22 кастрычніка, чацвер

Вы тут

У сталіцы прайшоў VІІ Міжнародны турнір юных даследчыкаў прыроды «ІYNT»


У сталіцы на VІІ Міжнародным турніры юных даследчыкаў прыроды «ІYNT» (Іntеrnаtіоnаl Yоung Nаturаlіsts' Tоurnаmеnt) упершыню сустрэліся падлеткі з 11 краін: Беларусі, Балгарыі, Грэцыі, Казахстана, Новай Зеландыі, Харватыі, Кітая... Хлопчыкі і дзяўчаткі ад 12 да 16 гадоў спаборнічалі ў інтэлектуальных паядынках на працягу чатырох дзён. Адметны знак гэтага свята — англійская мова, якая была асноўным сродкам стасункаў паміж удзельнікамі і арганізатарамі мерапрыемства. Месцам сустрэчы для юных знаўцаў стаў Ліцэй БДУ. Што цікавага адбывалася на турніры?


...Атмасфера ў зале неймаверная, тут вельмі шумна і шмат усмешак! Капітан беларускай каманды, пятнаццацігадовая Дар'я СІНІЦА, упэўненая, што гэта не дзіўна, бо ўсе аб'ядналіся дзеля агульнай мэты — навукі:

— Я ніколі раней не ўдзельнічала ў падобным. Адметна, што мы паказваем і даказваем: хімія, фізіка, біялогія — свет дзівосных адкрыццяў. Падчас турніру рашалі шмат цікавых задач. Напрыклад, што ўяўляе сабой кароткатэрміновая памяць і як кафеін уздзейнічае на яе, чаму курыная костка пад уздзеяннем кіслаты становіцца гнуткай, як розныя кампаненты хлеба ўплываюць на аб'ём гатовага прадукту. Мы перамаглі ў капітанскім баі сярод камандаў з Грэцыі і Грузіі, у паядынку з Казахстанам і Балгарыяй. Для выхаду ў паўфінал не хапіла паўтара бала. Гэта, вядома, трохі крыўдна, але разам з тым мы набылі велізарны вопыт, карысныя кантакты і сяброў. Усё ж такі агульныя спаборніцтвы збліжаюць, — з усмешкай кажа Дар'я.

Суразмоўніца падзялілася, што падрыхтоўка да турніру была напружаная, але ліцэісткам БДУ дапамагалі кіраўнікі — трэцякурсніца факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Соф'я АНІСІМАВА і выкладчык біялагічнага факультэта Вольга УГНАЧОВА.

— Гэты турнір не скіраваны на адну дысцыпліну, таму веды з любой галіны — каштоўнасць. Важным для ўсіх удзельнікаў падзеі з'яўляецца валоданне англійскай мовай. Па сваім вопыце (у 2016 годзе Соф'я таксама была часткай каманды ад Беларусі на «ІYNT». — Аўт.) магу сказаць, што з кожным годам задачы становяцца больш складаныя, але нашы не адстаюць і заўсёды паказваюць высокія вынікі. Турнір ужо праводзіўся ў Турцыі, Балгарыі, Сербіі, Іране, Кітаі, Грузіі, сёлета выбар выпаў на Беларусь. Для нас гэта адказная місія, таму задумалі здзівіць прысутных незвычайнай візітоўкай. У нашай камандзе толькі дзяўчаты, і мы вырашылі гэта абыграць, паказаўшы гістарычную стужку, дзе расказалі пра вядомых беларускіх вынаходніц і гістарычных асоб. Нам хацелася данесці да гледача, што кожны з нас можа зрабіць нешта вартае для сваёй краіны, як і нашы папярэднікі, — расказала Соф'я.

Калі зазірнуць у аўдыторыі, дзе каманды сабраліся дзеля «навуковага бою», становіцца зразумела: форма дыскусіі нагадвае навуковы семінар або абарону дысертацыі. Кожная каманда тут выступае ў ролі дакладчыка, апанента і рэцэнзента. Пры гэтым любы яе ўдзельнік можа крытыкаваць, разважаць з сапернікам па тэме, паказваць на ўдалыя і няўдалыя моманты адказу. Затым дакладчык абараняе свае вынікі, а члены журы выстаўляюць адзнакі ўсім удзельнікам. Пасля кароткага перапынку каманды мяняюцца ролямі.

— Гэтым разам мы высвятлялі, як соль уздзейнічае на ўрадлівасць глебы, — падзялілася адна з удзельніц беларускай каманды Лізавета АНДРОНЧЫК.

Мэта «ІYNT» — распаўсюджванне творчага патэнцыялу падлеткаў, якія імкнуцца даследаваць свет, эксперыментаваць, працаваць у камандах і атрымліваць новыя веды. Турнірная форма інтэлектуальных спаборніцтваў была створана Яўгенам ЮНОСАВЫМ у 1979 годзе. Тады з'явіўся Турнір юных фізікаў (ТЮФ) — гэта «старэйшы брат» Міжнароднага Турніру юных даследчыкаў прыроды, які ўзнік у 2013 годзе. Пра ўнікальнасць «ІYNT» і расказаў яго заснавальнік:

— Часцей за ўсё алімпіяды і турніры праводзяцца ў індывідуальным заліку. Пры стварэнні ж гэтага турніру хацелася, каб фармат быў камандны. Заданні, якія прапануюцца дзецям, паходзяць з розных сфер прыродазнаўчых навук і скіроўваюць да незалежных даследаванняў і эксперыментаў. Вельмі цяжка рашыць складаную задачу за кароткі прамежак часу, ды яшчэ і ў адзіночку. Таму ўдзельнікі ніяк не абмежаваныя ў спосабах іх вырашэння і могуць звяртацца па дапамогу да сяброў або бацькоў. Калі яны разглядаюць якія-небудзь навуковыя тэмы, рыхтуюць творчыя нумары, то лепш разумеюць свае інтарэсы, якія могуць дапамагчы вызначыцца з будучай кар'ерай. Акрамя таго, гэта добра развівае фантазію. Даследуючы навуку ў паўсядзённым жыцці, удзельнікі турніру даведваюцца, што некаторыя з самых дзівосных адкрыццяў знаходзяцца не больш чым за некалькі крокаў.

Падчас спаборніцтваў удзельнікі не толькі займаліся інтэлектуальнай працай, але і добра адпачывалі. Для ўсіх ахвотных былі праведзены экскурсіі па Мінску, Мірскім і Нясвіжскім замках, сядзібе Я. Наркевіча-Ёдкі. Акрамя таго, госці ацанілі гастранамічныя цікавінкі ад сталічных устаноў. Па выніках міжнароднага турніру «ІYNT» беларуская каманда заняла 10-е месца з 21, першае месца падзялілі Новая Зеландыя і Харватыя, другое — у Швейцарыі, на трэцім — каманды з Румыніі, Грузіі, Балгарыі, Грэцыі і Кітая. Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы фонду «Навука вакол нас».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Дзівоснае — за некалькі крокаў

Выбар рэдакцыі

Культура

​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Даследчыкі савецкай індустрыялізацыі традыцыйна бралі пад увагу дзве галоўныя крыніцы яе фінансавання — экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі. 

Культура

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

У пачатку XX стагоддзя публiцыст, крытык i журналiст Леў Клейнбарт быў уплывовай асобай сярод творчай iнтэлiгенцыi Пецярбурга.

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.