Вы тут

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала


Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада. Пры гэтым найчасцей не абыходзіцца без абавязковага атрыбута весялосці — алкаголю, ужываць які ў грамадскіх месцах, да якіх належыць у тым ліку і пляж, забаронена. Патрульныя міліцыянеры пастаянна нагадваюць пра гэта, а яшчэ пра курэнне, забарону знаходзіцца без адзежы ды іншае. На ўсё гэта карэспандэнт «Звязды» нагледзелася ўвечары, патрулюючы разам з праваахоўнікамі пляж «Зялёны» на Цнянскім вадасховішчы.


Нататнік са «зладзеямі» і голы мужчына

Міліцыянеры кажуць, што ўздоўж берага ў абсталяваных альтанках звычайна адпачываюць людзі сямейныя, часта з дзецьмі, таму тут больш спакойна і вытрымана. А вось на востраве хаваюцца часцей падлеткі ад 15 да 18, якія прагнуць пакаштаваць дарослых напояў. Аднак гэтым разам атрымалася наадварот.

Супрацоўнікі міліцыі сяржант Мікалай КІБІС і старшы сяржант Іван БАРАНАЎ патрулююць па восем гадзін на дзень. За гэты час, кажуць, можна і 20, і 30 кіламетраў нахадзіць. Да майго прыходу служба іх доўжылася ўжо гадзіны тры і пакуль нічога падазронага
не здарылася.

У гэтым месцы адпачынку ў праваахоўнікаў два маршруты. Ад паркоўкі да вострава — крыху менш за кіламетр і па самім востраве — каля 750 метраў. Найперш мы выправіліся на абход вострава. На беразе месцамі сядзелі парачкі, нічога супрацьзаконнага. Мінаючы чарговы паварот, пачулі ад жанчыны ў гадах, якая прымала сонечныя ванны:

— Ён мне адпачываць перашкаджае. Голы мужчына побач, на думкі розныя наводзіць...

— Хто, дзе? — пытаюцца мае праваднікі.

Непадалёк за кустом на жываце ляжыць голы мужчына.

— Я проста сохну пасля купання, — тлумачыць ён.

— А што гэта да цябе, Юра, маюць? — уступае яшчэ адна жанчына, якая шпацыруе па сцежцы.

Аказалася, усе яны адно аднаго ведаюць, і першая жанчына проста пажартавала. Тым не менш у «нудыста» правяраюць дакументы, запісваюць адрас і раяць апрануцца. Міліцыя-
неры ставяцца да гэтага сур'ёзна, бо за намеранае раздзяванне перад іншымі прадугледжана крымінальная адказнасць. Аднаго такога мужчыну сёлета, дарэчы, затрымалі, а вось на дзяўчын топлес ні разу нараканняў не было, жартуюць праваахоўнікі.

Амаль кожны, да каго звяртаюцца патрульныя за дробнае парушэнне і хто пагаджаецца адразу выправіць становішча, трапляе ў нататнік міліцыянераў. Гэты службовы блакнот ляжыць у аддзеле і, кажуць, дапамагае, калі раптам парушальнік ізноў зробіць нешта падобнае ці што горшае. Тады па адрасе адразу бачна, што з ім ужо праводзілі прафілактычную размову.

«Гарачыя» напоі пад вогнішча

Затрымаць могуць не толькі за распіццё, але і за хуліганства, да якога прылічваецца і выкарыстанне кусцікаў у якасці прыбіральні. Або калі іншыя скардзяцца, што да іх кампаніі нехта чапляецца, не дае прайсці ці абражае.

Паабапал сцежкі, па якой мы абыходзім востраў, месцамі заўважаю кастрышчы. Удакладняю, ці можна тут паліць вогнішча. Гэта сапраўды забаронена, і за такі занятак таксама затрымаюць.

— Уздоўж берага ўсталяваны мангалы, так што цяжкасцяў няма ніякіх, каб нешта згатаваць, — каментуе Іван Баранаў.

Аднак менавіта пад агеньчык, здараецца, адпачываюць тыя самыя непаўналетнія, якія сыходзяць далей ад чужых вачэй. Каштуюць яны і піва, і гарэлку. Калі з такімі кампаніямі сутыкаюцца, пытаюцца іх узрост, правяраюць дакументы, тлумачаць, што яны затрыманы за распіццё спіртных напояў і антыграмадзянскія паводзіны, і дастаўляюць у найбліжэйшы пункт міліцыі для складання пратакола, выклікаюць бацькоў. Падлеткі праходзяць алкатэст. Астатняе — справа супрацоўнікаў камісіі па справах непаўналетніх (КСН).

— Як можна затрымаць кампанію падлеткаў удвух? А калі яны па кустах уцякаць пачнуць? — пытаюся.

— Ні за кім яшчэ не бегалі. У нас жа аўдыё- і відэазапіс вядзецца. Яго потым і прыкладаюць пры разглядзе справы, — кажа старшы сяржант.

Дастаткова аднойчы папасціся за выпіўкай — і ты ўжо пад увагай не толькі ў супрацоўнікаў КСН, але і ў школы. Да паводзін непаўналетніх стаўленне жорсткае, бо напой самі яны не толькі ўжываць не маюць права, але і набыць яго не могуць. Міліцыянеры кажуць, што ні разу яшчэ не было, каб нехта проста за кампанію сядзеў у такіх выпадках, ва ўсіх сляды алкаголю знаходзяцца.

— А калі ў кампаніі непаўналетніх трапляецца дарослы, які набыў «гарачы» напой, то да яго ўжо прымяняецца артыкул за ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны, — удакладняе Мікалай Кібіс. — За гэта яму пагражае штраф ад дзесяці базавых велічынь.

Спакой або медыцынская дапамога

За размовамі абыходзім востраў і ідзём уздоўж берага возера. Усе альтанкі занятыя, паўсюль кампаніі, дастаткова шматлюдныя. Заўважаю каля прыхаванага на ўскрайку лесу абсталяванага мангала шчодра накрыты стол і кампанію з чатырох мужчын. Ад іх пахне спіртным, аднак навідавоку напояў няма. Міліцыянеры папярэджваюць пра забарону алкаголю і рушаць далей, аднак пазней абавязкова вернуцца сюды, каб праверыць. Адпачывальнікі часам кажуць, што шашлык паліваюць півам для водару, а каб даказваць, што чалавек яго яшчэ і піў, міліцыянерам трэба мець падставу, напрыклад, заўважыць у парушальніка прыкметы ап'янення.

Дзяжурствы выдаюцца розныя. Бывае, нічога не здараецца за час патрулявання, аднак калі-нікалі  хуткую дапамогу даводзіцца выклікаць, асабліва п'яным.

— Чалавеку можа быць дрэнна, магчыма, у яго алкагольная інтаксікацыя, тады лепш даверыць справу медыкам, а не везці парушальніка ў патрульнай машыне. Мы дзейнічаем паводле свайго меркавання, у залежнасці ад абставін, — кажа Мікалай Кібіс. — Не абавязкова ж адразу затрымліваць і складаць пратакол. Можна папрасіць кампаніі не выпіваць, асабліва калі яны толькі пачалі, або заклікаць іх проста з'ехаць, каб не было наступстваў. Звычайна ўдаецца дамаўляцца, калі людзі паводзяць сябе прыстойна.

З гэтымі словамі ён накіроўваецца да альтанкі, абвешанай паветранымі шарыкамі. Па ўсім відаць, тут студэнцкі дзень нараджэння. На стале бутэлькі з віном. Адпачывальнікі разумеюць прэтэнзіі, засмучваюцца, але ж напоі прыбіраюць. Тое ж робіць і другая кампанія, якая саграваецца півам каля мангала пасля купання. Запісваюцца імёны, адрасы, усе хаваюць спіртное і працягваюць адпачынак.

А вось у наступнай групе, якая якраз дружна сабралася выпіць, натыкаемся на непаразуменне: «Дык усе ж выпіваюць, мы што, крайнія сталі?» Спрабуюць і адгаворвацца, і нават бутэлькі хаваць не спяшаюцца:

— Мы ж не ведалі, што тут нельга, ніякіх знакаў не бачылі, на таксі пад'ехалі...

Мужчыны пачынаюць званіць некаму па тэлефоне, скардзяцца, што да іх «дачапіліся»... Сітуацыя праз гэта толькі пагаршаецца, і абяцанні «мы зараз пойдзем адсюль» на міліцыянераў ужо не дзейнічаюць.

— Такія агрэсіўныя дзеянні не даюць ніякіх гарантый, што яны далей будуць паводзіць сябе прыстойна, — тлумачыць сяржант.

Пасля 15 хвілін перамоў падыходзяць яшчэ два праваахоўнікі, і траіх затрыманых вядуць да аўтобуса, на якім прывозяць ва ўчастак. Тут на іх ужо складуць пратаколы, і парушальнікі заплацяць штраф.

Як паказаў алкатэст, адзін з мужчын увогуле не піў і паехаў з сябрамі за кампанію. А трапілі яны ўсе ў такое становішча праз упартасць, сварку ды пагрозы аднаго з іх. Думаецца, самі сябры з ім таксама пасля правядуць размову. Праваахоўнікі накіроўваюцца далей несці службу, а карэспандэнт — пісаць пра свае прыгоды...

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Прыгоды на «Зялёным» пляжы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.