Вы тут

Магрыпахарыпулаеўны


Пра імёны ў нашай рубрыцы мы ўжо неяк гаварылі. Але жыццё падкідвае новыя сюжэты, адзін дзіўнейшы за другі. Часам даведаешся пра штосьці, дык адчуванне, быццам у казку нейкую патрапіў на сучасны капыл. («У новай версіі «Папялушкі» яна б згубіла смартфон, а прынц ездзіў бы па бацькавым каралеўстве, спрабуючы разблакіраваць яе тэлефон па адбітку пальца».) Вось, скажам вестка з Краснадара. Там жанчына, якую звалі Жанна Уладзіміраўна Зіберава, вырашыла стаць... Мільярдэршай Паспяховай. Як вам такі ход? («— Дзяўчына, у вас ёсць месцы для пацалункаў? — Ды я ўссссся!») Калі зусім дакладна, наша гераіня стала Мільярдэршай Жаннай Паспяховай. Першае — гэта прозвішча, апошняе — імя па бацьку (калі можна так сказаць у гэтым выпадку). («У мяне ёсць знаёмая па прозвішчы Хуткасць. Яе бацькі пажартавалі і далі імя дачцэ Света».)


Усё гэта жанчына дзеля чаго зрабіла? Проста ў чалавека, відаць, ёсць мара, і нішто не можа перашкодзіць ёй спраўдзіцца? («Яна хацела б жыць на Манхэтэне, але нарадзілася мужыком у Саратаве...») Жыхарка Краснадара працуе фінансавым дарадцам у кансалтынгавай кампаніі. Дык вось прымножыць свае даходы яна вырашыла такім нестандартным і адначасова простым чынам, маўляў, новыя прозвішча і «імя па бацьку» будуць прыцягваць тыя самыя мільярды. («Бачыў фота Крышціяну Раналду з яго новай тачкай за адзін мільён долараў. І што тут дзіўнага? Гэта малая частка ад яго зарплаты. Гэта прыкладна тое ж самае, калі я сфоткаюся з пачкам тварагу!») Справа ў тым, што ў Расіі зараз мяняць прозвішча, імя і імя па бацьку (акрамя некаторых забароненых заканадаўствам варыянтаў) можна хоць кожны месяц. Прычым, за невялікую па памеры дзяржпошліну. Хоць, калі кожны месяц... Тут галоўнае своечасова спыніцца, а то тыя мільярды і сыдуць, не паспеўшы прыйсці. («Стары Хатабыч ажаніўся з маладзіцай, і за месяц у яго скончылася барада».)

Наступны прыклад з Чалябінскай вобласці. Там 18-гадовы студэнт Раман стаў... Пельменем. Можа, каб, як і ў першым выпадку, прыцягнуць удачу? («— Прывітанне, Алег. — Я не... — Я цябе памятаю! Ты ўсё такі ж мача ў ложку? — Алег дык Алег».) Нізавошта не здагадаецеся, калі дакладна не ведаеце. Тут тая яшчэ інтрыга... («Прывітанне, я ваша цётка», — сказаў дзядзька Паша, вярнуўшыся з Тайланда...») Хлопец афіцыйна змяніў імя, каб атрымаць... 200 кілаграмаў пельменяў. Справа ў тым, што адна фірма абвясціла конкурс (падобныя вельмі папулярныя ў Амерыцы, там наогул, каб забяспечыць сябе пажыццёва піцай ці бургерамі, людзі могуць нават татуіроўку лагатыпа вытворцы тавару на твар нанесці): хто пойдзе на такі крок — атрымае прыз, тыя самыя пельмені. («У дзяцінстве Вовачка любіў усіх жывёл, а цяпер любіць толькі жацецкага гусака і велкапаповіцкага казла».) Гэта ж трэба так упадабаць той прадукт з цеста і фаршу?! («Забыўся, што з Наташкай ён жанаты, калі Марынка села на шпагат».) Дзякуючы яму хлопца поўнасцю цяпер завуць Пельмень Марселевіч Кандольскі. Цікава, а, скажам, крэветкі Пельмень-Раман любіць? Ну, вы здагадаліся, пра што я... («— Бонд. Джэймс Бонд! — Брат. Медбрат!»)

Ці можа імя прыцягнуць удачу? Спецыялісты з Інстытута рызыкі «АльфаСтрахаванне» прааналізавалі 180 тысяч страхавых выпадкаў у выніку ДТЗ і склалі спіс самых «аварыйных» расійскіх мужчынскіх і жаночых імён. У моцнай паловы яго ўзначальваюць Сашы, Сярожы, Аляксеі, Уладзіміры, Андрэі, у прыгожай — Алены, Вольгі, Таццяны, Наталлі, Ірыны. Гэты рэйтынг складаецца з папулярных імён пакалення 25—40-гадовых, а большасць аварый адбываецца якраз па віне кіроўцаў такога ўзросту. («Пяцікласнік Ерамей ніколькі не камплексаваў з нагоды свайго імя. Яго больш хвалявала, што бацькі ездзілі па горадзе на возе і ў лапцях...») Дык імя ці навыкі ваджэння?

...Можа, хто памятае выступленне на Летнім кубку КВЗ каманды «Камызякі»? У іх ёсць эпізод, дзе яны згадваюць жонку аднаго з персанажаў — Магрыпу Харыпулаеўну. Але гэтае імя і імя па бацьку вымаўляюцца так, што гледачы чуюць зусім іншае...

— Азамат Тахіравіч, успомніў! Вам жа жонка тэлефанавала. Імя не памятаю... — Магрыпаха Рыпулаеўна яе завуць. — Як? — Магрыпаха Рыпулаеўна. — Як??? — Вельмі лёгкае імя, што вы насамрэч? Проста Магрыпаха Рыпулаеўна. Вылятаць павінна — Магрыпаха Рыпулаеўна! Усё, пачынаеш і не спыняешся — Магрыпаха Рыпулаеўна! Адно слова — магрыпахарыпулаеўна!!! Хэштэг! Магрыпахарыпулаеўна!!! Як быццам дровы ў лазню прынёс і высыпаў — магрыпахарыпулаеўна!!! — Нішто сабе імя!.. — Згодны, згодны... Я яе за вочы сам Кацькай называю. У гонар майго першага кахання... Ведаеш, дзяўчына такая ў мяне была, чарнявая... Кахаў яе, ажаніцца хацеў. Па нашых традыцыях скраў яе ноччу, у дыван завярнуў, дадому забягаю, разгортваю — Магрыпаха Рыпулаеўна!..

Так што з імёнамі трэба асцярожней... Бывае, не ратуюць ад анекдатычных сітуацый нават самыя гучныя з іх. («На целе ў рэпера і зоркі шоу-бізнесу Цімаці так шмат татуіровак, што, калі правесці яго міма сканера штрыхкодаў у супермаркеце, каса праб'е Цімаці як пачак пельменяў».) Прывітанне Раману!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».