Вы тут

Тэхнічная рэвалюцыя беларускай пошты


У канцы жніўня мы расказвалі пра тое, як беларуская пошта працавала да Вялікай Айчыннай вайны. І калі раней тэхналагічныя змены закраналі арганізацыю дастаўкі паведамленняў і адпраўленняў у цэлым — з'явіліся паштовыя вагоны, самалёты і нават кальцавая пошта, — то ўмовы працы супрацоўнікаў аддзяленняў паштовых сувязяў змяняліся, на жаль, не так хутка. Яшчэ семдзесят гадоў таму аўтаматызацыя працоўнай дзейнасці здавалася чымсьці фантастычным. Як і раней, стосы лістоў апрацоўваліся пераважна ўручную. А іх тады было значна больш, чым у наш час. Тэлефонныя правады дацягваліся далёка не ў кожную кватэру, як цяпер. Пра мабільную сувязь і тым больш электронную пошту і ўвогуле ніхто нават не чуў. А па тэлеграфе доўгія пасланні не адправіш, бо тарыфікацыя ідзе за кожнае слова. Вось так ліставанне і заставалася фактычна адзіным сродкам сувязі.


Якія апараты дазвалялі палегчыць працу супрацоўнікам паштовых аддзяленняў?

«Канешне, марыць пра аўтаматызацыю ў першыя пасляваенныя гады было занадта, — згадвае супрацоўніца гісторыка-інфармацыйнага цэнтра РУП «Белпошта» Таццяна ГУЗЯНКОВА.

— Якія там машыны — канцылярскіх прылад і мэблі амаль не пастаўлялася з «цэнтра»! Прадпрыемствы на тэрыторыі, якія вызвалілі з-пад нямецкай акупацыі, былі ў жудасным стане, а ўсё астатняе працавала ў першую чаргу на патрэбы арміі і фронту. Таму кожны супрацоўнік нёс з дому тое, што ацалела за тры гады вайны: хтосьці чарнільныя ручкі, хтосьці — пару крэслаў, хтосьці — паперу... Вось так фактычна на энтузіязме і працавалі першы час.

...Нязменным атрыбутам аддзяленняў паштовай сувязі, які «дажыў» да дзевяностых, былі лічыльнікі. Касцяшкі там ганялі да таго часу, пакуль не пачалася масавая камп'ютарызацыя і не з'явіўся шырокі асартымент калькулятараў. Я калісьці ўзначальвала 114-е аддзяленне сувязі, якое знаходзіцца цяпер насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. У мяне было 12 даставачных участкаў. У раёне жыло даволі шмат пенсіянераў. І вось, калі наступаў час выдачы пенсіі, усе раскладвалі ведамасці і лічылі, колькі грошай трэба даць паштальёну для дастаўкі. І крый божа, было памыліцца хоць на адну капеечку!

У музейнай экспазіцыі захаваліся вельмі нязвыклыя для сучаснага вока тэлефонныя апараты без наборнага дыска і панэлі з кнопкамі. Гэта рарытэт з тых часоў, калі тэлефонныя станцыі не былі аўтаматычныя, а ўся сувязь устанаўлівалася праз выклік «барышні», якая злучала кантакты на станцыі ўручную».

Электрамеханічныя папярэднікі камп'ютараў

Сапраўдным прарывам сталі маркіравальныя машыны. Яны з'явіліся ў самым пачатку 1960-х гадоў, калі перапіску ў вялікіх аб'ёмах пачалі весці шматлікія прадпрыемствы і арганізацыі. Ды і тое вымушана — аб'ём лістоў рос настолькі хутка, што клеіць маркі і ставіць штэмпелі ўручную стала проста фізічна немагчыма. І штат таксама бясконца раздуваць нельга. Уявіце сабе, што перапіску вядзе, напрыклад, завод стратэгічнага прызначэння, на якім працуе не адна тысяча людзей. Лісты мераліся мяшкамі.

Працавала маркіравальная машына вельмі проста. Набіраўся кошт перасылкі, які складаў чатыры капейкі, — і пайшлі канверты пракатвацца адзін за другім.

Ка­са­вая элект­ра­ме­ха­ніч­ная ма­шы­на «Ане­га»,  вы­пу­шча­ная ў 1970 го­дзе.

Былі таксама спробы сысці ад класічных лічыльнікаў. Спярша іх паспрабавалі замяніць на арыфмометры «Фелікс». Яны дазвалялі працаваць з лічбамі да дзевяці знакаў. Але ўсё роўна на лічыльніках пры пэўным досведзе аперацыі атрымлівалася рабіць хутчэй. Таму «Феліксы» на доўгі час на пошце масава не затрымаліся. На змену ім прыйшла лічыльная машына «Аскота». Знешне яна нагадвае нейкі дзіўны гібрыд механічнага калькулятара з тэлефонам. У прынцыпе, такім жа быў і яе функцыянал. Разам з тым новыя лічыльныя машыны дазвалялі друкаваць вынікі падлікаў на паперы, што было на той час істотным прагрэсам.

— А вось усе квітанцыі выпісваліся толькі ўручную, — працягвае Таццяна Гузянкова. — Уявіце, наколькі гэта зацягвала час, патрэбны на выкананне аперацыі. Вось існуюць жа жарты пра почырк урачоў, маўляў, яго разабраць вельмі складана. У паштовых супрацоўнікаў за савецкім часам было не нашмат лепш. Асабліва гэта датычылася, напрыклад, адрознення сямёрак і адзінак. І таму ў 70-я гады з'явілася «прабабуля» ўсіх цяперашніх невялікіх касавых апаратаў — механічная машына «Анега-3-1М». Падобныя на яе прылады яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму стаялі ў старых крамах. Разам з ёй з'явілася куды больш складаная электрамеханічная мадэль з дзясяткамі кнопак. Яны былі прызначаны для прыёму паштовых адпраўленняў. Тут знаходзіцца некалькі ключоў, якія дазваляюць прымаць тэлеграму і падпіску. А вось прыняць пасылку было немагчыма — цыкл аперацый быў недастатковы.

Увогуле, нагрувашчаны па мерках нашага часу знешні выгляд электрамеханічных агрэгатаў 40—50-гадовай даўніны — панэлі з некалькімі шэрагамі кнопак, чый лік вымяраўся дзясяткамі, — тлумачыцца вельмі проста. Па-першае, тэрыторыя СССР дзялілася на паясы. Для кожнага з паясоў устанаўліваўся свой кошт паштовага збору. Па-другое, трэба было набіраць уручную кошт пасылкі і заяўленую вартасць. Асобна — калі патрабавалася дадатковая паслуга, напрыклад паслаць пасылку з тэлеграфным паведамленнем. Трэба было пастаянна аперыраваць пераключальнікамі, часам — і на лацінскі алфавіт. Але машына дазваляла адразу ж на месцы рабіць для супрацоўнікаў пошты і копію дакумента, які аддаваўся на рукі кліенту. Пагадзіцеся, ужо гэта прыкметна скарачала час работы. Аднак з укараненнем камп'ютараў усе гэтыя агрэгаты адправіліся ў музей...

Дарогу вынаходнікам!

Лі­чыль­ні­кі і арыф­мо­мет­ры «Фе­лікс».

— Рацыяналізатарскі рух, шырока распаўсюджаны ў савецкі час, закрануў і пошту, — працягвае Таццяна Гузянкова. — Напрыклад, узяць хоць славуты гадзіннік на Галоўпаштамце, што паказвае, якая зараз гадзіна ў буйных гарадах свету. Калісьці ён з пачаткам кожнай гадзіны граў мелодыю. І гэта было вынаходніцтва нашай вытворчай лабараторыі.
За гэта яе ўзнагародзілі.

А яшчэ паштавікі прыдумалі так званы «заспакаяльнік вадкасці». Выкарыстоўваўся ён у паштовых вагонах, якія ездзілі па многіх чыгуначных лініях. Хоць карэспандэнцыя мусіла дастаўляцца ў як мага больш сціслыя тэрміны, вагон нярэдка быў у дарозе і суткі, і двое. Падчас паездкі хочацца папіць той жа гарбаты або кавы. А як гэта зрабіць, калі вагон гойдаецца і вадкасць можа праліцца? Сітуацыю выправіў невялікі металічны выраб, чымсьці аддалена падобны на вінт карабля з лопасцямі. Здавалася б, гэта драбяза, але колькі карысці прынесла!

Тэ­ле­граф­ны апа­рат СТА-67.

А сургуч сышоў у гісторыю

Ёсць у музеі і электрасургучніца. Калісьці пры яе дапамозе на паштовыя адпраўленні наносілася рэльефная пячатка. Яна пацвярджала тое, што ніякая трэцяя асоба па дарозе не скрала таварнае ўкладанне.

Праўда, ад сургучу нашы паштальёны ўсё ж адмовіліся, хоць гэта быў адзін з сімвалаў пошты яшчэ са старадаўніх часоў — сургучныя пячаткі выкарыстоўваліся яшчэ з XІX стагоддзя! Прычыны гэтага былі простыя. Па-першае, з развіццём тэхналогій выкарыстоўваць сургуч стала неэфектыўна і нават небяспечна. Пры яго награванні выдзяляюцца не вельмі карысныя выпарэнні, удыханне якіх даволі шкоднае для арганізма. Каб мінімізаваць іх уздзеянне, трэба абсталёўваць асобную сістэму вентыляцыі на рабочым месцы, каб адвесці пах. Акрамя таго, можна было атрымаць і вытворчую траўму, калі нават трохі расплаўленага сургучу капне на руку. Ну і акрамя таго, патрэбны былі выдаткі на ўтылізацыю ўжо выкарыстаных пячатак.

— Сургуч таксама часта выкарыстоўваўся пры ўпакоўцы пасылак у драўляныя скрыні, — кажа Таццяна Гузянкова. — Калі ён выкрышваўся,то ў прысутнасці атрымальніка пасылка ўскрывалася і рабіўся акт вопісу, каб упэўніцца, што ўсё дайшло ў цэласці.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.