Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Пачуцці, дэтэктыў і шопінг на дэсерт

Тэлеканал «Беларусь 2» на наступным тыдні парадуе гледачоў адразу чатырма забаўляльнымі рэаліці-праектамі з блізкага замежжа. Ужо 10 верасня выйдзе рэаліці пра моду і прыгажосць «Багіня шопінгу. Бліскучае вяртанне», у якім чатыром дзяўчатам трэба будзе за чатыры гадзіны патраціць пэўную суму на модны ўбор — ды так, каб атрымаць максімальны бал ад саперніц і вядучага, эксперта па стылі Леаніда Мартынчыка. Між іншым, ва Украіне, дзе і здымаецца праект, ён не траціць папулярнасці ўжо 7 гадоў і 14 сезонаў!

Увечары 11 верасня на «Беларусь 2» — прэм'ера расійскага экстрэмальна-рамантычнага рэаліці-шоу «Каханне на выжыванне». Рамантыка тут у тым, што выпрабаванне праходзяць закаханыя пары, якія адпраўляюцца ў Тайланд, а экстрым — у тым, што водпуск адбываецца зусім не па сістэме «ўсё ўключана», а як паласа перашкод і іспытаў рэўнасцю, побытам, джунглямі і нават... дэтэктарам хлусні. Удзельнікі могуць атрымаць буйны грашовы прыз, але могуць і пасварыцца назаўсёды.

Рэаліці-шоу «Шэрлакі», якое выйдзе 13 верасня, кажа само за сябе: гэта дэтэктыўны квэст, дзе кожнаму ўдзельніку дастаюцца ролі — ад злачынцы да следчых. Задача першага — заблытаць сляды, а другіх — разблытаць справу і за 40 хвілін гульні выявіць зламысніка.

Нарэшце, 14 верасня сустракайце смачную прэм'еру «Кароль дэсертаў» — спаборніцтва вопытных кандытараў у прыгатаванні ласункаў, больш падобных да твораў мастацтва. Галоўнае на час прагляду гэтага рэаліці-шоу — адсесці як мага далей ад халадзільніка.

Палёт з фантазіяй

Таксама ў верасні ў эфіры «Беларусь 2» з'явіцца штотыднёвы праект для аматараў падарожнічаць па свеце — трэвел-шоу «Селапаляцела». Тут не будзе цытат з агляднай экскурсійнай праграмы, парад па выбары статуснага атэля і пераліку культурных традыцый далёкіх народаў, затое будуць няпростыя задачкі для карэспандэнта. За кожнае выкананае заданне з пяці выпрабаванняў гераіні праграмы будуць выдаваць грошы, за якія і трэба пражыць у чарговай краіне, а калі заданне не выканана і грошай няма — круціся як сабе хочаш...

Прынамсі, вось што сцвярджаюць у анонсе стваральнікі праграмы: «У нас усё вырашае не воля лёсу, а фантазія здымачнай групы і вынослівасць вядучай. Ніякіх сумных экскурсій, толькі сапраўдныя эмоцыі і рэальнае жыццё!» Наколькі абяцанні супадуць з рэчаіснасцю, даведаемся ўжо 15 верасня.

Творчасць

Ужо ў гэту суботу, 7 верасня, сацыякультурны канал «Беларусь 3» прадставіць прэм'еру цыкла праграм «Народны майстар» і, адпаведна, раскажа пра ўладальнікаў звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Ці ведалі вы, колькі творчых землякоў з залатымі рукамі ўваходзіць у айчынны Саюз майстроў? Больш чым 700 чалавек, якія ўвасабляюць вялікі спектр разнастайных рамёстваў: ганчарства, разьба па дрэве, пляценне з саломкі і лазы, выцінанка, вышыўка, абрадавая лялька, кавальскае мастацтва, апрацоўка каменю.

Пра тое, якім шляхам той ці іншы самабытны майстар прыйшоў да творчасці, чым ён захапляецца сам і ўражвае іншых, якраз і апавядзе новая праграма.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».