Вы тут

Лукашэнка: Мы гатовы да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы прыняў даверчыя граматы кіраўнікоў трынаццаці дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь.


– Шчыра спадзяюся, што, як і многія вашы папярэднікі, вы прымеце сэрцам Беларусь, – звярнуўся да дыпламатаў кіраўнік дзяржавы. – Адкрыеце для сябе новую культуру, магчыма, знойдзеце ў ёй для сябе нешта блізкае  і сугучнае з традыцыямі свайго народу. Убачыце, якія цудоўныя людзі тут жывуць – душэўныя, адкрытыя, талерантныя.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пачатак місіі прадстаўнікоў замежных дзяржаў супадае з важнай палітычнай падзеяй у краіне – парламенцкімі выбарамі. «І вы зможаце асабіста пераканацца, што электаральная кампанія пройдзе ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і патрабаваннямі агульнапрынятых сусветных стандартаў», – не сумняваецца лідар краіны. – «Упэўнены, што, які б выбар не зрабіў беларускі народ на карысць тых або іншых кандыдатаў, гэта будзе выбар курсу на далейшае будаўніцтва суверэннай дзяржавы, эвалюцыйнае развіццё і памнажэнне нашых дасягненняў».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Захад заўсёды папракаў Беларусь у тым, што электаральныя кампаніі ў краіне праходзяць нецікава. «Але па першых днях, нават не пачатак агітацыі, а проста першыя дні збору подпісаў – ужо вельмі весела», – пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусь праводзіць адкрытую, міралюбівую і шматвектарную знешнюю палітыку. «Мы гатовы да цеснага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі, незалежна ад іх палітычнага ўплыву, геаграфічнай аддаленасці і эканамічнага патэнцыялу, – запэўніў ён. – Нашы ініцыятывы па захаванню міра і стабільнасці ў рэгіёне вядомыя ўсім. Беларусь заўсёды гатовая даць пляцоўку для вырашэння глабальных канфліктных пытанняў і правядзення найважнейшых міжнародных форумаў у рамках бяспекі».  

На думку Аляксандра Лукашэнкі, рознагалоссі ключавых сусветных гульцоў у сферы кантролю над узбраеннямі зноў абвастрае актуальнасць выпрацоўкі новых падыходаў у забеспячэнні міжнароднай і рэгіянальнай бяспецы і тым самым запатрабаванасць беларускай ініцыятывы аб аднаўленні адпаведнага міжнароднага дыялогу. 

«Мы будзем і надалей заклікаць не толькі вялікія, але і невялікія дзяржавы да прыняцця адпаведных мер па ўмацаванню даверу і эканамічнай стабільнасці», – паабяцаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ад дыпламатаў у значнай ступені будзе залежыць не толькі характар двухбаковых адносін паміж дзяржавамі, але і ўзровень узаемнага даверу і разумення.

Традыцыйна Аляксандр Лукашэнка сказаў некалькі слоў аб узаемадзеянні з кожнай дзяржавай, якую прадстаўляюць паслы.  

Расія – асноўны стратэгічны партнёр  і саюзнік Беларусі, а адносіны двух брацкіх народаў замацаваныя вузамі дружбы, добрасуседства і самымі цеснымі, часам крывавымі старонкамі агульнай гісторыяй, сказаў ён. «Мы пралівалі гэту кроў за тое, каб у Еўропе і свеце было спакойна, і не мы пачыналі гэтыя войны, але мы заўсёды (Гасподзь нам дапамагаў у гэтым) выходзілі  пераможцамі. Мы гэта помнім. Мы заўсёды там былі разам, і таму перамагалі», – падкрэсліў Прэзідэнт. 

«Зараз асаблівая ўвага надаецца пытанням саюзнага будаўніцтва.  Мы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным дамовіліся, што напярэдадні  знакавай даты – 20-годдзя падпісання дагавора аб стварэнні нашага саюза – павінны быць прынятыя канкрэтныя рашэнні па далейшай стратэгіі развіцця інтэграцыі. І мы гэта зробім», – паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Казахстан – стратэгічны партнёр Беларусі ў Еўразійскім рэгіёне, сказаў Прэзідэнт. «Беларуска-казахскія адносіны знаходзяцца на пад'ёме і суправаджаюцца актыўным палітычным дыялогам усіх галін  улады, – заўважыў ён. – Мы скіраваны на далейшае пашырэнне і дыверсіфікацыю  гандлёва-эканамічных сувязяў».

Прыярытэтнай задачай ва ўзаемадзеянні з іншым партнёрам па ЕАЭС – Кыргызстанам – кіраўнік дзяржавы назваў нарошчванне тавараабароту з выкарыстаннем эканамічнай інтэграцыі.

«У апошнія гады нам удалося істотна прасунуцца наперад  у дыялогу з Еўрапейскім саюзам, які з'яўляецца для нас адным з найбольш значных гандлёвых партнёраў, важнай крыніцай інавацый, неабходных для мадэрнізацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Мы скіраваны на выбудову  добрасуседскіх і прагматычных адносін з Еўрапейскім саюзам, якія не маюць на ўвазе выбар паміж Усходам і Захадам. Праўда, ЕС ад нас гэтага і не патрабуе. Упэўнены, што гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў бы прагрэс у спалучэнні еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў».

Развіццё ўсебаковага ўзаемадзеяння з краінамі Балтыйскага рэгіёна лідар Беларусі назваў нязменным прыярытэтам. «Для нашай дзяржавы прынцыпова важным з'яўляецца далейшае пашырэнне і паглыбленне ўзаемавыгадных адносін з Латвійскай Рэспублікай на аснове прынцыпаў добрасуседства і  ўзаемапавагі», – дадаў ён.

Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні разнапланавага супрацоўніцтва з Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй, разлічвае на інтэнсіфікацыю двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай галінах, запэўніў Прэзідэнт.

«Мы гатовы да далейшага канструктыўнага развіцця адносін з Вялікабрытаніяй па ўсіх ключавых кірунках, – звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага пасла гэтай краіны Жаклін Луіс Перкінс. – Дыялог са Злучаным Каралеўствам  мае асаблівую значнасць з улікам рашэння брытанскага народа аб выхадзе з Еўрасаюза і новай ролі краіны  на міжнароднай арэне».

Наша супрацоўніцтва з Балгарыяй мае даўнюю гісторыю, яле яго сённяшні ўзровень не ў поўнай меры адпавядае рэальнаму патэнцыялу адносін, лічыць кіраўнік дзяржавы.  Акрамя  турызму, мы маглі б развіваць адносіны ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і тэхналогіях, адукацыі і культуры.

Прэзідэнт пацвердзіў інтарэс Беларусі ў пашырэнні палітычных, эканамічных і культурных сувязяў з Харватыяй.

Аляксандр Лукашэнка вітаў павышэнне статуса дыпламатычнага прадстаўніцтва Швейцарскай Канфедэрацыі ў Беларусі і прызначэнне першага ў гісторыі Пасла Швейцарыі ў нашай краіне.

«Адной з ключавых знешнепалітычных мэт Беларусі з'яўляецца планамерная дыверсіфікацыя экспарту, дзе ў ліку асноўных кірункаў – супрацоўніцтва з краінамі так званай далёкай дугі. Не таму, што вы далёка, а таму што раней мы з вамі не мелі такога супрацоўніцтва», – сказаў Прэзідэнт. Таму мы зацікаўленыя ў паўнафарматным развіцці адносін з Гватэмалай.

Лідар краіны звярнуўся да новых паслоў Танзаніі і Эфіопіі: «Разлічваем на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з гэтымі краінамі, у першую чаргу ў стварэнні сумесных вытворчасцяў і паставак беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, якая ўжо добра вядомая ў большасці афрыканскіх дзяржаў».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў кіраўнікоў дыпламатычных місій, што яны заўсёды знойдуць разуменне не толькі з боку кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, рэгіёнаў, Міністэрства замежных спраў, але і з яго боку асабіста.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.