Вы тут

У Гомелі афіцыйна было зарэгістравана звыш 4,5 тысячы сабак і 2,6 тысячы катоў


На пачатак года ў Гомелі афіцыйна было зарэгістравана звыш 4,5 тысячы сабак і 2,6 тысячы катоў. Кожны з іх уладальнікаў падчас рэгістрацыі ў сваіх ЖЭУ і РЭУ быў азнаёмлены з санітарнымі, ветэрынарнымі правіламі ўтрымання хатніх жывёл і атрымаў на свайго чатырохногага сябра адпаведны жэтон і пасведчанне.


prava-potrebitela.ru

Намеснік начальніка жыллёвага аддзела КВУП «Гомельская гарадская ЖКГ» Наталля Быркова кажа, што для забеспячэння поўнага ўліку хатніх жывёл, якія жывуць у шматкватэрных дамах, жыллёва-эксплуатацыйнымі арганізацыямі штомесяц праводзяцца рэйдавыя праверкі:

— Летась спецыялістамі КЖРЭУП чатырох раёнаў Гомеля было праведзена амаль 400 праверак па выяўленні незарэгістраваных сабак і катоў. Таксама ўладальнікі патэнцыйна небяспечных парод павінны прад'явіць даведкі пра іх навучанне. Мы звяртаем увагу і на факты выгулу сабак, якія не адпавядаюць правілам утрымання. Па выніках праверак выдадзена амаль 2 тысячы прадпісанняў і складзена 400 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Калі вельмі хочацца завесці бультэр'ера ці мастыфа, з сабакам байцовай пароды давядзецца прайсці абавязковае навучанне ў КУП «Спецкамунтранс». Інакш яго не зарэгістрыруюць. У тым выпадку, калі гаспадар не жадае ставіць свайго любімца на ўлік, адмаўляецца выплачваць падатак ці дапускае парушэнне правіл утрымання, яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Дарэчы, у Гомелі існуе толькі пяць спецыяльных пляцовак, дзе гадаванцы могуць добра размяцца. І гэтыя тэрыторыі ствараюцца для трэніровак жывёл, а не як месца, дзе яны спраўляюць натуральныя патрэбы, нагадвае спецыяліст:

— Той, хто завёў сабаку, абавязаны і прыбіраць за ім. Не трэба забываць і пра ланцужок. Для сабак буйных парод абавязковы аксесуар — наморднік. Каб выключыць усялякія непрыемныя сітуацыі, да ашыйніка павінен быць прымацаваны жэтон. Безнаглядныя сабакі і каты, у тым ліку з ашыйнікамі, жэтонамі і ў намордніках, падлягаюць адлову. Пры гэтым абавязковае чыпаванне хатніх жывёл існуючым заканадаўствам не прадугледжана.

Як расказала начальнік фінансавага ўпраўлення Гомельскага гарвыканкама Алена Радчанка, грошы, якія грамадзяне выплачваюць у якасці падатку, збіраюць КЖРЭУПы, потым яны ідуць у гарадскі бюджэт і накіроўваюцца на ўтрыманне КУП «Спецкамунтранс».


Дарэчы, на гэтым тыдні міліцыянеры ўстанавілі асобу гамяльчаніна, які 28 жніўня зайшоў у салон тралейбуса № 20 са стафтэр'ерам без намордніка і з ланцужком, наматаным на ашыйнік.

Калі людзі папрасілі грамадзяніна прытрымаць свайго сабаку, мужчына адрэагаваў неадэкватна. Ён пачаў абражаць пасажыраў і пагражаць ім. Сведкі інцыдэнту звярнуліся ў міліцыю і перадалі праваахоўнікам запісанае відэа.

Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля знайшлі неадэкватнага пасажыра. Высветлілася, што 29-гадовы беспрацоўны гамяльчанін больш чым 30 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, галоўным чынам за парушэнне правіл дарожнага руху і знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Акрамя таго, ён быў асуджаны за згвалтаванне.

Вядома, што суседзі неаднаразова звярталіся да гаспадара стафтэр'ера з просьбай выкарыстоўваць наморднік, але ён ігнараваў просьбы. Як расказаў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, у дачыненні да грамадзяніна за парушэнне правіл утрымання хатніх жывёл складзены адміністрацыйны пратакол.

Трэба памятаць, што паводле артыкула 15.47 «Парушэнне правіл утрымання хатніх і (ці) драпежных жывёл» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях можна атрымаць салідны штраф — ад адной да пятнаццаці базавых велічынь. Калі парушэнне пацягнула прычыненне шкоды здароўю людзей ці маёмасці — ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Які гаспадар, такі і гадаванец

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.