Вы тут

Генадзь Вайтовіч: Я назваў бы нашых сучаснікаў грамадствам павышанай канфліктнасці


Большасць злачынстваў, раскрытых па гарачых слядах на Брэстчыне, — на рахунку ўчастковых

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама Генадзь ВАЙТОВІЧ не толькі кіруе службай участковых на абласным узроўні, Генадзь Васілевіч добра ведае гэтую службу. Некалі ён пачынаў работу ў міліцыі з пасады ўчастковага інспектара ў Брэсцкім РАУС. З ім і размаўляем пра асаблівасці цяперашняй работы міліцыянера на сваім участку. Пачынае гаворку Генадзь Вайтовіч з прыемнай акалічнасці.


— Сёлета на абласную Дошку пашаны занесены наш супрацоўнік Сяргей Манцэвіч, старшы ўчастковы інспектар Бярозаўскага РАУС. Працуе Сяргей Мікалаевіч у Сігневіцкім сельсавеце. Разам з мясцовай уладай, саветам па прафілактыцы правапарушэнняў участковы зрабіў нямала для падтрымання законнасці і парадку на сваім участку. Яго заўважылі і адзначылі. Як той казаў, не для гэтага працуем, але ўсё роўна прыемна, калі заахвочваюць міліцыянера.

Асабліва сельскія супрацоўнікі ўвесь час знаходзяцца на пярэднім краі: участковы разглядае скаргі, мірыць адных, ушчувае іншых, выязджае па выкліках, праводзіць прафілактычную работу з праблемнымі грамадзянамі.

— Такім чынам, участковы працуе ў адной звязцы з сельскім Саветам?

— Вядома. Пры кожным органе мясцовай улады створаны саветы па прафілактыцы, якія праводзяць свае пасяджэнні прыкладна раз на месяц. Туды запрашаюцца грамадзяне, якія сваімі ўчынкамі альбо паводзінамі, ладам жыцця парушаюць грамадскі парадак. З імі гутараць, угаворваюць, «прапясочваюць», папярэджваюць. Гэта і называецца выхаваўчай работай. Не заўсёды яна прыносіць жаданыя вынікі, але ж нават калі адзін з дзесяці возьмецца за розум або хоць крышачку менш стане піць ці дэбашырыць, варта гэтую работу праводзіць зноў і зноў.

На асаблівым кантролі міліцыянераў знаходзяцца асобы, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Часта патрабуецца аказваць ім рэальную дапамогу ў працаўладкаванні, сацыялізацыі. А часам вельмі важна паказаць, што міліцыя трымае яго ў полі зроку. Бо не сакрэт жа, што такіх грамадзян нярэдка пабойваюцца іх аднавяскоўцы. Асабліва, калі вёска невялікая, засталіся некалькі сем'яў пенсіянераў ды адзінокіх бабулек. Гэта такі, можа, не асабліва бачны бок нашай штодзённай работы, але яна вельмі важная. У горадзе ж участковы працуе з дамавымі, вулічнымі камітэтамі. У вялікіх гарадах свая спецыфіка, і праблемнага кантынгенту грамадзян яшчэ больш. Адным словам, работы хапае.

— Сёння выпадае гаварыць, што прафесія ўчастковага даволі небяспечная. Маю на ўвазе рэзанансную трагедыю мінулага года, калі ў Івацэвіцкім раёне загінуў участковы пры планавай праверцы паляўнічай зброі.

— Так, самае горкае, калі даводзіцца хаваць калегу, ды яшчэ ў такім маладым узросце. Ужо і сёлета наш супрацоўнік атрымаў нажавое раненне ў Іванаўскім раёне пры затрыманні хулігана. Такая спецыфіка — участковы часта аказваецца першым, калі паступае сігнал, людзі просяць дапамогі. Нярэдка ён выязджае адзін. Але ж названыя вышэй выпадкі, на шчасце, усё ж выключэнне, а не правіла. А правіла, што ўчастковыя сапраўды вельмі часта аператыўна аказваюцца на месцы злачынства і раскрываюць яго або дапамагаюць раскрыць. Здараецца, самі затрымліваюць правапарушальнікаў.

— Можна прывесці канкрэтныя прыклады?

— Вось адкрываю ўчарашнюю зводку: у Бярозаўскім раёне ўчастковы праводзіў прафілактычны аб'езд падчас уборкі ўраджаю. Заўважыў падазроны аўтамабіль, праверыў, а там — паўтара цэнтнера скрадзенага збожжа. У выніку збожжа вярнулі сельгаспрадпрыемству, злодзей панёс адказнасць. А выпадак паслужыў навукай для тых, хто ахвочы да чужога, таго, чаго не вырошчваў... Тут значацца таксама дробныя крадзяжы, раскрытыя ўчастковымі. Калі схапіць за руку на дробным крадзяжы, гэта прафілактыка крадзяжу большага...

Калі звярнуцца да крыху ранейшых зводак, чытаем: у Драгічынскім раёне ўчастковы інспектар Сяргей Лісавец самастойна раскрыў злачынства. Паступіла заява аб знікненні грамадзяніна з вёскі Татарнавічы. Участковы ўстанавіў, што мужчыну збіла машына. Пазней знайшоў цела, якое віноўнік аварыі прыхаваў на ўзбочыне. Аператыўна быў знойдзены і кіроўца, які ўчыніў ДТЗ са смяротным зыходам...

Кобрынскі ўчастковы Ігар Бартноўскі выратаваў жанчыну, якая была гатовая скочыць з моста. Аб падазроных паводзінах жанчыны паведамілі на лінію 102 відавочцы, першым на месцы здарэння аказаўся ўчастковы, ён і сумеў адцягнуць увагу патэнцыяльнай суіцыдніцы размовамі, а потым здолеў падысці бліжэй...

А вось з самых нядаўніх зводак. На новым аўтавакзале ў Брэсце пенсіянерка забылася тэлефон. Калі агледзела дома, пазваніла ў міліцыю. Першым на месца прыбыў участковы Андрэй Патапчук. Міліцыянер адгледзеў запісы камер відэаназірання і па прыкметах вылічыў падазраваную, потым даведаўся, што білет яна ўзяла ва ўкраінскім напрамку. І ўжо ў пункце перасячэння мяжы візіцёрку затрымалі, у яе багажы і аказаўся той самы тэлефон, які вярнулі пенсіянерцы.

Ды такіх прыкладаў шмат. Вось, скажам, за 9 верасня ў вобласці здзейснена 30 злачынстваў, пяць з іх раскрыта ўчастковымі. І так штодня, кожнае чацвёртае, пятае злачынства раскрываецца ўчастковымі, асабліва ў сельскай мясцовасці. І гэта не нейкія гераічныя ўчынкі. Гэта работа, штодзёншчына, для гэтага і стваралася наша служба 95 гадоў таму.

— Але ж сёння ўмовы і фактары работы адрозніваюцца не толькі ад тых, якія былі амаль ці не сотню гадоў, але і ад таго, як працавалі папярэднікі 40—30 гадоў таму.

— Я назваў бы нашых сучаснікаў грамадствам павышанай канфліктнасці. Канфлікты здараюцца паміж суседзямі, членамі сям'і, людзьмі малазнаёмымі, выпадковымі сабутэльнікамі. І нярэдка становяцца прычынай злачынства. Скажам, раней асабліва ў вясковым асяродку палічылі б за сорам званіць у міліцыю, калі чыя каза ўлезла ў суседскі агарод. Цяпер усё проста, а сігнал аўтаматычна азначае ўчастковаму каманду на выезд. І траціць ён доўгія гадзіны часу на высвятленне чужых адносін, бо злашчасная каза ўзновіць у памяці бакоў усе назапашаныя гадамі крыўды. Гэта фігуральны прыклад і, можа, адзін з самых нейтральных. А калі сямейны канфлікт заканчваецца пабоямі, гвалтам, тут ужо даводзіцца выкарыстоўваць сілу альбо спецсродкі. Гісторыя сабутэльнікаў, якія спачатку пілі, потым біліся, становіцца амаль што крымінальнай класікай. І ўсё гэта даводзіцца разбіраць участковаму інспектару. А ў вёсцы ён і за АМАП, і за патрульны нарад, і за ДАІ. Такім чынам чалавек увесь час у стане стрэсу. А вось сам ён павінен умець гасіць канфлікты, усталёўваць спакой і парадак. Сёння, як вы ведаеце, ад міліцыі асабліва патрабуецца захоўваць законнасць, праяўляць павагу і такт у адносінах да грамадзяніна. Аб гэтым мы гаворым на кожнай нарадзе з нашымі ўчастковымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Ці звярталіся вы да свайго ўчастковага?

Вікторыя Дзяшковіч, Мінская вобласць:

— Я жыву ў сельскай мясцовасці, таму ў нас усе ведаюць адно аднаго. А ўчастковы карыстаецца вялікім аўтарытэтам, таму да яго звяртаюцца часта. Менавіта мне ён не раз дапамагаў з юрыдычнымі пытаннямі. Наш участковы — гэта не толькі чалавек пры пасадзе, гэта наш аднавясковец, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Анастасія Пракапенка, Гомельская вобласць:

— Мне не прыходзілася звяртацца да свайго ўчастковага, але ведаю, што работа ў яго даволі складаная. Людзі розныя бываюць: хто ноччу ў дзверы стукае, шукаючы дапамогу, хто ўдзень праходу не дае. А ў вёсцы рознае бывае: і крадзяжы, і бойкі... Вось і атрымліваецца, што работа ў яго без выхадных і адпачынку.

Ганна Пацяйчук, Брэсцкая вобласць:

— Памятаю, як мае суседзі ноччу ладзілі вечарыну і вельмі шумна сябе паводзілі. Калі цярпенне скончылася, я патэлефанавала нашаму ўчастковаму. Той прыйшоў і належным чынам з усім разабраўся. Добра, калі ёсць чалавек, які можа дапамагчы ў такіх сітуацыях.

Максім Лубачкін, Гродзенская вобласць:

— У нашым раёне ўчастковы — гэта чалавек, на якога заўсёды можна спадзявацца. Ён і парады добрыя дасць, і людзям у цяжкіх абставінах дапаможа. Менавіта мне звяртацца да яго не прыходзілася, але ведаю, што ў любым выпадку ён вырашыць праблему.

Загаловак у газеце: Першы — па выкліку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?