Вы тут

Валянціна Навіцкая: Калі сына закінуць на Марс, ён і там беларуса знойдзе


…У  гэтым акуратным дамку, што ў самым канцы вуліцы Барыкіна беларускага горада Чэрвень, свая, асаблівая і вельмі ўтульная атмасфера. І не толькі таму, што ў доме ідэальны парадак, а на гародзе за акном — дагледжаныя градкі. Тут адчуванне нейкага ўнутранага камфорту. Магчыма ад таго, што на канапе лашчыцца трохмесячны каток Муслім, а нам усміхаецца не толькі гаспадыня дома, Валянціна Эдуардаўна Навіцкая, але і людзі на фота пад галоўным хатнім гадзіннікам: трое беларускіх касманаўтаў Пятро Клімук, Уладзімір Кавалёнак і яе сын, Алег Навіцкі.

Пакуль за акном садзіцца сонца, а на кухні закіпае імбрык і астывае прыгатаваны гаспадыняй да прыезду гасцей пірог, Валянціна Эдуардаўна прыгадвае:


— У гэты дом мы з мужам пераехалі ў семдзесят другім годзе, праз год пасля таго, як нарадзіўся Алег. Дом на дзве сям’і, тая палова была ўжо адбудаваная, а наша — не. Мой тата, а ён вайну прайшоў і ведаў, што такое сапраўдныя цяжкасці, адразу ж нас супакоіў: там дом пабудаваны чужымі рукамі, а мы ўсё будзем рабіць самі, і будзе ў нас свой дом.

То нашы сябры дапамагчы прыйдуць, то татавы калегі. Так і будаваліся. Потым паволі пашыраліся. А цяпер, калі дзеці раз’ехаліся, у нас з катом такі палац! Чаму імя пафаснае ў яго — Муслім? Спачатку думалі, што котка, Мусей назвалі. Дык ён на гэтае імя і адклікаецца цяпер. Ну і добра: будзем думаць, Муся — памяншальнае ад Мусліма. А да гэтага ў мяне доўга катоў не было. Калі памёр муж (Віктар Іванавіч Навіцкі пайшоў з жыцця восем гадоў таму. — Т. С.), наш тагачасны кот так і застаўся ляжаць у зале, дзе труна стаяла. Нічога не еў і сышоў услед за гаспадаром праз месяц. А зараз мы з Муслімам разам дзяцей і ўнукаў сустракаем.

     З мужам мы пазнаёміліся на танцпляцоўцы — тады вакол яе ўсё жыццё моладзі пасля працы і круцілася. Разам з сяброўкамі і сябрамі Віктара дадому пайшлі. А тут гарадскія хлопцы прыставаць да нашых пачалі. Трэба ж было нам сваіх абараняць! Так і пазнаёміліся. Я тады з іншым хлопцам сябравала, ён быў лётчыкам грамадзянскай авіяцыі, але Віктар мяне адразу заваяваў сваёй прыстойнасцю, тактоўнасцю.

     Да ўсяго ставіўся вельмі сур’ёзна, і да стварэння сям’і таксама. У 1971-м Алег нарадзіўся, а ў 1974-м — дачка, Марына. Я спачатку закройшчыцай у атэлье працавала, потым — тэхнолагам, але далей па кар’ернай лесвіцы не прасоўвалася, вырашыла прысвяціць сябе сям’і. Віктар працаваў кіроўцам на дрэваапрацоўчым камбінаце. Але тэхніка там старая была — тая, што з войска спісалі. Трохі паездзіць — і ў рамонт. Заробкі ў кіроўцаў ніякія. І на сямейным савеце мы вырашылі, што бацьку трэба ісці вучыцца. Ён жа з войска прыйшоў сябрам партыі, быў членам выканкама. А тут акурат на камбінат разнарадка на паступленне прыйшла. З працы мужу далі рэкамендацыю і накіраванне на вучобу ў Вышэйшую партыйную школу, навучанне з эканамічным ухілам. Чатыры з паловай гады ён вучыўся на стацыянары.

     У апошні год нарадзіўся Дзіма. А Віктару ехаць на заняткі, апошні курс. Ён і аб’яўляе: пераводжуся на завочнае. Я падумала, што здаваць іспыты яму цяжка будзе, таму што іншая група, іншыя выкладчыкі, і ўзялася ўгаворваць. Табе што, пяцёркі патрэбныя? Патлумачыш, што недавучыў, таму што сям’я вялікая, дома нагружаюць. Зразумеюць жа! Муж з’ехаў. А ў мяне — карова, двое свіней, трое дзяцей, распрацавала агарод. Грошай не хапала. Дэкрэтныя тады плацілі два месяцы да родаў і два — пасля. Але цяпер, калі часу хапае ўсё прааналізаваць, разумею, што гэта было не самае цяжкае ў жыцці.

     Пра любую сям’ю можна кніжку напісаць, і ў кожнай — свой вопыт. Дзеці нам заўсёды па гаспадарцы дапамагалі, ім двойчы нічога не трэба было казаць. Ва ўсіх былі свае абавязкі, але кожны мог і ў печы запаліць, і вады прынесці, і карове сена пакласці.

Узгадваючы той час, думаю, што вельмі важна дзіцяці прышчапіць разуменне «хачу» і «магу», уменне правільна ацэньваць магчымасці. І лепш гэта рабіць на ўласным прыкладзе. Помню, загарэлася Марына ідэяй пакупкі магнітафона.
І Алега «запаліла». А грошы дзе ўзяць? Вось атрымалі мы з мужам заробак.
Сядаем увечары за сталом разам з дзецьмі. Па стосіках усе грошы расклалі: на пакупкі, якія раней запланавалі. Застаецца толькі на ежу. І мы — дзецям: а калі вам пайсці на праполку і самім грошы на магнітафон зарабіць? А дзяўчынка ў нас ужо дарослая, кіпцікі адрасціла. Як з імі на праполку? Але ўсё ж пайшлі. Падазраю, што Алег больш за Марыну працаваў, але калі атрымалі першы заробак — грошы падзялілі напалам. Мы з Віктарам не ўмешваемся: як вы разабраліся, так і разабраліся. Алег пытаецца ў сястры: свае грошы на магнітафон аддасі? Вядома!
І, чуем, ціхенька разважаюць услых: колькі бацькі дакладуць? Купілі магнітафон... Ой, радасці колькі было! Яны яго так бераглі, гэты магнітафон. Ён і цяпер у нас у гаражы як сямейная рэліквія.

     Лішніх грошай у сям’і ніколі не было. І дзеці гэта добра разумелі. Памятаю, мы з Алегам на агародзе працавалі, ён у класе шостым тады вучыўся. Казалі пра
нейкія сямейныя пакупкі. А Алег і кажа: «Мамачка, я ўсё адно ваенным лётчыкам буду. А калі над нашым домам пралячу, скіну табе куфэрак з грашыма, і ты сабе купіш прыгожую сукенку і туфлі на высокіх абцасах...»

Алег і пра Марыну з Дзімам заўсёды клапаціўся. І не толькі таму, што ён — старэйшы, проста з малых гадоў быў чалавекам адказным. Мы нават у чатыры гады маглі яму даверыць за Марынай паглядзець, пагушкаць яе, калі трэба было.

      Я не ведаю, калі да Алега прыйшла думка пра космас. Мы і пра рашэнне пайсці ў лётнае вучылішча даведаліся, калі ён, вярнуўшыся з Мінска са спаборніцтваў па футболе, прызнаўся, што прайшоў абласную медыцынскую камісію. Дзеці часта бывалі ў бабулі з дзядулем, а яны ў нас ўсю вайну прайшлі, таму, можна сказаць, сыны і дачка раслі на ваеннай тэматыцы. Алег чытаў шмат кніг пра вайну, іх даводзілася нават забіраць, каб вочы адпачылі. Можа, тады і нарадзілася мара стаць ваенным лётчыкам. Да таго часу Ігар, стрыечны брат Алега, а ён старэйшы за сына на шэсць гадоў, ужо скончыў лётнае вучылішча і шмат распавядаў пра сваю прафесію хлопцам. Гэта, думаю, і паўплывала на выбар сына.

      Каб прайсці адбор у лётнае вучылішча, патрэбныя былі выдатныя веды і ідэальнае здароўе, таму сын налягаў на вучобу і займаўся спортам — бегаў уздоўж шашы, там вялікае кола атрымлівалася. Бацька, калі быў ужо намеснікам старшыні калгаса, асабліва ў час пасяўной ці жніва, па дванаццаць гадзін прападаў на працы. Але ён заўсёды ўважліва ставіўся да захапленняў дзяцей. Паміж апорамі слупа электраперадачы прымайстраваў трубу, і на гэтым турніку хлопцы падцягваліся. Гэты самаробны спартыўны снарад адыграў у жыцці Алега асаблівую ролю, калі высветлілася, што для праходжання медкамісіі яму не хапала... трох сантыметраў росту. Сын рукамі чапляўся за турнік, да ног цэглу прыладжваў і так завісаў. За 9—10 класы ён выцягнуўся акурат на тры сантыметры, дацягнуўшы такім чынам да неабходнага для курсантаў росту ў 178 сантыметраў.

       Што ж тычыцца вучобы, то Алег быў настолькі патрабавальным да сябе і ўважлівым на занятках у школе, што ён практычна не вучыў дома ўрокаў. Тлумачыў: тое, што мне трэба ведаць, тое ведаць буду. У дзясятым класе яму здалося, што недапрацаваная фізіка. У сябра, Лёні Ласіцкага, бацька выкладаў фізіку. Вядома, ён рыхтаваў свайго сына да паступлення. Алег спытаў: «Можна я буду слухаць, якія заданні вы яму будзеце даваць?» І вось цэлы год два разы на тыдзень ён займаўся з Лёнем і яго бацькам і, што «не дачэрпаў» у школе, узяў на дадатковых занятках.

А вось з паступленнем сына ў Барысаглебскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча выйшла цэлая гісторыя. 25 чэрвеня ў Алега быў апошні іспыт у школе — беларуская мова і літаратура. А раніцай гэтага ж дня дадому з ваенкамата прынеслі выклік: да 11.45 наступнага дня трэба было прыбыць у вучылішча. Дзесьці гэты выклік затрымаўся... Зразумела, што на выпускны сын ужо не трапляе. Таму нарэзала ў кветніку вялікі букет ружаў і пабегла ў школу дзякаваць настаўнікам за тое, што сына вучылі.

      У Алега іспыт прынялі першым, прыйшлі мы з ім дадому. Ну і што рабіць? Адлегласць да Барысаглебска немалая, гэта ж Расія, Варонежская вобласць. На цягніку не паспяваем, на самалёце ляцець з перасадкамі. Да таго ж квіткі трэба было загадзя замаўляць. Бацька кажа Алегу: «Ты давай не міту-
сіся!» I да мяне: «Гарэлка ў хаце ёсць? Збірай усё, што знойдзеш, пакуй у нашыя
“Жыгулі”».

      У той час татальнага дэфіцыту гарэлку называлі вадкай валютай. Ёю расплачваліся: і дзякавалі, і з просьбамі звярталіся. Бацька прынёс чатыры каністры бензіну. Гэта на дарогу туды. А на дарогу назад ужо не хапіла — таксама дэфіцыт. Дык ён гарэлку, узятую з хаты, памяняў на бензін і так дабраўся на машыне
дадому. Прыехаў засмучаны: ведаеш, упершыню ў жыцці ў мяне забралі сына, павялі ў казарму, і ніхто са мной не пагаварыў.

Паступіць мы паступілі, але грымнуў крызіс. Саюз распаўся. Пра армію думаць складана, калі эканоміка развальваецца. У 1990 годзе Барысаглебскае
вучылішча расфармавалі, і Алег перавёўся ў Ейск, а дыплом сын атрымліваў ужо ў Качынскім вышэйшым ваенна-авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў.

      Але быў момант, калі ён патэлефанаваў нам: «Мама, усе сыходзяць з войска, што рабіць?» Мы разам падумалі: як бы цяжка ні было, трэба давучыцца. Цяпер і не вайскоўцам складана знайсці працу, а маючы вышэйшую адукацыю, можна будзе потым перакваліфікавацца. Праўда, як жа тады быць з дзіцячай марай стаць ваенным лётчыкам? Многія тады сышлі, а яны ўтрох: Алег, Максім Сураев і Аляксей Аўчынін засталіся, і пазней, зноў жа ўтрох, (Аляксей разам з Алегам, а Максім на некалькі гадоў раней) трапілі ў атрад касманаўтаў. Мы вельмі радыя, што тады, у дзевяностыя, калі многія курсанты сыходзілі на «вольны хлеб», Алег не здрадзіў сабе і застаўся ў прафесіі.

      У тыя гады з-за недахопу паліва большая частка тэхнікі стаяла «на прыколе». А сыну вельмі хацелася лётаць. Але ваенныя самалёты рэгулярна лёталі толькі ў зоне ваенных дзеянняў. І таму пасля заканчэння Барысаглебскага Цэнтра перападрыхтоўкі ваенных лётчыкаў, куды ён трапіў пасля вучылішча, Алег выявіў жаданне служыць у Паўночна-Каўказскай ваеннай акрузе, у Будзёнаўску. Разам з ім у «гарачую кропку» адправілася жонка Юлія, з якой яны пазнаёміліся і пажаніліся ў Барысаглебску. Там у іх нарадзілася дачка Яна.

      Ведаеце, я шчаслівая, што жонка аказалася для Алега надзейнай і вернай сяброўкай, якая ўсе цяжкасці і радасці пераносіла разам з ім. (Той, каму хаця б раз даводзілася хвалявацца за блізкіх, напэўна, разумее, што перадаць словамі эмацыйны стан маці і жонкі ваеннага лётчыка, які працуе ў зоне ваенных дзеянняў, або касманаўта, які адпраўляецца ў палёт, цяжка, амаль немагчыма. Каб зразумець, гэта трэба перажыць. Але журналіст Юлія Навіцкая, на мой погляд, геніяльна справілася з задачай расказаць пра пачуцці родных і блізкіх заваёўнікаў космасу, стаўшы аўтарам «Дзённіка жонкі касманаўта», публікацыі якога на афіцыйным сайце «Роскосмоса» не толькі дазвалялі нам, чытачам, суперажываць аўтару, але і стваралі надзвычайны «эфект прысутнасці» для тых, хто сачыў за касмічнымі палётамі нашага славутага земляка. — Т. С.).

      Вядома, мы за іх перажывалі, бо там ішла вайна. Але Юля, калі мы тэлефанавалі, а Алег быў на баявых вылетах, казала, каб нас не хваляваць, што сын да тэлефона падысці не можа таму, што ён Барона, іх ратвейлера, выгульвае. А сын на нашы ўсхваляваныя званкі адказваў пытаннем: калі не мы выканаем доўг, то хто тады? Мы з бацькам, вядома, разумелі: такая ў нашага сына, ваеннага лётчыка, праца, але, прызнацца шчыра, калі пасля дзесяці гадоў службы на Паўночным Каўказе Алег паступіў у Ваенна-паветраную акадэмію ў падмаскоўнае Моніна, ўздыхнулі з палёгкай.

      Два гады Алег правучыўся ў акадэміі, там жа і званне атрымаў падпалкоўніка. Пра тое, што ён праходзіць адбор у атрад касманаўтаў, мы з мужам даведаліся не адразу, а толькі калі сын ужо прайшоў медыцынскую камісію. Пра тое ж, што Алег паляціць у космас, даведаліся з газет. Віктар прыходзіць неяк з працы і паказвае газету, дзе партрэт Алега і напісана, што наш сын уключаны ў склад міжнароднага касмічнага экіпажа. У палёце яму трэба было быць камандзірам карабля. Мы селі з мужам на кухні і праплакалі ўвесь вечар. Разумелі, што гэта новыя хваляванні...

І ў акадэмію адбіралі найлепшых лётчыкаў. А што ўжо казаць пра атрад касманаўтаў! Толькі шэсць чалавек з больш чым за чатыры сотні прэтэндэнтаў з усёй Расіі былі залічаны кандыдатамі ў атрад касманаўтаў. З усіх рабят свайго набору Алег першым паляцеў праз пяць гадоў. На жаль, далёка не ва ўсіх атрымлівалася ажыццявіць сваю мару. Паводле статыстыкі, у космас патрапілі крыху больш за трэць з усіх адабраных.
А многія чакалі сваёй гадзіны па дзесяць, дванаццаць і нават шаснаццаць гадоў. Калі іспыты здаеш, ніводнай памылкі не павінна быць, ніводнага нявызначанага адказу.

      Першы палёт сына быў у 2012 годзе разам з Яўгенам Тарэлкіным і амерыканцам Кевінам Фордам, а ў 2016-м у іх інтэрнацыянальным экіпажы з’явіліся амерыканка Пэгі Уітсан і француз Тома Песке. У першы раз Алег працаваў у космасе 144 дні, а ў другі — ужо 197 сутак.

      У цэнтры кіравання палётамі ў Каралёве нам арганізоўвалі відэасустрэчы. Я туды раз на месяц ездзіла падчас першага палёту. У другім палёце была спакайнейшая, таму што больш ведала і верыла, што ўсё будзе добра. Сын сказаў, што я павінна перастаць хвалявацца, таму што за іх хвалююцца ў цэнтры падрыхтоўкі, а там — лепшыя спецыялісты. Цяпер, дзякуй богу, ёсць сувязь, нізкі паклон навукоўцам, якія яе вынайшлі.
У першым палёце, ды і ў другім таксама, сын амаль кожны дзень мне тэлефанаваў. Бывае, праўда, сувязь не вельмі добрая, нават не чуеш, што кажа. Але ёсць званок, сэрца б’ецца, значыць, здаровенькі. А часам у сына і часу няма, спытае толькі, як справы, скажа: у мяне ўсё добра. Я голас пачула і — спакойная.

      А падчас другога палёту быў нават расклад, калі касмічная станцыя над Чэрвенем будзе пралятаць. На рагу вуліцы ў нас дзіцячая бібліятэка, і адтуль станцыя выплывае. Трэба хадзіць, калі неба чыстае, зорнае. Сама станцыя крыху большая за зорачку, але яна рухаецца, плыве. Самалёт міргае, а станцыя — не, яна свеціцца за кошт сонечных батарэй, празрыстая амаль. Я іду, а зорачка рухаецца, роўненька так плыве. Праплыла над нашым домам, над суседскім. А другой гадзіне ночы, а трэцяй. І я хаджу, ніводнай магчымасці не прапусціла. Прыходжу дадому, кладуся ў ложак і плачу. А на наступны дзень ізноў іду.

     Напэўна, было б лягчэй, калі б муж быў жывы. Усе радасці і нягоды мы сорак гадоў перажывалі разам. Але так атрымалася, што Алег з бацькам і развітацца не змог: быў у гэты час на стажыроўцы ў Амерыцы. Тэлефануе: «Я не паспяваю прыляцець!» Я яму тады сказала: «Не рвіся! Лепш запомні тату назаўжды жывым і прыгожым. А ў Х’юстане зайдзі ў храм і пастаў свечку за спачын, папрасі ў Бога, што лічыш патрэбным».

     І Алег пайшоў, хоць вернікам, у звыклым разуменні гэтага слова, ніколі не быў. Сустрэў ён там рускамоўнага святара з Мазыра. Алегу заўсёды шанцавала на сустрэчы з беларусамі. Юля нават казала неяк жартам: калі сына закінуць на Марс, ён і там беларуса знойдзе. А вось якраз на 40 дзён сын дадому прыехаў. Толькі пасадзіла людзей за сталы, Алег адчыняе дзверы.

     Зараз жыву ў гэтым доме адна — так вырашыла. Дзеці з сем’ямі часта прыязджаюць. Марына з Дзімам — з Мінска. Алег — з Зорнага, кажа, што ў наступным месяцы таксама прыедзе. У іх з Юляй перад другім палётам Алега другая дачка нарадзілася, Маргарыта.

     Тое, што сын стаў знакамітым, мяне як маму, безумоўна, радуе. Гэта яго дасягненне, якога ён дамогся дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці. Вялікай заслугі нас з бацькам у гэтым няма. Мы проста жылі, як маглі, і рабілі тое, што лічылі
патрэбным. А што жыццё была нялёгкім, асабліва ў матэрыяльным плане, напэўна, было нават добра: пераадольваючы цяжкасці і дапамагаючы адзін аднаму, дзеці выраслі прыстойнымі людзьмі, у іх душы добрыя.

     Алег, як бы ні быў заняты, ніколі не адмовіць у сустрэчы журналістам, разумее, гэта іх праца, іх хлеб. І з дзецьмі абавязкова сустрэнецца: прыходзіць і ў родную, і ў іншыя школы на сустрэчы з хлопцамі, віншуе пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнка пра космас «Палёт у будучыню».      Камусьці з пачаткоўцаў-мастакоў нават з космасу можа патэлефанаваць.

     Калі мне кажуць: «Ты цяпер “зорная” мама!» — толькі ўсміхаюся: якая я зорка. Вось цяпер пайду свіней карміць. А на пытанне, як выхаваць таленавітае дзіця, адказваю проста: яго трэба любіць, умела спытаць, разумна навучыць на сваім прыкладзе. І не трэба прывіваць дзіцяці любоў да грошай, да багацця. Кожны павінен быць будаўніком самога сябе, адказна выконваць тое, на што вучыўся і да чаго ёсць здольнасці, але галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам.

     Не толькі для Алега, але і для кожнага са сваіх дзяцей мы рабілі ўсё, што маглі, што на той момант лічылі самым важным і патрэбным для іх. І хваляваліся за кожнага. Калі Марына была маленькай, то дрэнна ела, а таму была слабенькай, шмат хварэла. Тады я бацьку на працу дзве «ссабойкі» збірала. Ён вяртаўся дадому і прыносіў ежу «ад зайчыка» — то блінцы, то каўбаску — якой Марына ласавалася вельмі ахвотна. Наша дарослая дзяўчынка цяпер сама ўжо мама, скончыла аграрна-
камерцыйны тэхнікум і працуе касірам у сталічным універсаме. Праца ёй пада-баецца — гэта зносіны з людзьмі і магчымасць дасканала арганізаваць працэс.

     А калі малодшы, Дзіма, недабраў паўбала, неабходных для паступлення ў ВНУ, мы на сямейным савеце абмяркоўвалі, што, калі ісці ў будаўнічае вучылішча, а потым адслужыць два гады ў войску, то школьныя веды забудуцца і паступіць будзе складана. Што рабіць? Трэба ісці на платнае навучанне. Першая рэакцыя мужа — «Валя, мы не пацягнем!» Як гэта не пацягнем? Старэйшыя ж ужо адвучыліся, і нам лягчэй стала. А потым прыязджае Алег і пытаецца: а як вы праплацілі за Дзіму? Вельмі проста. Два кабана ў хляве стаялі. Мы іх прадалі і аплацілі першы год вучобы. Потым праз два тыдні двух парсючкоў купілі. Значыць, будуць грошы і на другі год. Вось так і круціліся. Дзіма скончыў політэхнічную акадэмію, цяпер ён начальнік змены на трактарным заводзе, пра такую працу ён калісьці марыў. У іх з жонкай Таццянай трое дзяцей і трохпакаёвая кватэра ў Мінску, якую яны пабудавалі самі.

     Быў у нас шаснаццаць гадоў таму яшчэ адзін агульны з Дзімавай сям’ёй клопат — наша ўнучка Лізанька. Калі яна нарадзілася, Дзіма і Таццяна яшчэ ў інстытуце вучыліся, год заставаўся. А Таццяна яшчэ і другую вышэйшую адукацыю атрымлівала, значыць, ёй — паўтара. Нявестка ў нас у Чэрвені пасля родаў жыла — з мамай яе бяда здарылася. Дзіма нават не кожны тыдзень з Мінска дамоў прыязджаў: у выхадныя рабіў і свае чарцяжы, і Таніны. Вядома, цяжка ёй было, плакала нават. Я разумела, што, калі яна цяпер акадэмічны адпачынак і возьме, то зусім ад вучобы адстане, ды і заканчваць інстытут будзе пазней за сына. Не ўжо, вырашылі: хай вучыцца моладзь разам.

     Пагаварыла з Таняй: калі цябе задаволіць, я магу дэкрэтны на сябе аформіць, ты пабудзь яшчэ тыдзень тут, а потым едзь у інстытут. Таццяна з Дзімам з’ехалі, а я засталася з Лізай. Мужа якраз адправілі на паўгода ў Мінск, на курсы павышэння кваліфікацыі. Дык я з Лізай размаўляла, як з дарослым чалавекам: ты тут пасядзі, пагуляй, унучка, на дзвюх ватных коўдрах на падлозе, а я карову заганю. На агародзе, калі там працавала, калыску ставіла, і дзіця спала на свежым паветры. Я яшчэ і шыла па замове, каб студэнтам сваім дапамагчы. Швейную машынку адкрываю, а Лізанька залезе да мяне на каленкі і ручкі на драўляную падстаўку кладзе. Так разам і працавалі.

     Цяпер мы як сяброўкі! Яна мне раскажа тое, што і маме часам не рашыцца. Тэлефануе кожны дзень. І ніхто з дзяцей мяне не забывае. Усе прыязджаюць. Сена пакасіць, па хаце дапамагчы, калі што трэба. А на мінулы дзень нараджэння ўзялі на працы адгулы і ўсе разам у сярэдзіне тыдня віншаваць прыехалі.

Што яшчэ трэба маці? — рытарычна пытаецца, завяршаючы свой аповед, Валянціна Эдуардаўна Навіцкая.

 

 

* * *

 

 

...Марай пра космас жывуць і многія сённяшнія хлапчукі. Але нават тыя дарослыя і выдатна падрыхтаваныя спецыялісты, каму пашчасціла патрапіць у атрад касманаўтаў, гадамі чакаюць сваёй зорнай гадзіны. Беларус Алег Навіцкі працаваў у космасе двойчы. У адным з інтэрв’ю, адказваючы на пытанне пра тое, якія фактары склаліся на яго карысць і дапамаглі запаветнай мары ажыццявіцца, ён распавёў, што на стадыі псіхалагічнага адбору кіраўнік аддзела медыка-біялагічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі касманаўтаў Расціслаў Барысавіч Багдашэўскі пытаўся кожнага касманаўта, ці лічаць яны сябе ўдачлівымі людзьмі. Калі касманаўт сумняваўся або адказваў «не», псіхолагі ўжо самі задумваліся, а ці варта адпраўляць такога чалавека ў космас. «Мы ляцім працаваць са сваім багажом ведаў, каштоўнасцямі, асновамі, са сваёй верай у лепшае, таму так, я лічу сябе удачлівым, паспяховым, шчаслівым чалавекам», — прызнаецца Алег Віктаравіч Навіцкі, Герой Расіі, ураджэнец Беларусі, які разгарнуў на Міжнароднай касмічнай станцыі Дзяржаўны сцяг нашай краіны.

А калі зазірнуць у будучыню? 23 студзеня 2018 года Дзяржаўная медыцынская камісія вынесла рашэнне: «Касманаўт Навіцкі да чарговага касмічнаму палёту гатовы». Калі прачытала гэтае паведамленне на стужцы навін, узгадала выказванне нашага славутага земляка пра тое, што чалавек, які марыць пра палёт у космас, павінен быць здаровы не проста на дадзены момант, а мець запас трываласці арганізма. Гэты запас трываласці і невычэрпнай веры ў лепшае самога Алега закладваўся, як мне здаецца, тут, на самаробным турнічку, зробленым бацькавымі рукамі каля дома на ўскраіне маленькага гарадка Чэрвеня. У гэтым доме старэйшыя заўсёды апекавалі малодшых, усе самыя галоўныя пытанні вырашаліся на сямейнай савеце, а разуменне, каму і чым можна дапамагчы, жыло ўнутры кожнага. У гэтым доме заўсёды жыла і жыве зараз іх, бацькоўская, любоў.

Пераклад Юліі АЛЕЙЧАНКІ.

Фота з асабістых архіваў Валянціны Навіцкай і Алега Навіцкага.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.