Вы тут

80 гадоў таму Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР


Пераацаніць важнасць 17 верасня ў айчыннай гісторыі немагчыма: менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе дзве часткі краіны аб'ядналіся пасля амаль дваццацігадовага раздзялення, якое ўзнікла ў выніку Рыжскага мірнага дагавора. Не будзем адбіраць хлеб у гісторыкаў і палітолагаў і пускацца ў доўгія дыспуты наконт дзеянняў тагачасных улад. Лепш азірнёмся назад, каб даведацца, як змянілася жыццё беларусаў-заходнікаў у бытавым плане. Пра гэта — спецыяльны агляд публікацый «Звязды» за 1939—1940 гады.


Усе дарогі вядуць на ўсход

Нягледзячы на тое, што пра далучэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР было вядома загадзя, 17 верасня, калі Чырвоная Армія перасекла мяжу, газеты не сказалі пра гэта ні слова. Выйшаў звычайны нумар са звычайнымі навінамі. Затое наступнай раніцай у паштовых скрынях чытачы знайшлі «Звязду», а ў ёй — абяцанне, што «Ніякія межы, ніякія пагранічныя слупы больш не падзеляць, не пасякуць на часці нашу родную зямельку — Беларусь». Афіцыйныя выступленні Молатава, вітальныя вершы мінскіх паэтаў, зводкі РСЧА, вытрымкі з замежнага друку аб мерапрыемствах савецкага ўрада і рэзалюцыі з фабрык і школ, дзе дарослыя і дзеці заяўлялі «ва ўсім падтрымаць сваіх братоў-заходнікаў» — змест газеты першыя некалькі дзён выглядаў прыблізна так. Цікавая інфармацыя пайшла крыху пазней.

Напрыклад, у лютаўскія маразы і завірухі 1940-га выйшла паласа з рэпартажамі з месцаў будоўлі будучай шашы Вілейка—Мінск: «На будаўніцтва дарогі выйшлі тысячы сялян Радашковіцкага, Маладзечанскага, Вілейскага, Куранецкага і іншых раёнаў вобласці. Ідзе загатоўка камення для пакрыцця новай шасейнай дарогі, загатаўляецца лес на будаўніцтва мастоў». Рэч у тым, што тады Вілейка была абласным цэнтрам, але да сталіцы з яе можна было трапіць толькі па пясчаным кацярынінскім тракце. «Будаваць сваю дарогу едуць блізкія і далёкія, — пісалі аўтары «Звязды». — Возяць каменне і асаўскія сяляне. Гэта своеасаблівы «дарожны калгас», як яны празвалі самі сябе. Брыгаду ўзначальвае Міхаіл Бакачэўскі, той самы Бакачэўскі, які ў 1938 годзе на вяселлі ў суседняй вёсцы праспяваў:

Эх, чарачка,

Пахілілася,

Каб ты, польская ўлада

Правалілася» [...]

Праз месяц Бакачэўскага схапілі жандармы. У мястэчку Краснае яго збілі так, што ледзь жывым давезлі да астрога. Беднаму селяніну прыйшлося прадаць карову, каб наняць адваката і пазбегнуць вечнай катаргі». Большасць журналісцкіх матэрыялаў таго часу будаваліся на кантрасце жыцця да і пасля 17 верасня 1939-га.

Увогуле, ідэя падцягнуць заходнія рэгіёны да ўсходніх новымі дарогамі была распаўсюджана ледзь не на кожны раён. Прычым ажыццяўлялася яна не толькі рукамі беларусаў. Так, «...вопыт калгаснікаў Ферганы знайшоў шырокае прымяненне сярод сялян вёсак Гродненскага раёна». На хвілінку, Фергана — гэта Узбекістан.

Ухапіліся новыя ўлады і за водную артэрыю на захадзе краіны — Дняпроўска-Бугскі канал. Пабудаваны яшчэ ў канцы ХVІІІ стагоддзя, ён адыгрываў важную эканамічную і абарончую ролю ў гісторыі Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, паколькі злучаў Балтыйскае мора з Чорным. Ды і ў 1939-м тут знаходзілася польская Рачная ваенная флатылія. Чырвоная Армія затапіла яе судны ў верасні. Праўда, ужо праз некалькі месяцаў падняла на паверхню, адрамантавала і ўключыла ў склад савецкай Пінскай ваеннай флатыліі (гэтую аперацыю «Звязда» таксама апісвала на сваіх старонках). Аднак куды больш увагі карэспандэнты адводзілі будаўніцтву новых гідравузлоў канала — работа ішла бесперапынна са снежня 39-га да ліпеня 40-га. «Больш чым у метр прамёрзлая зямля не паддавалася кіркам і ломам. Сабраліся мы аднойчы і сталі калектыўна абмяркоўваць, як лепш наладзіць работу. Была ўнесена прапанова зрабіць спецыяльныя жалезныя клінні, каб адколваць імі цэлыя глыбы мёрзлай зямлі», — пісаў у «Звязду» брыгадзір землякопаў Н.Ф. Янчук пра зімовыя работы, а пасля дзяліўся і пра летнія: «У пачатку жніўня на Брэсцкім вадаспуску патрэбна было расчысціць дно і фашыны ад камення і хмызняку для таго, каб можна было закласці мяшкі з пяском. Звычайна такія работы выконваюць вадалазы. Я сам узяўся за гэту справу».

Першыя феміністкі і калгасныя яслі

Надзвычай актуальнымі і ў наш час падаюцца лісты жанчын 80-гадовай даўніны пра раўнапраўе ў грамадстве. «У мяне паявілася ўпэўненасць у сабе, жаданне працаваць. У першыя дні работы на канале многія жанчыны смяяліся: маўляў, зямлю капаць — не бабская справа. Але я не паслухалася іх. Я паставіла перад сабой мэту — на ўсякай рабоце не адставаць ад мужчын. І я дабілася гэтага», — пісала спадарыня Камісарук з вёскі Гудкі Кобрынскага раёна, якая арганізавала жаночую брыгаду капроўшчыц, нягледзячы на тое, што калегі-мужчыны не ўпускалі моманту пакпіць з яе. «Смяецца той, хто смяецца апошнім», — адказвала ім брыгадзір. Вынік — дзяўчаты не толькі не адставалі ад мужчын, але і перавыконвалі норму ў два разы. «Мая брыгада забівала першыя сваі, і яна ж першаю саджала кветкі на берагах і адкосах пабудаванага канала», — з гонарам зазначала на старонках газеты рабочая.

Ці вось яшчэ прыклад дзеючага раўнапраўя — у лютым 1940-га «Звязда» пісала пра моладзь заходніх абласцей, якая праяўляла жаданне авалодаць складанымі сельскагаспадарчымі машынамі: «У райвыканкомы паступаюць сотні заяў з просьбай накіраваць на курсы трактарыстаў, камбайнёраў, шофёраў і т. д.» Прычым вучыцца «круціць баранку» ахвотна ехалі маладыя дзяўчаты, гэта бачна па фотаздымках з курсаў трактарыстаў у Смілавічах: трое з сямі навучэнцаў з Вілейшчыны — прыгажуні з прычоскамі.

На работу пайшла не толькі жаночая частка насельніцтва, але і пенсіянеры. «Недалёка ад горада Высокае раскінуліся шырокія палі калгаса імені 17 верасня. [...] 78-гадовая Ефрасіння Осіпаўна Чайкоўская выконвала і перавыконвала нормы на жніве зернавых і церабленні ільну. Без адзінага прагулу, па-ударнаму працуе 69-гадовы Раман Аляксеевіч Алексеюк. Да 1 жніўня ён выпрацаваў 147,7 працадня.

— Мне здаецца, што я памаладзеў, — гаворыць 62-гадовы калгаснік Віктар Канстанцінавіч Мінюк, — кожны дзень выходжу на работу і не адчуваю ніякай стомы».

Тут жа паўстала новае пытанне — на каго пакінуць дзяцей? Адказ знаходзім у наступным нумары газеты: «У калгасе імені 17 верасня Высокаўскага сельсовета Брэсцкай обласці працуюць дзіцячыя яслі. Спачатку ў яслях знаходзілася 20 дзяцей. Зараз іх наведвае 50 дзяцей калгаснікаў. Яслі дапамаглі жанчынам-калгасніцам вызваліцца ад клопатаў па догляду дзяцей і актыўна працаваць у калгасе».

Кнігі і ёлкі — дзецям, дарослым — тэатр і кіно

>Будаваць Дняпроўска-Бугскі канал ішлі цэлымі сем'ямі: Селянін Мікалай Васілевіч Галаш,  яго сын Іван Мікалаевіч і ўнук Пётр Іванавіч на будаўніцтве 9-га шлюза. Фота: Я. Халдзея.

З 1939 да 1941 года існаваў Польскі дзяржаўны драматычны тэатр БССР, які гастраляваў пераважна па заходняй частцы краіны. У рэпертуары апрача п'ес, быў і «своеасаблівы канцэрт — літаратурны мантаж, складзены з лепшых твораў польскай класічнай літаратуры і вялікага драматурга Шэкспіра». Трупа выступала па фабрыках і заводах Баранавіч,
Беластока, Брэста, Гродна і Пінска. Рэцэнзіі на прэм'еры друкаваліся ў рэспубліканскай прэсе. 15 верасня 1940 года ў «Звяздзе» выйшла эксклюзіўная гутарка з рэжысёрам тэатра Аляксандрам Венгеркам. «Выключную ўвагу мы ўдзяляем выхаванню маладога актора. [...] Ролі Фердынанда і Луізы ў п'есе «Каханне і каварства» Шылера выконваюць маладыя акторы Петрашкевіч і Касабуцкая, якія раней ніколі не ігралі на сцэне», — расказваў рэжысёр, і заклікаў палякаў, якія жылі на беларускіх тэрыторыях «сур'ёзна падумаць над тым, каб стварыць для польскага тэатра арыгінальныя совецкія п'есы». Да «вялікага свята — гадавіны аб'яднання Беларусі з вялікім уздымам калектыў рыхтуе чарговую прэм'еру — п'есу В. Вішнеўскага «Аптымістычная трагедыя». Ролю камісара выканае таленавітая артыстка Бароўская». У наш час узнікае пытанне: ці не сваячка гэта сучаснай зоркі тэлебачання Святланы Бароўскай?

Яшчэ адна забава для заходнікаў — кінематограф. Ужо ў лістападзе па гарадах і вёсках паехалі хіты савецкага экрана — «Ленін у 1918 годзе» і «Чапаеў».

Прыйшлі і новыя традыцыі. У нумары за 31.12.1939 года карэспандэнты паведамлялі: «У час канікул для вучняў школ Валожынскага павета з 1 па 3 студзеня будуць арганізаваны навагоднія ёлкі. Для наладжвання ёлак часовае ўпраўленне Валожынскага павета адпусціла 5000 рублёў. На гэтыя сродкі будуць закуплены ўсе неабходныя ўпрыгожанні для ёлак, а таксама падарункі вучням малодшых класаў».

Сяляне Ільянскага раёна Вілейскай вобласці вязуць каменне на будаўніцтва шасейнай дарогі Вілейка—Мінск. Фота: І. Шышко.

Дарэчы, наконт школ. На верасень 1940-га на тэрыторыі Заходняй Беларусі «...маем 4278 беларускіх школ, 173 рускія, 932 польскія, 150 яўрэйскіх, 61 літоўскую і 49 украінскіх, — пісала «Звязда». — Для падрыхтоўкі кадраў педагогаў адкрыта 8 педагагічных вучылішч, 1 педагагічны інстытут і 3 настаўніцкія інстытуты». У параўнанне: дагэтуль сялянскія дзеці, як правіла, заканчвалі толькі 4 класы польскамоўных школ, а далей ішлі працаваць. Новая ўлада ставіла мэту — 100-працэнтную пісьменнасць народа. Наколькі ўсеагульнай была адукацыя можна меркаваць па аб'яве ў адным з вераснёўскіх нумароў: «З 20 верасня 1940 года ў гор. Гродна адкрываецца школа сляпых дзяцей. У школу прымаюцца дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 год уключна. Дзеці будуць навучацца грамаце і рамяству. Утрыманне дзяцей за дзяржаўны кошт...» Дарэчы, сучасная Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку — пераемніца той самай, якая адкрылася да вайны.

Аднак адкрыццё школ і падрыхтоўка кадраў — гэта яшчэ не ўсё. Патрэбны былі кнігі, а іх катастрафічна не хапала. На апошніх старонках «Звязда» нават пачала друкаваць маляваныя заклікі пра закупкі «непатрэбных стабільных падручнікаў» ад бацькоў і вучняў. Вось вам і сучасны лозунг «Падары кнізе другое жыццё» ў дзеянні.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: «Вялікае яднанне беларускага народа»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.