Вы тут

Восень з Вялікім тэатрам: аптымістычны «Князь Ігар» і яшчэ пяць прэм'ер


Свой 87-ы сезон Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі сустракае ў рабочым рэжыме. Літаральна праз дзень, 15—16 верасня, тут дадуць оперу «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, у пастаноўцы якой удзельнічае сапраўды магутная творчая каманда: рэжысёр Галіна Галкоўская, мастак Вячаслаў Окунеў, дырыжор Аляксандр Анісімаў, хормайстар Ніна Ламановіч, балетмайстар Юрый Траян.


Чым будзе адрознівацца гэты «Князь Ігар» ад дзясяткаў іншых тэатральных пастановак паводле «Слова аб паходзе Ігаравым», зробленых па ўсім свеце, заканамерна пацікавіліся журналісты напярэдадні прэм'еры. «Перадусім музычнай і рэжысёрскай канцэпцыяй», — растлумачыла рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская, уладальніца медаля Францыска Скарыны. Паводле яе слоў, у спектаклі з'явяцца не толькі ўпершыню адкрытыя для шырокай публікі фрагменты клавіра кампазітара Аляксандра Барадзіна, але і новыя сцэны і персанажы, якіх раней ніхто не бачыў. «На маёй памяці гэта далёка не першы «Князь Ігар», таму ёсць з чым параўноўваць, і без лішняй сціпласці скажу: цяперашні спектакль, мабыць, найлепшы ў маёй кар'еры», — дадае народны артыст Беларусі дырыжор Аляксандр Анісімаў. Цікавай абяцае быць і харэаграфія — абапіраючыся на адну з найстарэйшых пастановак М. Фокіна, якой амаль 100 гадоў, балетмайстар Юрый Траян унёс у фрагмент «Палавецкія скокі» мінімальныя трансфармацыі, каб зрабіць спектакль больш дынамічным і эмацыянальна насычаным. Пад іншым ракурсам паглядзелі ў Вялікім і на галоўных персанажаў: так, князь Ігар паўстане героем, але пры гэтым жывым чалавекам, не застрахаваным ад памылак і няўдач, а Яраслаўна — гэткім зборным вобразам славянскай жанчыны, здольнай пры неабходнасці ўратаваць і каханага мужчыну, і родную зямлю; дый наогул уся опера, абяцаюць стваральнікі, будзе «не вясёлай, але аптымістычнай гісторыяй». Між іншым, калі вам не ўдасца здабыць запаветныя білеты на прэм'ерныя паказы — не засмучайцеся, бо ўжо 21 верасня оперу ў 2 дзеяннях «Князь Ігар» пакажа ў эфіры сацыякультурны тэлеканал Беларусь 3.

Гэта толькі першая з прэм'ер, якімі парадуе публіку тэатр у новым сезоне. 14 лістапада выпусціць балет «Ганна Карэніна» на музыку Пятра Чайкоўскага балетмайстар Вольга Косцель, 8 снежня прадставіць новую аўтарскую рэдакцыю знакамітага «Стварэння свету» Андрэя Пятрова мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар'еў, далей у лісце чакання тэатралаў — адноўленая опера «Набука» Джузэпэ Вердзі, дыпломная рэжысёрская работа Аксаны Волкавай — опера «Вілі» Джакама Пучыні і балет «Пер Гюнт» Эдварда Грыга ў пастаноўцы маладога харэографа Сяргея Мікеля.

Акрамя шэрагу міжнародных праектаў, тэатр захавае і ўласныя брэнды: Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў (з 2020 года ён зменіць фармат і будзе праходзіць раз на два гады), «Навагодні баль у Вялікім», «Балетнае лета» і «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». Таксама ў планах мноства праграм для дзяцей і моладзі, гастрольныя выступленні як на буйных замежных пляцоўках, так і па ўсёй Беларусі — у прыватнасці, пастаноўкі Вялікага тэатра змогуць убачыць гледачы Гродна, Гомеля, Магілёва, Наваполацка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?