Вы тут

Прэзідэнт адкрыў у сталіцы новую школу


Сярэдняя школа № 93 пабудаваная за паўтара гады ў новым густанаселеным мікрараёне Мінска Вялікі Лес, на тэрыторыі былога ваеннага гарадка Уручча. Яна знаходзіцца на вуліцы Герояў 120 Дывізіі. Сёлета новая ўстанова адукацыі прыняла больш за 800 вучняў з I па X класы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у школьнай лінейцы і ўрачыстым адкрыцці навучальнай установы. Ён агледзеў школу знутры, пазнаёміўся з тым, чым дзеці харчуюцца, правёў урок у старшакласнікаў і наведаў урокі працоўнага навучання і фізічнай культуры, а таксама трэніроўку па гандболу.


У сваім звароце да ўдзельнікаў школьнай лінейкі кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што з гэтым месцам яго звязвае шмат асабістага. «Мне было вельмі прыемна праехаць па тых вуліцах і паглядзець на тыя дамы, крамкі, ужо старыя, тыя старыя вулачкі, па якіх я прайшоў не адну сотню кіламетраў, і па асноўнай вуліцы, па якой я прабягаў не адзін раз разам са сваімі салдатамі, — расказаў ён. — Мне вельмі прыемна пабываць тут праз шмат часу. Тэрыторыя змянілася зусім. Тут не было гэтага мікрараёна. Старэйшыя людзі ведаюць. Тут сапраўды, шмат асабістага, і я ў гэтым плане ваш зямляк».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты дзень асаблівы для ўсіх, хто прыйшоў на лінейку, бо гэта першы дзень у гісторыі школы, усё тут сёння пройдзе ўпершыню — першы званок, першыя ўрокі, першае знаёмства вучняў і педагогаў. «Тут пачнецца летапіс школьных будняў на многія дзесяцігоддзі наперад, але ўсе вы назаўсёды будзеце тут першымі», — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што новы будынак школы знаходзіцца на вуліцы, названай ў гонар герояў, якія адстаялі сваю зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

«Многія з вашых бацькоў прысягнуўшы на вернасць Радзіме, працягваюць іх слаўную гісторыю у мірным жыцці. Няхай гістарычная памяць, а таксама сучасныя поспехі і дасягненні вучняў і педагогаў новай школы стануць часткай яе спадчыны і дастойным прыкладам, на які будуць арыентавацца наступныя пакаленні вучняў», — пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў дзяцей адносіцца да гадоў вучобы ў школе адказна. «Стартуе чарговы навучальны год. Мы, дарослыя, заўсёды шчыра жадаем, каб ён быў для вас цікавым, паспяховым і пазнавальным. І ён абавязкова стане такім, калі кожны з вас усвядоміць каштоўнасць ведаў, якія дае школа», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт прызнаўся, што і як кіраўнік дзяржавы, і з-за асабістых абставін сур’ёзна пагружаны ў праблемы школы. Ён звярнуўся да дзяцей з наступнай парадай: «Калі вы жадаеце быць канкурэнтаздольнымі ў гэтым жыцці, пры ўсёй складанасці, нежаданні часам вучыцца, цяжары гэтай адукацыі, трэба сябе прымусіць хоць бы прыстойна скончыць школу і атрымаць веды. Інакш у будучым жыцці вам няма чаго рабіць. Не толькі без адукацыі, галоўнае — без ведаў. Трэба пераадолець сябе (я звяртаюся асабліва да старшакласнікаў) і атрымаць максімум ад таго, што можна атрымаць у школе. Інакш няма на каго вам будзе наракаць і крыўдаваць, ні на настаўнікаў, ні на бацькоў. Усё залежыць ад вас».

Справа не толькі ў тым, што больш за палову старшакласнікаў пастараюцца паступіць у ВНУ, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Сёння жыццё стала настолькі складаным, што будзе вельмі складана проста быць рабочым. Бо рабочы — гэта ужо не проста. Гэта новая тэхніка. Вельмі складаная, вельмі цяжкая. Я гэта бачу асабліва па сельскай гаспадарцы. Калі раней у сельскай гаспадарцы мог працаваць той, хто нікому быў не патрэбны (у прамысловасці), дзе можна было даць вілы ў рукі і працуй, то сёння такія рабочыя ў сельскай гаспадарцы ўжо не патрэбныя. Прыйшла складаная тэхніка, у якой трэба разабрацца. Таму зразумейце мяне не як чалавека, які прыйшоў прачытаць лекцыю або натацыю. Мая вам парада: вазьміце ў школе тое, што вы павінны ўзяць!» — звярнуўся да дзяцей Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў сваё жыццёвае правіла: у кожны перыяд жыцця трэба браць тое, што трэба ў гэты перыяд. Ён дадаў, што для вучняў зносіны з настаўнікамі, чый багаты жыццёвы вопыт і майстэрства дапамагаюць адкрыць здольнасці і раскрываць таленты —каштоўнасць. А руплівасць і стараннасць — залог паспяховай будучыні.

«Ваша праблема і складанасць заключаецца яшчэ і ў тым, што вы, з дапамогай настаўнікаў і бацькоў, ствараеце базу, фундамент на будучыню», — акцэнтаваў лідар краіны.

Звяртаючыся да настаўнікаў, Прэзідэнт звярнуў увагу на праблему з дысцыплінай у школе: «Настаўнікі, дырэктары, намеснікі дырэктара павінны над гэтым падумаць. Міністру адукацыі, губернатарам, мэру Мінска пастаўленая самая жорсткая задача: школа — гэта храм, туды трэба прыходзіць з чыстымі думкамі — вучыцца! А не пакурваць у прыбіральні і займацца не зразумела чым».

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што бацькі і педагогі будуць дзецям паплечнікамі, якія ўдумліва, мудра і прафесійна накіроўваць іх на складаным і важным шляху ў свет ведаў. Пры гэтым са шкадаваннем заўважыў, што настаўнікі ў многіх школах, на жаль, забылі дарогу да вучня пасля школы. «Успамінайце! — загадаў Прэзідэнт і звярнуўся да бацькаў: — Калі вы будзеце думаць, што настаўнікі павінны даць веды і выхаваць нашых дзяцей у школе, вы памыляецеся. Працэс адукацыі і выхавання — адзіны, у якім удзельнічаюць дзеці, бацькі і настаўнікі. Дзіця больш за ўсё часу праводзіць дома, і вам прыйдзецца займацца не толькі выхаваннем, але і адукацыяй дзяцей».

Кіраўнік дзяржавы зноў выказаўся пра недапушчальнасць школьнай перагрузкі: «Нельга перагружаць вучня, каб ён у школе прасядзеў пяць-шэсць гадзін, і потым пяць-шэсць гадзін займаўся дома. Так ніколі не было і не будзе. Гэта самападман». 

Пры гэтым важна звярнуць увагу на фізічную падрыхтоўку моладзі, для чаго ў краіне створаны ўсе ўмовы. Ён прапанаваў бацькам стаць у гэтым прыкладам для сваіх дзяцей.

«Я вельмі хачу, каб гэты сучасны будынак стаў для ўсіх сапраўднай школай ведаў, сяброўства і жыцця, дзе будуць панаваць ўзаемная павага і імкненне да поспеху», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і пажадаў усім моцнага здароўя і невычарпальнай энергіі, вучням — нацэленасці на высокі вынік, бацькам — веры ў сваіх дзяцей, настаўнікам — гонару за поспехі сваіх выхаванцаў.

У адказ дырэктар установы Аксана Цымбаленка паабяцала, што педагагічны калектыў сталічнай школы № 93 стане камандай аднадумцаў, а вучні — дастойнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. 

Сталічная школа № 93 пабудаваная за год і восем месяцаў. Школа разлічаная на 33 класы па 24 вучня. Зараз тут сфарміраваныя 28 класаў, усяго ў верасні будуць навучацца больш за 800 дзяцей. У школе акрамя звычайных памяшканняў маюцца басейн, цір, лыжная база, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр, майстэрні, створаная безбар’ернае асяроддзе для навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку санвузлы і душавыя, а адзін са спартыўных залаў мае хол-балкон для гледачоў.

Плануецца, што школа стане цэнтрам фізкультурна-аздараўленчага, культурнага і сацыяльнага развіцця ў Мінску.

Сёлета ў школах краіны будзе навучацца адзін мільён 300 тысяч вучняў, гэта на 20 тысяч больш, чым летась. Пры гэтым колькасць школ скарацілася: з 3035 да 3003. 70 тысяч дзяцей да школ будуць падвозіць школьныя аўтобусы.

У Мінску павялічылася колькасць школ і колькасць вучняў. Уведзены ў эксплуатацыю дзве новыя школы.

Усяго ў краіне сёлета адкрылі дзверы сем школ-новабудоўляў на 6,5 тысяч месцаў: у Мінску, Брэсце, Гродна, Астраўцы Гродзенскай вобласці і Магілёве. Да канца года гатова будзе прыняць дзяцей новая школа ў Барысаве.

Дзеці павінны быць у роўных умовах

Аляксандр Лукашэнка пасля лінейкі прайшоў у школу. Спярша ён агледзеў сталовую і звярнуў увагу на тое, каб ва ўстановах адукацыі былі захаваныя і буфеты. «Дзяцей трэба прывучаць эканоміць грошы і навучаць іх траціць, — аргументаваў Прэзідэнт. — Каб дзіця прыйшло ў школу і ведала, што капейку трэба зарабіць, і гэта дарагога каштуе, што не ўсё можна купіць, але нешта можна. Гэта важна».

Кіраўніку дзяржавы паказалі стравы, якія будуць гатаваць для дзяцей падчас вучобы на працягу года. Лідар краіны папярэдзіў аб небяспецы занадта складаных меню з выкарыстаннем нетрадыцыйных для Беларусі прадуктаў. «Харчавацца трэба тым, што ў нас расце. Гэта па-першае. Па-другое, не забывайце: тое, чым вы будзеце карміць дзяцей зараз, яны потым будуць любіць і з задавальненнем есці. Я гэта ведаю па сабе. Я харчуюся вельмі проста. Карміце дзяцей традыцыйна. Стравы з бульбы, рыбы, нашы дранікі, кавалак мяса, маленькую булачку, кампот... Пакладзіце дзіцяці наша яблыка. Грошы трэба лічыць, але так, каб смачна было для дзяцей і са сваіх прадуктаў. У нас жа хапае малочных: запяканкі, сыры. Гэта усё наша», — сказаў ён.

Старшыня Мінскага гарвыканкама Анатоль Сівак расказаў пра практыку, калі для дзяцей, якія харчуюцца ў школе бясплатна, кошт страў абмежаваны, а значыць самі стравы адрозніваюцца ад іншых. «Дзеці павінны быць у роўных умовах! — досыць эмацыйна адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. — Не знеслаўляйце сябе. Лепш зусім не карміць бясплатна, чым прапаноўваць асаблівыя стравы. Дурасць, пра якую я чую ўпершыню! Гэтага быць не павінна!»

Падчас наведвання школьнай майстэрні, дзе дзяўчынкі шылі, Аляксандр Лукашэнка сказаў дзецям, што тое, што яны тут робяць — вельмі патрэбна краіне. «У нас не хапае швачак. Навучаць гэтаму рамяству вельмі добрая справа. Не ўсе вялікімі вучонымі стануць, — заўважыў ён. — Да таго ж, зараз ва ўсім свеце ў дэфіцыце дзяўчаты, якія могуць пашыць вопратку сваім дзецям і сабе». Кожная дзяўчынка ў Беларусі павінна ўмець рабіць элементарныя рэчы, якія ўмее рабіць швачка, выказаў меркаванне Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы вельмі цёпла размаўляў з настаўнікамі, хваліў іх і дзякаваў за тое, што яны робяць.

У майстэрні па апрацоўцы драўніны кіраўніку дзяржавы паказалі 3D-прынтар і спалучэнне сучасных тэхналогій і ручной працы.

Аляксандр Лукашэнка зайшоў у кабінет да дзесяцікласнікаў і прызнаўся, што сэрца яго дрыжыць, калі ён адкрывае дзверы школьнага кабінета. Назва Першага уроку, які сёлета праходзіць па ўсёй краіне, узятая з радкоў Янкі Купалы: «Займай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!».

Прэзідэнт пагутарыў з настаўнікам і дзецьмі. Знаёмства паступова пераўтварылася ва ўрок пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Ён выклікаў дзяўчат і хлопцаў да дошкі і знаёміўся з імі бліжэй, распытваў іх пра мары, пра іх бачанне будучага Беларусі. Усе выказванні маладых людзей ён каментаваў, выбудоўваючы шчыры дыялог. Каб дасягнуць мэт, патрэбна цяжкая і часам брыдкая праца, казаў ён дзецям. Хочацца гуляць, але трэба прымушаць сябе вучыцца, наганяць упушчанае.

Ён параіў не зацыклівацца не тэме інфармацыйных тэхналогій, захоўваць кантакт з традыцыйнымі носьбітамі інфармацыі. Зайшла гутарка і пра знешні выгляд дзяцей, і пра экалогію, і пра гаджэты, і пра шкодныя звычкі, і пра навучальны працэс...

Журналісты стаялі па-за кабінетам і толькі праз адчыненыя дзверы часткова чулі, пра што ішла размова, але ўсім было відавочна, што Прэзідэнт атрымлівае задавальненне ад гутаркі са старшакласнікамі, умее гэта рабіць, і яны адказваюць яму ўзаемнасцю, раскрываюцца, не баяцца задаваць пытанні, выказваць ідэі.

Завяршыўся ўрок з Прэзідэнтам калектыўным фота на добрую памяць. Гэта тое фота і ўспаміны, якія потым перадаюцца дзецям і ўнукам.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.