Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Спартыўныя падзеі з удзелам беларускіх атлетаў і гульцоў у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Эліс Мертэнс выйгралі адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе ў жаночым парным разрадзе. У фінале US Open яны абыгралі яшчэ адну спартсменку з нашай краіны Вікторыю Азаранку і аўстралійку Эшлі Барці — 7:5, 7:5. Матч доўжыўся 1 гадзіну 36 хвілін. Гэтая перамога на адным з самых прэстыжных турніраў «Вялікага шлема» стала для Сабаленкі і Мертэнс першай. Пара Сабаленка/Мертэнс рэалізавала чатыры брэйк-пойнты, у той час як іх саперніцы — толькі два.

Пераможцы атрымаюць 740 тысяч долараў прызавых на дваіх, тыя , хто прайграў, — 370 тысяч. Яшчэ адна наша тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая дайшла да парнага паўфіналу, зарабіла 87 500 долараў.

2. Футбалісты зборнай Беларусі на чале з новым галоўным трэнерам Міхаілам Мархелем атрымалі першую перамогу ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы. З лікам 2:1 яны ў пятніцу ў гасцях перамаглі каманду Эстоніі. У беларусаў галы забілі на 48-й хвіліне Мікіта Навумаў, на 2-й кампенсаванай — Максім Скавыш. Першыя чатыры матчы ў кваліфікацыйнай групе С наша каманда прайграла. У фінальную частку Еўра-2020 выйдуць па дзве найлепшыя каманды з 10 груп, а таксама чатыры пераможцы плэй-оф Лігі нацый УЕФА.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Мархель пасля матча адзначыў:

— Вядома, мы вельмі задаволеныя тым, што выйгралі. Асабліва ў такой барацьбе, на апошняй хвіліне. Не ўсё так гладка складвалася, як нам хацелася б. Не атрымаўся першы тайм, але другі тайм паказаў, што ў нас ёсць тыя людзі, на якіх бы хацелася арыентавацца ў далейшым.

У нас стаіць задача зрабіць каманду, якая змагла б вырашыць задачу выхаду на ЧЕ-2020. Мы рыхтуем каманду да сакавіка, для пачатку да паядынку з грузінамі. І ў сувязі з гэтым перамога ў Таліне вельмі важная. Мы яе доўга чакалі, яна нам цяпер была неабходная, як ніколі.

У іншым матчы групы С зборная Нідэрландаў у гасцях абыграла каманду Германіі з лікам 4:2. Турнірнае становішча: Паўночная Ірландыя — 12 ачкоў (4 матчы), Германія — 9 (4), Нідэрланды — 6 (3), Беларусь — 3 (5), Эстонія — 0 (4).

Учора ўвечары ў Кардыфе наша зборная згуляла таварыскі матч з Уэльсам.

Таксама на мінулым тыдні прайшло лёсаванне 1/4 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Дзеючы ўладальнік кубка «Шахцёр» згуляе з «Тарпеда-БелАЗ», брэсцкае «Дынама» — з «Іслаччу», «Дняпро» — са «Славіяй». Цэнтральным супрацьстаяннем стануць матчы паміж мінскім «Дынама» і барысаўскім БАТЭ. Паядынкі адбудуцца ў сакавіку 2020 года.

3. Мінскае «Дынама» пасля трох паражэнняў атрымала першую перамогу ў новым сезоне КХЛ. У нядзелю ў Маскве мінчане абыгралі хакеістаў «Спартака» з лікам 5:4 (2:3, 2:1, 1:0). Галамі ў нашых адзначыліся Паўловіч, Пулкінен, А. Касціцын, Эліат, Стэфановіч. У гэтым матчы вароты «Дынама» ўпершыню абараняў 22-гадовы варатар Аляксандр Асіпкоў, які змяніў дасведчанага шведа Юнаса Энрата.

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Крэйг Вудкрафт пракаментаваў перамогу «зуброў»:

— Перад матчам мы ведалі, што «Спартак» — небяспечны сапернік, які будзе караць за твае памылкі. З першых хвілін масквічы ціснулі на нашы вароты, але Аляксандр Асіпкоў змог справіцца з гэтым. Думаю, мы паказалі свой характар у другой дваццаціхвілінцы. У заключным перыядзе шалі маглі схіліцца ў любы бок, але наш варатар зрабіў некалькі ключавых сэйваў, якія дазволілі нам разлічваць на поспех.

4. Другі год запар займае 5-е месца ў суперфінале Еўралігі зборная Беларусі па пляжным футболе. У заключным паядынку спаборніцтваў у партугальскай Фігейра-да-Фош нашы футбалісты перамаглі каманду Турцыі — 5:4. Раней на групавым этапе падапечныя Нікаласа Альварада перайгралі расіян — 4:4 (па пенальці 2:1) і швейцарцаў 6:5, але саступілі іспанцам 2:3, заняўшы 3-е месца ў квартэце В. У галоўным матчы за золата Еўралігі зборная Партугаліі перамагла каманду Расіі — 4:2.

А зборная беларускіх «пляжнікаў» упершыню заваявала пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. Лёсаванне групавога этапу планетарнага першынства адбудзецца 13 верасня ў парагвайскім Асунсьёне. Матчы ЧС пройдуць там жа з 21 лістапада да 1 снежня, у іх прымуць удзел 16 найлепшых камандаў з усіх кантынентаў.

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Першыя перамогі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.