Вы тут

Ненавісніцкая рыторыка — як стыхійны пажар


Ад рэдактара

Выкараненне ўсіх формаў дыскрымінацыі, як вядома, з’яўляецца адной з асноўных мэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з моманту яе заснавання. А ў чэрвені гэтага года ў час неафіцыйнай сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаў-членаў ААН Генеральны сакратар Арганізацыі Антоніу Гутэрыш даў старт рэалізацыі Стратэгіі і Плана дзеянняў па барацьбе з ненавісніцкай рыторыкай. Мэта стратэгіі — паглыбіць разуменне ўсімі ў ААН небяспекі ненавісніцкай рыторыкі і неабходнасці ўзмацніць эфектыўнасць барацьбы з гэтай праблемай у сваёй працы. Стратэгія заклікае аказаць яшчэ больш рашучую падтрымку краінам-удзельніцам і забяспечыць больш актыўнае ўзаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю і сродкамі масавай інфармацыі. Стратэгія дае рэкамендацыі па магчымых дзеяннях у дачыненні да карэнных прычын і рухаючых сіл рыторыкі нянавісці з мэтай паслаблення яе ўплыву на грамадства.

Дарэчы, пытанні нецярпімасці і гвалту на глебе нянавісці знайшлі сваё адлюстраванне ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У Канцэпцыі, у прыватнасці, гаворыцца пра тое, што ў цяперашні час праз інфармацыйную прастору часцяком уцягваюцца людзі ў тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць, распальванне міжканфесійнай і міжнацыянальнай варожасці. «Менавіта з іх пачынаюцца сацыяльныя катаклізмы сучаснасці. У выніку пакутуюць мільёны людзей, мяняецца палітычная карта свету. Адсоўваюцца на другі план агульнапрынятыя нормы маралі», — адзначаў у сваім выступленні на рэспуб­ліканскай нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, закранаючы пытанні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы.

Па ўсім відаць, што пазначаная тэматыка — актуальная ў глабальным маштабе. Мабыць, гэтыя ж прычыны падштурхнулі спадара Антоніу Гутэрыша напісаць адпаведны артыкул, які ён мілосна прадаставіў рэдакцыі часопіса «Беларусь.Belarus» для эксклюзіўнай публікацыі ў адным з яго нумароў. Размяшчаем артыкул і дзякуем Генеральнаму сакратару ААН за ўвагу да нашага выдання.

Віктар Харкоў

Нянавісць набірае сілу па ўсім свеце. Ідзе злавесная хваля нецярпімасці і гвалту на глебе нянавісці. Гэта нясе шмат пакут вернікам самых розных канфесій у розных кутках планеты. Сумна і трывожна, што падобныя праявы жорсткасці становяцца звыклымі.

У апошнія месяцы сталі вядомыя выпадкі забойства яўрэяў у сінагогах і апаганення надмагільных помнікаў выявамі свастыкі; паступалі паведамленні аб расстрэлах мусульман у мячэцях і разбурэнні іх рэлігійных аб’ектаў; аб расправах над хрысціянамі падчас набажэнстваў і аб падпалах цэркваў.

На фоне гэтых жудасных актаў гвалту атрымлівае распаўсюджванне агідная рыторыка, накіраваная не толькі супраць рэлігійных груп, але і супраць меншасцяў, мігрантаў, бежанцаў, жанчын і любых так званых «чужых».

З узмацненнем стыхійнага пажару нянавісці ў сацыяльных сетках распаўсюджваюцца ідэі фанатызму. Папаўняюцца шэрагі ўдзельнікаў неанацысцкіх рухаў і груп, якія прапагандуюць ідэі перавагі белай расы. Падбухторванне ўжываецца як зброя ў палітычнай барацьбе.

Як у ліберальных дэмакратыях, так і ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі нянавісць становіцца штодзённасцю ў жыцці людзей, засмучае існаванне ўсяго чалавецтва.

У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый вялікі досвед мабілізацыі ўсяго свету на барацьбу з самымі рознымі праявамі нянавісці з дапамогай шырокамаштабных кампаній, прысвечаных абароне правоў чалавека і сцвярджэнню вяршэнства права.

Па сутнасці, зараджэнне самой ідэі стварэння Арганізацыі і яе з’яўленне сталі сведчаннем разумення таго, які жах можа наступіць, калі лютая нянавісць доўга не будзе сустракаць адпору.

Мы лічым ненавісніцкую рыторыку замахам на ідэалы памяркоўнасці, інклюзіўнасці і разнастайна­сці, на саму сутнасць нашых нормаў і прынцыпаў у галіне правоў чалавека.

У шырокім сэнсе яна падрывае згуртаванасць грамадства, падрывае агульныя асновы і можа стварыць глебу для гвалту і тым самым згубіць тое, што было дасягнута ў справе ўмацавання міру і стабільнасці, ўстойлівага развіцця і абароны чалавечай годнасці.

Ненавісніцкая рыторыка папярэднічала найцяжэйшым злачынствам, уключаючы генацыд, які шмат учынялі ў апошнія дзесяцігоддзі ў розных краінах — ад Руанды да Босніі і Камбоджы.

Баюся, што свет у чарговы раз набліжаецца да важнай мяжы ў барацьбе з дэманам нянавісці.

Менавіта таму я даў старт ажыццяўленню дзвюх ініцыятыў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Па-першае, я толькі што апублікаваў Стратэгію і План дзеянняў па барацьбе з ненавісніцкай рыторыкай, якія прызначаны забяспечыць каардынацыю працы ў рамках усёй сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый для ліквідацыі карэнных прычын гэтай з’явы і павышэння эфектыўнасці нашых дзеянняў.

Па-другое, мы распрацоўваем план дзеянняў, які дазволіў бы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый паўнавартасна ўдзель­нічаць у справе па забеспячэнні аховы рэлігійных аб’ектаў і месцаў адпраўлення культу.

Тым, хто ўпарта сее страх для па­дзе­лу людзей, мы павінны сказаць, што разнастайнасць — гэта багацце, а ні ў якім разе не пагроза.

Глыбокае і трывалае пачуццё ўзаемнай павагі і чуласць могуць стаць мацней электронных паведамленняў, якія выстрэльваюць з інтэрвалам у долі секунды. Мы ні на хвіліну не павінны забываць, што кожны з нас для кагосьці і дзесьці, па сутнасці, таксама з’яўляецца «чужым». Не можа быць ілюзіі бяспекі, калі нянавісць такая жывучая.

Калі мы — часткі чалавецтва, мы абавязаны клапаціцца адзін пра аднаго.

Зразумела, усе намаганні па су­праць­дзеянні ненавісніцкай рыторыцы павінны адпавядаць асноўным правам чалавека.

Супрацьдзеянне ненавісніцкай рыторыцы не азначае абмежаванне або забарону свабоды слова. Гаворка ідзе пра недапушчэнне гэтай рыторыцы перарасці ў штосьці больш небяспечнае, у прыватнасці, у падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці і гвалту, што забаронена міжнародным правам.

Мы павінны ставіцца да ненавісніцкай рыторыкі гэтак жа, як да любога злачыннага дзеяння: асуджаць яго, адмаўляцца ўзмацняць яго, супрацьпастаўляць яму ісціну і дамагацца змены паводзін тых, хто да яе звяртаецца.

Неабходна настойліва ўзмацніць барацьбу з антысемітызмам, з нянавісцю да мусульман, уціскам хрысціян і ўсімі іншымі формамі расізму, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці.

У гэтай справе ўсе павінны добра выконваць важную ролю — і ўрады, і грамадзянская супольнасць, і прыватны сектар, і сродкі масавай інфармацыі. Асаблівая адказнасць за са­дзе­янне мірнаму суіснаванню ляжыць на палітычных і рэлігійных дзеячах.

Нянавісць уяўляе з сябе небяспеку для ўсіх, і таму барацьба з ёй павінна быць справай кожнага.

Агульнымі намаганнямі мы зможам патушыць пажар нянавісці і захаваць ідэалы, якія гуртуюць нас як адзіную чалавечую сям’ю.

Антоніу Гутэрыш,

Генеральны сакратар

Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.