Вы тут

Умець зарабляць грошы, а не толькі траціць*


Для таго каб аб'ехаць усе ўладанні адкрытага акцыянернага таварыства «Гарадзец-агра» і дэталёва азнаёміцца з яго дзейнасцю, спатрэбіцца не адзін дзень. Гаспадарка раскінулася ў радыусе 40 кіламетраў і займае ледзь не палову тэрыторыі раёна. Агульная зямельная плошча арганізацыі складае 21 872 гектары, плошча сельгасугоддзяў — 15 465 гектараў, ворыва — 8 657 гектараў, бал сельгасугоддзяў — 29,7, ворыва — 29,9.


Пераправа: бераг левы, бераг правы

Першы намеснік дырэктара Мікалай Вярэніч пазнаёміў нас з перадавікамі вытворчасці, чые партрэты знаходзяцца на Дошцы гонару.

Яшчэ адна асаблівасць або складанасць — гэта з якога боку паглядзець, — тое, што гаспадарку дзеліць на дзве часткі Днепра-Бугскі канал. На супрацьлеглым беразе знаходзіцца былы калгас «Аніскавічы», які далучылі да акцыянернага таварыства некалькі гадоў таму.

— Там налічваецца дзве тысячы гектараў зямлі, дзе сеем збожжавыя, нарыхтоўваем сена, кармы для жывёлы. Тут утрымліваецца і грамадскі статак: дойныя каровы, маладняк на дарошчванне і папаўненне. Усяго — каля паўтары тысячы буйной рагатай жывёлы, — расказвае першы намеснік дырэктара Мікалай Вярэніч. — Прынялі мы «Аніскавічы» не ў найлепшым выглядзе, са стратамі, была запушчана зямля, сенажаці. Для паляпшэння ўрадлівасці шмат гадоў уносілі арганіку, праводзілі рэкультывацыю, перазалужэнне траў. Цераз канал наладжана паромная пераправа, па якой дастаўляюцца тэхніка, людзі, кармы для жывёлы. Пераправа працуе падчас навігацыі, а зімой цераз водную артэрыю чыгуначнікі ўладкоўваюць жалезны мост.

Збожжасушыльная ўстаноўка — высокатэхналагічнае звяно сучаснай гаспадаркі.

Пакуль мы размаўляем, да берага плаўна падыходзіць паром. На ім — некалькі легкавушак, грузавая машына.

— Анатоль Леанюк, — прадстаўляецца кіроўца МАЗа. — Працую ў гаспадарцы даўно. Мяне ўсё задавальняе. У тым ліку і зарплата, яна дастойная і выплачваецца без затрымак.

Анатоль Маркавіч цяпер займаецца адвозкай кармоў на ферму.

— А не страшна снаваць на пароме? — цікавімся ў яго.

— Ды не, зусім не страшна, мы ж ведаем, як сябе паводзіць, захоўваць тэхніку бяспекі, бо праходзім інструктаж.

Прасторныя, светлыя памяшканні для буйной рагатай жывёлы, стракатыя кветнікі вакол — такім вы бачыце на гэтых фота малочнатаварны комплекс.

Жыць і развівацца за свае сродкі

Вядома, людзі помняць, што не заўсёды былі такія часы, калі гаспадарка шпарка развівалася, ішла наперад. Перамены да лепшага звязваюць з дырэктарам Іванам Цецеруком, які пятнаццаць гадоў таму ўзначаліў ААТ «Гарадзец-агра», былы калгас-камбінат імя Дзяржынскага. На той час у яго склад уваходзілі чатыры некалі самастойныя арганізацыі, затым далучылі яшчэ дзве стратныя. Грошай на закупку тэхнікі, угнаенняў, сродкаў аховы раслін катастрафічна не хапала. Але кіраўніцтва не лезла ў пазыкі. Пачалі актыўна карыстацца лізінгам на закупку тэхнікі. Паралельна пераводзілі фермы на новыя тэхналогіі. Стаўку зрабілі не толькі на малочную, але і на мясную вытворчасць. Паўстала пытанне зніжэння затрат, без чаго немагчыма было эфектыўна працаваць. Іван Сяргеевіч пастаянна нагадваў падначаленым даўнюю мудрасць: трэба жыць і развівацца за свае сродкі, не пазычаць у дзяржавы або ў суседа. А яшчэ паўтараў, што грошы неабходна ўмець не толькі зарабляць, але і траціць з розумам.

Іван Цецярук свой, мясцовы, нарадзіўся ў вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна. Усё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы, узначальваў ААТ «Дружба», якое за некалькі гадоў вывеў, як кажуць, у людзі, паставіў на ногі.

Марына Зыль — адна з найлепшых аператараў малочнатаварнага комплексу.

Іван Сяргеевіч — патрабавальны кіраўнік, але разам з тым і паважлівы да сваіх падначаленых. Не адмовіш яму і ў тым, што ён умее працаваць з кадрамі. У гаспадарцы выпрацавана дакладная сістэма падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, пачынаючы са школьнай лаўкі.

— У гаспадарцы я працую ўжо сорак гадоў і ўвесь гэты час, колькі помню, мы кантактуем з Гарадзецкай і Акцябрскай школамі. Гэтую традыцыю падтрымаў і прадоўжыў Іван Сяргеевіч, — кажа Мікалай Вярэніч. — Не ўсе выпускнікі пасля вучобы ў вышэйшых і спецыяльных навучальных установах абавязкова застануцца ў гаспадарцы, але хтосьці звяжа свой лёс з малой радзімай. І ўжо гэта выдатна.

Нашы перадавікі

Жывёлагадоўля

Аператары машыннага даення:

малочнатаварная ферма «Мяфёдавічы»:

Антаніна Васілеўна Псышчаніца, надой на карову 3445 літраў (плюс 757 літраў да ўзроўню
2018 года).

Людміла Якаўлеўна Сітанасіцкая, 3074 літры (плюс 212 літраў да ўзроўню 2018 года).

Малочнатаварная ферма «Акцябр»:

Надзея Рыгораўна Ліштван, 3326 літраў.

Алена Васілеўна Дзенісюк, 3022 літры.

Цялятніца МТФ «Кустовічы»:

Наталля Канстанцінаўна Аляксеева, сярэднясутачная прывага 884 грамы (плюс 41 грам да ўзроўню 2018 года).

Аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы:

Павел Паўлавіч Астапук, 955 грамаў (плюс 90 грамаў да ўзроўню 2018 года).

Кіроўцы аўтамабіляў:

Валерый Якаўлевіч Кугач, на аўтамабілі МАЗ пройдзена з грузам 217,2 тысячы т/км (плюс 60,7 тысячы т/км да ўзроўню 2018 года).

Уладзімір Анатолевіч Леанюк, на аўтамабілі перавезена збожжавых, зернебабовых, рапсу 2326 тон (плюс 256 тон да ўзроўню 2018 года).

Трактарысты-машыністы:

Аляксандр Рыгоравіч Таргун, на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 намалаціў 1353 тоны зерня (плюс 1201 тона да ўзроўню 2018 года).

 Мікалай Васілевіч Аляксееў, на трактары МТЗ-82 на прасаванні сена и саломы ўбраў 1293 тоны (плюс 499 тон да ўзроўню 2018 года).

Сяргей Уладзіміравіч Заноўскі, на трактары John Deere на падрыхтоўцы глебы і сяўбе выпрацоўка склала 2303 умоўныя эталон-гектары (плюс 416 умоўных эталон-гектараў да ўзроўню 2018 года).

Леў Міхайлавіч Цімашук, на трактары John Deere працаваў на падрыхтоўцы глебы да сяўбы, выпрацоўка склала 3139 умоўных эталон-гектараў (плюс 780 умоўных эталон-гектараў да ўзроўню
2018 года).

А найлепшым вучням устаноў адукацыі адміністрацыя выплачвае грашовыя прэміі, якія ўручаюцца ва ўрачыстай абстаноўцы на школьных лінейках. Гэта стымулюе іх да выдатнай вучобы, а ў далейшым, магчыма, і да работы ў гаспадарцы.

Разам з тым партрэты перадавікоў таварыства змешчаны не толькі на Дошцы гонару на цэнтральнай сядзібе, але і на стэндзе ў комплексе дзіцячы сад—сярэдняя школа. Так захоўваецца пераемнасць пакаленняў.

Лабарант Кацярына Валасюк.

У перспектыве — павысіць надоі і прывагі

Асноўнай дзейнасцю ААТ «Гарадзец-агра» з'яўляецца вытворчасць мяса і малака. У раслінаводстве таварыства спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур, цукровых буракоў і кармоў.

У гаспадарцы налічваецца шэсць вытворчых участкаў у раслінаводстве, комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 6060 галоў, трынаццаць малочнатаварных фермаў, дзе ўтрымліваецца больш за 13 000 галоў жывёлы, у тым ліку 3654 каровы. За студзень—ліпень гэтага года надоена 10 283 тоны малака, ад кожнай каровы атрымана яго ў сярэднім 2808 кілаграмаў, што склала 105,8 % да ўзроўню мінулага года, дзяржаве прададзена 9 388 тон малака — 100,4 % да леташняга ўзроўню. З кожным годам павышаецца таварнасць малака, цяпер яна складае 91,2 %.

Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы — 815 грамаў, гэта 108,8 % да ўзроўню мінулага года. Прывагі самыя высокія ў раёне. Пры гэтым, як сцвярджаюць спецыялісты, кармоў расходуецца менш, чым у іншых гаспадарках. У «Гарадзец-агра» бяруць якасцю кармоў, збалансаванасцю рацыёну, што дасягаецца за кошт пасеваў канюшыны, люцэрны, іншых багатых бялком культур.

— Наша найбліжэйшая перспектыва — павялічыць надоі, асабліва на фермах далучаных гаспадарак. Спачатку яны паўплывалі на зніжэнне агульных вынікаў. Але цяпер справы выраўноўваюцца — наладжваецца племянная работа, робіцца запас кармоў, з тым каб у неўраджайныя гады мы маглі ўдосталь карміць жывёлу, а значыць, павышаць надоі і прывагі, — падкрэслівае Мікалай Вярэніч.

У гаспадарцы і ў далейшым маюць намер прыбаўляць пагалоўе жывёлы. Таму тут пастаянна вядзецца рэканструкцыя на фермах, будуюцца новыя памяшканні, клюшачнікі, кароўнікі, прычым за асабістыя сродкі. Гэтая работа будзе працягвацца.

У савецкія часы, недзе ў канцы 1970-х гадоў, на тэрыторыі сельгасарганізацыі пачалі ўзводзіць камбікормавы завод, які б не толькі абслугоўваў комплекс па адкорме і дарошчванні маладняку на 10 тысяч галоў, але і працаваў на патрэбы ўсяго раёна. Аднак яго так і не дабудавалі. Гэты васьміпавярховы гмах на працягу часу прыходзіў у нягоднасць, ствараў небяспеку для людзей. Нядаўна яго ўзарвалі работнікі МЧС, для чаго давялося ўжыць спецыяльныя тэхналогіі.

Палеткі гаспадаркі на розных берагах Днепра-Бугскага канала злучае паромная пераправа.

— Спачатку, сапраўды, комплекс быў разлічаны на дзесяць тысяч галоў жывёлы, столькі яе тут і стаяла. Цяпер налічваецца больш шасці тысяч. На комплексе прайшлі рэканструкцыя і капітальны рамонт. У сувязі са значным падаражаннем электраэнергіі і матэрыяльных рэсурсаў кармы пачалі раздаваць трактарамі, што станоўча паўплывала на сабекошт прадукцыі, — кажа Мікалай Вярэніч.

Дарэчы, комплекс «Гарадзец» — найбуйнейшы ў вобласці, а ў Беларусі іх разам з нашым налічваецца ўсяго чатыры. Іншыя знаходзяцца ў саўгасе-камбінаце «Мір» Баранавіцкага, ААТ «Астрамечава» Брэсцкага і СВК «Фядорскі» Столінскага раёнаў.

У «Гарадзец-агра» сёлета ўраджайнасць збожжавых склала 34,5 цэнтнера з гектара. Для такіх зямель, як тут, гэта нядрэнна, лічаць у сельгасарганізацыі. Хлебаробы ў першую чаргу выканалі дзяржзаказ, астатняе засталося на корм жывёле. Збожжа сушыцца, даводзіцца да кандыцыі на КЗС-30, які набылі больш за дзесяць гадоў таму, працуе на газе.

Абслугоўваюць гэтую вялікую гаспадарку шэсць трактарных брыгад, шэсць майстэрняў і дзве брыгады па рамонце абсталявання фермаў.

Машынна-трактарны парк таксама пастаянна абнаўляецца. Нядаўна закупілі чатыры аўтамабілі МАЗ грузападымальнасцю 20 тон, агрэгат «Страказа» для хімізацыі захватам 24 метры, тры новыя збожжаўборачныя камбайны вытворчасці «Гомсельмаша», камбайн для ўборкі буракоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

УНП 200224866

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.