Вы тут

Патрэбы вяскоўцаў Рагачоўшчыны сёння задавальняюць спецыялізаваныя машыны


Патрэбы вяскоўцаў Рагачоўшчыны сёння задавальняюць спецыялізаваныя машыны, якія прывозяць ім не толькі прадукты і пошту, але канцэрты і кнігі

Эфектыўнасць абслугоўвання насельніцтва і яго занятасць. Як гэтыя праблемы вырашаюць на практыцы ў Рагачоўскім раёне? Гэтым зацікавіліся старшыні Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельскай вобласці і наведалі шэсць сельсаветаў раёна ў межах традыцыйнага абласнога семінара.


Дырэктар Збароўскага сельскага дома культуры Антаніна Варанцова прэзентуе міні-праект «Скарбы Збароўскай зямлі».

У аграгарадку Лучын Забалацкага сельсавета госці пазнаёміліся з работай базавай школы, якую прэзентаваў яе кіраўнік, дэпутат райсавета Аляксандр АМЯЛЮСІК. У Запольскім сельсавеце адбылося знаёмства з мясцовымі праектнымі ініцыятывамі. А гэта музеі «Таямніцы гаючых раслін», «Беларуская лялька», дом-музей пісьменніка Уладзіміра Кігна-Дзедлава, добраўпарадкаванне парку ў вёсцы Кісцяні, арганізацыя фестывалю «Дзяцінства — чароўная краіна» і многія іншыя. Падобная актыўнасць спрыяе занятасці насельніцтва, развіццю тэрыторый сельсаветаў і папулярызацыі раёна. У Збароўскім сельсавеце акцэнтавалі ўвагу на дзейнасці Рагачоўскага вопытна-вытворчага лясніцтва — паказальнага ў плане добраўпарадкавання і досведу работы па вырошчванні лясных культур. Таксама госці азнаёміліся з Гадзілавіцкім сельсаветам і вёскай будучыні — аграгарадком Ціхінічы, цэнтрам аднайменнага сельсавета.

Тут працуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, спартыўнай арэнай, трэнажорнай залай, саўнай, більярдам. Побач — футбольнае поле з трыбунай на 400 месцаў, тэнісная, баскетбольная, валейбольная пляцоўкі. На тэрыторыі аграгарадка ёсць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, медыцынская амбулаторыя агульнай практыкі, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, грамадскі цэнтр культуры і вольнага часу, дзіцячая школа мастацтваў, бібліятэкі.

Гэты населены пункт — адзін з 25 самых перспектыўных Гомельскай вобласці. Вытворчасць тут актыўна развіваецца, і ёсць магчымасці для стварэння новых рабочых месцаў.

— Па сутнасці — гэта прыклад таго, як глыбінка можа жыць цікавым, самадастатковым жыццём і быць прыкладам для іншых, — заўважыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына ЗЕНКЕВІЧ. — Падобныя вёскі будучыні могуць быць у кожным раёне вобласці, прычым неабавязкова ствараць іх з нуля. База ёсць у многіх аграгарадках.

Старшыня Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна ГАНКОВІЧ адзначыла, што перад сельсаветамі пастаўлена задача зрабіць жыццё мясцовых жыхароў максімальна набліжаным да гарадскога па даступнасці і якасці аказваемых паслуг. Досвед раёна ў гэтым кірунку заслугоўвае ўвагі.

Намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама, які адначасова з'яўляецца і намеснікам старшыні мясцовага райсавета, Аляксей ЗАВІШАЎ падзяліўся досведам работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання па павышэнні эфектыўнасці абслугоўвання і арганізацыі занятасці насельніцтва. Ён расказаў пра тое, што тры чвэрці з 200 населеных пунктаў раёна цяпер не маюць стацыянарных гандлёвых аб'ектаў. Іх абслугоўваюць аўталаўкі не толькі спажыўкааперацыі, але і індывідуальных прадпрымальнікаў...

Таксама жыхары многіх вёсак Рагачоўшчыны паступова прыстасаваліся да таго, што абслугоўванне іх патрэб звязана са своечасовым прыбыццём блакітнай машыны перасоўнай пошты. Дарэчы, паштавікі ў сваю чаргу пастаянна пашыраюць пералік паслуг, якія аказваюць сваім кліентам. Цяпер, напрыклад, аддзяленням РУП «Белпошта» ў сельскай мясцовасці дэлегаваны правы па ажыццяўленні многіх банкаўскіх аперацый фізічных асоб. У іх ліку аперацыі з аплатнымі картамі і крэдытаванне. У кожным населеным пункце, дзе жыве больш за 1,5 тысячы жыхароў, аказваюцца паслугі шырокапалоснага доступу ў сетку інтэрнэт.

— Па пытаннях транспартнага забеспячэння ў райцэнтры і Рагачоўскім раёне ёсць звароты грамадзян, — адзначае Аляксей Віктаравіч. — Летась іх было 16, за паўгода сёлета — 8. Для ўдасканалення транспартнага абслугоўвання насельніцтва неабходна комплексна развіваць сістэму аўтобусных перавозак. Гэта датычыцца развіцця сеткі аўтамабільных дарог, маршрутнай сеткі, сеткі пасажырскіх лінейных збудаванняў, вытворча-тэхнічнай базы, удасканалення перавозак, дыспетчарскага кіравання і кантролю за работай аўтобусаў, павелічэння хуткасці перавозак і павышэння іх камфортнасці...

Сацыяльным абслугоўваннем ахоплены 125 населеных пунктаў Рагачоўскага раёна, з якіх 58 з'яўляюцца маланаселенымі і аддаленымі. Інвалідам і пажылым грамадзянам у аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома аказваецца комплекс сацыяльных паслуг. Выкарыстоўваюцца ў тым ліку новыя формы: прыёмная, гасцявая, патранатная сем'і, санаторый дома.

Сёлета ў раёне з адной жанчынай заключылі дагавор рэнты. Паводле яго, Рагачоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гарантуе абслугоўванне пяць разоў на тыдзень, а таксама аплату камунальных паслуг за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Грамадзянка працягвае жыць у сваёй кватэры, а пасля смерці яе жыллё пяройдзе ў камунальную ўласнасць раёна.

Дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя ў раёне выконваюцца ў поўным аб'ёме. Акрамя цэнтральнай раённай бальніцы на 344 ложкі, тут дзейнічае Доўская ўчастковая бальніца, дзе ёсць не толькі тэрапеўтычнае аддзяленне, але аказваецца сястрынскі і паліятыўны догляды. Што датычыцца адукацыйных паслуг, адзначае Аляксей Завішаў, то ў сувязі з невялікай колькасцю дзяцей у сельскіх населеных пунктах установы перапрафілююцца ў навучальна-педагагічныя комплексы ці ліквідуюцца:

За першае паўгоддзе гэтага года на Рагачоўшчыне адбылося павелічэнне колькасці занятых у эканоміцы на 69 чалавек. Прапанова вакансій складае больш як пяць для аднаго беспрацоўнага.

— Пры гэтым паўсюдна ажыццяўляецца падвоз дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці, у школы і дашкольныя ўстановы іншых населеных пунктаў.

Аб рабоце Забалацкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва інфармуе старшыня Ала Сулоева.

Культурныя мерапрыемствы, што праводзяцца на Рагачоўшчыне, збіраюць аматараў не толькі раёна. Самыя маштабныя — вядомыя далёка за яго межамі: фестываль «Смак мёду», свята «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!», фестываль песні «Вясёлка над Доўскам»... У раёне склалася сістэма культурнага абслугоўвання насельніцтва не толькі буйных аграгарадкоў, але і маланаселеных, аддаленых вёсачак, дзе праводзяцца традыцыйныя народныя святы і абрады, арганізуюцца канцэртныя выступленні... Значнае месца ў гэтым займае аўтаклуб, які абслугоўвае 188 малых вёсак па ўсім раёне.

Сельскія бібліятэкі сёння — адзіная бясплатная крыніца культуры і інфармацыі, даступная вяскоўцам. Гэтыя ўстановы культуры вельмі запатрабаваныя і з'яўляюцца цэнтрам вольнага часу і месцам кантактаў людзей. У Рагачоўскім раёне цяпер 33 бібліятэкі, 30 з іх — у вёсках. Але ж за апошнія сем гадоў 11 прыйшлося закрыць.

З 2014 года па вёсках раёна курсіруе перасоўная бібліятэка — бібліёбус. Ён абслугоўвае 40 населеных пунктаў па 11 маршрутах. Магчымасці бібліёбуса даюць шанц усім запісацца ў цэнтральную бібліятэку, атрымаць кнігі, а таксама прыняць удзел у буккросінгу.

— Усе віды паслуг, безумоўна, важныя, — дадае намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Завішаў. — Аднак, службам, адказным за гэтыя паслугі, неабходна ўвесь час працаваць над пашырэннем спектра, паляпшэннем якасці і даступнасці, вывучаючы і ўлічваючы інтарэсы і пажаданні насельніцтва.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Паслугі на колах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.