Вы тут

Навошта Налібоцкай пушчы патрэбны польскія конікі з Нідэрландаў


Праз 400 гадоў у Беларусь вярнуліся дзікія коні! Жывёл прывезлі з Нідэрландаў у рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі». Спецыялісты кажуць, што конікі вельмі добра адчуваюць сябе на беларускай зямлі, і ў якасці доказу паказваюць на жарабя, якое зусім нядаўна нарадзілася на тэрыторыі заказніка.


Паўтары сотні дзікіх коней пакуль агароджаны электрычным дротам — яны знаходзяцца на каранціне пад камерамі і пастаянным наглядам ветэрынараў, але ўжо праз два месяцы змогуць бесперашкодна перамяшчацца па пушчы. Здаецца, гэтых спакойных і прыгожых жывёл, якія часам быццам пазіруюць для фотаздымкаў, вельмі лёгка прыручыць. Але мэту такую заказнік не ставіць. Наадварот, па дамоўленасці з нідэрландскім запаведнікам, што на бязвыплатнай аснове перадаў коней пушчы, гэта нават забаронена, як і падкормліваць жывёл (за выключэннем суровых маразоў), абараняць іх ад драпежнікаў і аказваць ветэрынарную дапамогу.

— Калі мы хоць аднаго каня пачнём выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах, то заплацім штраф у памеры 1000 еўра. І я з такімі ўмовамі цалкам згодны. Гэтыя жывёлы павінны выконваць тую ролю, дзеля якой і прызначаны ў прыродзе, — падкрэслівае дырэктар заказніка Васіль ГУРКОЎ (на фота).

А роля іх вельмі цікавая — расчышчаць лугі ад высокай травы і трыснягу, каб іншыя жывёлы (зубры, алені і г. д.) маглі сілкавацца маладой травой на тэрыторыі пушчы і не выходзілі шукаць яе на агароды і калгасныя палі. Прасцей кажучы, конікі будуць выконваць функцыю газонакасілкі. І за тры тыдні статак ужо ачысціў каля 40 гектараў палёў.

— Раней амаль у кожнага была карова, таму тут пасвілі скаціну, нарыхтоўвалі сена. Цяпер у ваколіцах ужо не засталося скаціны, і тыя дзікія жывёлы, якія ёсць у пушчы, не паспяваюць самі расчышчаць сабе тэрыторыі, вось і выходзяць у людзі, — расказаў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр КАЗАРЭЗ. — А яно як — калі траву ніхто не выядае і не скошвае, то ўтвараецца травяністы дэтрыт, ён перагнойваецца і становіцца непажыўны для жывёл. Акрамя таго, паступова лугі зарастаюць хмызнякамі. Усё гэта прыводзіць да падзення біяразнастайнасці і прадукцыйнасці экасістэм.

Дарэчы, у Беларусі дзікія коні жылі і раней. Вядома, што яшчэ Вітаўт перад Грунвальдскай бітвай у 1409 годзе адлоўліваў тарпанаў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, ды і пасля гэтага іх вельмі часта выкарыстоўвалі ў ваенных мэтах. А пазней гэтых коней пачалі масава знішчаць, бо лічылі шкоднікамі сельскай гаспадаркі. Ад такога моцнага людскога ўціску 400 гадоў таму тарпаны цалкам зніклі з тэрыторыі нашай краіны. А гэта, у сваю чаргу, паўплывала на падзенне папуляцыі зубра, лічаць спецыялісты.

— Гэта другое прышэсце тарпанаў, — адзначыў Васіль Гуркоў. — Хоць іх і нельга назваць чыстакроўнымі. Яны маюць большую частку генаў ад тарпанаў і трохі ад польскага коніка, таму называюцца тарпанападобнымі. Але яны не інвазійныя для нашай краіны, бо тарпаны і раней тут жылі.

Па словах экспертаў, гэтая парода была створана ў 1930 годзе на тэрыторыі польскай часткі Белавежскай пушчы. Вучоныя зыходзілі са знешніх прыкмет, бо генетычных аналізаў тады не было. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тарпанападобныя коні трапілі ў Германію, затым вярнуліся ў Польшчу, а пасля «пераехалі» ў Нідэрланды. Нам прапанавалі супрацоўнічаць па такой прыродаахоўнай канцэпцыі, як рэвайлдынг, што значыць паэтапнае аднаўленне характэрных для рэгіёна высокапрадукцыйных экасістэм шляхам вяртання буйных жывёл у месцы іх спрадвечнага арэалу.

— Конікамі ўжо зацікавіліся мясцовыя ваўкі, прыходзіў паглядзець на новых жыхароў і мядзведзь, таму рэгуляваць іх колькасць будзе каму. Але не думайце, што іх тут цяпер усіх з'ядуць. Нягледзячы на свой мірны выгляд, самцы могуць абараніць сваю сям'ю, — адзначыў Аляксандр Казарэз.

Спецыялісты таксама падкрэсліваюць, што конікі дакладна не пачнуць выходзіць за межы пушчы, як, напрыклад, зубры.

— Перад усяленнем тарпанападобных коней у пушчу была праведзена вялікая работа. Мы на працягу двух гадоў вывучалі вопыт Латвіі і Галандыі, дзе такія коні ўжо ёсць. Практыка паказвае, што гэтыя жывёлы прытрымліваюцца сваёй тэрыторыі, яны даволі кансерватыўныя, — падкрэсліў загадчык лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Васіль ШАКУН. І дадаў, што на аднаго каня патрэбна 1-2 гектары зямлі. У «Налібоцкім» каля 350 гектараў зарослых лугоў. Значыць, пушча можа размясціць 200—300 асобін. Але гадаваць іх тут у вялікай колькасці няма сэнсу. У Беларусі ёсць яшчэ шмат месцаў, дзе можна стварыць новыя папуляцыі. Напрыклад, пойма Прыпяці зарастае, ёсць праблемы і над Дняпром — гэта тыя месцы, дзе раней таксама пасвілі жывёл. Таму, верагодна, хутка конікаў можна будзе сустрэць не толькі ў Налібоцкай пушчы.

Кацярына ЦІТОВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Другое прышэсце тарпанаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».