Вы тут

Яцэк Палкевіч: Я стану добраахвотным паслом Беларусі ў Еўропе


Славуты польскі падарожнік упэўнены, што сусед праз мяжу важнейшы, чым брат за гарой.

Імя Яцэка Палкевіча стала сінонімам адважных мужчынскіх прыгод. Ён — аўтар займальных старонак у кнізе сусветнага прыгодніцкага эпасу, заснавальнік першай на еўрапейскім кантыненце школы выжывання. Летам 1996-га ён здзейсніў апошняе геаграфічнае адкрыццё ХХ стагоддзя: устанавіў дакладнае месцазнаходжанне вытоку Амазонкі. Цяпер 77-гадовага Яцэка Палкевіча называюць паслом міру, ён лічыць сваёй галоўнай справай наладжванне добрасуседскіх адносін паміж краінамі.


— Пан Яцэк, ці задаволены вы сваім удзелам у праграме Дня беларускага пісьменства?

— Перш за ўсё мяне цікавіў удзел у рабоце міжнароднага круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго». Цяпер я лічу сваёй місіяй спрыяць пацяпленню адносін паміж Польшчай, Расіяй, Украінай і Беларуссю. Бо што адбываецца? Працэсы глабалізацыі вядуць да ўніфікацыі мадэляў спажывання і ладу жыцця, вынішчаюць культурную разнастайнасць, размываюць нацыянальную ідэнтычнасць. Людзі сышлі ў інтэрнэт, а там у сацсетках у нас як быццам шмат сяброў, а на самай справе чалавек адзінокі і пакінуты. Так і краіны — аддаляюцца адно ад адной, успамінаюць старыя крыўды... Але ведаеце, што я зразумеў за паўвекавы вопыт вандроўніка? Тое, што сусед праз мяжу важнейшы, чым брат за гарой.

Перад ад'ездам з Варшавы я сустракаўся з віцэ-спікерам польскага парламента, які цёпла адзываўся пра адносіны з Беларуссю як з ключавым эканамічным партнёрам, краінай, дзе паважаюць палякаў. Пры гэтым відавочна, што ў беларуска-польскіх адносін яшчэ далёка не ўвесь патэнцыял выкарыстаны.

Зусім інакш выглядаюць адносіны з Расіяй. На працягу многіх гадоў я адчуваю сябе паслом пацяплення міжасобасных адносін, а таксама пабудовы згоды і братэрства паміж палякамі і рускімі, за што некаторыя мяне называюць «агентам Крамля». Я бачу: старэйшае пакаленне расіян з настальгіяй успамінае, як у гады камунізму Польшча лічылася для іх акном у Еўропу.

У Жыровіцах за круглым сталом сабраліся прадстаўнікі многіх народаў, і ўсе прыйшлі да адзінай думкі пра тое, што свет выратуе культура, а ў ёй найважнейшы складнік — кніга, слова пісьменніка, мысліцеля. Я не адмаўляю камп'ютары, смартфоны і электронныя кнігі, сам усім гэтым карыстаюся.

— З-пад вашага пяра выйшла больш за 30 кніг пра падарожжы. Якое з іх вы лічыце вашым галоўным дасягненнем?

— Мая самая вялікая перамога — Атлантыка. Мне заўсёды было цікава даведацца: а якая ж мяжа магчымасцяў чалавека? У 1975 годзе заняўся тэмай выжывання ў экстрэмальных умовах. Тады ж пераплыў на выратавальнай шлюпцы Атлантычны акіян. Часам і цяпер да канца не веру, што ўсё гэта магчыма. Тры дні нельга было не тое што спаць, але нават прыкрыць вочы. У мяне было крыху ежы і компас. Пра GРS-навігатары тады ніхто і не марыў. Усё было арганізавана так, як быццам я ў рэальнасці пацярпеў караблекрушэнне, не было нават радыёсувязі. У апошні дзень у мяне была магчымасць падняцца на борт судна. І вось я думаў: там мяне чакае цяпло, ежа, стопрацэнтная гарантыя, што вярнуся дадому жывы. А другая думка: ці буду сябе паважаць, калі здамся? Я пераплыў Атлантыку, гэта, вядома ж, падняло на неверагодны ўзровень мой аўтарытэт як падарожніка ў Еўропе.

— Які самы галоўны ўрок вы вынеслі з гэтага падарожжа?

— Фізічна, вядома, нялёгка, але асноўная барацьба адбываецца ў галаве: я забараняў сабе слова «не змагу».

— Пан Яцэк, цікава даведацца, як грамадзянін сацыялістычнай Польшчы мог падарожнічаць па свеце. У СССР такая магчымасць была ў адзінак з сотняў тысяч.

— Мая статыстыка такая: у СССР мог паехаць на Захад адзін са ста чалавек, у Польшчы — 7-10 са 100. Але ведаеце, я не ўваходзіў у гэты лік і вельмі мучыўся ад немагчымасці пабачыць свет. Вядома, я мог паехаць у Чэхаславакію, Балгарыю, але я не пра гэта марыў. Ужо ў шэсць гадоў я дакладна ведаў, што буду падарожнікам, але да 31 года не меў замежнага пашпарта. У 1971 годзе знайшоў шлях: апынуўся на тэрыторыі Заходняга Берліна, і тады для мяне адкрыўся ўвесь свет!

— А калі вы першы раз пабывалі ў Савецкім Саюзе?

— Я хацеў пабываць у Сібіры. Ну вось такі турызм — прыехаць і гуляць па Краснай плошчы — не для мяне. А Сібір — гэта экстрым, выпрабаванне сябе ў найцяжэйшых прыродных умовах. Але ў СССР мяне не пускалі — падазроны быў: паляк з італьянскім пашпартам.

Пасля перабудовы, падзення Берлінскай сцяны ў еўрапейскіх краінах так званага сацлагера стала значна лягчэй дыхаць, але і тады ў СССР мяне бачыць не жадалі. Дапамог выпадак. Неяк патэлефанаваў мой сусед у Басана дэль Грапа (я жыву адной нагой у Італіі, а другой у Польшчы), сенатар у Рыме, і сказаў, што ён вязе аднаго савецкага госця, каб паказаць яму Венецыю. Ён хацеў зайсці з ім да мяне, маўляў, спатрэбіцца маё веданне рускай мовы. Увечары на парозе майго дома, недалёка ад Венецыі, я ўбачыў Эдуарда Шэварнадзэ (у той час — міністр замежных спраў СССР. — «Зв.»). Па яго ўказанні ў 1987 годзе я атрымаў дазвол на ўезд у СССР. Вы пыталіся пра дасягненні... Дык вось, адзін з візітаў, праўда, ужо не ў Савецкі Саюз, а ў Расію, быў маім галоўным паражэннем.

— Што адбылося?

— Пры падтрымцы газеты «Труд» у 1994 годзе я арганізаваў экспедыцыю па Эвенкійскай аўтаномнай акрузе, дакладней па рацэ Тунгуска, у складзе касманаўтаў пяці краін. Мы пабудавалі драўляныя плыты і на працягу дзесяці дзён сплаўляліся ў сэрцы запаведнага кутка Сібіры. Па берагах адкрываліся велічныя карціны прыроды. Бывала, што паблізу з'яўляліся ліса альбо лось, якія не праяўлялі асцярогі да прышэльцаў. У бязмежнай тайзе адчувалася нейкая біблейская спрадвечнасць, якая адначасова і захапляе таямнічым абаяннем, і цісне, бо ў ёй чалавек пачуваецца маленькім і страчаным, але пры гэтым адчувае поўную свабоду і шчасце. Пасля гэтага мы склалі зварот «вялікім свету гэтага», урадам, палітычным лідарам, міжнародным і грамадскім арганізацыям, прадстаўнікам буйной прамысловасці і бізнесу, кіраўнікам цэркваў, навукоўцам і ўсім жыхарам Зямлі — каб яны падключыліся да місіі па выратаванні нашай яшчэ жывой планеты. Існуе пэўная патрэба ў фарміраванні новай свядомасці, новых эканамічных падыходаў. Толькі тады, калі большая частка грамадства захоча паглядзець праўдзе ў вочы, можна будзе разлічваць на выхад з тупіка і аднаўленне жыватворнай сувязі чалавека з навакольнай прыродай.

Заклік, распаўсюджаны ўсімі вядучымі агенцтвамі навін, разляцеўся па свеце. Дні два пра гэта гаварыў увесь свет. На трэці — цішыня. Гэта цяпер вядомыя праблемы ўтылізацыі смецця, пацяплення клімату. Паверце, гэта было ўжо тады, толькі не ў такім грандыёзным маштабе, як цяпер. Вось гэта нежаданне нешта рабіць, імкненне абмежавацца рэпартажамі пра міжнародную экспедыцыю паменшыла мой аптымізм. Мы ж усё гэта арганізоўвалі не дзеля ўласнай рэкламы, а каб улады, звычайныя людзі пранікліся нашым хваляваннем за стан экалогіі. Я адчуваў сябе Дон Кіхотам, які нерэальна глядзіць на жыццё. З тых часоў больш увагі аддаю іншым справам.

— Аднак жа праз два гады вы здзейснілі апошняе геаграфічнае адкрыццё ХХ стагоддзя: устанавілі дакладнае месцазнаходжанне вытоку Амазонкі.

— Гэта вельмі цікавая рэч. Мы адправіліся ў экспедыцыю пад сцягам Рускага геаграфічнага таварыства. У тэорыі ў Амазонкі было 3-5 «месцаў нараджэння», мы ж вырашылі даведацца дакладнае. Рыхтаваліся да экспедыцыі паўтара года. Нам вельмі дапамагалі здымкі з космасу. Для мяне важна не тое, што рака даўжэйшая, а тое, што мы ведаем, дзе яе выток.

— Ва ўсіх энцыклапедыях адзначаецца, што ў вас білет РГТ пад нумарам сем. Раскажыце, як вас запрасілі ў Рускае геаграфічнае таварыства?

— Так супала, што інтэрв'ю са мной часопіс «Огонёк» надрукаваў, калі Уладзімір Пуцін распарадзіўся закрыць РГТ. А ў мяне журналіст пытаецца, што б я адказаў — як работу ў РГТ паставіць на сучасныя рэйкі. Літаральна праз пару дзён раздаўся званок з сакратарыята прэзідэнта РГТ Сяргея Шайгу і запрашэнне сустрэцца ў вузкім коле. Не палічыце за хвальбу, але многія мае ідэі рэалізаваны ў РГТ. Так я атрымаў білет № 7.

— Але вы яшчэ і член элітнага Каралеўскага геаграфічнага таварыства ў Лондане...

— Гэта такая магутная структура, якая дзейнічае з 1830 года. Туды мяне прынялі як пераможцу акіяна, дзякуючы падтрымцы майго сябра Тура Хеердала.

— Мне здалося, што вы не дужа любіце палітыку, у той жа час бераце на сябе місію пасла свету. Тут няма супярэчнасці?

— Як падарожнік я прапагандую пазітыўны погляд на свет і ганаруся тым, што магу быць свабодным і вышэйшым за ўсе палітычныя падзелы. Я сябрую з усімі! Тры польскія прэзідэнты посткамуністычнага перыяду былі ў мяне на вячэры дома ў Варшаве. Сярод маіх гасцей і паслы Расіі ў Польшчы. Думаю, што з Беларусі таксама будуць высокія госці. Мая душа адкрыта для ўсіх людзей, якія імкнуцца да добрасуседства. Я вам скажу, што простым людзям не патрэбныя ўсе гэтыя канфрантацыі, санкцыі, і нават шмат хто з палітыкаў гэтак жа мяркуе, толькі ў іх не заўсёды хапае смеласці прызнаць гэта.

— Вы аб'ездзілі ўвесь свет, жывяце на дзве краіны — Італію і Польшчу. Кім сябе адчуваеце: чалавекам свету ці палякам?

— Еўрапейцам з польскімі каранямі. А мая мама ў 30-я гады мінулага стагоддзя вучылася ў Гродне. І я шчаслівы, што пабываў у гэтым горадзе, выступіў перад студэнтамі Гродзенскага ўніверсітэта. На мой погляд, Гродна — такі горад, дзе вельмі добра адчуваецца, наколькі блізкія народы Польшчы і Беларусі.

— У першы дзень прыезду ў нашу краіну вы казалі, што здзіўлены ўбачаным і зачараваныя. А што скажаце сёння, перад ад'ездам?

— Упэўнена скажу, што яшчэ пара прыездаў да вас, і я стану добраахвотным паслом Беларусі ў Еўропе. А пакуль зраблю ўсё, што ў маіх сілах, для паляпшэння сяброўскіх і добрасуседскіх адносін паміж Польшчай і вашай незвычайнай краінай.

Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу паднесці сувенір чытачам «Звязды» — магчымасць бясплатна спампаваць з майго сайта кнігу «Па бездаражы свету» на рускай мове. Яна даступна на сайце раlkіеwісz.соm у раздзеле «ksіаzkі».

Аксана Яноўская

Фота з асабістага архіва Яцэка Палкевіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».