Вы тут

Хто папоўніць спіс ганаровых грамадзян і Кнігу гонару Гродна?


Дэпутаты гарадскога Савета пагадзіліся з кандыдатурамі жыхароў абласнога цэнтра, якія папоўняць спіс ганаровых грамадзян і Кнігу гонару Гродна. Гэтым разам абраныя алімпійскі чэмпіён, дзеяч культуры і журналіст. Працэдура ўшанавання адбудзецца падчас Дня горада.


Як паведаміла старшыня камісіі, намеснік старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша, на разгляд паступіла дзве кандыдатуры — Канстанціна Лукашыка і Уладзіміра Сяргейчыка. Ні адна з іх не выклікала спрэчак у членаў камісіі. Адобрылі кандыдатуры і дэпутаты. У рэзюме было падкрэслена, што абодва гродзенцы зрабілі значны ўнёсак у развіццё горада. Канстанцін Лукашык — алімпійскі чэмпіён 1992 года па кулявой стральбе, неаднаразовы ўдзельнік Алімпіяды. Добра ведаюць у горадзе і Уладзіміра Сяргейчыка. Ён заснавальнік гродзенскіх ансамбляў «Гарадзенскія карункі» і «Забава». Нязменны рэжысёр сямі рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур.

Такім чынам у спісе зараз амаль 40 ганаровых грамадзян. Ёсць сярод іх і некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў, у тым ліку Вольга Корбут і яе трэнер Рэнальд Кныш.

Значная частка ганаровых грамадзян — гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі горад, удзельнічалі ў партызанскім руху. Іх імёнамі названы вуліцы горада — Дзмітрый Карбышаў, Іван Болдзін, Герой Савецкага Саюза Іван Лебедзеў, Вольга Соламава. Дарэчы менавіта ветэраны былі ў ліку першых ганаровых грамадзян. А заснавана званне роўна 55 гадоў таму. Пазней, у пачатку 2000-х, рашэннем гарсавета было вырашана прысвойваць ганаровае званне жыхарам горада за грамадскія заслугі, вытворчую дзейнасць, дасягненні ў развіцці навукі, мастацтва, архітэктуры і спорту. Сёння ў спісе — кіраўнікі вядомых гродзенскіх прадпрыемстваў, структур улады, дзеячы культуры. У прыватнасці, Адам Чопчыц — кіраўнік народнага ансамбля песні і танца «Нёман», заслужаны дзеяч культуры Аляксандр Шыдлоўскі, Юрый Якавенка — вядомы мастак, дыпламант шматлікіх міжнародных выставак і конкурсаў.

Дарэчы, званне ганаровага грамадзяніна існавала ў Гродне яшчэ ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У той час па просьбе гродзенцаў яно было прысвоена пісьменніцы Элізе Ажэшцы.

Але гэта не адзіны статус ушанавання знакамітых гродзенцаў. У горадзе ў 2007 годзе была зацверджана Кніга гонару. І яна штогод папаўняецца новымі імёнамі. Сёлета ў яе будзе занесена імя Аляксандра Ласмінскага — вядомага гродзенскага журналіста, тэлевядучага, заснавальніка першага гарадскога тэлебачання, аўтара не аднаго дзясятка фотаальбомаў аб Прынёманні.

Дарэчы, на разгляд камісіі паступіла некалькі кандыдатур. У іх ліку — былы начальнік будаўнічага ўпраўлення аблвыканкама і гродзенскі архітэктар. Большасць дэпутатаў падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Ласмінскага. Цяпер у Кнізе гонару каля 40 чалавек, сярод іх — алімпійскі чэмпіён Іван Ціхан, генеральны дырэктар кампаніі «ЗОВ» Уладзімір Зухавіцкі, трэнер жаночага хакейнага клуба «Рытм» Ніна Дашко, майстар спорту Іван Ядэшка, скульптар Уладзімір Панцялееў, мытнік і краязнавец Віктар Саяпін.

Як адзначыла старшыня камісіі, штогод у Кнігу гонару заносіцца не больш двух імёнаў, столькі ж атрымліваюць званне ганаровых грамадзян. Для апошніх прадугледжваецца і матэрыяльнае заахвочванне — 30 базавых велічынь, а Кніга гонару — гэта прэстыжны праект без выплат.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота - «Гродзенская праўда».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.