Вы тут

Ці можна на вяселле надзяваць чужую сукенку?


У наступным лісце, які прыйшоў з Заслаўя ад Ларысы Іосіфаўны П., пытанне пра вяселле, але яно датычыцца праблемы рытуальнага адзення: «20 год таму я выходзіла замуж і, каб не аддаваць лішнія грошы за падвянечную сукенку, я пазычыла яе ў сваёй сяброўкі, муж якой хутка запіў. Праз 6 гадоў яны разышліся. У мяне тры гады ўсё было па-людску, а потым пайшло-паехала. Муж стаў выпіваць, позна вяртаўся дадому. Жылі так 15 гадоў, але шлюб захавалі. Цяпер муж крыху пацішэў. Можа, ва ўсіх гэтых непаразуменнях сукенка сяброўкі «вінавата»?»


Рытуальнае адзенне, як і паўсядзённае, заўсёды было своеасаблівым індыкатарам сэнсавага поля абрадавай падзеі. Яно акцэнтавала ўвагу на галоўных персанажах абраду, падкрэслівала іх становішча і сацыякультурны статус, маркіравала родавую суаднесенасць. Кантакт з абрадавым адзеннем аказваў бясспрэчны ўплыў на далейшы лёс тых, хто ў яго адзяваўся/пераадзяваўся.

Асаблівым сакральным статусам надзялялася шлюбнае адзенне жаніха і нявесты, а таксама галаўныя ўборы, якімі аздаблялі-ўпрыгожвалі дзяўчыну на час яе сімвалічнага пераходу ў статус жанчыны — ахоўніцы і захавальніцы нязгаснага сямейнага ачага. Яно было новае, але пры гэтым магло мець некаторыя элементы вясельнага адзення маці або бабулі і тады рабілася яшчэ і перададзеным у спадчыну ад самых блізкіх сваякоў.

Навукоўцы-этнографы і спецыялісты ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва даўно прыйшлі да высновы, што арнамент традыцыйнага жаночага касцюма — гэта мясцовы дыялект мовы, закадзіраваны адпаведнымі знакамі — у-Зорамі. Як мова дадзена чалавеку Богам, так і мова арнаменту даравана роду Нябёсамі. Аднак як у кожнай сям'і была свая мянушка (гэта зусім нармальная з'ява, калі сапраўднае ўласнае імя чалавека закрывалася, таму што праз яго маглі нанесці шкоду), так і ў кожным касцюме ў абавязковым парадку быў свой дыялектны знак, які на працягу стагоддзяў аб'ядноўваў прадстаўнікоў аднаго роду і адначасова вылучаў іх сярод вялікай сельскай абшчыны.

У сувязі з гэтым і трэба было нявесту, якая яшчэ не «прамаркіравана» адпаведнымі апазнавальнымі знакамі роду жаніха, перанесці цераз парог — тую сакральна-магічную мяжу, якая кантралявалася продкамі. І толькі пасля таго, як маці жаніха павяжа ёй сваю хусціну і фартух, нявеста, дакладней, цяпер ужо нявест(к)а, можа смела рухацца ў прасторы хаты свайго мужа.

Тады паўстае праблема, якая магла ўзнікнуць толькі сёння паміж людзей, якія (не па сваёй віне) ацураліся знакаў родавай прыналежнасці. Няхай сабе ў паўсядзённым жыцці мы ходзім у крамным адзенні, але ў абрадавай сітуацыі і асабліва падчас вяселля хацелася б бачыць нашых нявест-прыгажунь у традыцыйных строях (каб адразу чыталася, чыйго ты роду-племені). У сувязі з гэтым робіцца зразумелым, што ні адна нявеста (у мінулы час) нават і не падумала б браць на вяселле чужое адзенне (!). Гэта лічылася б здрадай свайму роду.

Аднак ваеннае ліхалецце і цяжкі пасляваенны час проста прымусілі нашых жанчын пайсці на некаторыя ўступкі. У Верхнядзвінскім, Чэрвеньскім, Кіраўскім, Лепельскім, Кобрынскім, Шклоўскім, Чавускім раёнах нам расказвалі пра тое, што на працягу доўгага часу галаўны ўбор нявесты быў адзін на ўсю вёску і яго перадавалі адно аднаму, хоць пры гэтым бабулі свядома разумелі, што гэта было сур'ёзным парушэннем традыцыі. Аднак, скрушна схілялі яны галовы, — час быў такі.

Затым у шасцідзясятыя і сямідзясятыя гады нашы бацькі паступова сталі на ногі і ўраўнаважылі сітуацыю. Аднак канец XX стагоддзя зноў зрушыў адвечна заведзены парадак. Калі навамодныя ўборы нявесты, у якіх яна пабудзе ўсяго некалькі гадзін, сталі каштаваць вялікіх грошай, то, як пачалі казаць у народзе, «стала нявыгадна іх купляць». Цяпер вясельныя строі бяруць напракат.

Вось тут і пачаліся непрадказальныя праблемы. Ніхто не ведае той папярэдніцы (з якой доляй, энергетыкай, аўрай), якая апранала на сябе падвянечную сукенку. Якім чынам можна хоць у нейкай ступені нейтралізаваць уплыў гэтай энергетыкі, як перакадзіраваць сукенку для перадачы новаму чалавеку? І так зноў па коле.

Таму адказ будзе такі: няхай лепш больш таннае, але сваё. Не бярыце напракат чужую долю, каб затым не наракаць на сябе, што пасля вяселля жыццё пайшло не той каляінай.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.