Вы тут

Спікеры дзвюх палат беларускага парламента абмеркавалі са старшынёй Міжпарламенцкага саюза шляхі далейшага супрацоўніцтва


На працягу двух дзён кіраўнік Міжпарламенцкага саюза Гарыэла Куэвас Баран знаходзілася ў беларускай сталіцы. Яна прымала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню пад агульнай назвай «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій». У рамках гэтага візіту адбылася і сустрэча са старшынямі верхняй і ніжняй палат беларускага парламента — Міхаілам Мясніковічам і Уладзімірам Андрэйчанкам, якая прайшла ў Савеце Рэспублікі ў аўторак, 3 верасня. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі старшыні пастаянных профільных камісій Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў — Сяргей Рахманаў і Валерый Варанецкі.


Фота БелТА.

Аб'яднаць намаганні

— Вельмі сімвалічна, што ваш візіт у нашу краіну адбываецца ў 130-гадовы юбілей заснавання Міжпарламенцкага саюза, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, вітаючы госцю. Ён звярнуў увагу на смелае і цікавае выступлення кіраўніка гэтай арганізацыі на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай барацьбе з тэрарызмам. «У прынцыпе, вашае ўступнае слова генерыравала цікавыя думкі, на мой погляд, выступоўцаў і экспертаў, — падкрэсліў ён. — Надзвычай цікавая тэма, і я хацеў бы яшчэ раз звярнуць увагу на ключавыя тэзісы выступлення Прэзідэнта нашай краіны, які адзначыў, што вялікія дзяржавы і палітыкі павінны сур'ёзна заняцца вырашэннем пытанняў у барацьбе з тэрарызмам, асабліва ў сучасных яго формах».

У гэтай сувязі асаблівая роля аддаецца парламентарыям. На думку спікера верхняй палаты беларускага парламента, роля Міжпарламенцкага саюза (далей — МПС), парламентарызму ў цэлым, вельмі важная і можа мабілізаваць намаганні ўсіх краін у вырашэнні гэтых актуальных задач.

Што датычыцца работы беларускага парламента, як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, разам з калегам з ніжняй палаты вядзецца работа над актуальнымі пытаннямі Парадку дня — 2030 па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і наогул усіх ініцыятыў, якія зыходзяць у тым ліку ад МПС і ААН. У гэтай сувязі старшыня Савета Рэспублікі выказаў прапанову аб актывізацыі работы МПС з Міжпарламенцкай асамблеяй краін СНД і асабіста яе старшынёй — Валянцінай Мацвіенка (спікерам Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ. — «МС»).

— Я кажу аб гэтым, таму што мы дастаткова актыўна працуем у рамках Міжпарламенцкай асамблеі краін СНД. Мне ўяўляецца, што два такія вялікія кансорцыумы маглі б супрацоўнічаць больш актыўна, — выказаў упэўненасць ён і пацікавіўся думкай на гэты конт Габрыэлы Куэвас Баран.

Другое пытанне, на якім Міхаіл Мясніковіч засяродзіў увагу госці, датычылася нейкага большага ўплыву з боку МПС на працэсы, што адбываюцца ў свеце, павышэння ролі гэтай арганізацыі.

— Зразумела, што прымаемыя рашэнні не з'яўляюцца абавязковымі для нацыянальных парламентаў, але могуць быць дакументы другога ўзроўню, своеасаблівыя дарожныя карты, якія матывавалі б нацыянальныя парламенты прымаць уласныя рашэнні на аснове дакументаў МПС, — адзначыў ён.

Агульны інтарэс

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, у сваю чаргу, адзначыў, што беларускія дэпутаты вельмі высока ацэньваюць супрацоўніцтва з МПС, прымаюць удзел практычна ва ўсіх асамблеях, сусветных сустрэчах спікераў парламентаў, што праходзяць па ініцыятыве гэтай арганізацыі, якая з'яўляецца адной з найстарэйшых уплывовых няўрадавых у свеце і адыгрывае вельмі важную ролю ў развіцці парламентарызму.

— Мы вельмі ўважліва сочым за тэматычнымі публікацыямі, што выдае МПС, у якіх прыводзіцца параўнальны аналіз работы парламентаў. Я хачу сказаць, што многія рэкамендацыі маюць істотны інтарэс і для беларускага парламентарызму, — адзначыў ён.

Спікер ніжняй палаты звярнуў увагу на такую форму ўзаемадзеяння, што ўяўляе вялікую цікавасць, як сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў. Дарэчы, такія сустрэчы праходзілі па ініцыятыве МПС ужо чатыры разы, у дзвюх з якіх — у Жэневе і Нью-Ёрку — прымаў удзел і Уладзімір Андрэйчанка.

— Я хачу сказаць, што гэта — вельмі знакавыя падзеі, якія дазваляюць умацаваць супрацоўніцтва паміж арганізацыямі аб'яднаных нацый і нацыянальнымі парламентамі, і я лічу, гэта вельмі значным, — упэўнены спікер.

Ён падкрэсліў, што беларускія парламентарыі зацікаўлены ў развіцці адносін з МПС, і, на яго думку, бакі павінны сканцэнтраваць асноўную ўвагу на рашэнні адной з галоўных задач гэтай міжнароднай арганізацыі — збліжэнні парламентаў у справе ўмацавання міру і бяспекі ў свеце.

Павысіць ролю МПС

Са свайго боку генеральны сакратар МПС Габрыэла Куэвас Баран падзякавала за падтрымку з боку Беларусі падчас выбараў на гэтую пасаду, якія праводзіліся на 137-й Міжпарламенцкай асамблеі ў Санкт-Пецярбургу два гады таму. «Гэта быў вельмі важны момант для мяне, які змяніў маё жыццё», — прыгадала яна.

Адной з галоўных задач арганізацыі на гэты момант яна вызначыла пашырэнне прадстаўніцтва МПС у пасяджэннях і канферэнцыях высокага ўзроўню, такіх, напрыклад, што адбыліся ў Мінску.

— Прэзідэнт вашай краіны Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні зрабіў вельмі важную заяву, асабліва мне спадабалася фраза наконт таго, што ў нас адна планета і мы павінны з ёй разабрацца, — падкрэсліла яна. — Я лічу, што Міжпарламенцкаму саюзу і аддаецца такая важная роля, бо, у першую чаргу, мы з'яўляемся заканадаўчым органам,
а ў другую — плануем бюджэт. Такім чынам, мы знаходзімся ў цэнтры вырашэння канфлікту ці праблем, якія ўзнікаюць.

Аднак, на яе думку, МПС, як і любая іншая міжнародная арганізацыя, будзе настолькі моцнай, наколькі гэтага жадаюць яе ўдзельнікі, таму як і любую іншую арганізацыю, міжпарламенцкі саюз неабходна ўмацоўваць.

Што датычыцца прапановы Міхаіла Мясніковіча аб наладжванні сувязяў з Міжпарламенцкай асамблеяй краін СНД, старшыня МПС адзначыла: Валянціна Мацвіенка з'яўляецца вельмі важным і кваліфікаваным кіраўніком, што сочыць за ўсімі падзеямі, ініцыятывамі, якія сыходзяць з боку Міжпарламенцкага саюза, і дастаткова добрая сувязь паміж дзвюма арганізацыямі ўжо існуе.

— Я лічу, што ў дадатак да гэтай прапановы вельмі важнае значэнне мае прапанова па наладжванні шляхоў супрацоўніцтва еўразійскіх краін з нашай арганізацыяй, каб яны былі больш уцягнутыя ў нашу штодзённую дзейнасць, — падкрэсліла яна.

Адказваючы на другую частку пытання, якое агучыў на сустрэчы Міхаіл Мясніковіч, генсек МПС адзначыла:

— Канешне ж, МПС з'яўляецца важнай арганізацыяй. Мы ўвесь час прымаем рашэнні, рэзалюцыі, робім публікацыі, як вы справядліва адзначылі, нам неабходна рухацца ў кірунку распрацоўкі дарожных картаў, якія сталі б пакрокавай інструкцыяй да таго, як неабходна выкарыстоўваць міжнародныя дагаворы і інструменты на мясцовых узроўнях.

У тэму

Сяргей Рахманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Вельмі важна, што парламентарыі адыгрываюць важную ролю ў вырашэнні ключавых сусветных праблем. Іх роля ўзрастае, паколькі жыццё паказвае, што лідары найбуйнейшых краін свету не спраўляюцца з тымі праблемамі, якія трэба вырашаць, і гэта прагучала ў выступленні нашага Прэзідэнта. Таму неабходна аб'яднаць усю моц разам, у тым ліку невялікім і сярэднім краінам, да якіх адносіцца Беларусь, і, адпаведна, не толькі выканаўчай, але і заканадаўчай ўлады, экспертнай і грамадзянскай супольнасцяў —
мы павінны працаваць разам, таму што пагрозы, якія існуюць сёння ў свеце, вельмі сур'ёзныя, іх нельга недаацэньваць, і калі не будзе каардынацыі работы — не будзе поспеху.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Дарожныя карты для нацыянальных парламентаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».