Вы тут

«Армейскі плацдарм»: уваход дазволены!


Адной з найбуйнейшых пляцовак сямейнага фестывалю «Wargaming Fest: Дзень танкіста» ўжо другі год запар стаў «Армейскі плацдарм». Назва яго кажа сама за сябе. Міністэрства абароны падрыхтавала восем вельмі цікавых зон, багатых на прадстаўленні, выстаўкі ўзбраення і, канешне ж, інтэрактыўныя конкурсы. Усё гэта вельмі прыцягвала не толькі дарослых, але і дзяцей, якія тысячамі ішлі на свята ў сталічны парк Перамогі. 


...Ад малых вакол ваеннай тэхнікі не было адбою. Яно і зразумела: далёка не кожны дзень выдаецца магчымасць забрацца на сапраўдны танк (у тым ліку і на легендарныя Т-34 і ІС-2), залезці ў лёгкабраніраваны аўтамабіль «Дракон», пакруціцца на зенітнай устаноўцы, пастраляць на трэнажоры, завітаць у лазерны цір і нават паразмаўляць па радыёстанцыі замест мабільнага тэлефона. «Хачу быць сувязістам!», «Клас!» — не аднойчы чулася з дзіцячых вуснаў.

Танк Т-72Б3 сёлета прадстаўляў зорны экіпаж. Ён выйграў сярэбраны медаль на Армейскіх гульнях. Старшы механік-кіроўца, гвардыі сяржант Канстанцін Гайваранюк служыць у 120-й асобнай механізаванай брыгадзе.

— Мы рыхтаваліся тры месяцы на палігоне блізу Даманава, — згадвае юнак. — Было цяжка, складана. Кожны дзень мы адпраўляліся на баявыя выезды. Для мяне з наводчыкам такая падрыхтоўка была непрывычная, а вось наш камандзір раней ужо ўдзельнічаў у Армейскіх гульнях. З расіянамі, праўда, было цяжкавата супернічаць па аб’ектыўных прычынах. Але і сярэбраная ўзнагарода — таксама вельмі высокае дасягненне! 

Канстанціну ўсяго 21 год. Першы раз ён сеў за рычагі танка ўвосень 2017-га. Год таму ён звольніўся з войска, папрацаваў тры месяцы дома і... вярнуўся на кантракт.

— Летась мы не чакалі, што на нашай пляцоўцы будзе сапраўдны ажыятаж, — кажа начальнік 2-га аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Фёдар Яфіменка. — Мы пастараліся паказаць вельмі шмат узораў новай тэхнікі, правялі шмат конкурсаў. І, канешне, калі нам прапанавалі сёлета ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, мы пагадзіліся і вырашылі пашырыць праграму яшчэ мацней. У гэтым годзе танк Т-72Б3 прадстаўляе экіпаж, які на Міжнародных Армейскіх гульнях заняў другое месца.  Ёсць і сілавыя комплексы, дзе можна падцягвацца, адціскацца... 

Адзін з такіх конкурсаў — паспрабаваць падняць як мага больш разоў клін затвору ад танкавай пушкі. Важыць такі клін ні многа ні мала 72 кілаграмы. Але знаходзяцца асілкі, якім і такая задача па плячы. Напрыклад, леташні рэкорд у 39 пад’ёмаў пабіў Эйнар Бакіраў, які ўзняў клін ажно 41 раз. Кажа, што сакрэт поспеху — у рэгулярных занятках спортам і здаровым ладзе жыцця.

Танкісты таксама арганізавалі конкурс для дзяцей, маладзейшых за 10 год. Ім трэба было адказаць на пытанні, якія тычыліся браніраваных машын. Простыя пытанні, кшталту «Колькі чалавек у экіпажы танка?» змяніліся даволі складанымі. Умовы віктарыны простыя: хто дасць больш правільных адказаў, той і выйграў.

Васьмігадовы Давід Бяржанін заняў у гэтым конкурсе другое месца. Ён вельмі ўсцешаны прызамі, якія дасталіся яму за добрыя веды. Адзін з іх — партатыўная калонка.

— У мяне тата ваенны! — з гонарам кажа хлопчык. — Ён шмат расказваў мне пра танкі. Я часта гляджу мульцікі на гэтую тэму. А аднойчы быў нават унутры сапраўднага танка!

Крыху далей факультэты Ваеннай акадэміі паказвалі сваё ўзбраенне. Не было адбою ад жадаючых патрэніравацца на стралковым трэнажоры «Сокал М1-П».

— Ён прызначаны для таго, каб навучыць курсанта весці агонь як з процітанкавага гранатамёта, так і са стралковай зброі, — кажа прадстаўнік Акадэміі Кірыл Лятко. — Трэнажор дазваляе весці агонь у любых умовах надвор’я, імітаваць дзень, ноч, змяненне тэмпературы паветра, ападкі... І ўсё гэта — без расходу боепрыпасаў. Гэты стралковы трэнажор ёсць у многіх часцях Узброеных Сіл. Але ён— усяго толькі адзін з этапаў навучання. Напрыклад, тут стралка-гранатамётчыка з мінімальнымі навыкамі мы рыхтуем на працягу... 10 хвілін. Аднак штатныя стрэльбы на палігоне ён не заменіць ні ў якім разе.

«А я трапіў у два танкі!» — хваліцца дасягненнем 11-гадовы Максім.

Зладжаная праца любога вайсковага падраздзялення немагчыма без каардынацыі дзеянняў. Таму ваенныя сувязісты арганізавалі цэлую інтэрактыўную экспазіцыю пад адкрытым небам. Апараты можна было не толькі паглядзець, але і, напрыклад, сабраць сапраўдную радыёстанцыю Р-159 і перадаць па ёй паведамленне. Малыя разам з бацькамі збіралі тэлефонную лінію сувязі — устаўлялі батарэйкі ў апараты, зачышчалі драты і дапамагалі размотваць кабель.

— Правадным тэлефонам у нас у сям’і карыстаецца толькі бабуля, — дзеліцца ўражаннямі 15-гадовы Улад. — Але тут рэальна разумееш, наколькі цікавая і адначасова няпростая праца сувязіста. І заадно бачыш, як увасабляецца тое, што нам распавядалі ў школе на фізіцы.

— Наша экспазіцыя складаецца з трох эпох, — кажа прадстаўнік базы захоўвання, рамонту і ўтылізацыі сродкаў сувязі падпалкоўнік Максім Церашонак. — Пачынаем мы з тэлефонаў і камутатараў часоў Вялікай Айчыннай. Маецца нават палявы тэлефонны апарат, выпушчаны ў Расіі яшчэ да рэвалюцыі. Ёсць у нас і амерыканскія тэлефоны, якія пастаўляліся падчас вайны па лэнд-лізе. 

Іх змянілі аналагавыя радыёстанцыі, якія і дагэтуль выкарыстоўваюцца ў войсках з-за сваёй вельмі высокай надзейнасці. Яны непатрабавальныя падчас эксплуатацыі і дазваляюць вырашаць шмат задач. Лічбавыя апараты, якія з’явіліся ў апошнія дзесяцігоддзі, канешне, па функцыянальнасці пераўзыходзяць сваіх папярэднікаў. Усе яны распрацаваны і зроблены на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у структуру Дзяржкамваенпрама.

Радыёстанцыя Р-159 — жывая легенда. Яна шырока выкарыстоўвалася падчас узброеных канфліктаў у Афганістане і Чачні. Часам яна ратавала не толькі падраздзяленні, але і самога радыста, захінаючы яго ад кулі ці аскепка снарада.

Далей мы кіруемся на трэніровачную кропку, дзе малых вучаць укладваць парашуты. 

— Я сам былы дэсантнік, — кажа Міхаіл Андрасюк, які прыехаў у Мінск на выходныя з Гомеля. — Таму для мяне ўкласці парашут не так і складана. Але ж вы паглядзіце, з якім захапленнем на гэты працэс глядзяць дзеці!

Прыемнай «разыначкай» стала выступленне кінолагаў. Чатырохлапыя памочнікі незаменныя на службе памежнікаў, тых, хто займаецца вышукам, доглядам за багажом, размініраваннем, падчас разборкі завалаў. Спецыялісты паказвалі, як сабакі знаходзяць у аэрапортах выбухоўку, затрымліваюць злачынцаў і выконваюць сінхронна каманды свайго гаспадара.

— Адбор сабак ідзе ў нас вельмі жорстка па многіх крытэрыях, — кажа намеснік начальніка па спецыяльнай службе кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл падпалкоўнік Віктар Мазалевіч. — Калі шчанюку спаўняецца паўтара-два месяцы, пачынаецца тэставанне. Калі нашаму выхаванцу спаўняецца восем год, то спецыяльная камісія прымае заключэнне аб далейшай мэтазгоднасці яго службы.

Начальнік спецыяльнага аддзялення Томаш Вяржбіцкі працуе ў разліку з усходнееўрапейскай аўчаркай па мянушцы Яра. Сабаку споўнілася амаль дзесяць год.

— За плячыма ў нас — удзел у многіх вучэннях. Ляталі разам на верталёце, ездзілі на БТР... Страляніна сабаку моцна не раздражняе. Калі Яру адставяць ад службы, то я забяру яго да сябе. Ніводны кінолаг не кіне свайго чатырохлапага сябра, з якім правёў разам не адзін год і якога часам разумееш лепш за людзей...

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.