Вы тут

Лукашэнка: Беларусь будзе прытрымлівацца курсу, які абазначаны ўдзельнікамі антытэрарыстычнай канферэнцыі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, кіраўніком контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімірам Варанковым.


Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы падзякаваў прадстаўніку ААН за высокі ўзровень арганізацыі міжнароднай антытэрарыстычнай канферэнцыі, якая гэтымі днямі праходзіць у Мінску. Ён заўважыў, што водгукі ў сродках масай інфармацыі з нагоды арганізацыі міжнароднай канферэнцыі і яе праходжання, розныя, але без негатыву – у станоўчым ключы.

«Няма чаго граху таіць, такога ўзроўню канферэнцыя пад эгідай галоўнай нашай міжнароднай арганізацыі – Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, ваш прыезд сюды як намесніка кіраўніка ААН надае гучання і павышае не толькі імідж, але вагу краіны. Гэта гонар для любой краіны – прымаць такую канферэнцыю», – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь цалкам апраўдае аказаны давер і будзе рабіць усё, каб прытрымлівацца курсу, які абазначаны ўдзельнікамі канферэнцыі. «Мы будзем старацца, вы падказвайце, усё ж такі інфармацыі ў вас у гэтым плане больш, чым у Беларусі. Падказвайце,  карэктуйце, каардынуйце, накіроўвайце дзейнасць нашых органаў улады, – прапанаваў кіраўнік дзяржавы. –  Гэта будзе на карысць узаемаадносінам паміж Беларуссю і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, і ўвогуле добры ўклад у барацьбу з тэрарызмам ва ўсім свеце».

Уладзімір Варанкоў у сваю чаргу выказаў падзяку Прэзідэнту Беларусі, у тым ліку, за яго выступленне на канферэнцыі. «Гэта быў вельмі моцны сігнал міжнароднай суполцы згуртавацца ў барацьбе з тэрорам. Тэрор застаецца адной з асноўных сусветных праблем, і каб яго перамагчы, трэба дзейнічаць шматкомплексна. І вось гэтая частка барацьбы – супраць выкарыстання тэрарыстамі высокіх тэхналогій, інтэрнэту – яна становіцца ўсё больш і больш вырашальнай», – сказаў ён.

На гэта Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Пакуль яшчэ мы не «ляглі» пад тэрарыстаў, але будзе горш, калі  яны пачнуць намі кіраваць, сімптомы чаго ўжо з'яўляюцца. Калі яны возьмуць верх і пачнуць дыктаваць кіраўнікам дзяржаў сваю палітыку з улікам сучасных тэхналогій (а яны навучыліся вельмі прыстасоўвацца і часам хутчэй за нас рэагуюць на некаторыя рэчы, звязаныя з высокімі тэхналогіямі), вось тады будзе зусім дрэнна, тады ніякія не тое што канферэнцыі, ужо практычныя дзеянні не дапамогуць».

Прэзідэнт дадаў, што сёння ўсе змагаюцца супраць ядзернай зброі, супраць яе распаўсюджвання, бескантрольнасці, у той жа час некаторыя ядзерныя дзяржавы дзеляцца тэхналогіямі ў гэтай сферы з асабліва блізкімі краінамі і ваююць супраць няўгодных. «Гэта таксама дрэнна. Паціху, паціху ядзерная зброя распаўзаецца, але гэта будуць «семкі» у параўнанні з тым, што можа быць: лекі, прадукты харчавання, біялагічная зброя самых высокіх тэхналогій, відаў і тыпаў, што пракантраляваць будзе практычна немагчыма, – папярэдзіў  Аляксандр Лукашэнка.  – А тэрарысты хутка скарыстаюцца гэтымі найноўшымі тэхналогіямі, каб змагацца па ўсіх франтах супраць нармальных людзей. Вось гэта не будзе паддавацца кантролю як ядзерная зброя».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў глядзець на гэту праблему больш шырока. Уладзімір Варанкоў у адказ згадаў прапанову Прэзідэнта Беларусі аб стварэнні міжнароднай кааліцыі па барацьбе з тэрорам, якую кіраўнік дзяржавы выказаў на сесіі адкрыцця Міжнароднай антытэрарыстычнай канферэнцыі ў Мінску. 


Да ведама

Пытанне аб барацьбе  з тэрарызмам на працягу дзесяцігоддзяў стаяла на парадку дня ААН, аднак Контртэрарыстычны камітэт быў усталяваны Саветам Бяспекі ААН толькі пасля тэракту 11 верасня 2001 года.

У 2005 годзе Генеральным сакратаром ААН  была створана Мэтавая група па ажыццяўленню контртэрарыстычных мерапрыемстваў. У 2006 годзе ўсе дзяржавы – члены Генеральнай Асамблеі ўпершыню ўзгаднілі агульную стратэгічную аснову барацьбы з тэрарыстычнай пагрозай – Глабальную контртэрарыстычную стратэгію  Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Гэта ўнікальны інструмент, які ўмацоўвае намаганні міжнароднай суполкі па барацьбе з тэрарызмам.

У 2011 годзе заснаваны Контртэрарыстычны цэнтр ААН. У 2017 годзе – Контртэрарыстычнае ўпраўленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Галоўныя задачы ўпраўлення – каардынацыя дзейнасці сістэмы ААН па выкананню антытэрарыстычных мандатаў Генеральнай Асамблеі ААН, забеспячэнне ўзгодненасці дзеянняў членаў Мэтавай групы па ажыццяўленню контртэрарыстычных мерапрыемстваў, павышэнне эфектыўнасці дапамогі, якую аказвае ААН дзяржавам – членам па ўмацаванню антытэрарыстычнага патэнцыялу, прыцягненне ўвагі да антытэрарыстычнай дзейнасці ААН і актывізацыя работы па мабілізацыі рэсурсаў на яе фінансаванне.

Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам асноўных шматбаковых дагавораў па барацьбе з міжнародным тэрарызмам, распрацаваных пад эгідай ААН.

У кастрычніку  мінулага года ў Мінску адбылася сумесная з АБСЕ міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню «Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху". У працяг гэтай канферэнцыі ў гэтыя дні (3–4 верасня 2019 года) у Мінску праходзіць Міжнародная канферэнцыя "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных  падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій». Вынікі мінскай канферэнцыі будуць выкарыстаныя пры падрыхтоўцы другой канферэнцыі высокага ўзроўню кіраўнікоў контртэрарыстычных устаноў дзяржаў-членаў  ААН, якая адбудзецца ў чэрвені 2020 года ў Нью-Ёрку.


У тэму

Контртэрарызм з'яўляецца адным з прыярытэтаў усіх дзяржаў на сённяшнім этапе, бо гэта рэальная пагроза чалавецтву, сказаў журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы намеснік Генеральнага сакратара ААН, кіраўнік контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімір Варанкоў.

«І тое, што Беларусь актыўна працуе  на гэтым кірунку дзейнасці ААН, вельмі важна, і кажа пра тое, што Беларусь працягвае выконваць ролю аднаго з лідараў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Мы памятаем, што Беларусь была ў складзе заснавальнікаў  ААН, і гэта традыцыя актыўнай работы  працягваецца, і контртэрарыстычны кірунак гэтаму пацвярджэнне», – дадаў ён.

Уладзімір Варанкоў назваў антытэрарыстычную канферэнцыю ў Мінску вельмі важнай міжнароднай падзеяй. «Размова на ёй ідзе пра тое, як супрацьдзейнічаць спробам тэрарыстаў прыцягнуць для сваёй дзейнасці новыя тэхналогіі,  выкарыстоўваць інтэрнэт для вярбоўкі, для атрымання сродкаў. Калі мы не дасягнем поспехаў у гэтай сферы, перамагчы  тэрарызм не зможам, – заявіў кіраўнік контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН. – Гэта вастрыня, пік. І тое, што Беларусь – адзін з лідараў гэтага працэсу, вельмі важна».

Ён згадаў выказаную на канферэнцыі Аляксандрам Лукашэнкам думку пра тое, што толькі аб'яднанне намаганняў і ўзмацненне салідарнасці ўсіх дзяржаў у барацьбе з тэрорам могуць прывесці да поспеху. «Гэта будзе цяжкая барацьба, але такія мерапрыемствы як тое, што  зараз праходзіць у сталіцы Беларусі, працуюць на гэту кансалідацыю, – акцэнтаваў  прадстаўнік ААН. – Важна працягваць гэту работу і вельмі важна, што Прэзідэнт  учора падкрэсліў значэнне шматбаковага супрацоўніцтва.  Бо свет зараз знаходзіцца на пэўным перакрыжаванні дарог,  працягваецца вяртанне да дзвюхпалярнай сістэмы, і тое, што Беларусь выказваецца ў падтрымку шматбаковасці,  таго, што можа рэальна ўмацаваць стабільнасць у свеце, мае вялікае значэнне».

Адказваючы на пытанне журналістаў пра інструменты супраць фінансавання тэрарыстычных арганізацый, Уладзімір Варанкоў расказаў пра нядаўна прынятую Саветам бяспекі ААН рэзалюцыю па гэтай тэме. «Тэрарыст па-ранейшаму валодае вялікімі сродкамі, – паведаміў ён. – Па самых сціплых ацэнках, у касе міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» знаходзіцца да 300 мільёнаў долараў. І гэтыя долары выкарыстоўваюцца, каб праводзіць тэрарыстычныя атакі па ўсім свеце. Таму супрацьдзеянне  фінансаванню тэрарызму – адна з галоўных задач Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Па гэтым  пытанні меркаванні ўсіх дзяржаў супадаюць. Думаю, супрацоўніцтва тут будзе больш актыўна наладжвацца, і зноў жа,  гэта тэма звязана з новымі тэхналогіямі, з'яўленнем новых відаў валют, безграшовымі пераводамі сродкаў. Гэтыя сферы павінны быць пад кантролем дзяржавы, інакш бяда можа быць вельмі сур'ёзнай», рэзюмаваў намеснік Генеральнага сакратара ААН.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?