Вы тут

Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў пытанні ўнутранай і знешняй бяспекі краіны


 

Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслава Зася.


Першы блок пытанняў гэтай сустрэчы тычыўся вынікаў нядаўняй нарады, якую кіраўнік дзяржавы правёў з кіраўніцтвам праваахоўных ведамстваў Беларусі.

— Тэма бяспекі зараз у цэнтры ўвагі, і дзякуючы ёй Мінск сёння патрапіў, як у журналістаў прынята казаць, у топ навін у сувязі з канферэнцыяй, якую ў нас праводзіць Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Я толькі што сустракаўся з намеснікам генсека гэтай арганізацыі, абмяркоўваў гэтыя праблемы ў сувязі з нашымі ініцыятывамі, якія па даручэнні вышэйшых службовых асоб, урада, агучыў у сваім выступленні (на Міжнароднай антытэрарыстычнай канферэнцыі ў Мінску — «Звязда»). Тэма гэта аказалася актуальнай не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, у цэлым, на міжнароднай арэне.

Разам з тым, мы жывём у канкрэтных умовах, сказаў Аляксандр Лукашэнка і папрасіў дзяржаўнага сакратара дакласці пра сітуацыю ў сферы бяспекі беларускіх грамадзян, пра работу праваахоўных органаў, асабліва КДБ, Міністэрства абароны і міліцыі.

Другі блок тэм, якія Прэзідэнт абмеркаваў з дзяржсакратаром Савета бяспекі, датычыўся вынікаў нядаўніх перамоў, у якіх Станіслаў Зась разам з калегамі з іншых краін удзельнічаў у Варшаве. «Што ад нас просяць суседзі: і балтыйскія краіны, і Польшча, і Украіна», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пажадаў выкласці пазіцыю Беларусі таксама і па выніках візіту ў Мінск Джона Болтана, памочніка Прэзідэнта ЗША.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, на якім узроўні зараз у Беларусі дыялог па тэме бяспецы з Расійскай Федэрацыяй. Ён заўважыў, што менавіта ў саюзе з Расіяй Беларусь вырашае галоўныя пытанні ў гэтай сферы. «Вы апошнім часам мелі нямала кантактаў не толькі з кіраўнікамі адпаведных структур ЕАЭС, СНД, але і з Патрушавым (сакратар Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі — „Звязда“), ведаю, што ў бліжэйшы час ён прыедзе ў Беларусь і мы зможам працягнуць гэты дыялог», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Пазней Станіслаў Зась расказаў журналістам, што далажыў кіраўніку дзяржавы пра пэўныя карэкціроўкі ў рабоце праваахоўных органаў. «Па-першае, тыя ўстаноўкі, якія былі дадзеныя на нарадзе пад кіраўніцтвам Прэзідэнта, даведзеныя па ўсёй вертыкалі па кожным ведамстве да выканаўцаў, — паведаміў ён. — Па-другое, прайшло прадметнае абмеркаванне паднятых пытанняў у кожным ведамстве. Задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, былі дэталізаваныя».

Дзяржсакратар дадаў, што сёння Аляксандр Лукашэнка патрабаваў ажыццявіць жорсткі кантроль за прыняццем мер па негатыўных фактах, якія былі агучаныя на нарадзе.

«Кожны работнік ведамства павінен пачуць дакладны сігнал: працаваць, ігнаруючы прынятыя правілы, законы, нельга. Працаваць па паняццях, як табе зручна і хочацца, недапушчальна, — патлумачыў Станіслаў Зась. — Ёсць пэўныя рамкі, усе павінны іх трымацца. Перш за ўсё, людзі, якія носяць пагоны».

Прэзідэнт звярнуў увагу, каб вынікі нарады аб рабоце праваахоўных органаў не сышлі на нішто, расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі. «Такога не будзе. Працэс гэты не аднамомантны. Але карэкціроўкі ўжо адбываюцца, і негатыўным фактам дадзеная адпаведная прававая альбо службовая ацэнка. І работа будзе працягнута», — запэўніў Станіслаў Зась.

Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана пра завяршэнне падрыхтоўкі да восеньскіх стратэгічных вучэнняў сумесна з Расійскай Федэрацыяй.

«Прэзідэнт звярнуў увагу на стан тэхнікі і ўзбраенняў, асабліва, што знаходзяцца на захаванні, гэта пытанне вельмі важнае для Узброеных Сіл», — дадаў суразмоўца, і паведаміў, што ў хуткім часе Аляксандр Лукашэнка праінспектуе стан такой тэхнікі і ўзбраенняў. Станіслаў Зась таксама паведаміў журналістам, што Беларусь прыняла запрашэнне ў Варшаву на сустрэчу па пытаннях бяспекі, бо палічыла гэта карысным. «Там былі праведзены і двухбаковыя сустрэчы з маімі калегамі з Украіны і Польшчы, і сумесная сустрэча ў фармаце чатырох кіраўнікоў. Абмяркоўваліся пытанні, актуальныя для ўсіх нас у гэтым рэгіёне. Пытанні забеспячэння бяспекі. Закраналіся і больш глабальныя пытанні, у прыватнасці, па ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, пра перспектывы дагавора СНУ-ІІІ (паміж Расіяй і ЗША аб мерах па далейшаму скарачэнню і абмежаванню стратэгічных наступальных узбраенняў — „Звязда“). І іншыя тэмы, якія датычацца і нераспаўсюджвання ядзерных матэрыялаў, і трансгранічнай злачыннасці, і інфармацыйнай бяспекі», — праінфармаваў прадстаўнікоў СМІ дзяржсакратар.

Ён нагадаў, што ў Беларусі з ЗША маецца сумесная праграма па нераспаўсюджванню ядзерных матэрыялаў, дзякуючы якой наша краіна аснасціла свае пункты пропуску адпаведанй тэхнікай і апаратурай. На сустрэчы ў Варшаве Беларусь прапанавала працягнуць работу гэтай праграмы і пашырыць яе на ўвесь рэгіён, у тым ліку на Украіну і Польшчу.

«Ішла размова і з нагоды ўзаемадзеяння Беларусі з НАТА. Мы пацвярджаем, што зацікаўленыя ў развіцці гэтага супрацоўніцтва. Вітаем, што знятыя абмежаванні на кантакты прадстаўнікоў высокага ўзроўню паміж блокам НАТА і нашай краінай. Гатовы і далей рэалізоўваць тое, што будзе адпавядаць нашым інтарэсам», — дадаў Станіслаў Зась. Ён паведаміў таксама, што на сустрэчы ў Варшаве абмяркоўвалася і ўкраінская праблематыка, у прыватансці, шла гутарка пра магчымасць пашырэння перамоўнага працэсу, аб падключэнні да яго ЗША. «Беларусь пацвярдзіла сваю пазіцыю ў тым, што мы бачым толькі адзін шлях урэгулявання канфлікта—палітычнымі і дыпламатычнымі метадамі», — падкрэсліў дзяржсакратар.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Станіслаў Зась пацвердзіў, што на будучым тыдні адбудзецца візіт у Беларусь сакратара Савета Бяспекі Расійскай Федэрацыі Мікаля Патрушава. «Гэта планавая паездка, яна не звязаная з нейкімі міжнароднымі падзеямі або сустрэчай у Варшаве, — запэўніў ён. — Яна планавалася загадзя». Станіслаў Зась падкрэсліў, што Расія — стратэгічны саюзнік і партнёр Беларусі, і ўзаемаадносіны нашай краіны ні з блокам НАТА, ні з іншымі суседзямі не шкодзяць супрацоўніцтву з Расійскай Федэрацыяй. Пытанні, якія будуць абмяркоўвацца падчас візіту Мікалая Патрушава ў Беларусь, карэлююцца з тымі, якія гучалі ў Варшаве. «Нельга пэўныя пытанні вырашаць толькі з адным вектарам. Важна выбудоўваць дыялог з усімі ўдзельнікамі ў гэтым рэгіёне», — патлумачыў пазіцыю Беларусі Станіслаў Зась.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».