Вы тут

Захаваць і прымножыць набыткі*


Доўгі час адкрытае акцыянернае таварыства «Пакроўскі» ўзначальваў Віктар Свянцецкі. Віктар Іосіфавіч, мудры і вопытны кіраўнік, шмат зрабіў для развіцця гаспадаркі, пакінуў для прадаўжальнікаў сваёй справы добрую аснову. Цяпер ён працуе на іншай пасадзе, а яго паслядоўнікі захоўваюць і прымнажаюць набыткі.


Жывая работа для дырэктара

З 1 сакавіка гэтага года «Пакроўскі» ўзначаліў Яўген Нічынгер. Закончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, працаваў інжынерам-электрыкам у адной з сельгасарганізацый, галоўным энергетыкам на Кобрынскай птушкафабрыцы, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

— Яўген Ігаравіч, вы ў сельскай гаспадарцы не навічок. І ўсё ж новая пасада, новы калектыў...

— Праблем асаблівых не было. Адрозненне ад ранейшых пасад, відаць, у тым, што тут больш адказнасці за справы, вынікі дзейнасці, за кадры. Давялося спасцігаць нешта новае. Але сказаць, што было вельмі цяжка, не магу. Па параду звяртаўся да сваіх калег — кіраўнікоў іншых гаспадарак — ніколі не адмаўлялі. Дапамагаюць, заўсёды ідуць насустрач і райвыканкам, і ўпраўленне сельскай гаспадаркі, падкажуць, падтрымаюць, — запэўніў Яўген Ігаравіч. — А наогул работа мне падабаецца. Гэта работа жывая — у полі, мехмайстэрнях, на фермах, гэта — пастаянныя зносіны з людзьмі. У кабінеце бываю гадзіну-другую, каб правесці планёрку, падпісаць дакументы, прыняць наведвальнікаў.

Захаванне тэхналогіі і агратэхнікі — святое

Вы­твор­чая на­ра­да. Зле­ва на­пра­ва: на­мес­нік ды­рэк­та­ра Аляк­сандр Шаў­чэн­ка,  ін­жы­нер па ахо­ве пра­цы Юрый Го­луб, ды­рэк­тар гас­па­дар­кі Яў­ген Ні­чын­гер,  на­мес­нік ды­рэк­та­ра па жы­вё­ла­га­доў­лі Ге­надзь Ні­кі­цюк, на­мес­нік га­лоў­на­га  бух­гал­та­ра Свят­ла­на Ха­му­тоў­ская, ін­спек­тар ад­дзе­ла кад­раў Люд­мі­ла Ва­ла­сюк.

А спадчына новаму кіраўніку дасталася немалая. Сёлета збожжавыя каласавыя займалі 2329 гектараў, азімы рапс — 560 гектараў. Іх неабходна было ўбраць своечасова, у сціслыя тэрміны і без страт. З гэтымі задачамі хлебаробы паспяхова справіліся, абмалацілі ўсё, як кажуць, да апошняга зярнятка. Ураджайнасць склала 45,6 цэнтнера з гектара, што значна вышэй леташняй. Намалацілі каля 10,5 тыс. тон збожжа, рапсу — 1000 тон. Гэтаму паспрыялі ўмовы надвор'я. Але найбольш адказнасць работнікаў і спецыялістаў, захаванне тэхналагічных працэсаў і агратэхнічных тэрмінаў.

У гаспадарцы ўжо ўправіліся з сяўбой азімага рапсу. Пасяўныя плошчы гэтай культуры засталіся на ранейшым узроўні. Цяпер у разгары сяўба азімых збожжавых, пад якія адведзена 1800 гектараў. Акцыянернае таварыства займаецца таксама вырошчваннем цукровых буракоў на плошчы 450 гектараў. «Гэта для нас — прыярытэтны кірунак, — падкрэсліў дырэктар. — Прадукцыю здаём на Жабінкаўскі цукровы завод на перапрацоўку. Дзяржзаказ у колькасці 10 300 тон салодкіх караняплодаў выканаем».

За ўласныя сродкі, без крэдытаў

Якасць пра­дук­цыі  ма­лоч­на­та­вар­най фер­мы  пад піль­ным кант­ро­лем  ла­ба­ран­та Алы Клім­чук.

Генадзь Нікіцюк — намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі. Менавіта ад яго ў многім залежаць вынікі ў гэтай галіне. А Генадзь Аляксандравіч, як падкрэсліў дырэктар, спецыяліст кваліфікаваны, сапраўдны прафесіянал, які разумее, што без удасканалення, укаранення новых тэхналогій нельга атрымаць вялікае малако. У прыватнасці, на малочнатаварным комплексе «Мінінка», які разлічаны на 765 галоў буйной рагатай жывёлы, ідзе ўладкаванне даільнай залы ў цэху раздою. Асноўныя работы практычна закончаны. Да 1 студзеня 2020 года плануецца ўвесці яе ў дзеянне. Мяркуецца таксама рэканструкцыя памяшкання па вырошчванні цялушак, за ўласныя сродкі, без прыцягнення крэдытаў.

— Вось у гэтым новым будынку, дзе мы знаходзімся, утрымліваецца 640 кароў і яшчэ 200 галоў — у раздойным цэху. Ёсць і старое памяшканне на 340 галоў, дзе прайшла рэканструкцыя, — расказала загадчыца комплексу Ірына Марчук. — Для жывёлаводаў створаны належныя бытавыя ўмовы: памяшканні для прыёму ежы з халадзільнікамі, мікрахвалёўкамі, чайнікамі. Ёсць цёплыя туалеты, душавыя. Працаваць таксама тут камфортна. Устаноўлена даільнае абсталяванне нямецкай кампаніі «Вестфалія», тэхналогіі вытрымліваюцца, надоі растуць за кошт правільнага збалансаванага рацыёну — камбікорм, шрот, кармавыя дабаўкі. На тэрыторыі комплексу абсталявана ветэрынарная аптэка, якая забяспечана ўсімі неабходнымі прэпаратамі. На іх кіраўнік грошай не шкадуе. Бо здароўе статка — залог добрых надояў. У сакавіку, калі Яўген Ігаравіч заступіў на пасаду дырэктара, у гаспадарцы даілі 11 літраў малака на карову, а цяпер — амаль 18.

— Плануем атрымліваць больш «белага золата», не стаяць на адным месцы. Для гэтага ёсць усе падставы. На новым комплексе працуюць чатыры даяркі, на старым — дзве, у раздойным цэху — адна. Ёсць падменныя, якія даюць выхадныя. Стараемся, каб людзі працавалі па зменах, не перапрацоўвалі. У работніках не маем патрэбы. Ідуць добраахвотна, нават маладыя дзяўчаты.

На службе — тэхніка

Пе­ра­да­вы ме­ха­ні­за­тар Фё­дар Мар­чук.

— Машынна-трактарны парк аснашчаны добрай тэхнікай. Налічваецца восем энерганасычаных трактароў, пасяўныя агрэгаты, раскідвальнікі. Словам, усё неабходнае для сяўбы, уборкі, апрацоўкі сельгаскультур. Але плануем паціху яго абнаўляць. У некаторых машын выйшаў тэрмін амартызацыі, працаваць на іх немэтазгодна, шмат сродкаў выдаткоўваецца на рамонт, пакупку дэталяў, — адзначае Яўген Нічынгер. — Купляем новую тэхніку, нядаўна набылі праз лізінг самаходны апырсквальнік, паколькі вялікія плошчы адведзены пад рапс — 560 гектараў. Таму гэтая тэхніка нам вельмі спатрэбіцца. Набылі таксама кормараздатчык і кормазмяшальнік для жывёлы. У планах — да будучага жніва абзавесціся яшчэ адным збожжаўборачным камбайнам КЗС-1624. Гэты камбайн добра зарэкамендаваў сябе на нашых палях — за два гады не было сур'ёзных паломак.

Хуліганаў не трымаюць

— Людзей у нас хапае, усяго ў калектыве налічваецца 225 чалавек, яны самаадданыя працаўнікі, не кідаюць работу на паўдарозе, даводзяць яе да канца, — менавіта так характарызуе кадры Яўген Нічынгер. — Недахопу ў спецыялістах таксама няма. Нядаўна ўзялі новага начальніка гаража. Зарплата ў нас дастойная. І калі ў чалавека ёсць жаданне добра зарабляць, гэта цалкам магчыма. Мы разумеем, што замацаваць кадры можна жыллём. У нас пабудавана шмат дамоў па Дзяржаўнай праграме аднаўлення і развіцця сяла, так званых у народзе «прэзідэнцкіх» домікаў. Тут жывуць не толькі спецыялісты, але і даяркі, механізатары, хлебаробы. Так, па заканадаўстве можна даваць гэтае жыллё і медыкам, і настаўнікам, і работнікам культуры. Але ў першую чаргу забяспечваем ім сваіх работнікаў, каб выключыць цякучасць кадраў. Сёлета ўвядзём у эксплуатацыю яшчэ адзін дом, які пакуль у стадыі будаўніцтва. У гаспадарцы ёсць чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў. Адпаведна тут будзе выдзяляцца плошча тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Паралельна мы вядзём рамонт старых кватэр. У хуткім часе туды заселяцца дзве сям'і.

Сле­сар Дзміт­рый Стэль­ма­шук  у па­мяш­кан­ні, ку­ды па­сту­пае пра­дук­цыя ма­лоч­на­та­вар­най фер­мы.

Тых, хто працуе абыякава, абы дзень да вечара, выпівох, прагульшчыкаў Яўген Ігаравіч называе хуліганамі. Такіх у гаспадарцы не трымаюць. Кадры карпатліва падбіраюць шляхам конкурснага адбору. Калі на работу просіцца незнаёмы чалавек, з іншай мясцовасці, тэлефануюць на яго ранейшае месца работы, цікавяцца, як ён там сябе зарэкамендаваў. Гультаям — адназначна адмаўляюць. А добрасумленныя работнікі пасля адпаведнага апытання: дзе хочуць працаваць, на якіх умовах, застаюцца. Вядома, у тым выпадку, калі абодва бакі ўсё задавальняе і яны прыходзяць да згоды.

— Мы таксама заключаем дагаворы з вышэйшымі і сярэдне-спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі на мэтавую падрыхтоўку маладых спецыялістаў. І пасля навучання яны вяртаюцца да нас. Пакуль пасля абавязковай адпрацоўкі ніхто не сышоў з гаспадаркі. Мы разумеем, калі ў нас будуць моцныя спецыялісты, работнікі, то і гаспадарка будзе развівацца, рухацца наперад. Раскідвацца кадрамі, а затым шукаць годную замену — няма сэнсу.

«Белага золата» стала больш

У гаспадарцы шмат увагі аддаюць развіццю жывёлагадоўлі. Тут функцыянуюць два малочнатаварныя комплексы і дзве малочнатаварныя фермы, налічваецца 1720 дойных кароў. Акрамя таго, на чатырох фермах вырошчваюць маладняк. У параўнанні з перыядам мінулага года павялічыліся надоі малака. Цяпер тут атрымліваюць у сярэднім па 17,81 літра «белага золата» ў суткі ад кожнай рагулі. Малако здаюць на перапрацоўку на Кобрынскі масласырзавод экстра-класам і вышэйшым гатункам, першага практычна няма. Жывёлаводы разумеюць, што іх заробкі залежаць не толькі ад колькасці надоенай прадукцыі, але і ад яе якасці. Таму прымаюць неабходныя захады, каб здаваць усё малако экстра-класам.

Як кажуць, малако ў каровы на языку. Як пакорміш, так і атрымаеш. Таму ў «Пакроўскім» нарыхтоўка кармоў — на першым месцы. Ужо назапашана больш 13,5 тысячы тон сенажу. І на гэтым тут не спыняюцца. Корманарыхтоўка працягваецца. Хутка падаспее кукуруза, якая будзе выкарыстана на сілас. Шмат сенажу закладваюць у палімерныя матэрыялы.

У акцыянерным таварыстве выканалі дзяржзаказ па збожжавых. Астатні ўраджай пакідаюць у сябе або на давальніцкіх умовах завозяць для перапрацоўкі на камбікормавыя заводы, каб забяспечыць гадавую патрэбу грамадскага статку ў кармах. Гаспадарка цалкам забяспечана сіласна-сянажнымі траншэямі. А калі надвор'е сыграе на руку і будзе добры ўраджай кукурузы, пры неабходнасці тут змогуць у сціслыя тэрміны пабудаваць дадатковыя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

УНП 200227786

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?