

Сумесна з Беларускім рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем калекцыянераў мы арганізуем тэматычную выстаўку калекцыйных экспанатаў у межах Дня пісьменства.

— Жыхары Слоніма і Гродзеншчыны настроены на ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства?

— Цікавасць да свята вялікая. Асабліва запомнілася, як падчас правядзення выязных рабочых нарад у Слоніме на вуліцах горада да нас падыходзілі людзі са словамі падзякі за зробленую работу і прапановамі па правядзенні свята. Абыякавых дакладна няма!

Што тычыцца жыхароў вобласці, то яны маюць магчымасць убачыць мерапрыемствы ўжывую. Будзе арганізаваны цэнтралізаваны падвоз да святочных пляцовак.

— Ці плануецца адмысловая праграма для замежных гасцей?

— Такая праграма не распрацоўвалася. Але замежнікі змогуць акунуцца ў падзеі свята разам з усімі. У гэтым ім дапамогуць валанцёры — наша студэнцкая моладзь — больш чым 60 маладых людзей.

Разам з тым для ўсіх ахвотных, у тым ліку і замежных грамадзян, будзе арганізаваны шэраг аглядных экскурсій па напрамках «Слонім гістарычны» (можна будзе даведацца пра гісторыю заснавання горада, яго вуліц, зразумець, чаму Слонім называюць горадам на скрыжаваннях чатырох дарог, чатырох культур і рэлігій), Слонім культурны (госці ўбачаць з розных бакоў Палескія Афіны, даведаюцца аб гісторыі жыцця мецэнатаў Слонімшчыны), Слонім архітэктурны (экскурсаводы раскажуць пра архітэктурную спадчыну горада, пакажуць цікавыя пабудовы з незвычайнай гісторыяй ХІХ—ХХ стагоддзяў: асабнякі, жылыя дамы, будынкі грамадскага і прамысловага прызначэння, тэатр), наваколлі Слоніма (магчымасць убачыць жамчужыну «Залатога кальца» Слонімшчыны — Жыровіцы і ўбачыць комплекс былой сядзібы графа Пуслоўскага «Альбярцін»).

— Як змянілася інфраструктура Слоніма да святкавання Дня беларускага пісьменства? Магчыма, з’явіліся новыя аб’екты, якія могуць яшчэ больш абудзіць у гасцей цікавасць да культуры рэгіёна?

— У Слоніме з’явіцца новы аб’ект — аўтарскі праект трох скульптараў з Мінска (У. А. Піпіна, І. Я. Міско і С. А. Логвіна) — помнік Льву Сапегу. За кошт абласнога бюджэту праведзена добраўпарадкаванне вуліцы Агінскага з прылеглай да ракі Шчара тэрыторыяй (канал Агінскага) і рэканструкцыя гасцініцы «Шчара». На мой погляд, абноўлены ўвесь горад. Гэта відаць няўзброеным вокам, калі толькі ўязджаеш у Слонім. Думаю, справа ў атмасферы: святочны настрой спрыяе пазітыўнай энергетыцы.

— Звычайна да Дня пісьменства рыхтуюцца выданні пра гісторыю горада, які прымае літаратурную эстафету...

— Упэўнены, што мы таксама зможам парадаваць чытачоў. Ужо пабачылі свет фотаальбомы «Па Нёмане, Віліі, Шчары...», «Старажытны Гродна» і «Старажытны Слонім» (пад рэдакцыяй Уладзіміра Ліхадзедава) на рускай, беларускай і англійскай мовах. У стадыі завяршэння — работа над кнігамі «Гродзенская вобласць», «Гродзеншчына спартыўная», «Аўгустоўскі канал» і «Мастацкі вобраз Гродзеншчыны».

— Ці можна сцвярджаць, што пасля першага верасня свята для Слоніма працягнецца?

— Без сумневу. Таму што свята — гэта хутчэй не пэўная нагода, а стан душы. Дзень пісьменства чакаюць у нас з нецярпеннем, таму можна зрабіць выснову, што людзі жывуць святам ужо сёння. Дарэчы, ужо ў маі 2020 года пройдуць мерапрыемствы па святкаванні 500-годдзя Жыровіцкага Свята-Успенскага сабора і 550-годдзя абраза Жыровіцкай Божай Маці.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.