Вы тут

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі


Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч правёў сустрэчу з намеснікам міністра замежных спраў Балгарыі Петка Дойкавым.


Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты беларускага парламента, бакі абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама ход падрыхтоўкі візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са спікерам Савета Рэспублікі ў Балгарыю ў кастрычніку гэтага года.

«Мы надаём вялікае значэнне развіццю сяброўскіх адносін з Балгарыяй», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Ён прапанаваў абмеркаваць магчымасці ўмацавання двухбаковага партнёрства. На думку старшыні Савета Рэспублікі, патэнцыял дзвюх дзяржаў дазваляе гаварыць пра больш цесныя кантакты — палітычныя, гандлёва-эканамічныя, гуманітарныя. «У гэтым плане, мяркую, мы павінны дадаць. Для гэтага ёсць усе падставы, — заявіў ён. — Перш за ўсё, нам трэба актывізаваць кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях. Тут ёсць пэўны дэфіцыт, і нам неабходна гэтым сур'ёзна займацца».

Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі выказаў упэўненасць у магчымасці пашырэння міжпарламенцкага супрацоўніцтва, актывізацыі работы парламенцкіх груп дружбы. «Хацелася б, каб наша дзейнасць напаўнялася канкрэтнымі праектамі і справамі», — дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Савет Рэспублікі як Палата рэгіёнаў аддае асаблівую ўвагу развіццю рэгіянальнага супрацоўніцтва. «У нас вельмі шмат дамоў аб дружбе, супрацоўніцтве паміж гарадамі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтая работа насіла не дэкларатыўны характар, а была максімальна канкрэтная», — адзначыў ён.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама прапанаваў абмеркаваць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Мы маглі б выходзіць на сумесныя кампаніі і ствараць умовы для таго, каб прадстаўнікі бізнесу нашых краін больш актыўна працавалі адзін з адным», — заявіў ён. Міхаіл Мясніковіч прапанаваў балгарскім кампаніям стаць рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, а таксама Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Для балгарскага бізнесу супрацоўніцтва з Беларуссю — гэта магчымасць выхаду на перспектыўныя рынкі ЕАЭС, дадаў ён.

Акрамя таго, бакі абмеркавалі магчымасці ўмацавання партнёрства ў галіне адукацыі. Балгарскаму боку прапанавана стварыць адпаведную рабочую групу. На сустрэчы, сярод іншага, ішла гаворка і аб магчымасцях пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы навукі і тэхналогій. «Вашы навукоўцы маглі б больш актыўна працаваць у нашых лабараторыях і наадварот», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Ён таксама прапанаваў разгледзець магчымасці ўзаемадзеяння вучоных у рамках міжнародных праектаў, што рэалізуюцца з прыцягненнем сродкаў ЕС.

У сваю чаргу Петка Дойкаў падзякаваў за агучаныя прапановы і ініцыятывы. Ён падкрэсліў, што жаданне развіваць двухбаковыя адносіны цалкам узаемнае. «У нас у Балгарыі глядзяць на Беларусь як на краіну, з якой мы хочам развіваць адносіны. Мы вельмі станоўча ацэньваем дыялог і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ў апошнія гады. Вы правільна адзначылі, што гэты дыялог неабходна развіваць у будучыні», — падсумаваў ён.

 


Сектару апрацоўчай прамысловасці Брэстчыны трэба аддаць асаблівую ўвагу

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці, старшыня назіральнага савета ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг» Міхаіл Мясніковіч наведаў на мінулым тыдні Пінск. Падчас візіту быў разгледжаны ход рэалізацыі комплекснага плана мерапрыемстваў па ўстойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці горада да 2020 года. Са справаздачамі выступілі кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, паведамляе сайт верхняй палаты беларускага парламента.

Міхаіл Мясніковіч таксама прыняў удзел у пасяджэнні Савета дырэктараў ААТ «Кузлітмаш», дзе былі абмеркаваны вынікі работы адкрытага акцыянернага таварыства за першае паўгоддзе бягучага года, а таксама стратэгія далейшага развіцця, у тым ліку пытанні мадэрнізацыі і тэхперааснашчэння.

«У сувязі з тым, што шэраг вытворчасцяў і кірункаў дзейнасці, якія склаліся апошнім часам на «Кузлітмашы», пераразмяркоўваюцца на іншыя заводы, ці не атрымаецца так, што адсюль сыдуць заказы, а належнага замяшчэння не будзе», — пацікавіўся Міхаіл Мясніковіч. Генеральны дырэктар і кіраўніцтва Савета дырэктараў праінфармавалі, як вырашаюцца гэтыя пытанні.

Аналізуючы структуру валавога рэгіянальнага прадукту Брэсцкай вобласці, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што доля апрацоўчай прамысловасці ў яе можа быць больш вялікай. «Мы павінны аддаваць належную ўвагу развіццю прамысловага патэнцыялу рэгіёна. Нягледзячы на тое, што траціна валавога рэгіянальнага прадукту вобласці прыпадае на прамысловасць, у яе структуры каля 50 % — гэта харчовая і перапрацоўчая галіны і толькі каля 10—11 % складае прадукцыя машынабудавання», — канстатаваў ён.

Згодна з сусветнай практыкай, да эканамічна ўстойлівых адносяцца дзяржавы, доля апрацоўчай прамысловасці якіх у ВУП — 25 % і вышэй, нагадаў старшыня Савета Рэспублікі. «Па краіне мы так і маем — дзесьці 24—27 %, але калі паглядзець апрацоўчую прамысловасць Брэсцкай вобласці, яна прасядае», — адзначыў ён. У сувязі з гэтым пры разглядзе стратэгіі развіцця рэгіёна на наступную пяцігодку, работа над якой пачынаецца, Міхаіл Мясніковіч прапанаваў аддаць асаблівую ўвагу фарміраванню дадатковых магутнасцяў на дзеючых прадпрыемствах і стварэнню новых менавіта ў сектары апрацоўчай прамысловасці. «Гэта будзе і рост валавога рэгіянальнага прадукту і, безумоўна, структура ВРП будзе змяняцца ў лепшы бок», — падсумаваў ён.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.