Вы тут

«Звязда» адправілася ў Пінск і даведалася, што прыцягвае моладзь у рэгіянальныя ўніверсітэты


Пакуль сталічныя студэнты і іх бацькі істэрычна матаюцца па тлумным вераснёўскім Мінску ў пошуках больш-менш прыстойнага і недарагога здымнага жылля, хлопцы і дзяўчаты, залічаныя сёлета ў Палескі дзяржуніверсітэт, спакойна асвойваюцца ў самым незвычайным кампусе Беларусі.


Маладое жыццё ў інтэрнатах з «гісторыяй»

Мала хто ведае, што ў нашай краіне ёсць не адна студэнцкая вёска, а дзве. Першая знаходзіцца ў Мінску. Гэта сем хмарачосаў, дзе жывуць студэнты розных ВНУ, а ў чэрвені там спыняліся спартсмены і балельшчыкі Еўрапейскіх гульняў. Другая — у Пінску. Не такая знакамітая і густанаселеная, але значна цікавейшая ў архітэктурным плане.

— Вёскай мы называем пяты інтэрнат — сем рознапавярховых і рознакаляровых будынкаў, злучаных паміж сабой і пабудаваных зусім нядаўна — у 2012-м. Унікальнасць у тым, што знешне яны ўпісваюцца ў стылістыку пачатку ХХ стагоддзя, а ўнутры — сучаснае камфортнае жыллё з усімі выгодамі. Каб не парушаць архітэктурную гармонію цэнтра горада (Пінск славіцца сваёй гістарычнай забудовай), аўтары натхняліся дарэвалюцыйнымі фотаздымкамі нашых мясцін, — з гонарам зазначае прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы і будаўніцтве ПалесДУ Андрэй НОВІК. — Дарэчы, за праект 5-га інтэрната архітэктары з Брэста атрымалі прэстыжную ўзнагароду «Хрустальная цэгла» ў Польшчы.

Я як чалавек немясцовы абышла будынак звонку і знутры некалькі разоў, і вёскай пасля гэтага яго называць не хацелася. Хутчэй паўнавартасны гарадскі квартал, які менш за ўсё падобны на інтэрнат у класічным разуменні. Калі б не шматлікія хлопцы і дзяўчаты з сумкамі, якія ў дзень майго прыезду падцягваліся да ўваходаў, можна было б падумаць, што гэта элітнае жыллё.

У зале для дыскатэк не прапіхнуцца. Толькі замест музыкі — гул размоў. За дзясяткамі столікаў сядзяць студэнты і запаўняюць жыллёвыя дамовы, запісваюцца да пашпартыстаў, праходзяць інструктаж па правілах бяспекі. Калі хто прагаладаецца — калі ласка, тут жа для зручнасці адкрылі буфет.

Праходжу побач з хлопцамі і дзяўчатамі і цікаўлюся, адкуль народ. Будучыя бізнес-адміністратары са Століна, эканамісты з Баранавіч і Чэрвеня, трэнеры з Гомельшчыны, маркетолагі з Лунінецкага раёна.

— А я з Дзяржынска, — кажа першакурсніца біятэхналагічнага факультэта Аліна Сямёнава. — У Мінск было бліжэй паступаць, але мне захацелася далей ад бацькоў пераехаць, каб насамрэч адчуць самастойнае жыццё.

Сярод натоўпу заўважаю калегу. Жанчына запісвае на відэа інтэрв'ю з першакурснікамі і іх бацькамі. Гутарка ідзе натуральная, лёгкая: як выбіралі месца вучобы, адкуль прыехалі, чаго чакаеце ад будучага семестра. Пасля аказваецца, што пытанні студэнтам задавала зусім не журналіст, а прарэктар універсітэта Святлана Уласава.

— Заўсёды цікава пазнаёміцца з навічкамі, даведацца пра іх планы і жаданні. Зваротная сувязь не дае расслабіцца, спрыяе развіццю навучальнай установы, — тлумачыць Святлана Віктараўна. — А відэа абавязкова пойдзе ва ўніверсітэцкі архіў.

Нягледзячы на тое, што зала са студэнтамі ні на хвіліну не пусцее, людзі ў ёй мяняюцца досыць хутка. Трэба аддаць палешукам належнае: працэс арганізаваны на дзясятку. Некаторым сталічным калегам ёсць чаму ў іх павучыцца. Помню, як мы, студэнты журфака БДУ, у дзень засялення прыязджалі ў інтэрнат у шэсць-сем гадзін раніцы, каб заняць чаргу і першымі пачаць запаўняць дакументы. Але нават ранні прыезд не гарантаваў хуткасці: у найлепшым выпадку да пакоя даходзілі гадзін у 11—12. Аднойчы пад кабінетамі каменданта і выхавацеля мы з аднакурснікамі правялі гадзін восем на чамаданах.

Цікава, што засяленне ў Палескім дзяржаўным універсітэце ідзе ў пятніцу, суботу і нядзелю, чаго ў многіх сталічных установах і ўявіць немагчыма.

— Дык гэта ж зручна! Бацькам не трэба браць адгулы на рабоце, а самі студэнты не будуць без справы сядзець лішнія дні ў інтэрнаце. Лепш хутка засяліцца на выхадных, чым расцягваць гэтую справу на ўвесь тыдзень, — упэўнены Андрэй Новік.

Нельга не згадзіцца.

Гнуткасць адміністрацыі ўніверсітэта адчуваецца і ў іншых рэчах. Напрыклад, дарога паміж інтэрнатам і вучэбным корпусам, па якой
ездзілі аўтамабілі, стала пешаходнай зонай з кветкамі, лаўкамі і ліхтарамі. «Дазволу дабіваліся праз міністэрства. Але ж яно таго варта — цяпер наконт бяспекі бацькі могуць не хвалявацца», — дзеліцца прарэктар.

Карціну, карзіну, кардонку...

— Калі сёлета складалі партрэт абітурыента ПалесДУ, то выявілі, што толькі 13 працэнтаў ад агульнай колькасці будучых студэнтаў — пінчане. Апошнім часам назіраецца цікавая тэндэнцыя: Пінск усё часцей абіраюць выпускнікі з іншых абласцей. Не толькі суседніх — Гродзенскай і Гомельскай, але і з Мінскай. Не баяцца везці дакументы жыхары ўсіх абласных гарадоў і сталіцы. Гэта сведчыць аб тым, што самы малады ўніверсітэт краіны (сёлета яму спаўняецца 13 гадоў. — Аўт.) набірае папулярнасць, у тым ліку і дзякуючы інтэрнатам, — кажа начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Кацярына ПРЫБАРОВІЧ. — Дарэчы, месца ў іх атрымліваюць абсалютна ўсе студэнты, нават завочнікі і слухачы факультэта дадатковай адукацыі.

Тым не менш глядзіш на першакурснікаў Палескага дзяржуніверсітэта, і ўзнікае ўражанне, што яны пакуль не ў стане ацаніць, наколькі ім пашанцавала. Яны разгубленымі позіркамі шукаюць у холах і калідорах інтэрнатаў знаёмыя твары, паглядваюць у экраны тэлефонаў у чаканні паведамленняў ад аднагрупнікаў. Затое бацькі шчыра радуюцца камфортнаму побыту, у якім пакінуць сваіх дзяцей на чатыры гады. Увогуле, цікава назіраць не столькі за самімі ўчарашнімі выпускнікамі, колькі за іх сем'ямі. Бацькі, браты і сёстры, бабулі і дзядулі — усе, здаецца, дапамагалі паступіць, і ўсім хочацца глянуць, што і як там будзе ва ўніверсітэце, інтэрнаце.

На адным з маленькіх утульных балкончыкаў інтэрната заўважаем дарослую жанчыну, якая выйшла палюбавацца краявідамі пінскіх вуліц. Гэта мама Насці Лысенкі, якая будзе вучыцца на факультэце банкаўскай справы.

— Мы з пасёлка Багушэўск, што на Віцебшчыне. Далёка? Толькі падаецца! З Пінска да нас ходзіць прамы цягнік. Праблем з транспартам няма, — запэўнівае Алена.

Побач на такім жа балконе асвойваецца тата Аліны Шпак. Дзяўчына паступіла на біятэхналагічны факультэт.

— Хораша тут. Умовы такія, што нам у свой час і не сніліся, — дзеліцца ўражаннямі мужчына. — Хоць бяры ды сам паступай вучыцца!

На хвілінку спыняемся каля ўваходу, назіраючы за навасёламі. Вылічыць першакурснікаў сярод астатніх студэнтаў лёгка: яны, здаецца, вязуць у інтэрнаты ўсё, што толькі ўлезла ў бацькоўскую машыну. Чамадан, яшчэ адзін, сумка, пакетаў штук пяць, кардонныя каробкі з закаткамі на любы густ, мех бульбы, вялізны плюшавы мядзведзь, кошык са свежымі баравікамі і чырвонагаловікамі — і гэта ўсё толькі для аднаго чалавека! Дама, якая здавала багаж у вершы Маршака, адпачывае.

— Праз тыдзень большасць першакурснікаў ірване дадому на выхадныя, — усміхаючыся, запэўнівае нас вахцёр. — І зноў матулі будуць складваць прысмакі ў сумкі. Многае з таго, што завезлі цяпер, пойдзе на сметніцу. Адным словам, першыя некалькі месяцаў зусім зялёныя студэнты будуць вучыцца разлічваць неабходныя запасы харчоў. На ўласных памылках. Маладосць!

Што старшакурснікі пакідаюць у спадчыну паслядоўнікам?

Куды спакайней у адным з карпусоў інтэрната № 2, дзе ў асноўным жывуць старшакурснікі-эканамісты і біятэхнолагі.

— Добры дзень! У вас які факультэт? — запытваюцца ў мяне дзяўчаты-валанцёры, якія дапамагаюць выхавацелю Але Мішынай на засяленні.

Нечаканы паварот падзей, але прыемна, што студэнты ўсё яшчэ прымаюць за сваю. Яшчэ тры гады таму я сапраўды ехала ў інтэрнат з чамаданамі, каб атрымаць запаветную картку з надпісам «пропуск» і ключ ад пакоя ў студэнцкай вёсцы ў Мінску.

Угледзеўшы ўва мне амаль родную душу, палескія студэнты не саромеюцца абмяркоўваць надзённыя пытанні. Гаворка ў старшакурснікаў ідзе жывая. Напрыклад, пра спаборніцтвы па веславанні на ялах. ПалесДУ займеў традыцыю штогадовага факультэцкага першынства на рацэ Піне — амаль як у славутых Кембрыджскім і Оксфардскім універсітэтах. Тым больш ад універсітэцкага комплексу да берагоў — рукой падаць. Грэх было б не скарыстацца такой магчымасцю.

Другія хваляцца, каму што пакінулі выпускнікі пры высяленні. Скарб па студэнцкіх мерках неблагі — швабра, посуд, сталовыя прыборы. Карыстайцеся на здароўе!

Іншыя дзеляцца ўражаннямі ад практыкі, прыкідваюць, куды б добра было пайсці на адпрацоўку па размеркаванні. Фаварыты — Гродна ці Брэст. Чаму не Мінск?

— Давайце адкінем убок стэрэатып пра тое, што ўсе мараць вучыцца ў сталічных універсітэтах і працаваць на сталічных прадпрыемствах. Навучальную ўстанову трэба выбіраць не па прынцыпе «Усе пайшлі, і я пайду», а цвяроза ацэньваць сітуацыю. Скажу так: калі ты хочаш усур'ёз займацца навукай, то табе ў Палескі, — дзеліцца досведам трэцякурснік біятэхналагічнага факультэта Станіслаў Касько. — Ёсць усе ўмовы — якаснае абсталяванне ў сучасных лабараторыях, выкладчыкі-прафесіяналы і побыт арганізаваны так, што не трэба марнаваць час на дробязі накшталт дарогі да ўніверсітэта.

Ганна КУРАК, фота аўтара

г. Пінск

Загаловак у газеце: Вялікае засяленне

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.