Вы тут

Успаміны пра кампазітара Яўгена Глебава


Вечар 10 верасня ў Верхнім горадзе. Шпацыр падчас заходу сонца, рамантыка. І раптам пачынаецца музыка: ідзеш на яе — прыгожа... Каля ратушы, пры канцэртнай зале — сцэна, аркестр. Публіка набегла хутка. Ігралі музыку Яўгена Глебава ў дзень яго 90-годдзя. Пазнавальную для тых, хто памятае кінафільмы, у якіх ён ствараў музыку. Бо ён аўтар не толькі цудоўна-вытанчанага балета «Маленькі прынц», які гучыць найбольш часта з усіх яго балетаў (Глебаў паспрыяў развіццю гэтага кірунку ў беларускім кампазітарскім мастацтве і быў высока ацэнены на міжнародным узроўні). Ён актыўна супрацоўнічаў з «Беларусьфільмам», стварыўшы музычныя карціны, якія могуць жыць сваім жыццём нават без прывязкі да стужкі. А мо гэта і лепш: кадры з фільмаў, што выводзіліся на экран каля сцэны, адсылалі да далёкага кавалку мінулага жыцця, а музыка ўспрымалася сучасна і цяпер. Асабліва агучаная жывым аркестрам на вольным паветры для публікі, зачараванай нечаканым падарункам.


Яго падрыхтавала Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, зладзіўшы ў першую дэкаду верасня праект «Музычная спадчына Радзімы» за кошт сродкаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Да праекту далучыліся Міністэрства культуры краіны і органы ўлады розных рэгіёнаў Беларусі. Такім чынам творы кампазітара, якога ўжо можна назваць класікам беларускай музыкі ХХ стагоддзя, маглі пачуць не толькі ў сталіцы — дзякуючы гастрольна-канцэртнаму туру студэнцкага духавога аркестра пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў, дэкана аркестравага факультэта Максіма Расохі. Цыкл канцэртаў быў адмыслова прымеркаваны да 90-годдзя народнага артыста БССР і СССР прафесара Яўгена Глебава. Глебаў і Акадэмія музыкі — гісторыя 30-гадовага шляху, на якім ён знайшоў вучняў і выхоўваў у іх імкненне найперш служыць мастацтву. Сам скончыў Беларускую кансерваторыю, вучыўся ў Анатоля Багатырова. Ён разумеў, што быць добрым кампазітарам — адно, а навучыць пісаць музыку — іншае: гэта тое, што недзе ўнутры, але рвецца вонкі і стрымаць немагчыма, калі наканавана...

Здарылася так, што ў прафесійную музыку Яўген Глебаў прыйшоў даволі позна, папрацаваўшы на чыгунцы, ужо дарослым чалавекам асвойваў нотную грамату і музычныя інструменты. Так натхніць і пераканаць мог, відаць, толькі Іосіф Жыновіч, які адчуваў прыроду творцаў, бачыў самародкаў і ацаніў творчыя задаткі ўраджэнца Смаленшчыны.

Той даверыўся інтуіцыі майстра: просты супрацоўнік чыгункі ператварыўся ў кампазітара з сусветным іменем, аўтара шыкоўных твораў у розных жанрах. Ён пісаў оперы і балеты, сімфанічныя і камерныя творы... Пра гэта ведаюць знаўцы музыкі, а шырокаму колу слухачоў Глебаў вядомы па кіно. Дакладна вядомы — дастаткова было зайграць аркестру, і частка слухачоў вярнулася ў сваё дзяцінства і юнацтва, калі на тэлеэкранах паказвалі стужкі «Апошняе лета дзяцінства», «Тры вясёлыя змены», «Пасля кірмашу», «Траянскі конь», «Леташняя кадрыля», «Я родам з дзяцінства», «Саша-Сашанька», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя... Як адзначыла кіназнаўца Антаніна Карпілава, да работы ў кіно Глебаў прыйшоў у 1960-я гады і праз хуткі час стаў «найлепшым майстрам айчыннай кінамузыкі». І вось што дзіўна: творы, што гучалі падчас канцэрта, пазнавала і моладзь, што прыйшла да сцэны (самі паглядзелі класіку «Беларусьфільма»? Недзе чулі і адзначылі для сябе яркую музыку?).

А некаторыя, можа, чакалі выхаду салістаў, бо аркестр прадстаўляў таленавітых студэнтаў Акадэміі. І выдатна, што гэта адбывалася не толькі ў сталіцы: музычная спадчына краіны належыць усім незалежна ад месца жыхарства. А для яе разумення патрэбныя найперш гатоўнасць пачуць і чуласць. Гэта нескладана. І гэта чаруе.

Вось за ўменне зачараваць прыгожымі гукамі асабліва шанавалі Глебава. Ён умеў зрабіць класічнае папулярным. Умеў падкрэсліць, што беларуская культура прапануе высокія ўзоры і ўзбагачае сусветную, калі ствараў музыку паводле твораў літаратуры «Курган» Купалы, «Альпійская балада» Быкава, «Тыль Уленшпігель» Кастэра, «Маленькі прынц» Сэнт-Экзюперы, «Майстар і Маргарыта» Булгакава. З оперна-балетнай спадчыны кампазітара цяпер на тэатральнай сцэне можна ўбачыць балет «Маленькі прынц» у Вялікім тэатры Беларусі. Прыгожы, рамантычны, светлы па музыцы, ён вядзе ў свет Таленту, якому падуладныя сусветныя таямніцы. Адкрыццём гэтага свету, а для некаторых і навіной пра тое, што ён існуе, могуць быць вось такія асветныя праекты, якія ладзяцца ў краіне. Не адразу, а пакрысе чалавек разумее: можна лічыць сябе абыякавым да сур'ёзнай музыкі, але немагчыма быць абыякавым да музыкі прыгожай.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Глебаў: і настальгія, і рамантыка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.