Вы тут

Прыма-балерына Вялікага тэатра Ірына Яромкіна: Жаданне ствараць мне дораць дзеці


Гэтая балерына разбівае ўшчэнт ўсе стэрэатыпы. У яе — такой вытанчанай, далікатнай, палётнай — неверагодна моцны характар. Яна — мама траіх дзяцей, але для яе ніколі не стаяла дылема: сям'я ці прафесія. Нават калі яе паставяць перад такім выбарам, яна, ні хвіліны не вагаючыся, выбера дзяцей. І як добра, што ёй не даводзіцца рабіць такіх рашучых крокаў!

Практычна кожны вечар яна ззяе на сцэне, зноў і зноў скараючы сваім талентам гледачоў. Сёння госця «Алесі» — прыма-балерына Вялікага тэатра Беларусі Ірына Яромкіна.


— На сцэне вы ўвасабляеце самыя розныя вобразы, партыі, характары... Што дорыць вам натхненне?

— Пасля некаторых спектакляў здаецца, што табе ўжо нічога не хочацца, таму што ты цалкам выклаўся на сцэне, вывернуў самога сябе навыварат. Але я ведаю, што за межамі тэатра мяне чакае іншае жыццё. Так, жаданне ствараць дораць кнігі і музыка. Але самыя галоўныя мае натхняльнікі — мае дзеці! Калі мы разам, мы з дзяўчынкамі размаўляем, займаемся хатнімі справамі, гуляем, радуемся, смяёмся — і гэтая атмасфера дзіцячай наіўнасці і бязмернай любові мяне неверагодна напаўняе. І я гатовая ствараць далей!

— Ці хацелі б, каб дачкі прадоўжылі дынастыю артыстаў балета?

— Цяпер назіраю за сваімі дочкамі, гляджу, як яны развіваюцца, у чым кожная праяўляе сваю індывідуальнасць, характар і часам думаю: не патрэбны ім гэты балет... Хоць усе даныя ў дзяўчынак у наяўнасці і абедзве ў адзін голас заяўляюць, што абавязкова будуць балерынамі. Адна насок цягне, за ёй — другая, і абедзве крычаць: «Мама, паглядзі, як мы ножку паднялі!» А я думаю: ці трэба ім гэта?

— Чаму?

— Напэўна, я асцерагаюся, каб ім у галаве не засеў стэрэатып аб мадэльнай знешнасці, які цяпер асабліва навязвае грамадства. З дзецьмі пра іх фізічную форму трэба гаварыць вельмі акуратна, каб не траўміраваць іх псіхіку і не сфарміраваць няправільныя паняцці. У харэаграфічным вучылішчы я была пухленькая. «Таму што з Пухавіч», — жартавала настаўніца. Хоць цяпер гляджу на свае фатаграфіі — худзенькая дзяўчынка. Але я залішне адказна паставілася да сваёй знешнасці, стала сачыць за фігурай і лічыць калорыі. Быў выпадак, калі мужчына перада мной нёс кардонную каробку, а я шукала, дзе на ёй напісана каларыйнасць прадукцыі, але гэта аказалася каробка... з-пад тэлевізара.

Не хацелася б, каб праз гэта праходзілі мае дзеці. Цяпер у мяне засталася звычка есці мала. У нас у сям'і няма забароны на булкі ці макароны. Але дочкі ведаюць, што ў мучным шмат калорый, а калі не хочаш есці, то запіхваць у сябе ежу не варта. Магчыма, гэта будзе ім толькі плюсам у далейшым жыцці. Сын Максім быў у дзяцінстве досыць мажным дзіцем, цяпер ён выцягнуўся, у яго прыгожыя балетныя ногі. Нават жартую часам: можа, дарма не аддала цябе ў балет? (Усміхаецца.) А дочкам кажу: «Пакуль займайцеся ўсім, што падабаецца, а там паглядзім...»

— Вы не раз казалі, што, калі ў вас з'явіўся першынец Максім, думалі, што будзеце аддаваць сябе ўсю сыну, а не прафесіі...

— Але ёсць лёсавызначальныя рэчы, ад якіх не ўцячэш. Балет стаў важнай часткай майго жыцця менавіта калі з'явіўся сын. І пачаўся мой творчы ўзлёт, кар'ерны рост, галоўныя партыі. Памятаю, адной з першых сур'ёзных роляў стала Маша ў «Шчаўкунку» Пятра Чайкоўскага. У самым пачатку спектакля яна бяжыць насустрач свайму дзядзьку з тварам, які зіхаціць ад радасці, ад прадчування чарадзейства, цуду. Для таго каб настроіць сябе эмацыянальна, заўсёды перад гэтай сцэнай уяўляла, што ў глядзельнай зале сядзіць мой сын і глядзіць на мяне. І тады ў мяне з'яўлялася тая самая ўсмешка, якая была так неабходная для вобразу Машы... Максім — мой памочнік ва ўсім. Цяпер сын атрымлівае прафесію інжынера ў БДАТУ. Часам гляджу на 19-гадовага сур'ёзнага Максіма і ўспамінаю, як люляла яго на руках. Цяпер на руках ён носіць мяне...

— У пачатку гэтага года вы атрымалі званне народнай артысткі Беларусі. Што для вас значыць гэтая ўзнагарода?

— Любую ўзнагароду ўспрымаю як падзяку за нашу працу. Безумоўна, радасна, што адзначылі, спадзяюся, што заслужана. Любое званне — гэта рух наперад, творчы рост, своеасаблівы стымул і крыніца натхнення. А народны артыст — настолькі высокае прызнанне, што да яго можна ставіцца выключна з павагай. І калі за мяне шчыра радуюцца — вельмі прыемна. Наша прафесія патрабуе неверагодных фізічных сіл, канцэнтрацыі ўвагі, эмацыянальнай аддачы. Артысты балета не выходзяць на сцэну з думкай пра грошы за выступленне — выходзяць дзеля творчасці, у якую я заўсёды ўкладваю душу.

— Ці існуюць цяпер спектаклі, у якіх вы можаце расплакацца проста на сцэне?

— У нашым рэпертуары засталіся два спектаклі, у якіх не магу стрымаць слёз. Першы — балет «Страсці (Рагнеда)». Калі перад вачыма дубцамі б'юць дзіця — ком да горла падступае кожны раз і проста градам цякуць слёзы. Нічога не магу з сабой зрабіць... І самая першая сцэна балета «Анюта» вельмі цяжкая для мяне — тая, у якой хаваюць маму гераіні. Мне здаецца, гэта катастрофа ўсяго жыцця!

У балеце «Рамэа і Джульета» ўжо не плачу, уваходжу ў вобраз літаральна за некалькі секунд, як па пстрычцы, усведамляю ўсю трагедыю таго, што адбываецца... Але партыя Джульеты неверагодна складаная: у ёй сабрана практычна ўсё. Як і ў вобразе Кармэн у балеце Бізэ — Шчадрына, у якім усе крайнія эмоцыі жывуць у адзіным акце. Гэтыя 50 хвілін здаюцца паўнавартасным трохактным спектаклем! Пастаноўка Валянціна Елізар'ева спусташае цябе цалкам. Менавіта галоўная жаночая партыя ў «Кармэн-сюіце» варта ўсіх прэмій і ўзнагарод. Але і пра «Анастасію» не магу не сказаць. Юрый Траян «намаляваў» тут зусім іншую жанчыну — маці, жонку, абаронцу горада. І сіла гэтага вобраза неверагодная!

— Ці працуецца з Елізар'евым па-іншаму сёння, калі прайшла пэўная колькасць гадоў?

— У маладосці я вельмі баялася Елізар'ева — сумненне ў яго поглядзе выклікала ўва мне паніку. Пачынаўся мандраж, які не магла перамагчы. Цяпер з Валянцінам Мікалаевічам працуецца зусім па-іншаму: праз столькі гадоў пазнала яго з іншага боку. На апошніх рэпетыцыях «Рамэа і Джульеты» я адчувала яго падтрымку, якая ўсяляла ў мяне абсалютную ўпэўненасць. Не баялася заўваг, спакойна іх прымала — і работа была неверагодна плённая.

Калі ў артыста балета няма сцэнічнага вопыту, існуе нейкая сарамлівасць нешта выказаць асабліва эмацыянальна, баішся памыліцца, перажываеш, што пачуцці, якія цябе захлістваюць, могуць няправільна прыняць, што з цябе могуць пасмяяцца. У маладосці ў мяне бывала такое.

Але цяпер я магу выказваць эмоцыі настолькі моцна, наколькі я гэта адчуваю. Нават калі памыляюся — гэтага не баюся, спакойна прымаю крытыку, нешта мяняю і даю вынік.

Было прыемна, што Елізар'еву спадабалася, як я станцавала яго Джульету: што раблю, як танцую, што адчуваю і як выказваю эмоцыі. Раней да бязмернай павагі да Елізар'ева дадаваўся страх. Цяпер гэта любоў — любоў да Майстра, які маштабна і неардынарна мысліць, развівае балет і дзякуючы якому нараджаюцца гэтыя шэдэўры.

— Пасля 20 гадоў работы артыст балета можа сыходзіць на пенсію. Але і тут вы разбіваеце стэрэатыпы. Сёлета вам споўнілася 40 гадоў, але вы — вядучая балерына тэатра.

— Пашпартны ўзрост для балета не заўсёды паказальны. Для мяне пенсія ў 38 гадоў — гэта стэрэатып накшталт такіх, што балерына, каб быць паспяховай, нічога не есць і не нараджае дзяцей. І ў мінулыя стагоддзі, і цяпер былі і ёсць артысты, у якіх атрымалася захаваць сябе для сцэны — яны выходзілі танцаваць вядучыя партыі і пасля 40 гадоў. Марго Фантэйн, Алесандра Фэры, Мая Плісецкая... Паглядзіце на Ніну Ананіяшвілі. Ёй далёка за 50, а яна не проста выходзіць на сцэну ў тым ці іншым балеце, яна танцуе вельмі складаныя спектаклі, такія як «Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок». І пакуль я адчуваю, што годна выходжу на сцэну, я хацела б працягваць гэта рабіць...

Алена БАЛАБАНОВІЧ

Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.