Вы тут

Дзесяць аўтараў сталі лаўрэатамі конкурсу маладых літаратараў «Мост дружбы»


Дзесяць маладых аўтараў з Беларусі і Расіі сталі лаўрэатамі чацвёртага конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы «Мост дружбы». Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Упершыню творчы праект, заснаваны Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы ў мэтах пошуку і падтрымкі таленавітых аўтараў, адкрыцця новых імёнаў у літаратуры і ўмацавання беларуска-расійскіх культурных сувязяў, адбыўся ў 2012 годзе і з таго часу раз на два гады прапануе аўтарам-пачаткоўцам ва ўзросце 18—30 гадоў паспрабаваць творчыя сілы ў малых літаратурных формах (апавяданне, эсэ, навела, нарыс).

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў на цырымоніі ўзнагароджання, што арганізатары вызначылі для конкурсу менавіта жанр апавядання — мабыць, самы складаны жанр у мастацкай прозе: «Я веру ў тое, што па гэтых апавяданнях наступныя пакаленні будуць разглядаць наш час, успрымаючы яго і ў мастацкім, і ў дакументальным фармаце». Ён адзначыў, што маладыя аўтары тонка адчуваюць час, глыбока ведаюць прадмет, пра які пішуць, — таму некаторыя з іх перамагаюць ужо неаднойчы.

Наогул гэтым разам на конкурс паступіла больш за 70 твораў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі — ад Брэста да Далёкага Усходу, а пасля папярэдняга адбору на суд экспертнай рады было вынесена 60 работ. З іх пасля дэталёвага абмеркавання журы вызначыла дзесяць найлепшых — па пяць маладых аўтараў ад кожнай краіны. Лаўрэатамі конкурсу ад Беларусі сталі Алена Папко (твор «Вясёлка»), Андрэй Кулеш («Моцю»), Юлія Шурбіна («Ванільнае пячэнне»), Карына Ломцева-Пашкевіч («Жамчужнае вяселле»), Анастасія Бакуновіч («Нявеста»), ад Расіі — Дзмітрый Лагуцін («Мая Японія»), Віктар Чыгір («Метамарфозы»), Кацярына Капыткова («Дажыць да сваёй смерці»), Аліна Асокіна («Да першага снегу») і Яна Паўлава («Датычнасць»). Творы ўсіх лаўрэатаў па традыцыі друкуюцца ў адмысловым альманаху і такім чынам знаходзяць новых чытачоў.

Намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага РАН Дар'я Маскоўская, якая ўваходзіла сёлета ў журы зазначыла, што многія конкурсныя творы ўразілі яе глыбінёй і высокім узроўнем майстэрства: «Я стаўлюся да гэтых першых крокаў нашых удзельнікаў як да перадгісторыі, авантэкстаў будучых вялікіх пісьменнікаў і мяркую, што праз пэўны час мы будзем беражліва захоўваць гэтыя дэбютныя работы ў архівах і перагортваць у пальчатках».

Лаўрэаты ж, выказваючы падзяку суддзям, прызнаваліся, што конкурс дазволіў ім адчуць сябе часткай маштабнага працэсу культурнага ўзаемадзеяння дзвюх краін, якія, нібыта два берагі ракі, аб'ядноўвае «Мост дружбы». «Дзякуй, што даяце нам, маладым, быць пачутымі, бо гэта вялікі стымул для развіцця», — падкрэсліла тройчы лаўрэатка конкурсу Алена Папко. Пісьменніца прызналася: крыху шкадуе пра тое, што налета ўжо не зможа зноў ступіць на «Мост дружбы», бо не трапіць на конкурс па ўзросце, але шчыра пажадала іншым поспехаў у творчым спаборніцтве і адкрыцця ўсё новых цікавых імёнаў у сучаснай літаратуры. Што да ўласнага сакрэту поспеху, то Алена сцвярджае: «Для мяне самой гэта кожны раз прыемная нечаканасць, бо ўсе апавяданні, якія ўваходзілі ў лік прызёраў, вельмі розныя. Першае з іх, «Ваўчыца», я напісала пад уражаннем ад наведвання Белавежскай пушчы, другое было крыху містычнае, прысвечанае Косаўскаму замку, — даведаўшыся пра яго гісторыю, я вельмі перажывала, што мы не можам зберагчы сваю багатую спадчыну, і паспрабавала «адрадзіць» замак хоць у сваім творы; нарэшце, цяперашняе апавяданне «Вясёлка» звязанае з маімі студэнцкімі гадамі і з Брэстам — гэта мой падарунак гораду. Ёсць задумка неўзабаве выдаць кнігу паэзіі, якая ўжо даўно выспявае, і — працаваць далей у рэчышчы літаратуры, расці і развівацца».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Мост з тысяч слоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».