Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Танцуй... Пакуль не замужам?

Фота: kartinki24.ru

Санаторый, у які я прыехала падлячыцца, знаходзіўся ў маленькім літоўскім гарадку — чысценькім, дагледжаным. Азёр побач з ім не было, але побач нёс свае воды наш бацька Нёман. Летам ён прывабіў бы шмат народу, пераважна маладога, ахвочага пакупацца, а тады быў сакавік, «не сезон», ды і люд у санаторыі досыць сталага ўзросту. Днём, як водзіцца, мы хадзілі на розныя працэдуры, наведвалі дактароў, а па вечарах пачыналася так званая культурная праграма: нехта ішоў гуляць па беразе Нёмана, нехта — у кіно ці на танцы. Ну сапраўды, які сэнс аднаму, як той ёлупень, сядзець у пакоі, калі можна (дай бог у добрай кампаніі) некуды схадзіць — на людзей паглядзець і сябе паказаць, паслухаць, што называецца, жывую музыку, «адарвацца» ў скоках...

У той вечар мне пашчасціла: у клуб збіралася мая суседка Таццяна, запрашала на танцы і мяне.

Прыйшлі. Народу, бачым, процьма. Жанчыны ўсе расфуфыраныя, з прычоскамі, з манікюрамі. Ну хто ж не хоча выглядаць маладзей, чым напісана ў пашпарце? Да таго ж там, дзе іграе духавы аркестр, дзе ўзросту твайго ніхто не ведае?

Факт, што дамы былі пры парадзе. А вось кавалеры...

Як мне здаецца, яны не ўмеюць выглядаць маладзейшымі. У большасці спіны сагнуліся, жываты адвіслі, разумныя валасы даўно пакінулі галовы (не будзем удакладняць якія і з якіх прычын)... На такіх «малайцоў» паглядзіш, — міжволі падумаеш, што ім, можа, лепш было б у даміно пагуляць альбо ў падкіднога, а яны вось па клубе — ад жанчыны да жанчыны. Заручальныя пярсцёнкі паздымалі і ўсе ўжо «нежанатыя», усе, як быццам, жаніхі ды танцоры, бо дзе ж яшчэ ўспамянуць маладосць, як не на курорце?

Да таго ж і ў люстэркі яны глядзяць хіба пры галенні, то-бок цалкам, як правіла, сябе не бачаць... А душа — яна ж заўжды маладая. Ды і ў народзе кажуць, што калі мужчына крыху прыгажэйшы за чорта, то ўжо і красунчык. Калі ж да таго і трохі манер...

Іншымі словамі стараліся «хлопцы»: досыць галантна запрашалі жанчын на танцы (нас з суседкай таксама) — з некім знаёміліся, заводзілі размовы... Таню адзін кавалер аж тройчы запрашаў. Што і не дзіва! Жанчыне ўсяго трыццаць пяць. У санаторый першы раз прыехала. А тут і кампанія, і жывая музыка, і танцы... Вочкі так і гараць, бо ўсё ў навіну, цікава!

Вяртаецца вось пасля добрага вальса — шчаслівая, пачырванелая — і кажа мне:

— Ведаеце, а там у куце, у натоўпе мужчын, адзін чалавек мільгануў... Якраз як мой муж... У яго, дарэчы, і кашуля такая ж ёсць — блакітная. Летась на дзень салдата дарылі.

Я стала ўзірацца ў кут, дзе стаялі мужчыны, шукаючы «патрэбную» кашулю... Таню тым часам зноў запрасілі на танец.

Аднак адысці ад сцяны яна не паспела, бо з натоўпу мужчын «вынырнуў» адзін (досыць прыгожы, у блакітнай кашулі), хуткім крокам рушыў насустрач.

— Дык вось як ты лечышся? — грозна прамовіў ён. — Мне ж пра гэта казалі... Мяне папярэджвалі... А я, дурань, верыць не хацеў: адпусціў цябе... А ну марш дамоў!

Мужчына рашуча «адцягнуў» Таццяну ад партнёра і як малую, за руку, павёў на выхад.

...Калі я вярнулася ў пакой, суседкі і след прастыў. А шкада: яна так рада была свайму водпуску (два гады, казала, з работы не адпускалі!), так хацела адпачыць ад усяго, ад хатніх спраў, пабыць проста жанчынай.

І не прывялося.

З. М. Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Паэзія і проза жыцця

Людзі кажуць, што ў першы дзень — госць золата, у другі — серабро, а ў трэці — медзь: дадому едзь.

Танечка, пляменніца майго мужа з Бранска, гасціла ў нас амаль тры тыдні, і за гэты час мы ніколькі не стаміліся. Хутчэй наадварот: нагаварыліся, нагуляліся, разам напрацаваліся, назбіралі трохі ягад ды грыбоў...

І пасмяяцца мелі з чаго. Ну, уявіце: у нас на дачы (няёмка і прызнавацца), як толькі прыехала госця, стала прападаць... туалетная папера. Некалькі дзён мы з мужам губляліся ў здагадках, пакуль не даведаліся, што на рабоце ў нашай Танечкі ў гэты маленькі дамок кожны ходзіць са сваёй... А потым — адпаведна — забірае. Прывычка... І яна ўжо настолькі ў крыві, што нават у гасцях і ў час адпачынку Таня з рулонам пад пахай магла з'явіцца і на гародзе, і на кухні, і на канапе ля тэлевізара...

Фота: timeincuk.net

Карацей, насмяшыла нас, а як мяне дык вярнула ў мінулае, у часы татальнага дэфіцыту на ўсё.

...Якраз тады, помню, я аддавала замуж сваю сяброўку. Вяселля маладыя зусім не хацелі, а паколькі бацькі настойвалі, згадзіліся на больш чым сціплы варыянт. Маўляў, у загс яны пойдуць пехатой, распішуцца. Госці з найбліжэйшай радні і купкі сяброў пачакаюць іх дома ў нявесты...

І вось у прызначаны час сталы ўжо накрытыя, госці пазіраюць на іх, як той кот на каўбасы, аднак нешта выпіць ці з'есці ўсё не выпадае, бо мінула гадзіна, пайшла другая, а маладых ўсё няма і няма. Маці іх ужо ледзь не плачуць («Нешта зрабілася!»), ба́цькі — абодва — кураць папяросу за папяросай, а мы, госці, уголас перабіраем усе магчымыя варыянты затрымкі ды спрабуем іх суцяшаць.

Урэшце нехта ўжо збіраецца званіць — спачатку ў загс, а потым і ў міліцыю, але ж не паспявае, бо шчаслівыя маладажоны з'яўляюцца на гарызонце. Нявеста (гэта і сёння перад вачыма!) — танюткая, прыгожая, з букетам гэткіх жа незабыўна пяшчотных руж і жаніх — усмешлівы, дужы, з «абоймай»... туалетнай паперы.

Усё аказалася больш чым проста. Шлях гэтай новаспечанай сям'і пралягаў каля сталічнага ЦУМа, дзе ў канцы кожнага месяца (не кажучы пра год і квартал) у продаж выкідвалі нейкі дэфіцыт.

Вось і тады чэргаў было некалькі, нават на вуліцы каля ўсіх дзвярэй... І тая, за туалетнай паперай, здалася маладым зусім нядоўгай. Да таго ж на рукі давалі па дзесяць рулонаў, а яны былі ўдваіх, значыць, купіць маглі цэлых дваццаць і такім чынам распачаць сумесныя сямейныя будні.

Ад такой вось прозы жыцця нам, сяброўкам нявесты, было трошкі не па сабе. А з іншага боку яшчэ ў дзень вяселля мы зразумелі, што гэта сям'я не прападзе, што яна, нягледзячы на розныя там дэфіцыты ды цяжкасці, хутка абжывецца і мець будзе ўсё, што патрэбна.

...Па вялікім рахунку, так яно ўсё і выйшла: праз год у сяброўкі з'явілася дачушка, потым якая-ніякая, але асобная кватэрка, машына, дача...

А вось муж у яе — наадварот — знік. Як яна потым сказала, стаміўся ад выбівання ды здабывання — «адшукаў» у сабе чацвярцінку яўрэйскай крыві, распачаў новае жыццё — спачатку ў Ізраілі (сяброўка з ім не паехала), потым — з новай жонкай у Штатах.

...І, здаецца ж, нядаўна гэта было, а наша бранская госця (Танечцы ўсяго 22) не адразу і паверыла.

Як, магчыма, некалі потым яе дачка — калі, дай бог, народзіцца — не паверыць, што маці хадзіла ў прыбіральню са сваёй туалетнай паперай.

Святлана Говар, г. Мінск


Дзякуй! Ёсць за што? Ці няма?

Амаль цэлы тыдзень ішлі дажджы. Ногі так і слізгалі па разбітай дарозе, але ж Войцік ішоў па ёй па-вайсковаму брава, на ўсю падэшву: настрой меў — яшчэ той! Разам з жонкай гадавалі яны чацвёра дзяцей, і ўсе чацвёра — дочкі. Толькі на пяты раз сынок атрымаўся. Нашчадак! Прадаўжальнік роду!.. Ну ці ж не радасць?

А таму Войцік у вёсцы з надзеяй зазіраў за платы, у двары: думаў, раптам хто-небудзь выйшаў? Яму (а тым больш нападпітку) вельмі ж карцела пахваліцца.

— Э-э-э, у мяне сын нарадзіўся! — закрычаў ён раптам на ўсю сваю вуліцу. — Чуеце, лю-ю-ю-дзі-і!..

— Ты чаго верашчыш, нібы той падсвінак? — пачуўся голас з-за плота.

Фота: wikimedia.org

Войцік спыніўся, павярнуў галаву і ўбачыў дзеда Алёксу. Стары, пускаючы з люлькі дым, стаяў каля брамкі.

— Дык поўнае права маю! У мяне сынок, чуеш! — кінуўся да дзеда шчаслівы бацька. — Гэта ж трэба! Столькі дзевак, а тут — хлапе-ец!.. Эх!.. І піць будзем, і гуляць будзем! — зацягнуў на ўсё горла.

— Скажы дзякуй мне-е, — засмяяўся ў бараду дзед Алёкса.

— Вой, дзякуй! Дзякуй, дзеду! — падступіў да старога Войцік, ляснуў таго па плячы, ступіў у лужыну ды так і застаўся з паднятай нагой:

— А за што гэта дзякуй? — буркнуў пад нос Войцік. Вочы яго наліліся крывёй, і ён стаў паволі насоўвацца на дзеда. Аднак той, вядома ж, ведаў, што з п'янымі дурныя жарты, а таму, пашкадаваўшы барады, абачліва шмыгнуў у хату.

Войцік некалькі хвілін пастаяў каля брамкі ў роздуме, ці не пайсці яму следам, але потым развярнуўся і пакрочыў дадому. Праўда, цяпер ён ішоў ужо моўчкі, бо крычаць не было ад чаго: знікла некуды радасць, а заадно і форс.

Зыгмунд Дзякевіч, в. Пенценішкі, Воранаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.