Вы тут

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі адкрыўся ў Мінску


Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі адкрыўся ў Мінску. Звярнуцца сюды могуць вучні, іх бацькі і настаўнікі. Пры жаданні - ананімна.


Знайсці цэнтр нескладана. Размяшчаецца ён у адным з інтэрнатаў Студэнцкай вёскі, на вуліцы Чурлёніса, 3. Працуе тут каманда з 10 чалавек - гэта навукоўцы і выкладчыкі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама кваліфікаваныя практыкі. Кіруе цэнтрам Вольга МАЦЮХОВА, сямейны псіхолаг з 14-гадовым стажам.  

- Сёння ў кожнай школе абавязковая прысутнасць педагога-псіхолага, які адказвае за псіхалагічнае здароўе дзяцей. Аднак рэсурсаў устаноў адукацыі ў крызісных сітуацыях часам недастаткова, таму адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі надзвычай актуальнае, - падкрэслівае міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.

Спецыялісты цэнтра будуць аказваць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу навучэнцам і студэнтам, бацькам і педагагічным работнікам, якія апынуліся ў крызісных сітуацыях. Пракансультуюць тут і бацькоў гіперактыўных дзяцей, а таксама настаўнікаў, якія сутыкнуліся з прафесійным выгараннем. Атрымаць дапамогу можна па тэлефоне (8-017-300-10-06), або асабіста прыйсці на кансультацыю. Працаваць з дзіцём ці дарослым будуць да таго часу, пакуль не выцягнуць яго з крызісу. Уся дапамога аказваецца бясплатна.

Для настаўнікаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў з усёй краіны супрацоўнікі цэнтра плануюць праводзіць навучальныя семінары. Акрамя таго, для работнікаў устаноў адукацыі, дзяцей і бацькоў будуць распрацоўвацца метадычныя дапаможнікі, практыкумы, рэкамендацыі па стварэнні і падтрыманні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя.

Шчыльнае ўзаемадзеянне Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі з рэгіянальнымі сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі забяспечыць своечасовае і прафесійнае рэагаванне на крызісныя падзеі на месцах.

У планах - прызначыць для кожнай вобласці краіны свайго супервізара.  Чалавек з нязвыклай пакуль для слыху пасадай - гэта вопытны псіхолаг. У складаных сітуацыях да яго па параду змогуць звяртацца іншыя спецыялісты.

Таксама ў бліжэйшы час на базе РЦПП плануецца стварэнне міжведамаснага каардынацыйнага савета, куды ўвойдуць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, іншых дзяржаўных органаў, а таксама ўстаноў адукацыі і навуковых арганізацый.

Адкрыццю цэнтра папярэднічала вывучэнне вопыту суседніх краін. У перспектыве плануецца наладзіць стажыроўкі беларускіх педагогаў і псіхолагаў за мяжой і запрашаць замежных спецыялістаў для таго, каб павысіць узровень аказання псіхалагічнай дапамогі.

Менавіта на базе факультэта псіхалогіі БДПУ збіраліся спецыялісты ва ўсіх  крызісных сітуацыях - ад трагедыі на Нямізе да выбуху ў метро. Зараз ёсць мэта – стварыць на базе цэнтра сістэму экстранай дапамогі.Будуць займацца ў цэнтры і закрытымі  ўстановамі, маніторыць сітуацыю ў іх, каб падлеткі атрымлівалі адпаведную падтрымку.

У кастрычніку ў цэнтра запрацуе свой сайт. Там будзе чат, дзе дарослыя і дзеці змогуць кругласутачна задаваць свае пытанні псіхолагам. У планах стварыць аддзел тэлефоннага кансультавання, каб нават ноччу людзі маглі звяртацца па дапамогу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.