Вы тут

Расказваем, як правільна падрыхтавацца да зімовых халадоў


Пачатак верасня — фактычна адзіная магчымасць «ускочыць у апошні вагон» для сур'ёзнай падрыхтоўкі свайго дому да восеньскіх і зімовых халадоў. Хоць слупок тэрмометра ўдзень трымаецца каля адзнакі ў 20 (і нават вышэй!) градусаў — гэта ўсяго толькі апошнія акорды лета-2019. Зіма ж — рэвізор суровы і ніякіх паблажак рабіць не будзе. Таму разам з афіцыйным прадстаўніком Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталем Навіцкім «Звязда» аналізуе асноўныя прычыны пажараў у дамах, характэрныя менавіта для халоднай пары года.


Фо­та mchs.gov.by.

— Летась печы сталі прычынай 1175 пажараў. Прычым калі ўлічыць, што агульная колькасць узгаранняў крыху перавысіла адзнаку ў шэсць тысяч, атрымліваецца, што на долю цагляных памочніц прыйшлося каля 20 % выпадкаў. Гэта шмат. Да таго ж 225 пажараў адбыліся ў выніку парушэння правіл уладкавання, мантажу печаў ды іншых прылад, якія генеруюць цяпло. Але, пагадзіцеся, гэтыя лічбы не супакояць тых, хто панёс ад агню сур'ёзныя страты. Таму зараз, пакуль у Беларусі трымаецца цёплае надвор'е, наведайце сваякоў у вёсцы і пракантралюйце, у якім стане ў іх знаходзіцца печка, ці патрэбны ёй рамонт. Асабліва гэта важна, калі ў сельскай мясцовасці пражываюць вашы родныя і блізкія сталага веку, якім з-за ўзроставых абмежаванняў ужо цяжка прасачыць за тым, каб усё ў іх натуральным шляхам было бяспечна. Пачысціце ды пабяліце комін і корпус печкі. Гэта трэба не толькі для эстэтыкі, але і для таго, каб былі «падсвечаны» месцы, дзе выходзіць чадны газ. Але проста падмазаць шчыліны будзе недастаткова. Праверце, ці не выпадаюць цагліны, ці спраўна працуюць усе засаўкі. І калі выявіцца, што рамонт патрэбны, то не адкладвайце яго на «пасля», а прыводзьце печ у бяспечны стан неадкладна. Старых сваякоў, калі ёсць магчымасць, забярыце на зіму ў горад, каб яны перачакалі маразы і снегапады ў больш камфортных умовах.

Коміны, як правіла, з гліняных цаглін робяць таўшчынёй не менш за 12 сантыметраў. Але нярэдкія выпадкі, калі гэтая ўмова парушаецца і выкарыстоўваюцца забароненыя металічныя, керамічныя і асбестацэментныя трубы. Паветраны прамежак паміж печчу і гаручымі сценамі павінен складаць 20—50 сантыметраў у залежнасці ад абароненасці гаручай сцяны, таўшчыні сценкі печы.

Асноўнае месца, у якім можа адбыцца ўзгаранне, — дзе комін праходзіць праз драўлянае паддахавае ці міжпавярховае перакрыцце і дах, пакладзены з ужываннем згаральных матэрыялаў. Таму адлегласць ад унутранай паверхні коміна да гаручых канструкцый перакрыцця павінна быць не менш за 380 міліметраў, калі канструкцыі неабаронены, і не менш за 250 міліметраў у выпадку абароненых. Ад вонкавай паверхні коміна да гаручых канструкцый даху неабходна мець не менш за 130 міліметраў. Перад топкай павінен быць прыбіты металічны ліст памерам не менш за 50 на 70 сантыметраў.

Калі ад прыбора лепш пазбавіцца

Самаробныя абагравальнікі і цяпер трапляюць у зводкі аб пажарах. Хоць такіх выпадкаў стала значна меней — дэфіцыту электрычных ацяпляльных прыбораў у крамах гаспадарчых тавараў няма ўжо даволі даўно, ды і цэны на іх не завоблачныя. Але не ўсё так проста ў абодвух выпадках.

У студзені ў вёсцы Малая Падзер Слуцкага раёна знутры загарэўся жылы драўляны дом. Унутры знаходзіўся гаспадар. Яго і вынеслі на свежае паветра ратаўнікі. Пазней мужчыну даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу з апёкамі і атручэннем чадным газам. Ад самога дома мала што засталося — агонь моцна пашкодзіў драўляныя перакрыцці, дах і сцены па ўсім перыметры. А прычынай гэтых няшчасцяў стаў самаробны ацяпляльнік. Дзень тады выдаўся даволі марозны — тэмпература не падымалася вышэй за мінус 8 градусаў.

— Аднак куды часцей мы сутыкаемся з інцыдэнтамі, якія звязаныя з выкарыстаннем электрычных абагравальнікаў, зробленых у самых што ні на ёсць заводскіх умовах. І амаль усе яны звязаны з парушэннем правіл эксплуатацыі. Напрыклад, хтосьці вырашыў як мага хутчэй прасушыць вопратку пасля дажджу, паклаў яе на рашотку канвектара — а яна пачала імкліва награвацца, пасля тлець і ў нейкі момант успыхнула полымя... Апошнім жа часам нарастае негатыўная тэндэнцыя, калі вогненны «сюрпрыз» ладзяць тыя абагравальнікі, якія адпрацавалі больш за ўстаноўлены тэрмін эксплуатацыі.

Вытворцамі кіруе не столькі філантропія, колькі маркетынг. Па-першае, рабіць апараты, якія будуць працаваць адно-два дзесяцігоддзі без паломак, не вельмі выгадна ў доўгатэрміновай перспектыве — калі рынак будзе насычаны цалкам, то куды і каму збываць новыя агрэгаты? А з гэтага вынікае другое — тэрмін эксплуатацыі трэба змяншаць. Унутр апарата ставяцца драты з меншым дыяметрам сячэння, вельмі трывалыя матэрыялы замяняюцца на аналагі, якія зроблены, як кажуць, не «на стагоддзі». Пакупнік жа ў кароткатэрміновай перспектыве, калі стаіць задача тут і зараз набыць абагравальнік, выйграе. Апарат робіцца больш прывабным па цане. Але за гэта таксама трэба будзе плаціць.

— Раней электрычныя абагравальнікі маглі працаваць па 10—15 гадоў. Такі тэрмін службы закладваў у пашпарце завод-вытворца. Цяпер жа мы не раз сутыкаліся з тым, што тэхніка па пашпарце разлічваецца ўсяго на пяць-сем гадоў. Вядома, гэта не азначае таго, што роўна ва «ўзросце» сем гадоў і адзін дзень пасля набыцця прыбор не ўключыцца. Хутчэй за ўсё, ён запрацуе, проста вытворца не будзе несці ніякай адказнасці за далейшы лёс гэтага апарата, нават калі ён ні разу не быў у рамонце і на ім захаваліся ўсе заводскія пломбы.

Спажыванне ў электрычнага ацяпляльніка даволі высокае. Таму яго нельга ўключаць разам з іншымі прыборамі. Напрыклад, толькі ў Мінску за першыя тры месяцы гэтага года адбылося 20 узгаранняў, звязаных або з перагрузкай электрасетак, або з пакінутымі без нагляду электрапрыборамі, уключанымі ў сетку. Аднак пры кароткім замыканні ў ідэале мусіць спрацаваць засцерагальнік, але спадзявацца толькі на яго не варта.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Грэцца і не загарэцца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.