Вы тут

Як выратаваць грушу ад іржы


Калі лістота на дрэвах грушы пакрылася рудымі плямамі і пачала заўчасна ападаць, а на адваротным баку лісця з'явіліся выросты-«рожкі», значыць, дрэва сур'ёзна захварэла.


Узбуджальнік іржы грушы — патагенны грыбок. Яго асаблівасць у тым, што для развіцця яму патрабуюцца як мінімум дзве расліны-гаспадары: напрыклад, ядловец і груша. Аднак асноўнымі з'яўляюцца менавіта розныя віды ядлоўцу, папулярныя ў дэкаратыўным садоўніцтве. Менавіта на іх патаген зімуе, а пасля перабіраецца на грушу.

Прыкметы заражэння

Пасяліўшыся на ядлоўцы, хвароба звычайна набывае хранічны характар. Увесну на частках расліны з'яўляюцца аранжавыя жэлаціністыя органы, у якіх спеюць споры, што пераносяцца ветрам на адлегласць ад некалькіх соцень метраў да 40—50 кіламетраў і заражаюць маладыя лісты грушы, а пасля і плады.

Першыя сімптомы выяўляюцца ў выглядзе круглявых жоўта-аранжавых плям на лісці, якія ўзнікаюць пасля цвіцення грушы. Звычайна гэта адбываецца ў другой палове красавіка. Затым іржа пашкоджвае хвосцікі, а ў гады эпідэмій — галінкі і плады.

У ліпені з'яўленне ржы становіцца прыкметным на большай частцы лісця. На верхнім баку ўтвараюцца плямы няправільнай формы гранатавага або светла-бурага колеру (дыяметрам 1—1,5 см) з дробнымі чорнымі кропкамі.

Свайго максімальнага праяўлення захворванне дасягае восенню. Тады з тыльнага боку ліста на надзьмутых плямах іржы ўтвараюцца верацёнападобныя выросты-«рожкі», напоўненыя масай грыбковых спор. Яны заражаюць ядлоўцы, прарастаючы ў іх і ўтвараючы грыбніцу ў кары і драўніне. Такім чынам, захворванне рухаецца па коле паміж двума гаспадарамі: ад ядлоўца да грушы і назад.

Цыкл заражэння паўтараецца кожныя паўтара-два гады. Але самі сябе ні ядловец, ні груша заразіць не могуць.

Звычайна ржа не робіць сур'ёзнай шкоды дрэвам. Але пры масавым пашкоджанні і раннім лістападзе пагаршаецца іх здольнасць да фотасінтэзу. На лістах робіцца ўсё больш аранжавых плям. Іржа прыгнятае рост парасткаў, яны становяцца тоўстыя і кароткія, а моцна пашкоджаныя і зусім засыхаюць. Гэта аслабляе дрэвы. Калі хвароба паўтараецца штогод, то расліны могуць моцна аслабнуць і вымерзнуць. Тады варта задумацца, чым лячыць іржу на грушы.

Як змагацца

Паколькі крыніцай заражэння грушы служыць ядловец, лячыць трэба абедзве расліны. Спецыяльных сродкаў для лячэння хранічнай іржы ядлоўцу пакуль няма. Таму трэба пастаянна назіраць за станам пасадак грушы і кустоў, якія растуць паблізу, і ў выпадку іх захворвання неадкладна абразаць хворыя галінкі і спальваць іх.

Меры барацьбы з іржой грушы:

1. Выбірайце адносна ўстойлівыя да ржы сарты.

2. Для аздараўлення абразайце моцна пашкоджаныя парасткі і шкілетныя галіны на 5—10 см ніжэй месца пашкоджання. Зачышчайце раны на пашкоджаных парастках да здаровай драўніны і дэзінфікуйце іх 5 %-ным растворам меднага купарвасу, а затым апрацоўвайце садовым варам.

3. Ранняй вясной апрацоўвайце дрэва 1 %-най бардоскай вадкасцю або хлавокісам медзі. Другое апырскванне праводзьце ў самым пачатку цвіцення, трэцяе — адразу пасля яго, а чацвёртае — яшчэ праз 10 дзён.

4. Можна выкарыстоўваць настой драўнянага попелу (500 г на 10 л вады, настаяць двое сутак) або настой гнаявой жыжкі (развесці 1:2, настаяць два тыдні і зноў разбавіць 1:2). Пад дарослае пладаноснае дрэва неабходна выліць 10 л настою, а пад маладую грушу — 4—6 л.

5. Варта праводзіць апрацоўку 0,4 % калоіднай серай не менш за пяць разоў за сезон (да з'яўлення лісточкаў, да пачатку цвіцення, пасля цвіцення, у перыяд завязвання пладоў і пасля лістападу).

Справіцца з іржой даволі складана — пасля лакалізацыі ачага хваробы дрэва даводзіцца апрацоўваць яшчэ некалькі гадоў. Таму выконвайце парады па прафілактыцы і своечасова прымайце ўсе даступныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання захворвання.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.