Вы тут

Чалавек чалавеку — хто?


Сучасны варыянт адказу — не вельмі прывабны

На адным з папулярных сайтаў у раздзеле прыватных аб'яў ужо не адзін тыдзень вісіць абвестка пра дапамогу ў зборы сродкаў. Звычайна такія аб'явы даюць тыя, у каго цяжка хворыя дзеці і патрабуецца аперацыя за мяжой, якая каштуе вялікіх грошай. Але гэта не той выпадак. Жанчына, якая дала аб'яву, збірае дапамогу... на адваката і судовыя выдаткі. Бо лічыць, што яе справа, якая напачатку была асабістая, вельмі важная і для многіх іншых людзей. Пэўна, так яно і ёсць: на краўдфандынгавай платформе, дзе збіраюцца грошы, на сённяшні дзень з запытаных дзвюх тысяч сямісот рублёў сабрана тысяча дзевяцьсот сорак...


А пачыналася ўсё з непаразумення суседзяў у шматкватэрным доме. На трэцім паверсе сталічнага дзевяціпавярховіка жыве сям'я курцоў, проста над імі, на чацвёртым, — людзі, якія не кураць. Курцы любяць смаліць на лоджыі, прычым робяць гэта часта, ці не кожную гадзіну. Здавалася б, нічога страшнага: паляць на сваёй прыватнай тэрыторыі, на што маюць поўнае права. Але ў нашых тыповых шматпавярховых дамах прытокава-выцяжная вентыляцыя — гэта калі па «водары» заўсёды ведаеш, што ў суседа на вячэру. Дык вось гэта самая вентыляцыя тытунёвы дым, выпушчаны з лоджыі трэцяга паверха, зацягвае на лоджыю і, адпаведна, у кватэру чацвёртага. Гаспадыня кватэры мала таго што не курыць, дык яшчэ і працуе дома. А сядзець з зачыненай лоджыяй летам у горадзе немагчыма. Вось і атрымліваецца, што ад дыму суседзяў ёй проста няма куды дзецца.

Пагаварыць і дамовіцца не атрымалася з самага пачатку. Зразумела, хто ж будзе думаць пра зручнасць іншых, дзеля якой давядзецца ахвяраваць зручнасцю ўласнай. У сваёй кватэры што хочам, тое робім, — быў адказ. Жыхарка чацвёртага паверха барацьбу за права дыхаць чыстым паветрам не спыніла і пачала скардзіцца ў розныя інстанцыі і выклікаць розныя праверкі. Тыя ніякіх парушэнняў не знайшлі — не з-за адсутнасці праблемы, хутчэй — адпаведных нарматыўных дакументаў. Наша гераіня не спынілася і на гэтым і пайшла ў суд. Не асабліва спадзеючыся, што выйграе, — няма такога закона, які б забараняў курыць на лоджыях, за што тады прыцягваць курцоў да адказнасці? Так яно і выйшла — суд жанчына прайграла. Яшчэ і засталася вінна больш за тысячу рублёў... тым, каго прыцягвала ў якасці адказчыкаў. Яны патраціліся на адваката, і суд абавязаў кампенсаваць іх выдаткі.

Спадарыня збіраецца працягваць змагацца не толькі за свае правы, але і за правы астатніх, хто не курыць і знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі. Але трэба плаціць судовую пошліну і аплачваць паслугі адваката. Вось яна і звярнулася па падтрымку ў сеціве...

«Пражыванне ў шматкватэрным доме абавязвае жыхароў лічыцца адно з адным», — такі лейтматыў яе барацьбы. Слабавата для таго, каб выйграць суд, пагадзіцеся. Хаця б таму, што трактоўка на юрыдычнай мове ніяк не гучыць, так, практыкаванні з вобласці маралі. Якую, як вядома, да справы не прышыеш. Але я, уласна, не пра гэта думаю, а пра іншае. Гэтыя ж людзі — тыя, што судзіліся, — суседзямі і засталіся. Як цяпер сустракацца ў пад'едзе, у ліфце (нават у шматпавярховым доме такое часам здараецца), як глядзець адно аднаму ў вочы? «Халодная вайна» на ўсё астатняе жыццё? Але ж можна было б дамовіцца па-чалавечы — проста пайсці насустрач суседцы, якая не хоча труціць шкодным дымам сябе і сваіх дзяцей. Толькі навошта, калі гэты чалавек абсалютна ніхто табе, і якая табе бяда да яго здароўя і адчуванняў? А ў ліфце можна дэманстратыўна павярнуцца спінай і моўчкі тыя тры паверхі праехаць...

Увогуле, здаецца часам, што супольнасць чужых адно аднаму і абсалютна з юрыдычнага пункту гледжання нічога адно аднаму не вінных людзей, якіх па-іншаму можна назваць гараджанамі, проста з'язджае з усіх катушак, забыўшыся на такія звычайныя і раней напоўненыя канкрэтным сэнсам словы, як прыстойнасць, сорам, сумленне. Абы мне добра было — а астатнім... А хто яны мне такія? Нават калі асудзяць, паўшчуваюць — якая розніца? Можа, таму, што апошнім часам усё больш людзей кіруецца гэтым прынцыпам, мы і ходзім па вуліцах, і ездзім у транспарце з такімі незадаволенымі насцярожанымі тварамі — чакаем ад кожнага з выпадковых спадарожнікаў нейкага неадэкватнага ўчынку, скандалу — толькі таму, што яму ў гэты момант так захацелася?..

Нядаўна давялося размаўляць з гаспадаром некалькіх гандлёвых пунктаў на буйным сталічным рынку. Ён якраз вярнуўся дадому злосны — пісаў чарговую тлумачальную па скарзе пакупніка. Цётка папрасіла ўзважыць ёй адну сліву. Буйны плод пацягнуў на адзінаццаць капеек. «У мяне няма грошай», — сказала цётка. «Дык бярыце, з'ешце так», — паспагадала прадавачка. Як вы думаеце, што зрабіла цётка? Пайшла і напісала на яе скаргу: маўляў, абразіла мяне, што я ёй, жабрачка?! Прадаўшчыцу вымусілі перад пакрыўджанай выбачыцца. І, падазраю, адбілі ахвоту праяўляць спагаду на ўсё астатняе жыццё.

«Дык гэта яшчэ што! — засмяяўся мой суразмоўца, гледзячы, як я вылупліваю вочы, адмаўляючыся верыць у расказанае. — Бывае, купяць агуркі, паабразаюць у іх «дупкі», прыносяць абрэзкі назад і прымушаюць узважыць і вярнуць за іх грошы па вазе: маўляў, мы ж іх не ядзім. А аднойчы асабліва вынаходлівая бабка костачкі з чарэшань прынесла: маўляў, вунь яны колькі заважылі, а іх жа не з'ясі!..»

Мы пасля доўга размаўлялі пра тое, што яшчэ гадоў дваццаць таму падобныя паводзіны здаваліся б, мякка кажучы, дзівакаватымі, а сёння ўспрымаюцца як норма. Штосьці ў нашых мазгах (ці ў душах?) сапраўды пераключылася не ў той бок.

«Чалавек чалавеку — воўк», — вырашыла пафіласофстваваць я. «Гэта сёння неактуальна, воўк — звер правільны, калі кусае, дык кусае. Чалавек чалавеку — скунс. Нагадзіць і пойдзе далей, прычым беспакарана», — адказаў мой суразмоўца.

Я хацела запярэчыць, але не знайшла, што сказаць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.