Вы тут

Звышнатуральная сіла, хуткасць і пачуцці перасталі быць часткай навуковай фантастыкі


Ужо сёння чалавечае цела зліваецца з тэхналагічнымі прыладамі так, як мы і ўявіць сабе не маглі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Звышнатуральная сіла, хуткасць і пачуцці перасталі быць часткай навуковай фантастыкі — усё гэта ўжо ў пэўнай ступені даступна звычайнаму чалавеку. Нягледзячы на тое, што найноўшыя тэхналогіі дазваляюць нам убачыць магчымасці людзей у будучыні, у нашы дні яны найбольш карысныя для людзей, якія пакутуюць ад інваліднасці ў тым ці іншым выглядзе. Тэхналогіі здольныя ў літаральным сэнсе рабіць з людзей кібаргаў, замяняючы адсутныя канечнасці, унутраныя органы і органы пачуццяў. Часам яны нават могуць палепшыць звычайную функцыю цела.

Перад вамі некалькі дзіўных прыкладаў, якія могуць зрабіць з вас кібарга ўжо цяпер. Яны паказваюць, як далёка мы ўжо зайшлі і як далёка можам зайсці ў будучыні.


Пачуць колер

Мастак Ніл Харбісан нарадзіўся незвычайным дзіцем — ён не адрозніваў колеры. У 2004 годзе ён вырашыў гэта змяніць. Для гэтага падключыў да ніжняй часткі чэрапа электронную антэну, якая пераўтварае частоты святла ў вібрацыі, а мозг інтэрпрэтуе іх як гук, дазваляючы мастаку «чуць колер». Гэтыя частоты нават здольныя выходзіць за межы бачнага спектру, дазваляючы мастаку «чуць» нябачныя частоты — інфрачырвоныя і ўльтрафіялетавыя. «Няма розніцы паміж праграмным забеспячэннем і маім мозгам, паміж маёй антэнай і іншай часткай цела. Кібернетыка аб'ядноўвае ўсё гэта, і я адчуваю сябе тэхналогіяй», — сказаў ён у інтэрв'ю Nаtіоnаl Gеоgrарhіс. Яго мадыфікацыю цела не заўсёды прымалі на ўра: у брытанскага ўрада ўзніклі праблемы, калі антэна Харбісана з'явілася на фота мастака ў пашпарце. Вынаходнік змагаўся з урадам за яе захаванне. Ён перамог, стаўшы першым «юрыдычна прызнаным» кібаргам.

«Рука Люка»

LUKЕ Аrm, яна ж «Рука Люка» (названая ў гонар Люка Скайуокера, аднаго з галоўных герояў сусветна вядомай кінафраншызы «Зорныя войны»), — гэта высокатэхналагічны пратэз, які дазваляе ўладальніку адчуваць дотыкі. Спецыяльны матор забяспечвае зваротную сувязь, імітуючы супраціўленне, якое аказваюць розныя фізічныя аб'екты, — карыстальнік можа адчуць, што падушка мае меншае супраціўленне, чым цэгла. Атрымаўшы фінансаванне, завершаны праект атрымаў адабрэнне ЗША і FDА ў 2014 годзе. Электронныя датчыкі атрымліваюць сігналы ад мышцаў карыстальніка, якія затым пераводзяць у фізічны рух. Носьбіт можа адначасова маніпуляваць некалькімі суставамі пры дапамозе пераключальнікаў, якімі можна кіраваць з дапамогай сваіх ног. Першай камерцыйна даступнай «рукой Люка» скарысталася невялікая група ваенных ампутантаў у 2017 годзе. Яны маглі купіць пратэз праз свайго ўрача, але адзначалі, што прылада на той час каштавала прыблізна 100 000 долараў. Яна, дарэчы, не можа працаваць поўнасцю аўтаномна: для паўнавартаснай работы сімулятару патрэбен камп'ютар.

Таксама вялікія крокі ў гэтым кірунку зрабіла кампанія па вытворчасці пратэзаў Bеbіоnіс, якая стварае самыя сучасныя пратэзы рук. Індывідуальныя маторчыкі ў кожным суставе рухаюць кожную частку рукі незалежна. Для дапамогі ў штодзённым выкарыстанні ў Bеbіоnіс ёсць 14 загадзя вызначаных схем захопу. Высокаадчувальныя рухавікі мяняюць хуткасць і сілу захопу ў рэжыме рэальнага часу — яны досыць далікатныя, каб карыстальнік мог утрымліваць яйка паміж указальным і вялікім пальцамі, і досыць надзейныя, каб вытрымаць да 45 кілаграмаў. Рука Bеbіоnіс стала камерцыйна даступнай ужо ў 2010 годзе. За наступныя гады мадэлі толькі паляпшаліся ў дачыненні да часу аўтаномнай работы, гнуткасці і праграмнага забеспячэння.

Вярнуць зрок

Ва ўзросце 20 гадоў Джэнсен Нойман перажыў дзве аварыі, у выніку якіх яму ў вочы трапілі металічныя аскепкі, пазбавіўшы магчымасці бачыць. У 2002 годзе 37-гадовы Нойман прыняў удзел у клінічных выпрабаваннях, якія праводзяцца Лісабонскім інстытутам Дабеле. Да яго мозга падключылі тэлевізійную камеру, абмінаючы непрацуючыя вочы. З кропак святла вакол яго сфарміравалі фігуры, якія акрэслівалі навакольны свет, надаўшы Нойману «той самы кропкавы зрок, як у «Матрыцы». Сістэма дазволіла яму ўбачыць калядныя агеньчыкі, якія танцавалі на яго доме ў Канадзе, у тым жа годзе. На жаль, сістэма перастала дзейнічаць ужо праз пару тыдняў. І калі Уільям Дабеле, вынаходнік гэтай тэхналогіі, памёр у 2004 годзе, ён не пакінуў амаль ніякай дакументацыі, таму тэхнікі не змаглі паправіць сістэму Ноймана. У 2010 годзе яе выдалілі хірургічным шляхам, і Нойман зноў стаў абсалютна сляпы. Але тым не менш першы вопыт ёсць, і работы ў гэтым кірунку вядуцца і іншымі вучонымі.

Хадзіць сілай думкі

Кіраваную сілай думкі нагу ўпершыню пачаў выкарыстоўваць у 2012 годзе Зак Ваўтэр, праграмны інжынер з Сіэтла, якому ампутавалі нагу вышэй калена. Тэхналогія, якая пераўтварае сігналы мозга ў фізічны рух, называецца TMR (Tаrgеtеd Musсlе Rеіnnеrvаtіоn) і была створана ў 2003 годзе для пратэзаў верхніх канечнасцяў. Але пратэз Ваўтэра быў у пэўным сэнсе рэвалюцыйны, таму што ўпершыню замяніў нагу. У 2012 годзе Зак Ваутэр пераадолеў 2100 прыступак Уіліс-таўэра ў Чыкага пры дапамозе свайго пратэза нагі. Яму спатрэбілася на гэта 53 хвіліны і 9 секунд.

Глядзім — перадаём

Кінарэжысёр з Таронта Роб Спенс вырашыў замяніць адсутнае правае вока пратэзам, абсталяваным відэакамерай з бесправадной перадачай даных. Дзякуючы партнёрству з кампаніяй RF, якая займаецца распрацоўкай бесправадных прылад перадачы даных, і групе інжынераў-электрыкаў Спенсу зрабілі пратэзную абалонку для вока, якая змагла змясціць досыць шмат электронікі ў абмежаванай прасторы. Камера можа запісваць да 30 хвілін знятага матэрыялу да поўнай разрадкі батарэі. Спенс выкарыстаў кадры, знятыя яго пратэзам вока, у дакументальным фільме Dеus Ех: Thе Еуеbоrg Dосumеntаrу.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Ад чалавека да кібарга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».