Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Жучок

У памяць убіліся і дагэтуль трымаюцца ў галаве два кастрычніцкія дні 1957 года. З той прычыны, што са сваім інстытуцкім аднагрупнікам Міколам Тарасенкам пятага чысла я вяртаўся з паўночнаказахстанскай цаліны, дзе мы падзараблялі ў складзе студэнцкага атрада на ўборцы хлеба. Едзем з Гомеля ў свой Чачэрскі раён на параходзе, які безупынна шлёпае махамі па вадзе, мякка накатваючы на бераг сярэбраныя хвалі.

Размаўляем, любуемся прыгажосцю лугоў і лясоў, што падступаюць да ракі. З рэпрадуктара ліецца музыка, гучаць песні. І раптам голас дыктара аб'яўляе: «Учора, чацвёртага кастрычніка, Савецкі Саюз запусціў штучны спадарожнік Зямлі. Ён абляцеў вакол нашай планеты і працягвае палёт. У гісторыі чалавецтва пачынаецца новая эра».

Мы былі ашаломленыя такой нечаканай і радаснай навіной: трэба ж, чаго дасягнуў чалавек! І чаго, меркавалі, варта чакаць у далейшым? Бо несумненна адно: гэты першы крок у космас абяцае ажыццяўленне неверагодных прадказанняў самых смелых фантастаў.

За такімі вось разважаннямі махі парахода ўсё шлёпалі і шлёпалі па Сожы, час ад часу вяртаючы нас да бліжніх клопатаў. Мне, напрыклад, так і карцела адразу па прыездзе дадому спаткацца з Жучком. Не, гэта не сабака, як хтосьці з чытачоў можа падумаць, а метраў на дзвесце працягласцю водны рукаў, які пачынаецца ад затончыка Вялікая Іголка, суседнічае з сажалкай Белыя Краскі і нешырокай паласой дзеліць абалонне на дзве палавіны, вузкім канцом падступаючы ледзь не да самых агародаў.

Абалонне, наколькі я ведаю, заўсёды было для жыхароў нашай слабады Ганнаполле прыцягальным месцам. Як для дарослых, так і для дзятвы. Тут быў выган для статкаў кароў і табуна калгасных коней, якія пасвіліся на мурожных травах уперамешку з чародамі гусей і качак. Тут у розныя гульні («вайну», жмуркі, даганялкі, «сцяжкі», крэглі) бавіла вольны ад бацькоўскіх даручэнняў час басота, стараючыся ўчапіцца ў грыву каня і з ветрам праімчаць на ім па лугавіне.

А іншым надвячоркам, у выхадныя дні, на абалонні збіраліся мужыкі, каб перакінуцца навінамі, пагуляць у «дурня» ды і кульнуць чарку. Спраўна служыла абалонне і зімой. Па яго снягах спачатку на самаробных, а потым і фабрычных лыжах мераліся сіламі і спрытам хлапчукі і дзяўчаткі. А па ўціхаміранаму маразамі Жучку рэзалі лёд канькабежцы, а дарослыя на санках вазілі з Засажэўя лазняк, які наталяў жытло цяплом.

Жучок на абалонні, лічы, быў яго «перлінай». Неглыбокі і не надта шырокі, летам ён праграваўся сонцам, што, мабыць, і прыцягвала рыбу, якая заходзіла сюды з рачулкі Войстрыцы. Лавілі яе тады хто чым мог: на вуду, таптушкай, лазовымі, з дзвюма ручкамі кашамі. Усім хапала яе. Кожнага надзяляў Жучок сваім дарам.

А ў час паводкі і сыходу яе на бераг заяўлялася калгасная рыбацкая брыгада і на лодцы паднімалася ўгару па Сожы, ледзь не да самага Кармянскага раёна. У такія дні апошнюю тоню брыгада рабіла якраз тут, на Жучку, дзе скручвала невад і на калёсах везла яго для прасушкі да канторы калгаса. Во была штуковіна, гэта прылада! Метраў семдзесят у даўжыню!

Тады, надвячоркам, ахвотнікаў паглядзець на рыбацкую ўдачу прыходзіла шмат. Хто смялейшы з хлапчанят уплятаўся ў вяроўкі, асцерагаючыся, каб не атрымаць ад якога рыбака шлепака па заднім месцы (маўляў, не блытайся пад нагамі, не перашкаджай) з надзеяй на «прэміяванне» шчупачком ці акуньком-плотачкай. І што вы думаеце: персанальна атрымліваў тую рыбку. Іншай жа, так сказаць, малечы, таксама нешта перападала, бо на іх долю быў кошык рыбы, рассыпанай на траве. Канкурэнцыя яшчэ была тая! На яе заўсёды моўчкі збоку глядзеў мужык, па вулічнай мянушцы Іван Бязбожнік, і чакаў сваёй чаргі. Ён быў худы і высокі, як жэрдка, з белым-белым тварам. І, калі кожны раз яму хто-небудзь з рыбакоў падносіў вялікую рыбіну, ён тут жа на вачах усіх, без солі, распраўляўся з ёй.

А халаднаваты дзень 6 кастрычніка 1957 года запомніўся мне тым, што ў сваю таптушку я не злавіў (чаго ніколі не было) нават смаркатага ёршыка. Напэўна, таму, што летам аматары юшкі тут усё вытравілі. Затое ў Вялікай Іголцы з-пад босай нагі дастаў кілаграмовага ліня, а ў Чачоры з-пад карча падцупорыў двух ладных ментузоў.

Апошні раз на абалонне я наведаўся летась, калі ездзіў да брата ў госці. Сумна стала ад таго, што ўбачыў. Яно пакрылася бадыллем, кустоўем, дзядоўнікам. То там, то тут нават дрэвы павырасталі. Ніякай пашы для кароў ці коней, якіх, дарэчы, не ўдалося пабачыць. Людзі проста не трымаюць іх. Праўда, чарада гусак усё ж хадзіла ды касавурылася на адзінокага бусла, што прызямліўся побач. Нетаропка абышоў я і Жучок. Змарнеў ён, усохся, абмялеў, пакрыўся раскай. Ад яго патхнула балотам. Тое ж самае і з Белымі Краскамі. А што ж з Войстрыцай? Калі раней яна брала выток з Сожа, дык там утварыўся перашыек, з-за якога рачулка таксама стала знямоглай...


У іх была свая вайна

Вось ужо колькі гадоў езджу ў прыгарадным цягніку на сваю дачу, заўважаючы ў тым жа самым вагоне аднаго мужчыну. Знаёмства з ім да пэўнага часу было на ўзроўні прывітання. Ён выходзіў з цягніка на адзін прыпынак раней майго. І вось, у сёлетнім красавіку, сусед па «купэ», якога я ведаю з даўніх часоў, неяк ды і кажа: Пятру Ільічу хутка 95 гадоў споўніцца. Франтавік. Бачылі б вы, колькі ў яго ўзнагарод. Поўныя грудзі. Мабыць, не адзін дзясятак фрыцаў на той свет адправіў.

Прызнацца, я не паверыў тады, што ветэран Пчалінцаў размяняў ужо дзясяты дзесятак, бо выглядаў на крыху больш за восемдзесят гадоў. І, аказваецца, памыліўся. Ды здарылася так, што праз пэўны час я настолькі зблізіўся з Пятром Ільічом, што нават быў у яго дома ў гасцях. У даверлівым тоне мог задаць яму любое пытанне і атрымаць адказ. Адно з іх і было пра тыя «поўныя грудзі ўзнагарод», на якое ветэран адрэагаваў так: накінуў на сябе пінжак, на якім дружна, з перазвонам, зіхацелі медалі. А потым пацякла размова, якая перапынялася праглядам сямейнага альбома і яго дакументаў. Адзін з іх сведчыў аб тым, што Пчалінцаў у тыя саракавыя крывавыя гады асвоіў майстэрства бранябойшчыка, стралка, аўтаматчыка, мінамётчыка і станкавага кулямётчыка. І тут Пётр Ільіч сам нечакана ды і пытае ў мяне:

— І колькі, угадайце, фашыстаў я ўкакошыў?

— Цяжка сказаць. Мяркую, што многа.

Ветэран крыху памаўчаў, усміхнуўся і... агарошыў сваім адказам:

— Ніводнага...

Няйначай, жартуе. Пры такіх медалях, ды — ніводнага? Не можа такога быць. А суразмоўнік тут жа растлумачыў:

— Мая служба ў вайну і пасля яе праходзіла ў войсках НКУС (Народнага камісарыята ўнутраных спраў), якія ўваходзілі ў склад дзеючай арміі і ў якіх былі канкрэтныя задачы: ахова чыгункі, мастоў, іншых важных аб'ектаў, дастаўка розных грузаў вайсковым падраздзяленням і г. д. Нярэдка пад бамбёжкамі, у час адной з якіх атрымаў раненне. Аднойчы асабіста высачыў былога чырвонаармейца, які стаў нямецкім шпіёнам, і трох марадзёраў, якіх даставіў куды трэба. Не забуду таксама, як са сваім напарнікам арыштаваў палкоўніка тылавой службы, які спрабаваў вывезці цэлы вагон нарабаванай дзяржаўнай маёмасці ў сваю вёску. Праўда, не ведаю, якую кару панеслі ўсе названыя асобы, але ўпэўнены, што ім не паздаровілася.

Не хадзілі таксама ў атаку, не біліся ўрукапашную, не стралялі па чорнай фашысцкай навале з мінамётаў ды кулямётаў гамяльчанін Леанід Трафімавіч Крываножкін і Аляксей Якаўлевіч Абібак з Петрыкаўшчыны. З імі я пазнаёміўся ў Гомельскім абласным клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, дзе яны пралечваліся.

Напрыклад, падпалкоўнік у адстаўцы Крываножкін расказваў аб тым, як яго, юнака, у 1944 годзе прызвалі ў армію з мірнай нівы (працаваў у саўгасе «Кізляраўскі» на Каўказе на вінаградных плантацыях і паралельна з гэтым вырошчваў дома шаўкапрадаў, ніткі якіх ішлі на выраб парашутаў). Ён марыў аб тым, што будзе адпраўлены на фронт, каб напрамую біць рабаўнікоў-чужынцаў. Толькі лёс распарадзіўся інакш, бо трапіў у Паўночна-Каўказскую ваенную акругу. Там дыслакаваўся соты асобны аўтамабільны полк, які ў час Ленінградскай блакады па Ладажскім возеры забяспечваў горад зброяй і харчаваннем. Яго служба пачалася ў вучэбнай роце, курсанты якой днём вучыліся, а па начах працавалі на зборцы студэбекераў, шэўрале, вілісаў і іншай тэхнікі, камплектуючыя дэталі і вузлы якіх праз Іран дастаўляліся сюды па ленд-лізу, пасля чаго машыны ў гатовым выглядзе адпраўляліся на фронт.

Цяжкасцяў, вядома, было многа. Ды нічога, хлопец вытрымаў іх, як належыць, і быў накіраваны на вучобу ў аўтамібільнае вучылішча, закончыўшы якое, стаў малодшым лейтэнантам, а ў мірны час служыў у розных ваенных акругах Савецкага Саюза.

А 16-гадовы падлетак Аляксей Абібак у час вайны разам з навучэнцамі Жыткавіцкага рамеснага вучылішча апынуўся на Урале, дзе працаваў на засакрэчаным ваенным заводзе. Туды з Новасібірска, Магнітагорска і Барнаула дастаўляліся балванкі снарадаў, якія патрэбна было даводзіць да ладу і адпраўляць на фронт. Працавалі па 12 гадзін у суткі, а іншым разам начавалі проста ў цэху.

Аляксей Якаўлевіч працаваў і на ўкладцы гатовых снарадаў у скрыні, і на камплектацыі іх, і майстрам па падрыхтоўцы вытворчасці. Як і яго палавінка Ганна Васілеўна. Пажаніліся там, у Капейску, і нават як стаханаўцы атрымалі кватэру і былі ўзнагароджаны медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», а Аляксей Якаўлевіч яшчэ і медалём «За працоўную доблесць». Ён не хаваў сваёй радасці, калі назіраў за палоннымі немцамі, якія пасля Сталінградскай бітвы апынуліся ў Капейску на будаўнічых работах.


Цярпенне лопнула

— Рыгоравіч, дапамажы. Васіль зусім разбасячыўся. Маладзіцу нейкую знайшоў. Вольны час з ёй бавіць, яшчэ кіне мяне. Дык пагавары ты з ім.

Васіля і Вольгу мы з жонкай ведаем даўно. Калісьці жылі ў адным пяціпавярховіку, суседнічалі, не-не ды і хадзілі ў госці. Ён неяк нават дапамагаў мне ў дачных справах, а мая жонка іншым разам для нейкіх неадкладных патрэб у яго жонкі пазычала грошы. Адным словам, добрыя душэўныя людзі былі.
А бач ты, нешта не заладзілася. Апошнім жа часам нашы сувязі аслаблі з-за таго, што раз'ехаліся жыць у розныя канцы горада.

— І яшчэ, — працягвала Вольга, — грошы перастаў даваць, у чарку ўлягае. Дык як старэйшы па ўзросце пагавары з ім.

— Ну а сама спрабавала зрабіць гэта?

— А як жа! Нібы гарохам аб сценку...

Прызнаюся, што ўлазіць у чужыя, асабліва сямейныя справы, я не ахвотнік. Бо аднойчы апёкся. На парадах сваёй малодшай сястры. Яна з мужам і двума дзецьмі жыла тады, яшчэ ў савецкія часы, у Эстоніі. І не жыла, а мучылася. Бо Мішка прытрымліваўся такога «правіла»: лупцуй жонку молатам — будзе жонка золатам. І біў, лупцаваў, заліўшы вочы спіртным.

Дайшло да таго, што сястра на прамілы Бог упрасіла мяне і старэйшых брата і сястру дапамагчы выбрацца ёй з таго шахцёрскага горада Кохтла-Ярве. Прывезлі дадому ў Чачэрск. Супакоілася яна і ўладкавалася на работу, павесялелі дзеці. Усё добра. Толькі вось Мішка прыкаціў. Яна спачатку ні ў дугу і паказала ад варот паварот. А ён знайшоў кватэру, раз-пораз стаў наведвацца да яе. З мольбамі прыняць яго. І вось аднойчы я стаў сведкам той мальбы, калі прыехаў у госці. Мішка пасярод двара бразнуўся на каленкі, пусціў ручаіны слёз... І гэта — у прысутнасці ўсёй нашай радні і суседзяў. На яе пытанне «што рабіць?» сястра і
брат зацята змаўчалі, а я сказаў: «Гэта не мужык, каб так прыніжацца, і жыцця табе з ім не будзе». Але яна не паслухалася.

Пасля «капітуляцыі» сястры ў яе сям'і на пэўны час усё пайшло як мае быць, нармальна. І я пачуў ад яе папрокі: бачыш, ты памыляўся. А потым аднойчы ён зноў пусціў кулакі ў ход. Дык наш старэйшы брат (у яго быў першы спартыўны разрад па класічнай барацьбе) так адпрудзіў яго, што ён больш не адважваўся паднімаць на яе руку. Але дапіўся да таго, што стаў бязногім калекам. Нягледзячы на гэта на выдзеленай яму легкавушцы п'яным садзіўся за руль. Вынік такі: загінуў у аўтааварыі.

А што ж з Васілём? Была ў мяне з ім размова, калі выпадкова сустрэліся. Ён паскардзіўся, што Вольга загрызла яго рознымі папрокамі: «У цябе заробак меншы, чым у мяне, не так падмёў у пакоі, не так заслаў пасцель, несвоечасова вынес смецце і г. д. і да т. п. А што грошы не аддаю і іншым разам чарку бяру і з адной маладзічкай пазнаёміўся — гэта праўда. Чым усё можа закончыцца, не ведаю. Усё будзе залежаць ад далейшых паводзін яе, Вольгі. Як-ніяк,
а пражылі мы з ёй у шлюбе 30 гадоў. Але цярпенне маё лопнула...»

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.