Вы тут

Выбіраем сарты груш


Духмяная, Спакуса, Купала, Жнівеньская раса... Адна за другой надразаюцца сакавітыя грушкі, і мы смакуем, прыцэньваемся, выбіраем. У Інстытуце пладаводства НАН Беларусі праходзіць семінар, прысвечаны сартам летняга выспявання.


Падчас такіх заняткаў любы ахвотны (хоць спрактыкаваны садавод, хоць пачатковец) можа даведацца, як розняцца грушы колерам, формай, памерам, смакам. Вучоба праходзіць у садзе, дзе можна паглядзець, як растуць дрэўцы, як нагружаны ўраджаем, ці пашкоджваюцца хваробамі. Нідзе вы не атрымаеце столькі інфармацыі! Усё ж вучоныя ў сваіх садах назіраюць за дрэўцамі працяглы перыяд. Глядзяць, як тыя пачуваюць сябе ў розных кліматычных умовах, адсочваюць, выбіраюць для селекцыі расліны, здольныя прыстасоўвацца пад наша надвор'е і найбольш устойлівыя да хвароб. Спрабуюць стварыць новыя сарты, якія спалучаюць у сабе шэраг карысных уласцівасцяў: жывучасць (маладзенькія дрэўцы нават спецыяльна заражаюць рознымі хваробамі), буйнаплоднасць, прыдатнасць для захоўвання, і пры гэтым яны павінны быць смачныя. Але нават на адным і тым жа дрэўцы ў адзін год могуць вырасці кіслыя грушкі, а ў другі, калі будзе многа сонца, яно парадуе сакавітымі салодкімі пладамі. У нейкі сезон яно здзівіць вялікім ураджаем, а ў наступны можа падмерзнуць і нават загінуць.

У Інстытуце пладаводства сабрана багатая калекцыя сартоў з усяго свету, таму тут могуць падказаць, якія «замежнікі» нядрэнна сябе пачуваюць у беларускіх садах. Ведаюць тут і радаслоўную раслін, падкажуць, у якіх сартоў аднолькавыя «бацькі», падобныя якасці і смак.

— Гэта Чыжоўская — раянаваны сорт. Больш устойлівая да хвароб (значыць, менш трэба рабіць апрацовак). Акуратненькія, таварныя плады. Сярод мінусаў — з кіслінкай і камяністая. Хоць у добры год выдае плады, якія людзям падабаюцца па смаку, — знаёміць з чарговай грушкай вядучы навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур Вольга Якімовіч.

На смак пладоў можа ўплываць не толькі надвор'е. Шмат залежыць ад глебы і жыўлення, якое атрымлівае дрэўца. Садаводы, што прыехалі на семінар, дзеляцца сваімі назіраннямі. Прадказаць, якому менавіта сорту будзе добра на вашым участку, вельмі цяжка. Так, у адных гаспадароў Проста Марыя дае добры ўраджай і плады захоўваюцца працяглы час, а ў другіх дрэўца хварэе, грушы рана асыпаюцца, не ляжаць. Часам на адным участку пэўны сорт можа выдатна сябе пачуваць, а ў суседзяў — не прыжывецца. І знайсці тлумачэнне, чаму пэўнаму сорту «спадабалася» ці не «спадабалася» расці ў нейкім месцы, часам не так проста — гэта залежыць і ад размяшчэння саду, і ад грунтовых вод, і нават ад таго, што вырошчваецца непадалёк на калгасным полі ці на сумежных участках. Можа, у вас за плотам сцелецца суседскі ядловец — а менавіта з такой «дэкаратыўкі» ў грушавыя сады часта перабіраецца ржа, змагацца з якой вельмі цяжка.

Магчыма, і сам гэты год з вясенняй і чэрвеньскай засухамі і познімі майскімі замаразкамі падкіне садаводам Беларусі розных неспадзяванак. Адыходзіць ад стрэсу расліны могуць некалькі гадоў. І беды, хваробы, з якімі вы сутыкняцеся будучым летам, могуць быць якраз наступствамі папярэдняга праблемнага сезона.

Часам і вучоным расліны задаюць многа загадак. Вольга Аляксандраўна спачатку заводзіць нас на адзін участак. Паказвае, якія чыстыя лісточкі і плады на дрэўцах. А пасля мы прабіраемся праз рад высачэзных ліп — і адразу трапляем ў суседні сад, і тут зусім іншы малюнак — і пладовая гніль, і лісты ўсе пабітыя на дрэўцах іржавымі ды чорнымі плямамі. Апрацоўваліся сады аднолькава, але чаму адзін ідэальна чысты, а ў другім парша буяла як ніколі і праявілася, калі плады былі зусім малыя? І адкуль столькі іншых «пошасцяў», калі апрацоўкі ў садзе рабіліся разоў шэсць? «Ці дозу прэпаратаў трэба было даваць большую? Ці трактар ішоў з іншай хуткасцю? Ці з тэрмінамі апрацоўкі не ўгадалі?» — ламае галаву вучоная над такой задачкай.

А я, у сваю чаргу, адзначаю: чым больш інфармацыі тут даюць, тым больш мне здаецца, што я нічога не ведаю. Ды і вопытныя садаводы пагаджаюцца, што работа з пладовымі дрэвамі — адна з самых навукаёмістых галін сельскай гаспадаркі. Ну як падгадаць з тэрмінамі апрацоўкі дрэў ад шкоднікаў, таго ж кляшча? Не паспееш спрацаваць на апераджэнне — і ўжо такога «злодзея» ў садзе не спыніць. Важна ведаць, якія дозы прэпарату і ў які час уносіць. Не забыцца восенню апрацаваць сад карбамідам. «Абавязкова перадайце чытачам, што бяліць дрэўцы трэба ўвосень, — просяць удзельнікі семінара. — Вясной гэта хіба толькі для прыгажосці, як з афарбоўкай печкі перад Вялікаднем. І не толькі ствол на метр ад зямлі важна пафарбаваць, а ўсё дрэўца».

Сёлета ў інстытут паступае шмат скаргаў на ржу грушы, пладовую гніль. Напэўна, змагацца з такімі бедамі трэба ўжо ўсім светам. Бо праблема яшчэ і ў тым, што большасць аматарскіх садоў не абразаецца. А пасля людзі скардзяцца, што на дрэвах, якія яны не абмяжоўвалі ў росце, усе грушы пагнілі, не паспеўшы нават вырасці.

Не ўбачыць ураджаю, калі не даглядаць сад, не абразаць, не ганяць шкоднікаў, не абараняць ад грыбных і бактэрыяльных захворванняў. А тут столькі нюансаў!

— У Юратэ галінкі закручваюцца, як у Кудзесніцы, і, калі няправільна абрэзаць, можна пазбавіцца ўсяго ўраджаю. Шмат залежыць ад фізіялогіі сорту. Звычайна мы абразаем аднагадовыя парасткі, але ў асобных сартоў пупышкі могуць размяшчацца менавіта на іх, часам у пачатку атожылка, а бывае — і на канцы, — расказвае Вольга Аляксандраўна. — Сярод вартасцяў маскоўскага сорту Вялеса можна згадаць, што дрэва сярэднярослае з прыгожымі таварнымі пладамі, але ў асобныя гады іх трэба падвязваць. Спакуса — ураджайная, ужо на двухгадовым дрэўцы ўсё будзе ўвешана. Расліна закладае многа пупышак, і, калі не прарваць завязь, грушкі драбнеюць. Як усе летнія сарты, доўга захоўвацца не будзе, калі ж пакласці ў холад, можа і месяц праляжаць.

Пры выбары саджанцаў абавязкова ўлічвайце, на якім яны прышчэпе. Калі вы хочаце бачыць у садзе невысокія дрэўцы (напрыклад, такія вырастаюць, калі прышчэп — айва), будзьце гатовыя, што з усё больш паўтаральнымі засухамі дагадзіць дрэўцам вельмі цяжка.

Цяпер найбольш запатрабаваныя познія сарты. І вучоныя вядуць селекцыю ў гэтым кірунку: Беларуская Завея можа захоўвацца не горш за Канферэнцыю. Сёння багата сартоў, якія даляжаць да Новага года. Так, нядаўна раянаваны старажытны французскі сорт Бэрэ Люка, створаны шэраг позніх сартоў на аснове Балгарскай прыгажуні, вартыя ўвагі некаторыя ўкраінскія і малдаўскія сарты. І дзіўна, чаму, калі існуе столькі цудоўных сартоў рознага тэрміну выспявання, людзі звяртаюцца ў сад па чаранкі састарэлых. Ну які сэнс сёння вырошчваць Дзюшэс летні — плады ў яго дробныя, уступае ў плоданашэнне на дзясяты год, да хвароб няўстойлівы. Часам людзі каштуюць нейкія плады на рынку, а пасля загараюцца вырасціць у сябе такое ж. Але дзе гарантыя, што плады, якія вы купілі, адносяцца менавіта да пэўнага сорту? А вы пацікавіліся, дзе вырас той прадукт? Калі на поўдні — ці варта рызыкаваць і садзіць у сябе цеплалюбнае дрэўца? Яно можа падмерзнуць і як след больш будзе пашкоджвацца хваробамі, плады з яго не будуць ляжаць.

Трэба ведаць, пры якой тэмпературы захоўваць грушы і ў які час збіраць іх. Розныя сарты выспяваюць неаднолькава, ды і год на год тэрміны «гатоўнасці» на адным і тым жа дрэўцы не вытрымліваюцца. Так, сёлета грушы ў садах саспелі значна раней. Здавалася, яшчэ зусім нядаўна былі шчыльныя — мінула пару дзён і толькі паспявай здымаць. З часам вы самі зразумееце, як падысці да кожнага сорту, каб не прыпазніцца і не сабраць гнілякі, — улічыць форму, памер пладоў, пакаштаваць, паглядзець, якога колеру ў іх семкі...

Семінары, дэгустацыі, майстар-класы вучоныя праводзяць па розных культурах. На асобных занятках можна знаёміцца таксама з сакрэтамі догляду розных культур — напрыклад, зусім нядаўна тут расказвалі пра акуліроўку раслін, а кожную вясну людзей чакаюць на практыкумы па абрэзцы пладовых, костачкавых, вінаграду. Сачыце за абвесткамі на сайце Інстытута пладаводства. Прыязджайце па веды — не пашкадуеце.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.