Вы тут

Рэспубліканскі фестываль народнага гумару ў Аўцюках пройдзе 13—14 верасня


13—14 верасня склікае гасцей і ўдзельнікаў, аматараў смеху з прычыны трапных жартаў і прыхільнікаў народных спеваў і танцаў 9-ы Рэспубліканскі фестываль народнага гумару ў Аўцюках. Распачаўся ён з лёгкай рукі тутэйшага ўраджэнца, вядомага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага яшчэ ў 1995-м — пасля выдання кнігі «Аўцюкоўцы», і з таго часу палюбіўся і аматарскім ды прафесійным калектывам, і гледачам розных узростаў.


Кожны раз у праграме вялікага свята, якое праводзяць Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам і Калінкавіцкі райвыканкам, з'яўляюцца нейкія сюрпрызы — то арганізатары зладзяць уласныя «Алімпійскія аўцюкоўскія гульні», то абвесцяць пошук «Міс Аўцюкі» (абодва мерапрыемствы, дарэчы, пройдуць і сёлета). Разынкай жа фестывалю 2019 года абяцае стаць адкрыццё ў Калінкавіцкім раёне, дакладней, на шляху паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі, памятнага знака «Аўцюкоўскі глобус».

13 верасня музычна-гумарыстычныя канцэрты пройдуць у розных населеных пунктах раёна: Вялікіх і Малых Аўцюках, Каплічах, Даманавічах, Бабровічах, Юравічах. А на наступны дзень ужо ў райцэнтры адбудзецца конкурс гумарыстаў «Як без вас жылі, раскажам, не пачуеце — пакажам». Будуць працаваць выстаўка стылізаванай аўтамотатэхнікі «Аўцюкоўскія драндулеты» і адмысловая «Фотасушка» ад газеты «Калінкавіцкія навіны», адбудзецца прэзентацыя турыстычных маршрутаў «Добра там, дзе нас няма», чакаюць наведвальнікаў імправізаваныя падворкі ўсіх сельсаветаў раёна, «Горад майстроў» і пляцоўка рамеснікаў, дзіцячая пляцоўка «Аўцюкоўскі ералаш». Упершыню для ўсіх ахвотных арганізуюць конкурс на найлепшае фота — «Гумар у фармаце сэлфі» і забаўны відэаролік — «Дзе мы не былі».

Уваход на фэст, як і раней, вольны, аднак «Аўцюкоўская мытня» традыцыйна патрабуе ў якасці білета арыгінальную прыпеўку ці анекдот, пажадана без «барады».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Да Каласка і Калінкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?