Вы тут

Праява з глыбокім сэнсам


І навошта тут яна, тая нячыстая сіла — ваўкалак, цмок, чорны певень з вокам-поўняй?.. З якіх глыбінь яе выцягнулі? Калі хочаце разабрацца, ідзіце ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы ў верасні, як пачнецца чарговы тэатральны сезон, і глядзіце спектакль «Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у пастаноўцы рэжысёра Алены Ганум. Не пашкадуеце!


Ян Баршчэўскі (1794–1851)

Няпроста пісаць пра спектакль, які паглядзеў толькі раз, ды і то — на здачы, так званым першым паказе гледачу, альбо адразу ж пасля прэм’еры. Рызыкуеш, як кажуць, пайсці не туды, галоўнага нечага не убачыўшы, не адчуўшы. І тым не менш, СМІ Беларусі актыўна адгукнуліся на прэм’еру пастаноўкі адразу ж.

Некаторыя крытыкі пісалі, што ў спектаклі адсутнічае сімфанізм мыслення рэжысёра, стваральнікам, так бы мовіць, ёсць куды імкнуцца, што прэтэнзій да спектакля хапае… Дасталася і аўтару п’есы Сяргею Кавалёву (ён зрабіў яе паводле вядомага твора Яна Баршчэўскага), драматургу з імем: яго ўпікнулі за некаторыя фрагменты, параўноўваючы месцы драматургічнага твора, дзе ідзе гаворка пра беларусаў і ліцвінаў, з навуковай лекцыяй. Нехта згледзеў падзяленне герояў на добрых і ліхіх. А камусьці хацелася, каб любоўны трохкутнік быў раскручаны, каб глядач рэфлексаваў над больш глыбокімі алюзіямі, чым індыйскія слонікі, якія танчылі ў фінале. І навошта, казалі, тая экзотыка… Былі водгукі на спектакль і цалкам пазітыўныя. Дарэчы, ва ўсіх без выключэння адзначалася выдатная сцэнаграфія Кацярыны Шымановіч і Сяргея Ашухі. Скажу больш: гэтай творчай пары ўдалося перадаць дух і філасофскую глыбіню твора-прыпавесці Яна Баршчэўскага. Дэкарацыі — таямнічыя зараслі азёрнай расліннасці ў некалькі шэрагаў, чорная галава пеўня на задніку з высвечаным вокам-поўняй — уразілі яшчэ да пачатку дзеі. Ад іх веяла казачнасцю, загадкавасцю, і крыху стылістыкай некаторых кінастужак Бергмана. Стылізаваныя касцюмы — кажухі, кашулі, валёнкі пастэльных колераў, — прыдуманыя мастакамі, як найлепш падкрэсліваюць еўрапейскую сціпласць і практыцызм беларусаў, іх годнасць і добры густ. А таксама і чорна-белая колеравая гама працуе на ідэю спектакля. Таленавітая сцэнаграфія Шымановіч і Ашухі, на мой погляд, арганічна працуе ў тандэме з рэжысурай.

Афіша да спектакля

Разумею: кожны мае права, як ні банальна тое гучыць, на сваё суб’ектыўнае бачанне. І гэта паказальна, што новы спектакль купалаўцаў не застаўся незаўважаным. Бо ў пустое дрэва, як вядома, камянёў не кідаюць.

Сама ж я, адчуваючы нешта глабальнае, каштоўнае, што ёсць у прадпрэм’ерным паказе «Завальні», была ў роздумах. Ніяк не магла ўсвядоміць: чаму ж мяне так бянтэжыць тое нешта, што ёсць у сцэнічнай версіі «Шляхціца Завальні…». Прычым тое «нешта» не паддавалася расшыфроўцы. Карацей, пазлы не складваліся нават з фрагментарнасцю, якая чамусьці мне-такі якраз спадабалася. Вось і вырашыла адкласці напісанне да верасня: Купалаўскі тэатр вернецца з адпачынку, дык пагляджу, падумала, спектакль яшчэ раз. Нешта ж праясніцца... І занялася, рыхтуючы нумар, другімі тэкстамі. А тут добрая знаёмая з Індыі вярнулася з адпачынку і падзялілася ўражаннямі пра ферму сланоў. Я за яе парадавалася, бо гэта сапраўды відовішчна: нам з мужам даводзілася там бываць, калі адпачывалі ў індыйскім штаце Керала, што на поўдні гэтай загадкавай краіны, якую часцяком аса­цыю­юць са сланамі. Сама ў тым пераканалася — калі вярнулася з Індыі, сваячка найперш запытала: ці бачылі мы там сланоў.

Міхаіл Зуй — Францішак не чакаў пабачыць тое стварэнне, што вынырнула аднойчы з палонкі на возеры Няшчэрда

Сланы, слонікі… Чамусьці пасля размовы з прыяцелькай зноў прыгадаўся пацешны фінал спектакля са слонікамі, што выскачылі на сцэну і танчылі ў той момант, калі галоўны герой спектакля Завальня (Генадзь Аўсяннікаў) ляжаў у труне. І тое не забылася, як мы нястрымна, ад душы смяяліся і перагаворваліся: вось яна, дзіцячая свежасць мыслення рэжысёра! І што наш любімы, шаноўны акцёр Генадзь Сцяпанавіч у цудоўнай творчай форме, яшчэ дасць фору маладым выканаўцам…

Урэшце з ключом-кодам «слонікі» яно, тое маё неразгаданае «нешта», праявілася! У сцяне неразумення звышідэі спектакля з тым ключыкам адчыніліся дзверы. Дзякуючы менавіта мілым слонікам! Вось і паспрабую падзяліцца з чытачамі сваімі развагамі, перш чым павіншаваць тэатр з пастаноўкай, якая, спадзяюся, зойме годнае месца як лепшы сярод лепшых репертуарных спектакляў.

З гісторыі

Спачатку — крыху тлумачэнняў для тых, хто не ведае пра Яна Баршчэўскага. Ён, як лічаць літаратуразнаўцы, — адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. У Вікіпедыі чытаем: нарадзіўся ў 1794 годзе ў вёсцы Мурагі Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Расонскі раён, Віцебская вобласць) у сям’і грэка-каталіцкага святара, якая, мяркуецца, належала да збяднелага шляхецкага роду. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме, дзе набыў вядо­масць чытальніка і вершапісца, выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі. У 1809 годзе напісаў паэму ў класічным стылі «Пояс Венеры». На якой мове — не ўдакладняецца. Студэнцкія вакацыі часцей за ўсё праводзіў у падарожжах па наваколлях возера Няшчэрда.

Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў спадар Ян быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька», прысвечаны каханай дзяўчыне, і «Бунт хлопаў». Юнак таксама займаўся жывапісам: маляваў пейзажы і карыкатуры, якія карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў.

Аляксандр Казела — Белая Сарока (у цэнтры) разам са шляхціцаміздраднікамі

Пасля заканчэння Полацкага калегіума (у 1812 годзе ператвораны ў акадэмію) прыблізна ў 1816 годзе, Ян Баршчэўскі працаваў настаўнікам і гувернёрам у розных месцах на малой радзіме. У сярэдзіне 1820‑х пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытныя літаратуры. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. У Пецярбурзе пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, у 1839 годзе — з Тарасам Шаўчэнкам. Падарожнічаў па Беларусі, збіраў фальклор. У 1844 годзе выдаў свой галоўны твор «Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», напісаны па-польску.

У 1846‑м ці ў 1847‑м годзе па запрашэнні пісьменніка Генрыха Ржавускага пераехаў ва ўкраінскі горад Чуднаў на Валыні. Там пасяліўся ў доме графіні Юліі Ржавускай, дзе таксама жыў вядомы беларускі мастак-графік Напалеон Орда.

Што яшчэ цікава, дык гэта гісторыя з надмагільнай плітой Яна Баршчэўскага. Пра тое пісала газета «Звязда», іншыя выданні, спасылаючыся на ўкраінскі рэгіянальны партал chudnivnews.in.ua. Дык вось, жыхар Чуднава 17 гадоў таму, калі рабіў газаправод на прыватным падворку, адкапаў пліту на глыбіні з паўметра. Яна важыць 30–35 кілаграмаў. 17 гадоў пліта проста стаяла ў двары, пакуль гаспадар не вырашыў зацэментаваць двор, а для эканоміі цэменту пакласці тую пліту. Пад уплывам надвор’я іржа, бруд сышлі з пліты і праявіўся надпіс. Але гаспадары падумалі, што гэта нямецкая мова, і не сталі яго перакладаць.

І вось 15 красавіка гэтага года плітой зацікавілася дачка гаспадароў. Яна стала шукаць аналаг імю, што праявілася на пліце, у інтэрнэце. І знайшла: пліта з надмагілля Яна Баршчэўскага! На ёй на польскай мове напісана (падаем у перакладзе): «Ян Баршчэўскі. Мілоснік Бога, прыроды і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 12 сакавіка 1851 года».

Супадзенні ў рацэ часу

Якраз тады, калі сенсацыйная навіна пра надмагільную пліту стала вядомай, ужо ішлі рэпетыцыі спектакля купалаўцаў.

— І надмагільная пліта Яна Баршчэўскага, напэўна, праявілася не выпадкова, — кажа Алена Ганум. — Украінская школьніца з горада Чуднава Лена прачытала надпіс на надмагільнай пліце пісьменніка ў двары ўласнага дома. Гэта нейкае містычнае супадзенне! Калі ішлі рэпетыцыі, мне час ад часу здавалася, што Ян Баршчэўскі побач з намі. Дарэчы, многае прыхаванае і ў людзях, якія працавалі над спектаклем, таксама праявілася. І я рада, что больш было лепшага.

Цяпер, дадае рэжысёр-пастаноў­шчык, многія крытыкі спрабуюць вызначыць жанр спектакля. Што гэта, пытаюць. Рамантычная фантасмагорыя? Фэнтэзі? Містычная камедыя ці драма? Але — ні тое, ні другое, ні іншае. І адначасова і тое, і другое, і трэцяе… Мы вызначылі жанр як праяву. Гэта і з’ява, і незвычайнае здарэнне. А вобразным рашэннем спектакля стала містычнае возера Няшчэрда, у прасторы якога нам, сучаснікам, «выявіліся» персанажы мінулага. Так і Ян Баршчэўскі, паўтаруся, выявіўся! Нагадаў пра сябе ў прамым сэнсе і сваім творам, і тым, што знайшлася ягоная надмагільная пліта… Але ці не так і здараецца ў жыцці, у якім многа чаго намешана?..

Крысціна Дробыш — Агапка, пакаёўка пані Амеліі

Праява — такое вызначэнне жанру апраўданае ў спектаклі купалаўцаў. І сапраўды, шмат чаго вынаходлівага, крэатыўнага праявілася ў ім. І па форме, і па змесце. Асабіста мне блізкая тая звышзадача, якую паставіла перад сабой і творчай камандай рэжысёр-пастаноўшчык. Калі я падзялілася з Аленай тым, як я зразумела творчую задуму, то яна ўзрадавалася…

Нагадаю, імя рэжысёра Алены Ганум добра вядомае ў тэатральных колах. На сцэне Купалаўскага тэатра яна паставіла спектаклі «Шабаны», «Зямля Эльзы». Алена — вучаніца Мікалая Пінігіна, мастацкага кіраўніка тэатра. Другую, пасля акцёрскай, прафесію рэжысёра набывала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад яго пільным вокам, кіраўніцтвам. А гэта, як нам добра вядома, моцны прафесійны ўзровень. Тэатральную кар’еру пачынала актрысай у Віцебску, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

— Папрацаваць над п’есай Сяргея Кавалёва «Шляхціц Завальня…» Мікалай Мікалаевіч мне і прапанаваў, — гаворыць мая субяседніца. — І я паехала на Віцебшчыну. Гэта мая малая ра­дзіма. З тымі месцамі, побач з возерам Ня­шчэр­дай, моцна паяднаныя падзеі ў творы Баршчэўскага… На адным беразе часу персанажы мінулага, на другім — мы, сучаснікі. Падзеі на сцэне дазваляюць убачыць гледачам тое, як было ў мінулым, задумацца пра сваё жыццё ў сучаснасці. І запытаць сябе: што ж нас адрознівае ад папярэднікаў. І ці адрознівае наогул? Галоўныя тэмы, над якімі мы працавалі: Радзіма і пераемнасць пакаленняў. Як атрымалася? Час пакажа. Прызнаюся без ілжывай сціпласці: пасля першага прагону зразумела — у нас атрымалася…

Перад рэпетыцыямі Алена ды іншыя ўдзельнікі яе творчай каманды сустракаліся з пісьменнікам, гісторыкам Уладзімірам Арловым. Ён расказаў ім не толькі пра Віцебскі край, поўнач Беларусі, але і пра творчасць Яна Баршчэўскага. Таксама стваральнікі спектакля ездзілі ў Полацк, дзе Арлоў зла­дзіў для іх экскурсію па месцах, звязаных з імем аўтара «Шляхцiца Завальнi».

— Для нас адкрылі дзверы мастацкай галерэі, яна размешчана ў адным з карпусоў былога езуіцкага калегіума. Пабывалі мы і ў Сафійскім саборы, Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры, — расказвае Алена. — Як праходзілі рэпетыцыі? Ды па-рознаму: і гумару хапала, і спрэчак. Твор вельмі складаны. Жанр фантастычнага рэалізму, я ўжо некаму гаварыла пра гэта, патрабуе існавання на мяжы містыкі і рэальнасці.

Яна не верыць у выпадковасці. Усё ў гэтым жыцці, лічыць, — ланцужок заканамернасцяў. Алена звяртае ўвагу, што ў творы Яна Баршчэўскага прыхаваныя і сакральныя веды. А, як вядома, каб іх зразумець, трэба валодаць сакрэтным кодам сімвалаў. Дапамога ў тым — інтуіцыя. Яшчэ карыснай будзе і практыка.

Рэжысёр Алена Ганум

У свой час мы з мужам, ён жа і калега мой, вялі некалькі гадоў на радыё перадачу «Казкі — мудрыя падказкі»: спрабавалі разгадваць разам з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту розныя казачныя сімвалы. Добра памятаю, як дзятва вельмі ахвотна ўключалася ў гульню, з задавальненнем разгадвала тыя сімвалы.

Куды заводзяць думкі?

Стваральнікі спектакля прапану­юць нам перанесціся на поўнач Беларусі ў вёску ля возера Няшчэрда. Туды да свайго дзядзькі, шляхціца Завальні, у доме якога жыве і эканомка Мальгрэта (Тамара Міронава) прыязджае з Пецярбурга яго пляменнік Ян (Іван Кушнярук). Ад іх даведваецца пра вясковыя навіны: што ягоная любімая выйшла замуж за сябра Альберта, той сябруе з дзівакаватым доктарам, які быццам водзіцца з нячыстай сілай. І пра дробную мясцовую шляхту, што гатовая за бесцань прадаць родны край, дзядзька яму расказаў. Малады акцёр Іван Кушнярук іграе ролю выпускніка Полацкага калегіума Яна, пляменніка Завальні. Гэта чалавек узнёслых ідэалаў, летуценнік, які бачыць толькі добрае і верыць у лепшае ў жыцці і ў людзях. Ян — патрыятычна настроены, і пра гістарычныя перспектывы роднага краю гаворыць з дзядзькам. Так пачынаецца спектакль «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». А потым дзея, спачатку запаволеная, раскручваецца як спружына. Разам з рэальнымі зямнымі істотамі — сялянамі, шляхтай — круцяцца і нерэальныя: як увасабленне іх унутраных жаданняў, памкненняў, думак.

Як мы мыслім, пра што думаем, што адчуваем?.. Якія ж яны, нашы ўнутраныя светы, не бачныя нікому, часам незразумелыя для нас саміх? І чаму дагэтуль мы ўсё задаем сабе і лю­дзям пытанне: куды ідзем? Можа больш правільна будзе казаць: не «куды», а «як» і «з чым»?

Якія мы? Калі праз гэтую прызму глядзець спектакль «Шляхціц Завальня…» ў Купалаўскім тэатры, то ўсё раскладваецца па палічках. І фрагментарнасць у ім, і эклектыка тады становіцца апраўданай. Бо паміж мізансцэнамі стваральнікі спектакля як быццам моцнаю струною напружылі сэнсавую повязь: усё з усім у гэтым свеце звязана. Усё мае прычыну і вынік, і думкі нашыя здольныя ў жыццё ўвасабляцца… А падказку для такога прачытання спектакля мне, паўтаруся, прынеслі слонікі.

Танчаць, скачуць слонікі ў фінале… Чаго раптам? На поўначы Беларусі… Тое, па-мойму, толькі знешне забаўляльныя прыдумкі-алюзіі Алены Ганум. А калі зазірнуць глыбей, то разумееш: гэта ж і тонкае разуменне рэжысёрам псіхікі чалавека, і пошукі адказу на пытанне, куды нас могуць завесці нашы думкі, жахі, фантазіі, веравызнанні… Часам яны светлыя, часам бязглуздыя, хаатычныя, злыя, нядобрыя. Ці не таму ў прадонне сцэны адкрываецца вялізны люк, выклікаючы асацыяцыі з дзіркай у чалавечай свядомасці, і адтуль, з іншасвету падсвядомага, як з чорнай бездані выскоквае вялізная рыбіна ў рукі вясковаму хлопцу-прастачку… Ці не таму разам з Агапкай (Крысціна Дробыш), пакаёўкай пані Амеліі, якая марыць выйсці замуж толькі за багатага (вельмі сучасна!), танчыць цмок, а з неба сыплюцца апакаліпсічным градам чорныя яйкі… А малады селянін Марка (Дзмітры Тумас), які кахае Агапку неяк па-звярынаму, груба, і сам пераўтвараецца ў ваўкалака…

А яшчэ каля возера Няшчэрда хо­дзяць светлыя прывіды-плачкі. Яны — здані з іншага свету, мабыць, з райскага. Скажам так, са свету духоўнага. Назіраюць за тым, што сярод людзей адбываецца. Яны ж, можна і так расчытваць сімвал, і ўвасабленне светлых памкненняў людзей, сярод якіх ёсць і такія пяшчотныя асобы як Амелія (Валянціна Гарцуева). Цудоўная работа актрысы, якая арганічна існуе ў ролі той, якая выбрала ў спадарожнікі жыцця практычнага Альберта, а не летуценніка Яна.

І як жа важна прывучвацца мысліць дакладна, ясна, моцна, каб не стаць ахвярай уласнай слабасці, даверлівасці, дабрыні. Як тое адбылося з Альбертам (Раман Падаляка), якім апанаваў дух зла Нікітрон. І з яго жонкай Амеліяй — тонкай, ранімай, спачувальнай, — якую ледзь не давёў да вар’яцтва доктар Шэльмер (Іван Трус). Гэты акцёр, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, раней працаваў у мінскіх тэатрах, а потым каля трох гадоў — у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. У спектак­лі ён, сказала б, нават падкрэслена адметна паказвае сваё адмоўнае абаянне.

Усе мы — часткі Сусвету

Пачатак спектакля. Наперадзе — народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў у ролі шляхціца Завальні, побач з ім — Валянціна Гарцуева (Амелія)

Мала што змянілася ў чалавеку з той — амаль 200 гадоў прайшло — далёкай пары. Мы такія ж, як і нашы папярэднікі. Чым лепшыя? І мы ж такія, якія ёсць. Шмат чаго ў кожным намешана. Самі выбіраем шляхі ў жыцці, свае думкі выбіраем самі. Тым спектакль «Шляхціц Завальня…» і сучасны. І па-ранейшаму беларусы разважаюць пра сваю нацыянальную ідэнтычнасць, па-ранейшаму шукаюць шляхі ў будучыню. Некаторыя і цяпер не ў сваёй Айчыне прарокаў шукаюць, паглядваючы на замежных дактароў-экспертаў, а некаторыя паглыбляюцца ў містыку… Як тут не прыгадаць меркаванні акадэміка Расійскай акадэміі навук Наталлі Бехцеравай! Мяне асабіста вельмі ўражвае гэтая жанчына, якая ўсё жыццё займалася вывучэннем чалавечага мозгу і прыйшла да высновы: мы выбіраем думкі, якія існуюць у прасторы, і наш мозг, як антэна, іх ловіць і счытвае. Але вось яшчэ тое пытанне: чаму адны выбіраюць думкі пазітыўныя, жыццестваральныя, а іншыя — цалкам негатыўныя? Пытанне з пытанняў, як мне падаецца! Адказ на яго пакуль сустракала такі: справа ў эвалюцыйнай адаптацыі чалавека альбо ў адметнай генетыцы.

Памятаеце прымаўку: сон розуму спараджае пачвараў? Інтэрнэт нагадвае, што сам выраз, які стаў вядомай показкай, належыць іспанскаму мастаку Франсіску Гойі, паходзіць ад назвы карціны, якая ўваходзіць у цыкл афортаў «Капрычос». Карціна была напісана ў канцы XVIII стагоддзя. Каментар мастака да карціны быў такі: «Калі розум спіць, фантазія ў сонных марах спара­джае пачвар, але ў спалучэнні з розумам фантазія становіцца маці мастацтва і ўсіх яго цудоўных тварэнняў». Сам Гойя выкарыстоўваў фантастычныя вобразы для апісання навакольнай рэальнасці. Сном, які спараджае пачвараў, спіць свет сучасных яму людзей, у якім глупства пануе, а не розум — і яны нават не спрабуюць вырвацца з кайданоў таго сну. Калі розум губляе кантроль, апускаючыся ў сон, чалавекам авалодваюць цёмныя сутнасці — Гойя і назваў іх пачварамі. І не толькі чалавекам, але і цэлым грамадствам тыя пачвары могуць авалодваць. Гэта мо­гуць быць не толькі забабоны і глупства асобнага чалавека, нежаданне разва­жаць над прыродай рэчаў, але ж таксама ілжывыя ідэалогіі, благія правадыры, якія авалодваюць розумамі большасці.

Магу меркаваць, што Алена Ганум разважала над нечым падобным і арыентавала артыстаў на тое ў працы над вобразамі. Ну нездарма ж і ў спектаклі, у адпаведнасці з п’есай Кавалёва падкрэсліваецца думка: усё, што ў іншых краінах апісваецца ў кнігах, у нашым краі можа здарыцца насамрэч. Доктар Шэльмер, ён жа Чарнакніжнік, які пазіцыянуе сябе ідэолагам і правадыром, падпарадкоўвае сабе душы людзей. А ўсё для чаго? Каб служыць Белай Сароцы (Аляксандр Казела). Яе з’яўленне на сцэне на першы погляд — забаўляльныя кавалкі ў спектаклі, але для мяне ад самога вобразу гэтай істоты павявае холадам магілы. Белая Сарока, ілжывая, цынічна-агідная выклікае змешаныя пачуцці, шматлікія алюзіі.

Як пісаў гісторык літаратуры Мікола Хаўстовіч, праз Белую Сароку Ян Баршчэўскі стварыў алегарычны вобраз расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. У спектаклі ёсць адна сцэна, калі гаворка ідзе пра яе жаданне далучыць беларускія землі да Расійскай імперыі. Парадыйна ўвасобіў Белую Сароку акцёр. Яго рухі падкрэслена запаволеныя, млявыя, касцюм з пёрамі, упрыгажэннямі, валасатыя грудзі аголеныя… — усё гэта чапляе, уражвае вельмі тых шляхцічаў, якім патрэбныя толькі грошы. Для такіх не важна, у якой краіне жыць, каму служыць. І такія, як вядома, і сёння не звяліся, нікуды не падзеліся.

І дабрыня, і дзіцячая наіўнасць — таксама ўласцівая многім. Ну навошта таму шляхціцу Завальні штовечар запальваць свечку, каб стомленыя падарожнікі маглі адпачыць у хаце? Бо вельмі любіць ён, як тое дзіця, розныя містычныя гісторыі. І пра што (пра якое не скажаш нікому…) думае гэты салідны, паважаны суседзямі шляхціц, лежачы ў труне? Пра тую тытунёвую трубку-люльку, якую замовіў з Індыі. Чым не медытацыя! А на сцэне мы бачым жартаўлівы адбітак, увасабленне мараў шляхціца. Слонікі! Вось яна, навідавоку тая матэрыяльнасць думкі!

Розныя фантастычныя істоты з твору-прыпавесці Яна Баршчэўскага ажываюць у купалаўскім спектаклі. Як, чаму яны апынуліся сярод рэальных людзей, чаму так моцна ўплываюць на іх жыццё? На гэта ёсць адзін, паўтаруся, адказ — усё ў нас саміх: і цемра, і святло, і добрае, і ліхое. І тым вынаходлівы, відовішчны спектакль Алены Ганум і яе творчай каманды моцны. І звышзадача, калі глядзець вачыма душы, на мой погляд, ляжыць на паверхні.

Заканчваецца спектакль хэпі-эндам. Усе злыя сілы паглынуцца пеклам, а рэальныя героі аб’яднаюцца ў радасці быцця. Відаць, так стануць на небе зоркі, што нават маленькаму Анёльчыку (Валерыя Ржэуцкая) сярод іх зной­дзец­ца месца. І на той момант ужо не падсвядомасць кожнага будзе на сцэне верхаводзіць, а святочны настрой перамогі над цемрай. Хай сабе настрой гэткі і часовы…

Так і мы ўмеем і любім радавацца. І пакрысе, крок за крокам пазнаем саміх сябе, выбіраючы: пра што думаць і аб чым марыць, куды імкнуцца і з чым ісці па жыцці. Каб урэшце рэшт усвядоміць: усе мы — часткі Сусвету.

P. S. У спектаклі два склады артыстаў, задзейнічана больш за палову трупы. Ролю галоўных герояў сталага ўзросту выконваюць Генадзь Аўсяннікаў, Мікалай Кучыц, Тамара Міронава і Алена Сідарава. На сцэну выхо­дзіць і моладзь: Іван Кушнярук, Раман Падаляка, Сяргей Чуб, Марта Голубева, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Зяленка, Міхаіл Зуй, Антаніна Дубатоўка, Андрэй і Крысціна Дробышы, Аляксандр Казела, Дзмітры Есяневіч, Іван Трус ды іншыя. Над сцэнаграфіяй працавалі вучні знакамітага майстра Барыса Герлавана — Кацярына Шымановіч і Сяргей Ашуха. Музыку пісаў Віктар Кісцень. Харэограф — Вольга Скварцова.

Валянціна Ждановіч.

Фота прадастаўлены тэатрам імя Янкі Купалы. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?