Вы тут

Сустрэча культур у Купалавым доме


Кажуць, што ў спрэчцы нараджаецца ісціна, але каб спрэчка атрымалася сапраўднай плённай дыскусіяй, неабходна выбудаваць узаемаразуменне, высветліць агульныя цікавасці і мэты. Напярэдадні круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго», прымеркаванага да Дня пісьменства, замежныя госці ўзялі ўдзел у адмысловай культурнай праграме па знакавых месцах Беларусі. Пачалася гэтая праграма з сэрца беларускай нацыянальнай літаратуры — Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Купалаў дом наведалі госці з Казахстана, Грузіі і Расіі. Перш за ўсё для іх правялі экскурсію па пастаяннай экспазіцыі музея. Асаблівы акцэнт быў зроблены на прысвячэннях замежным калегам і перакладах Купалы, яго вандроўках у Грузію, на гісторыі пра сустрэчу з Эліко Метэхелі, якой паэт прысвяціў верш «Генацвале».


«Адна з задач, якую мы бачым перад сабой, — не толькі паказаць Янку Купалу як генія нацыянальнай літаратуры, як класіка, але і як простага чалавека, бо для наведвальніка гэта вельмі важна», — адзначыла дырэктар музея Алена Ляшковіч.

Пасля экскурсіі ў адной з залаў музея адбылася традыцыйная сустрэча, якая быццам апярэджвае круглы стол, дазваляе вызначыць тэмы, якія яны хочуць абмеркаваць, у менш афіцыйных абставінах прапанаваць свае ідэі супрацоўніцтва. Удзельнікамі такой сустрэчы сталі сябры прадстаўнічай дэлегацыі Казахстана: літаратуразнаўца Святлана Ананьева, прафесар Еўразійскага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва Серык Тахан, намеснік дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Альміра Каліева, журналіст і пісьменнік Васіль Шупейкін. Да іх далучыліся грузінскі паэт і перакладчык Аляксандр Элердашвілі і расійскі літаратар Уладзімір Бяразеў.

Беларускі бок прадстаўлялі кіраўнікі дзяржаўных літаратурных выданняў і дасведчаныя аўтары — Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак, Уладзімір Ліпскі, Алена Мальчэўская, Юлія Алейчанка і Аляксей Чарота, які суправаджаў дэлегацыю на працягу ўсёй культурнай праграмы, а таксама дырэктар музея Купалы Алена Ляшковіч.

Асноўнай тэмай размовы стала перакладчыцкая дзейнасць, яе цяжкасці і перспектывы. Аляксандр Элердашвілі расказаў, як прыйшоў да перакладання Купалы пасля Амара Хаяма і Шэкспіра, а пазней па просьбе астатніх прадэкламаваў ужо згаданы верш «Генацвале» ў сваім перакладзе на грузінскую мову. Мікола Мятліцкі згадаў свой вопыт перакладу на беларускую мову вершаў Абая. Уладзімір Ліпскі і Васіль Шупейкін горача абмяркоўвалі ідэю пра ўсталяванне сталага міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва ў галіне дзіцячай літаратуры і дзіцячай перыёдыкі. Крыху закранулі і сумны бок літаратурнага жыцця: Уладзімір Бяразеў выказаў меркаванне пра тое, што колькасць «творцаў», якая рэзка павялічылася са з’яўленнем інтэрнэту, сведчыць пра заняпад, і адзначыў, што літаратурныя часопісы і аб’яднанні адыгрываюць асноўную ролю ў сучасным працэсе, працягваюць сапраўднае літаратурнае жыццё.

У канцы невялікага круглага стала супрацоўнікі музея адзначылі Аляксандра Элердашвілі дыпломам сябра музея за пераклады санетаў Купалы і зрабілі памятныя падарункі ўсім замежным гасцям. Працягнуць размову вырашылі на шляху да мемарыяльнага комплексу Хатынь — наступнага пункту культурнай праграмы.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?