Вы тут

Каардынаты дружбы


У Літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску прайшоў круглы стол, прысвечаны беларуска-ўзбекскім літаратурным сувязям


На круглым стале мае слова дарадца Амбасады Узбекістана ў Беларусі Даніяр Абідаў

Так склалася, што пляцоўка Купалаўскага музея становіцца грунтам для рэалізацыі многіх ініцыятыў міжнароднага характару. Чарговая з іх — міжнародны круглы стол, дыскусіі ў час якога ладзілі не толькі гаспадары-пісьменнікі з Беларусі, але і ўзбекскія госці. Прыемна, што ў час размовы і абаперціся была на што. Увазе ўдзельнікаў сустрэчы былі прапанаваны часопіс «Belarus.Беларусь» са спецыяльным «узбекскім» выпускам, кніга, якая толькі што выйшла ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі», — «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан». А таксама — літаратурна-мастацкі альманах «Далягляды».

— Беларусь і Узбекістан вельмі блізкія, ментальна роднасныя краіны, — заўважыў на самым пачатку размовы мадэратар сустрэчы паэт і перакладчык Навум Гальпяровіч. — Я асабіста адчуваю гэта па паэзіі нашых узбекскіх сяброў. Цяпер я трывала судакрануўся з творчасцю народнага паэта Узбекістана Эркіна Вахідава. Перакладаю яго паэму «Паўстанне бессмяротных», якую творца прысвяціў бенгальскаму паэту са шматпакутным лёсам Казі Назруло Ісламу. А ў альманаху «Далягляды» ўжо надрукаваны вялікі верш Эркіна Вахідава ў маім перакладзе — «Мой узбек», хутчэй гэта — кароткая паэма. Герой і народны паэт Узбекістана Эркін Вахідаў уяўляецца мне родным, блізкім і болей таго — не меней «беларускім», чым мае любімыя Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка. Эмацыйнае прачытанне народнага лёсу і беларускай паэзіі ўласціва.

Удзел у круглым стале з беларускага боку прынялі ды­рэк­тар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Юлія Алейчанка, аглядальнік газеты «СБ. Беларусь сегодня» паэт і празаік Людміла Рублеўская, старшыня Беларускага Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, унучка і праўнучка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — публіцыстка Марыя Міцкевіч, кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўніца Літаратурнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч. З узбекскага боку — дарадца Амбасады Узбекістана ў Беларусі Даніяр Абідаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана Сіражыддзін Саід, прафесар Узбекскага дзяржуніверсітэта сусветных моў, доктар філалагічных навук Анатоль Ліхадзіеўскі, старшыня Камітэта па міжнацыянальных сувязях і сяброўскіх адносінах з замежнымі краінамі пры Кабінеце міністраў Рэспублікі Узбекістан Рустамбек Курбанаў, старшыня Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Узбекістан Акмал Нурыд­дзінаў, рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры Шухрат Сіражыддзінаў, старшыня Ташкенцкага гарадскога беларускага нацыянальнага цэнтра «Світанак» Святлана Дудзюк. Прадстаўніцтва зусім не выпадковае. У Акадэміі мастацтваў, напрыклад, — доб­рыя сувязі з Беларускім саюзам мастакоў. Старшыня Саюза пісьменнікаў Сіражыддзін Саід ужо не ўпершыню ў Беларусі. Летась ён удзельнічаў у Дні беларускага пісьменства, які праходзіў у Іванаве, на Берасцейшчыне. А што да Святланы Дудзюк і Анатоля Ліхадзіеўскага, то яны — нашы супляменнікі, беларусы. Спадарыня Святлана часта бывае ў Мінску па запрашэнні Міністэрства замежных спраў нашай краіны. Анатоль Сцяпанавіч — сын беларускага паэта, літаратуразнаўца Сцяпана Ліхадзіеўскага, ураджэнца Случчыны. Яшчэ ў 1920‑я гады той пачаў выступаць у беларускім друку з вершамі і нарысамі. Выдаў некалькі кніг. Але так склалася, што лёс звёў у няпростыя часіны 30‑х гадоў з Узбекістанам, дзе Сцяпан Ліха­дзі­еўскі застаўся назаўжды. Зрабіў кар’еру вучонага, літаратуразнаўцы. Абараніў доктарскую дысертацыю. Напісаў некалькі манаграфій, прысвечаных французкай літаратуры. І шмат перакладаў з узбекскай на рускую і беларускую мовы. Пераклады з узбекскай літаратуры, здзейсненыя Сцяпанам Ліхадзіеўскім, друкаваліся не толькі ў Ташкенце, але і ў Мінску і Маскве.

— У нас сёння, — расказаў удзельнік круглага стала Сіражыддзін Саід, — выбудоўваецца трывалы мост беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязяў. У Ташкенце выйшла новая кніга Якуба Коласа ў перакладзе на ўзбекскую мову. У Мінск наведаліся ў 2019 годзе ўзбекскія літаратары Рысалат Хайдарава, Кучкор Наркабіл. Рысалат актыўна развівае прастору для публікацыі беларускай паэзіі і прозы на ўзбекскай мове ў Ташкенце. Дзякуючы яе намаганням пабачыў свет «беларускі» выпуск узбекскага часопіса «Сусветная літаратура». Цяпер рыхтуецца пераклад анталогіі сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры. А Кучкор Наркабіл прыязджаў у Мінск з мэтай збору матэрыялу для кнігі пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Пабываў у сталічных музеях, наведаў партызанскія мясціны, дзе захоўваецца памяць і аб прадстаўніках іншых народаў, якія ваявалі ў Беларусі з фашысцкімі захопнікамі. Мы памятаем, што ў Беларусі, на Гомельшчыне загінуў узбекскі паэт Султан Джура. То, можа быць, якраз яго імем наз­ваць Літаратурную прэмію і ўзнагароджваць ёю лепшых перакладчыкаў узбекскай мастацкай літаратуры на беларускую мову і лепшых перакладчыкаў беларускай паэзіі і прозы на ўзбекскую мову? Такая ініцыятыва паспрыяла б пашырэнню грамадскай увагі да нашых нацыянальных літаратур. Некалі ж і асобныя кнігі ўзбекскіх пісьменнікаў выходзілі ў Беларусі, як, дарэчы, і асобныя кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў ва Узбекістане. Лічу, што ў нас добрыя перспектывы для літаратурнага сяброўства.

Не абышлося на круглым стале «Сучасныя беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі» і без размовы пра Якуба Коласа, яго стасункі з Ташкентам. А як жа інакш?! Узбекістан прытуліў нашага класіка ў нялёгкія часіны Вялікай Айчыннай вайны. І якраз у Ташкенце доўжылася творчая праца народнага песняра. Там ён пазнаёміўся шмат з кім з узбекскіх літаратараў. Пра гэта на круглым стале гаварылі Васіліна Міцкевіч, Марыя Міцкевіч — блізкія родзічы Якуба Коласа, актыўныя даследчыкі яго жыцця і творчасці.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?