Вы тут

«Адкрыцці» Шнобелеўскай прэміі 2019 года


29-я па ліку цырымонія ўручэння, так бы мовіць, альтэрнатывы Нобелеўскай прэміі, адбылася ў Гарвардскім універсітэце. Яе лаўрэатамі, як заўсёды, сталі 10 самых дзіўных і незвычайных навуковых прац з пацешнымі назвамі і, мякка кажучы, невідавочным практычным прымяненнем. Даследаванні, якія, як напісана ў статуце прэміі, «прымушаюць вас спачатку ўсміхнуцца, а потым задумацца».


Пры гэтым уручаюць прэмію сапраўдныя нобелеўскія лаўрэаты. Сёлета гэта былі Эрык Маскін, які ў 2007 годзе атрымаў «нобеля» па эканоміцы, Рыч Робертс (1993, медыцына і фізіялогія) і Джэром Фрыдман (1990, фізіка). Заснавальнік узнагароды — рэдактар часопіса АІR («Аналы неверагодных даследаванняў») і нязменны вядучы цырымоніі ўручэння «Шнобеля» Марк Абрахамс — кожны год ператварае ўзнагароджанне ў камедыйнае шоу з элементамі абсурду на зададзеную тэму.

Тэма гэтага года была заяўлена як «Звычкі». Адпаведным чынам выглядаў і сам трафей, які ўручаецца лаўрэатам: кубачак для кавы, упакоўка жуйкі, цыгарэта, зубная шчотка і яшчэ некалькі прадметаў, якія сімвалізуюць тыя ці іншыя звычкі. Да яго прыкладаліся дыплом і «вельмі салідны» грашовы прыз — 10 трыльёнаў долараў. Праўда, долары былі зімбабвійскія і выдаваліся адной паперкай (на момант выпуску банкноты яе рынкавы кошт складаў прыкладна 40 цэнтаў ЗША).

Аказваецца, калі намагніціць мёртвых прусакоў, то яны значна даўжэй захоўваюць магнітныя ўласцівасці, чым жывыя. Да такой дзіўнай высновы прыйшла цэлая міжнародная каманда навукоўцаў з шасці краін — Сінгапура, Кітая, Аўстраліі, Польшчы, ЗША і Балгарыі. Напісаная па выніках гэтага займальнага даследавання навуковая праца «Біямагнетычныя характарыстыкі жывых амерыканскіх прусакоў» была ўдастоена Шнобеля-2019 у намінацыі «Біялогія».

У намінацыі «Фізіка» прэмію атрымала даследаванне аб тым, чаму (а галоўнае — як!) вамбаты спражняюцца кубікамі. Сярод шматлікіх аўтараў гэтай міжнароднай працы апынулася пара навукоўцаў з Тайваня, Патрысія Ян і Дэвід Ху, якія сталі лаўрэатамі «Шнобеля» другі раз — упершыню за амаль 30-гадовую гісторыю ўзнагароды.

Прэмію па медыцыне атрымаў італьянец Сільван Галос, які даказаў, што ўжыванне ў ежу піцы дапамагае захаваць здароўе і знізіць рызыку смерці ад раку стрававальных органаў — але толькі ў тым выпадку, калі піца гэтая прыгатавана ў Італіі.

У намінацыі «Эканоміка» перамогу атрымалі навукоўцы з Нідэрландаў, якія вывучалі валюту розных краін у пошуках адказу на пытанне — банкноты якой дзяржавы лепш за ўсё пераносяць хваробатворныя бактэрыі. Высветлілася, што самыя брудныя — у прамым сэнсе слова — папяровыя грошы ходзяць у Румыніі.

Прэмію ў галіне медыцынскай адукацыі атрымала даследаванне, якое расказвае, як навучаць студэнтаў-медыкаў пры дапамозе гукавых сігналаў, якімі звычайна трэніруюць сабак, — накшталт цокання языком. Артыкул так і называецца: «Трэніроўка ўмоўнага рэфлексу пры правядзенні артапедычных аперацый».

Прэмія ў галіне інжынернай справы дасталася іранскаму навукоўцу Іману Фарабахшу, які запатэнтаваў апарат для змены падгузнікаў.

У намінацыі «Хімія» Шнобелеўская прэмія дасталася японскаму прафесару, які падлічыў аб'ём сліны, якую штодня вылучае сярэдняе пяцігадовае дзіця. Як расказаў сам вучоны, эксперымент ён ставіў на сваіх дзецях: узважваў бананы, даваў іх старанна разжаваць тром сваім сынам — і важыў перажаваную масу нанова. Высветлілася, што за суткі пяцігадовае дзіця вылучае прыкладна паўлітра сліны.

Асаблівы смех у зале выклікала аб'ява лаўрэата па анатоміі. Французскія даследчыкі вывучылі тэмпературную асіметрыю некаторых частак мужчынскіх геніталій у аголеных і апранутых людзей. Яны высветлілі, што адна іх частка звычайна цяплей, чым іншая, але толькі калі на мужчыне ёсць адзенне. Вось такой праблемай зацікавіліся французскія даследчыкі, і смех залы — выдатная і якасная характарыстыка іх працы.

І, нарэшце, прэмія міру дасталася камандзе навукоўцаў з Брытаніі і Сінгапура за спробу вымераць колькасць задавальнення, якое атрымлівае чалавек, калі яму ўдаецца пачасаць месца на целе, што свярбела.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.