Вы тут

Мікола Мятліцкі. Гарачыя зоры шчакою адчуць


* * *

 

З другога паверха аўтобуса лёткага

Любуюся роднага краю прасторамі.

Шчэ летняе сонца лясы не асмужыла,

Зялёнае лісце пяшчотаю дыхае,

Бярозы святлістымі кронамі ўзносяцца

Абапал дарогі, а хмурыя ельнікі

Так чэпка і стойка адкосы высокія

Абселі з бакоў і пагрозліва шчэцяцца.

Яшчэ кукурузы сцябліны кароткія

Радамі стаяць на падзолістай шэрані,

Як стрэлы далёкіх няведамых прашчураў

У цела зямлі на павек увагнаныя.

Пшаніца загрыўкамі светла-зялёнымі

Па полі бугрыстым раздольна разбеглася,

І рапс дужарослы раскошна кудлаціцца,

І бачна, як сонца рукою праменнаю

Угору падцягвае сцёблы за макаўкі.

Вось бліснула возера гладдзю-сінечаю,

Шапоткі чарот над вадою гайдаецца,

Стаяць рыбакі, як паганскія ідалы,

Вякамі, відаць, на ўзбярэжжы нязрушліва,

І лодка, дзе хлопец з дзяўчынаю — школьнікі,

На сіні люстранай азёрнай калышацца.

Мільгаюць зрэдчас і хаціны пралётныя

Паселішчаў розных — і ранішнім клопатам

Занятыя людзі ў падворках; на лавачках

Стаяць з сырадоем пузатыя слоікі,

З клубніцамі вёдры — праезджы прыпыніцца

І шчодра адорыць жаданай капейчынай.

 

Зямля Беларусі, гасцінная, ветлая,

Ты ў ранішнім сонцы прывычна купаешся,

І рукі свае, за вякі спрацаваныя,

Сягоння ўжо, бачна мне, меней стамлёныя,

Шчасліва кладзеш на галоўку дзіцячую,

І сэрцам, дзе радасць світальна праменіцца,

І свет, і сусвет з жыццялюбнасцю кратаеш.

 

 

* * *

 

Калі багі сабраліся на сходку

І думаць пачалі, як адшукаць планету,

Дзе можна было б чалавека пасяліць,

Яны не надта доўга разважалі

І згодліва да вываду прыйшлі:

Яму асталявацца на Зямлі!

 

Там пад нагамі самы грунт прыдатны,

Лясы з грыбамі, рэкі з вёрткай рыбай.

Жыві і спажывай сабе на радасць

Усе дары шматстайныя прыроды,

Раюй,

А сам жыццё —

У пекла ператворыш!

 

 

Абрыкосы

 

Павыспелі ў далінах Дагестана

Праменныя, як сонца, абрыкосы.

Бяру на мінскім рынку іх жадана,

І чую гул аулаў шматгалосы,

 

І бачу, як гаранак юных пальцы

Іх у лісці намацваюць на голлі,

Кладуць у скрынкі. Сонца жарам паліць,

Зрэдзь ветрычак лагодліва сваволіць.

Зямлячкі незабыўнага Расула,

Апетыя яго натхнёнай Музай,

Вам верыцца сардэчна і прачула,

Што недзе б’ецца сэрца беларуса,

 

Якое край ваш горны палюбіла

Такі ж, як вочы вашы, як смоль-косы.

І вашаю усмешкай светлай, мілай

Мяне сагрэлі ў Мінску абрыкосы.

 

Я помню тыя жнівеньскія ранкі

І вечары над Каспіем ссівелым,

І песні вашы, юныя гаранкі,

Званчэйшыя, відаць, у свеце цэлым.

 

Як памяць, зырка абрыкос палае

І на далоні снежкай не растане.

Смакую — і Каўказу пасылаю

Сардэчнае ад сябра прывітанне.

 

 

Гаа Ман піша

партрэт Купалы

 

Месяца жоўты акраец,

Снег, уначы падталы.

Духам акрэплы кітаец

Піша партрэт Купалы.

 

Выпала гэтак стацца,

Сёння — і назаўсёды

З годнасцю людзьмі звацца

Вызваленаму народу!

 

Ён мройна партрэт малюе

Таго, хто ў краі далёкім

Сэрцам гарачым чуе

Будучыні крокі,

 

Хто ахвяруе народу

Сэрца жар небывалы,

Хто вёў-гукаў да свабоды.

Ён малюе Купалу.

 

І вочы славянскія ясняцца,

Як дзве таемныя зоркі.

І промень зыркаты лашчыцца,

З творцам вядзе гаворкі.

І зарыва агнявое

Грае ў фарбах усходу.

Яшчэ не астыла зброя,

Што здабыла свабоду.

 

І вырастае постаць

Нязнанага велікана.

І вось ён, штрышок апошні,

Пакладзены Гаа Манам.

 

І ў сэрцы, і ў свеце світае,

І цемрыва гаснуць прагалы.

Духам акрэплы кітаец

Піша партрэт Купалы.

 

 

* * *

 

У Цэнтральным батанічным садзе

Бела-ружовы май

Раскашуе дзівоснымі пералівамі

Самых экзатычных фарбаў:

Пачаргова цвітуць

Японскія сакуры,

Усемагчымыя архідэі,

У вечназялёных аранжарэях

Пад шклом

Буяюць

Прадстаўнікі гарачых субтропікаў

Ліяны і пальмы.

У ліманарыі —

Беласнежная духмяная квецень.

Нават на калючынах

Мексіканскіх кактусаў

Зрэдзь, аднасутачна,

Разгортваюцца дзівосныя

Зоркападобныя кветкі.

А на прасторных

Адкрытых плантацыях

Паміж рослых алей

Рознакантынентальнай

Прышласці дрэў —

Цэлыя грады-пляміны

Айчынных і заморскіх

Прадстаўнікоў размаітае

Флоры.

 

На ўсе грудзі ўдыхаю

Водар вясны

Планетарнага маштабу.

Ды косы прамень болю

Імгненна душу працінае —

З-за нейкага чуба высакадрэвіны

Глядзіць вогненны твар сонца,

Які падаўся мне зараз

Вельмі ж падобным

На ўлюбёны ў прыроду свету

Твар першага дырэктара батсаду

Прафесара Сцяпана Мельніка,

Бязвінна расстралянага

У 1938 годзе дзесь

Пад курапацкімі соснамі…

 

 

* * *

 

Пялёсткі шыпшыны… Няма прыгажэй.

Трымаю шматочак зары на далонях.

Булькоча паблізу крынічны ручэй,

І шчасце клякоча напружана ў скронях.

 

І дзячыш душою ты свету ўсяму,

Ён — твой, у красе юнаспеўнага лета.

І толькі табе разумець аднаму,

Якімі пакутамі дадзена гэта.

 

Ты выгнаў хваробу, як гоняць мароз

Сугрэўнай вясны зыркалёткія промні.

І сёння прад свету красой усур’ёз

Аб крохкасці ўласнай хвалююча помні.

 

Днём кожным пад небам — сваім! — даражы,

Насыпана іх, як зярнят, небагата.

І кожны пялёстак жыцця беражы,

І вуснамі смяглымі раніцу кратай.

 

 

* * *

 

У сценах драўлянае хаты

Страляе мароз,

На печы ўтульна-цёпла,

Да ног лашчыцца кот.

Валёнкі, настылыя ад дзённае гойсанкі,

Грэюць на чарэні

Побач са мной

Падшытыя дзедавай дратвай падэшвы.

 

А ў сцяне —

У наступе марознае ночы —

Зноў гучна страляе.

І гэта —

Адзіная страляніна

У маленстве маім,

Непадалёк ад аглухлай

Вайны.

 

 

* * *

 

Калі зніштожыць міны і снарады,

Усе, што ёсць, ваенныя заводы,

Усе пляцоўкі-старты для ракет,

Усё начынне скрытных палігонаў,

Радараў чуйных струмкія антэны,

Падводных лодак атамных чароды,

Армады плыткахуткасных эсмінцаў,

Эскадры звышімклівых самалётаў,

Ўсе на арбіце спутнікі-шпіёны

І многае схаванае сакрэтна, —

Не ведала б тады заняць чым рукі,

Напэўна, аж палова чалавецтва.

 

 

* * *

 

                                             Анатолю Вялюгіну

 

Ён трымаў галубоў —

Бела-белае воблака

Над хацінай высока стаяла на раніцы.

Вочы краталі птушак

Усмешлівым вобмацкам,

Баючыся аб пошуг крылаты параніцца.

 

І, злятаючы з неба

Пагодна-высокага,

На плячы пачаргова яны, белакрылыя,

Уссядалі, вятрыстае сеючы лопанне.

І іскрыліся вочы — суровыя, стылыя.

 

Я запомніў яго — не з пакутай-журбінаю,

Не, яму і ў павечным расстанні не тужыцца.

І сягоння паэта душа галубіная

Над пакінутым лецішчам раніцай кружыцца.

 

 

* * *

 

Рабіна мая ў парку зімуе,

Па цеплыні на завеях сумуе.

Ягады-чырвань у гронкі сцінае,

Іх не саб’е і шуга ледзяная.

 

Два снегіры іх на смак паспыталі,

Чырванагрудымі ўраз яны сталі.

 

Шустры хлапчук снежку ўгору кідае,

Мрою на гронках сваю выглядае.

 

Марыць хлапец, што пад гэтай рабінай

Стрэнецца, юны, з каханай дзяўчынай.

 

Вунь яна побачкі, шэльма малая

Снежкай свавольна ў сароку цаляе.

 

Смех яе сыплецца ранішнім звонам.

Сорамна хлопцу, як гронка, чырвоны.

 

Мройнага шчасця наступіць хвіліна.

Ведае тое толькі рабіна.

 

 

Наш год

 

                                               І. М.

 

Запомнім гэты высакосны год,

Дзе самы шчыры нашых душ узлёт,

 

Дзе хвалявання самы палкі жар

Узносіў нас вышэй абложы хмар,

 

Дзе мовай трапяткога пачуцця

Нам сутнасць адкрывалася жыцця.

 

У гэтым годзе — май буяў для нас.

Кіпела страсць — спыняла лёткі час.

 

І ліпень, дзе маланкі і грамы,

Юрлівым шалам прывіталі мы.

 

І змрочлівы, дажджлівы лістапад

Для нас дваіх квітнеў, як райскі сад.

 

Ды ў веях снежня ўбачыць мы змаглі:

Прысутны год часова на зямлі.

 

І ён, год наш, згубіцца ўжо гатоў

У наступе няўтрымлівых гадоў,

Навек адняць у свой астатні міг

Ўсё тое, што ў ім кожны з нас спасціг.

 

Ды, сквапніку, яму не аддадзім

Сваіх страсцей агніста-шугкі ўздым.

 

І лепшую з пазнаных асалод

Не забярэ ў мінулае наш год.

 

Наступніку-нашчадку перадасць

І жар душы, і зведаную страсць.

 

І, лежачы ў гісторыі на дне,

Нам даражэйшым стане удвайне.

 

 

* * *

 

Імклівасць жыцця —

Цягнікі, самалёты, ракеты…

Аднойчы папоўніцца парк

Хуткасны гэты.

 

Наступіць той дзень —

І новым узмахам крыла

Пакорыць жыццё

Недаступную хуткасць святла.

 

На шырах сусвету

                        мы возьмем звышхуткі разгон,

Пакінем планету,

                        дзе столькі прыземленых дзён

Жылі мы бяскрыла,

                        свідруючы космас вачмі.

Ды прагная сіла

                        зрабіла усё ж нас людзьмі!

Мы выйшлі за межы

                        ўсёй сутнасці існай жывой.

Крыляць у бязмежжы

                        стыхіі жыцця агнявой!

На млечным прасторы

                        сябе Чалавекам пачуць!

Гарачыя зоры

                        уласнай шчакою адчуць.

 

 

 

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.

Жыллё

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Падобныя звароты ад фізічных асоб — не рэдкасць.

Грамадства

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

У сённяшнім быце немагчыма абысціся без хімічных прадуктаў.

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.