Вы тут

«Калі не пойдзеш на кампраміс — будуць паважаць»


— Колькі часу быў участковым — столькі ж і дэпутатам сельсавета выбіралі, — кажа маёр міліцыі Дзмітрый ІГНАЦЬЕЎ. — За 22 гады мяне ў Церахоўцы ўсе ведаюць добра. Яшчэ і таму, што я тут жыў з маленства.

Адсюль, з гарадскога пасёлка Церахоўка, ён пайшоў вучыцца ў Гомельскі політэхнічны інстытут, пасля заканчэння якога лёс прывёў у міліцыю. Два гады ў ДАІ, а потым зноў на малую радзіму.


Дарэчы, гарадскі пасёлак Церахоўка некалі быў райцэнтрам. І сёння тут жыве 3200 чалавек. Большасць, канешне, вітаюцца з участковым як з суседам, але ж асобных грамадзян яго прозвішча прымушае ўспомніць пра абавязкі, якія трэба выконваць, а не толькі правы качаць.

Дзмітрый Вячаслававіч усміхаецца: чаго толькі не было за гэтыя гады! Праблемы сямейныя разрульваў, межы суседскія дзяліў, прытоны разганяў...

— Зброю, на шчасце, прымяняць не прыходзілася, а сітуацыі былі розныя. Затрымліваў злачынцу гадоў сем таму. У вёску Грушаўка выехалі ўсе службы, шукалі забойцу. Дзяжурылі з вечара да раніцы. Стала вядома, што злачынец у вёсцы. Раніцай ён праспаўся пасля п'янкі і выйшаў. Мы яго даганялі і затрымлівалі. Я — мясцовы, ведаю, чаго ад каго чакаць. Мой асноўны кантынгент: судзімыя, алкаголікі, скандалісты...

Прыкладна тыя ж грамадзяне ў першую чаргу трапляюць у поле зроку назіральных камісій сельвыканкама. Кожны чацвер у Церахоўцы — абход праблемных мясцін, дзе пражываюць адпаведныя грамадзяне. У звязцы са старшынёй Аляксандрам Кузняцовым усе пытанні «закрываюцца» вельмі хутка.

— Еду я на машыне, — старшыня Церахоўскага сельвыканкама ўспамінае выпадкі са штодзённага жыцця. — Бачу нейкіх асоб, якія разам выпіваюць. Адразу раблю фота на тэлефон і па Вайберы скідваю ўчастковаму. Інфармацыя не застаецца незаўважанай. Прапясочыць каго трэба і пратакол складзе. Мы хутка разам арыентуемся, калі бачым такія негатыўныя сітуацыі.

Дарэчы, да назіральных камісій сёння ўсе прызвычаіліся. Людзі ведаюць пра іх дзейнасць, асабліва тыя, да каго яны завітваюць пастаянна, — кажа маёр Ігнацьеў. — Мы ж наведваем і законапаслухмяных грамадзян, у тым ліку адзінокіх пажылых людзей. Ім дапамагчы трэба. Людзі звяртаюцца з рознымі праблемамі. У каго святло не гарыць на вуліцы, у каго асфальту няма. Потым падымаю гэтыя пытанні ў сельвыканкаме, і разам мы іх вырашаем па меры магчымасці.

Стасункі з сельсаветам даўно вельмі шчыльныя: і на прафесійным, і на дэпутацкім, і на чалавечым узроўні. Дзмітрый Вячаслававіч гаворыць, што старшыня сельвыканкама звяртаецца да яго часта:

— Асабліва, калі трэба паехаць туды, дзе ўсякага можна чакаць. Незагойны боль любой вёскі — тыя, хто сябруе з алкаголем. Нам тэлефануюць з мясцовай гаспадаркі — «дэкрэтчык» не выйшаў на работу. Выязджаю, вышукваю, прыводжу. Такіх мы за руку водзім. Самых злосных накіроўваем у ЛПП. Была ў нас жанчына, якая доўга вяла асацыяльны спосаб жыцця. Яна ў нас на ўліку па Дэкрэце № 18. Дзяцей у яе адабралі за злоўжыванне спіртнымі напоямі. Мы яе накіроўвалі некалькі разоў лячыцца ў ЛПП. Цяпер яна змагла прыпыніцца і не піць. Працуе і няма да яе ніякіх пытанняў.

Сям'я ўчастковага прызвычаілася да яго непрадказальнай работы. Маёр кажа, жонка разумее ўсе асаблівасці: не скардзіцца, калі раніцай муж вяртаецца. Між тым, хоць і рэдка, але ён знаходзіць час для даўняга захаплення:

— Люблю дома нешта зрабіць з металу. Зваркай займаюся — выключна для сябе. Калі час знаходзіцца, такім чынам душу можна адвесці.

На тэрыторыі Церахоўскага сельсавета тры міліцэйскія ўчасткі. Старшыня Аляксандр Кузняцоў кажа, што з усімі ўчастковымі агульную мову знаходзіць:

— У нашым вялікім сельсавеце жыве 4300 чалавек. Ёсць з кім праводзіць прафілактыку. Увогуле ж добра, калі ўчастковы міліцыянер жыве на той тэрыторыі, дзе і працуе. Бо часам здараецца, што «вясёлае жыццё» на вёсцы пачынаецца якраз пасля заканчэння рабочага дня. Калі дэбашыры ведаюць, што ўчастковага побач няма, могуць і не на жарт разысціся.

Пытаюся ў маёра Ігнацьева: як лічыце, вас больш баяцца ці паважаюць?

— Як сябе праявіш, — адказвае. — Калі прынцыпова, не пойдзеш на кампраміс — будуць паважаць.

Між тым пакуль пісаўся гэты тэкст, Дзмітрый Ігнацьеў заняў іншую пасаду. Ён цяпер выконвае абавязкі камандзіра ўзвода па ахове тэрыторый радыяцыйнага забруджвання Добрушскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Значыць, будзе пільна сачыць за парадкам на тых выселеных тэрыторыях, якія людзям наведваць забаронена. Прынамсі, некаторыя імкнуцца менавіта на гэтай зямлі папаляваць ці праз яе незаўважна правезці металалом у Расію.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

г. Добруш

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.