Вы тут

«Вайна сусветаў» Аляксандра Кішчанкі дэманструецца шырокай публіцы


Мастак Аляксандр Кішчанка мысліў маштабна. Рассоўваў гарызонты, выходзіў за рамкі. Нават за магчымасці, якія былі вызначаны для пэўных твораў мастацтва. Таму і быў сапраўдны манументаліст — калі рабіў, дык без абмежаванняў. Гэта дало штуршок арганізатарам выстаўкі, што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, па-новаму асэнсаваць творчасць народнага мастака, які пакінуў свет напрыканцы ХХ стагоддзя.


Але ж гэтае самае стагоддзе яго натхняла і давала падставы для разваг, прычым на ўзроўні грамадства. Чаго варты толькі яго «Габелен стагоддзя», які вельмі актыўна абмяркоўваўся, і не толькі ў творчым асяродку. Таму што адлюстраваныя на ім людзі, пра якіх найбольш гаварылі ў ХХ стагоддзі (і неабавязкова станоўча — пра Сталіна, напрыклад), падзеі, калі закладвалася чалавечая гісторыя, — ад Ноева каўчэга і далей, да Ісуса Хрыста і прыходу магчымага Антыхрыста. Таму, што вобразы, створаныя мастакамі, часам сапраўды з`яўляюцца ў жыцці, іх прадчуванні спраўджваюцца, а творы бываюць прарочымі, хочацца думаць, што Кішчанка сумяшчаў несумяшчальнае (як падавалася) не проста так. Магчыма, ён бачыў шырока — не толькі зямное. Таму назва «Касмічны пілігрым» пасуе выстаўцы народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі.

Сваё касмічнае мысленне ён рэалізаваў у Беларусі. Нарадзіўся ў Расіі, вучыўся ва Украіне, але асноўную частку творчага жыцця і галоўныя творчыя этапы ён пражыў у Беларусі. Спрыяў развіццю беларускага мастацтва — манументальнага, габеленавага. Але тут і цяпер мы гаворым пра жывапісца.

Творы розных тэм і жанраў апошніх дваццаці гадоў жыцця майстра сышліся ў экспазіцыі, хоць і знаходзяцца цяпер у розных зборах: у Нацыянальным мастацкім музеі, сям'і мастака, у прыватных калекцыях. Партрэты, нацюрморты, кампазіцыі, у якіх закранаецца сацыяльная праблематыка, распавядаюць пра суіснаванне ідэальнага Чалавека і Сусвету.

«У экспазіцыю ўключаны як вядомыя хрэстаматыйныя палотны майстра, так і творы, што ніколі раней не дэманстраваліся шырокай публіцы. Сярод такіх, напрыклад, карціна «Вайна сусветаў» — апошняя работа майстра, — адзначае куратар праекта Наталля Сяліцкая, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. — У канцы 1970-х гадоў канчаткова сфарміравалася яго ўласная пластычная сістэма «касмічнай» пабудовы прасторы, якую ён сам назваў «усяленскім рэалізмам», заснаваным на ўзаемадзеянні двух пачаткаў: сімволікі, уласцівай прыёмам манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, і рэалістычнай пераканаўчасці станковага твора».

А яшчэ падаецца, што космас можна насіць у сабе. І неабавязкова быць філосафам па жыцці, бо драбніцы Сусвету раскіданыя па зямлі. У асобных сюжэтах і фрагментах, у людзях і іх душах, у памкненнях ісці далей і бачыць больш. І калі гэта ўсё ў нейкі момант перасягае асабістыя жаданні, то можна востра адчуваць актуальныя праблемы сваёй эпохі. Кішчанка маштабны не толькі па памерах твораў, ён маштабны па глыбіні ўспрымання і па пластычнасці ўвасаблення творчых ідэй, калі рэчаіснасць і жывапісны рэалізм можа захапляць. А ці ўсё мы ведаем (бачылі) на зямлі?

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Адкрыты космас

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.