Вы тут

Адзін з першых: Адам Бабарэка – новы герой віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Адзін з першых: Адам Бабарэка – новы герой віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”

Працягваецца сумесная праца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Выдавецкага дома “Звязда” над віртуальным праектам на партале НББ “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Сёлета адзначаецца 120-годдзе празаіка і паэта, філосафа, крытыка Адама Антонавіча Бабарэкі (1899–1938). Разам з партнёрамі Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала і прапануе вашай увазе новы раздзел да юбілея даследчыка. “Маладнякоўскі” Бялінскі – такое вызначэнне замацавалася за аўтарам у 1920-я гг. Бабарэка – адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх згуртаванняў “Маладняк” і “Узвышша”.

У спадчыне Адама Бабарэкі ўсяго адна кніга – “Апавяданні” (1925), выдадзеная ў серыі “Кніжніца «Маладняка»”, з поўным тэкстам якой можна пазнаёміцца ў межах віртуальнага праекта на партале НББ. Аднак яго творчая спадчына значна большая і ахоплівае розныя накірункі: паэзія, проза, публіцыстыка, філасофія, дзённікі, лісты, літаратурна-крытычныя працы. Пазнаёміцца з яго спадчынай стала магчыма пасля вяртання дакументаў на радзіму і выхаду “Збора твораў: у 2 т. / Адам Бабарэка” (Вільня, 2011), падрыхтаванага дачкой пісьменніка Алесяй Бабарэкай, Ганнай Запартыкай і Віктарам Жыбулем.

Асобная падборка дакументаў новага віртуальнага раздзела прысвечана даследаванням творчасці Адама Бабарэкі. Яна дапаможа ўсім зацікаўленым больш грунтоўна пазнаёміцца з гэтай таленавітай асобай. Яго жыццю і творчасці прысвечаны кнігі У. Конана “Адам Бабарэка” (1976) і М. Ількевіча “Адам Бабарека: арест – лагерь – смерть: расправа со ссыльными белорусами в Кирове, 1937–1938 гг.” (1999), дзе сабраны матэрыялы, якія раней былі недаступнымі шырокай грамадскасці. Асаблівую цікавасць уяўляюць даследаванні эпісталярнай спадчыны Адама Бабарэкі. Некаторыя з артыкулаў сучасных аўтараў (Д. Давідоўскага, Г. Запартыкі, В. Жыбуля, Т. Лаўрык, Л. Рублеўскай) алічбаваны і даступны чытачу.

Адам Бабарэка быў арыштаваны 25 ліпеня 1930 г. у Мінску па справе “Саюза вызвалення Беларусі” і высланы ў Кіраўскую вобласць. Пісьменнік не меў магчымасці друкавацца, але, адчуваючы сваё прызванне, працягваў працаваць і пісаць літаратуразнаўчыя, філасофскія доследы, лісты да сяброў і сям’і.

Вялікі ўклад у вывучэнне спадчыны таленавітага даследчыка зрабіла Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, пры непасрэдным удзеле якой вярталася спадчына Адама Бабарэкі на радзіму ў канцы ХХ ст. Дзякуючы архіву-музею была падрыхтавана фотагалерэя для праекта, якую складаюць унікальныя фотаздымкі з сямейнага архіва крытыка, фота з пісьменнікамі, а таксама выявамі асабістых рэчаў, дакументаў, рукапісаў і лістоў аўтара. Частка даступных кожнаму фотаздымкаў – з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Цяпер на партале НББ даследчыкам даецца магчымасць пазнаёміцца з архіўнымі дакументамі, пры неабходнасці выкарыстоўваць іх са спасылкай на іх захавальнікаў.

Больш падрабязна пазнаёміцца з праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця” можна на партале НББ.

Матэрыял прадастаўлены інфармацыйна-аналітычным аддзелам НББ

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/adzin-z-pershykh-adam-babareka-novy-geroy-virtualnaga-praekta-na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.