Вы тут

Алег Ждан: Для рамана пакаянне не можа быць такой магутнай ідэяй


Як вядома, на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме былі аб'яўлены вынікі конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія 2019». Пераможцам у намінацыі «Найлепшы твор прозы» стала кніга вядомага пісьменніка Алега Ждана (Пушкіна) «Геній». Алег Аляксеевіч — супрацоўнік нашага холдынга, рэдактар аддзела прозы часопіса «Нёман».


З пераможцам літаратурнага конкурсу гутарыць карэспандэнт «Звязды».

— Над чым вы зараз працуеце?

— Мне часта задаюць гэтае пытанне, як быццам пісьменнік на самай справе не можа пражыць ні дня без радка («ни дня без строчки»). Думаю, нават Пліній Старэйшы, які і нарадзіў гэтае крылатае выслоўе, дазваляў сабе расслабіцца перад новай работай. Я зараз таксама расслабіўся, бо толькі што закончыў новае апавяданне (ці невялікую аповесць) «Малітва» — пра пісьменніка. Летась я таксама напісаў апавяданне «Апошні сябра» — пра рэдактара вялікага літаратурнага часопіса, аб спецыфічных прафесійных і асабістых праблемах людзей гэтай прафесіі. Работа рэдактара цікавая, але часам вельмі няўдзячная, гэта я ведаю па сабе. У большасці выпадкаў аўтары прымаюць заўвагі і прапановы, а вось на днях я атрымаў пісьмо-абвінавачанне, падпісанае імем Ала Жураўская. Цікава, што з адразу заблакаваным зваротным адрасам. Не пажадала дзяўчына браць адказнасць за свае словы.

Але гэта выключэнне. Работа ў рэдактара зусім не простая: з кожным рукапісам патрэбна разабрацца. Гэта значыць, уважліва прачытаць, абдумаць, прыняць рашэнне...

У «Малітве» ж размова ідзе пра маладога літаратара, яго асабістае жыццё, творчасць і некаторыя болевыя кропкі нашага агульнага быцця.

— Што ў літаратурных планах на далейшае, Алег Аляксеевіч? Помніцца, вы планавалі напісаць вялікі твор пра сваю маці. Тэма наколькі ўдзячная, настолькі і складаная.

— Так, планаваў, дакладней — спадзяваўся, што змагу. Раман называўся б «Вера» — гэта і імя маці, і душэўны стан чалавека. Дваццаць гадоў мінула з таго часу, як маці пайшла, а я да гэтага часу адчуваю віну перад ёю. Напрыклад, за тое, што памерла без мяне. І не толькі. Хоць, думаю, я быў нядрэнным сынам. У думках вяду размову з ёю, віню сябе і апраўдваюся. Нават адчуваю патрэбу пакаяння. Перад кім? Хіба што перад яе магілай у Мсціславе.

Што датычыцца рамана... На дзясятай старонцы спыніўся, і — ні з месца. Нешта памылковае аказалася ў самой задумцы. Відаць, для рамана пакаянне не можа быць такой магутнай ідэяй.

— А ці геній герой аповесці, якая дала назву зборніку?

— Гэтае пытанне таксама часта мне задаюць. Але я не ведаю. І наогул размова ў аповесці не пра тое. Героя майго завуць Трыфан, Трышка, ён адзін на ўсёй зямлі, ні сябра, ні хоць бы прыяцеля, ні жанчыны. Нават маці не хоча ці не можа зразумець яго надзеі і імкненні. Яму нічога не застаецца, як у адзіноцтве верыць у сваю зорку. І нават скажу так: нічога не застаецца, як стаць геніем. Ён мастак, шукае свой шлях, не жадае прытрымлівацца нейкіх узораў. А неразуменне з боку адзінага блізкага чалавека — маці — успрымае як здраду.

Але вось апошнія думкі пра маці, якая памерла, апошні абзац аповесці: «...Напіша (ён напіша) што-небудзь сапраўды простае і харошае, толькі для таго, каб пацвердзіць яе веру: ён — Геній. І яшчэ дзеля таго, каб сустрэцца з ёю ў новым жыцці».

— Адукаваны чытач ведае вашы раманы «Князь Мсціслаўскі», «Гасударыня і епіскап», «Беларусцы», іншыя творы. Але не ўсе бачылі вашы апавяданні, надрукаваныя ў расійскіх часопісах. Я знайшоў іх у інтэрнэце і чытаў з велізарным задавальненнем. Як вы ставіцеся да таго, што іншым разам іх параўноўваюць з апавяданнямі Шукшына пра «чудзікаў».

— Паралель, канешне, не зусім карэктная, але ж я таксама чуў такое ад чытачоў. У любым горадзе, пасёлку, нават невялікай вёсцы заўсёды ёсць людзі, якія нечым выдзяляюцца. Нехта пачуццём гумару, нехта прыхільнасцю да моцных напояў, іншы — сваім лёсам. Ёсць такія персанажы і ў маім цыкле апавяданняў «Трэба цярпець». Жывуць яны і на роднай мне мсціслаўскай зямлі. Як я мог прайсці міма? Думаю, гэтак жа ставіўся да такіх людзей і Васіль Макаравіч Шукшын.

Але ёсць у гэтым цыкле апавяданні аб лёсах складаных, у прыватнасці апавяданне «Дом за ярам». Такія творы, магчыма, цяжка чытаць, але куды цяжэй жыць людзям з такім вось лёсам, як у майго героя, несправядліва абвінавачанага ў забойстве. Альбо гісторыя Мікіты Татарчонка (апавяданне «Пажар»), якога рэўнасць, дакладней, каханне прывялі да шэрагу злачынстваў.

Альбо герой апавядання «Трэба цярпець»: «...Была ў мяне ў вёсцы хатка, будка ў агародзе пад яблынькай, а ў будцы ложачак жалезны. Я на яго паклаў дошкі, а на дошкі саломкі. Захочацца — лягу, пасплю. А яшчэ быў у мяне сабачка, харошы такі. Куды не пайду — ён са мной. Адпачыць лягу — і ён са мной. Вуха мне паліжа, нос. Харошае было жыццё». Але жыццё крута змянілася, калі старому давялося пераехаць у горад. «Не, паміраць не хачу. Пакуль пажыву, цікава мне... Трэба цярпець».

Якія тут «чудзікі»? Так што супастаўленне з Шукшыным — павярхоўнае.

— Летась выйшла ваша дзіцячая кніжка «Вы яшчэ будзеце ганарыцца намі», якую вы падпісалі іншым імем — Алег Ждан-Пушкін. Чаму так? Чытачы ўжо прывыклі да літаратурнага прозвішча Ждан.

— Усё проста. Гэта ўласнае ад нараджэння імя ніколі не надакучыць чалавеку і часцей за ўсё падабаецца яму да апошніх дзён. А псеўданім — Ждан — вельмі нават можа надакучыць. Ждан-Пушкін — родавае прозвішча майго дзеда, святара Іаана Канстанцінавіча, частку якога ён страціў адразу пасля рэвалюцыі. Вось я і скарыстаўся ёю.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Нічога не застаецца, як стаць геніем...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.