Вы тут

Як адсвяткавалі Дні сваіх гарадоў у выхадныя Мінск, Гомель і Гродна


Не памылімся, калі скажам, што гэта быў самы насычаны па колькасці імпрэзаў уік-энд за апошні час: адразу два буйныя абласныя цэнтры і сталіца запрашалі на свае святочныя мерапрыемствы. У Мінску гулі ўсе мікрараёны, здаецца, не было ніводнай пляцоўкі, дзе б не разгарнулася нейкая дзея: і «Дзень танкіста» святкавалі, і па вуліцах (у тым ліку на абцасах) бегалі, і мотасезон закрывалі... У Гомелі арганізавалі свята смачнай і здаровай ежы — першы «Мясмалфэст» у гэтым рэгіёне, у Гродне зрабілі акцэнт на музычную разнастайнасць. Карацей, ад прапаноў у афішы вочы разбягаліся... Зразумела, што апынуцца адначасова ў трох месцах немагчыма фізічна, але чытачы «Звязды» атрымаюць магчымасць даведацца, як прайшлі святочныя мерапрыемствы, з рэпартажаў нашых карэспандэнтаў.


Фота БелТа.

«Мінчанін года» і «Менск старажытны»

«Дзень танкіста», парад байкераў і падарожжа ў антычнасць — чаго толькі не адбывалася ў сталіцы, якая адзначала сваё 952-годдзе... А яшчэ ў Дзень горада на свет з'явілася 33 немаўляці і нарадзілася больш як 200 новых сем'яў.

Святкаванне пачалося ў пятніцу, а ў суботу набрала моц. На фестывалі «Мінск інтэрнацыянальны» гледачы знаёміліся з культурамі іншых краін і спрабавалі замежныя стравы. На мотафестывалі H.O.G. Rally Mіnsk 2019 госці любаваліся шматтысячным парадам байкераў і відовішчным дрыфтынгам на аўто.

Міжнародны гістарычны фестываль «Менск старажытны» запрасіў на рыцарскія турніры, конныя баі і спаборніцтвы лучнікаў.

Трапіць у мінулае маглі і наведвальнікі Цэнтральнага батанічнага сада, адкуль яны выпраўляліся ў Старажытную Грэцыю, каб пабачыць антычных багоў.

Кожны з раёнаў сталіцы прыдумаў да свята сваю асаблівую разынку. У Заводскім раёне, напрыклад, прайшоў забег «Абцасік» у абутку на шпільках не ніжэй за пяць сантыметраў.
У Маскоўскім — высвятлялі, хто лепшы ў велабіятлоне і паркавым валейболе. У Фрунзенскім — арганізавалі фестываль для ўсёй сям'і Famіly Party.

Савецкі раён зладзіў у Камароўскім скверы фестываль «Тэрыторыя здароўя». Прыхільнікі здаровага ладу жыцця частаваліся ласункамі без цукру, хатнім хлебам і фермерскай гароднінай, а адпрацаваныя батарэйкі выменьвалі на мюслі. Цэнтральны раён сабраў гасцей на «Дзень танкіста» ў парку Перамогі і міжнародныя спаборніцтвы агняборцаў «Наймацнейшы пажарны-ратавальнік».

У Ленінскім раёне прымалі фестываль традыцыйнай музыкі Rajok, які сімвалізуе пераход ад лета ў восень, у Партызанскім — прайшоў маладзёжны фестываль вулічнай культуры і спорту MІNSK STREET SUMMІT. А жыхары Кастрычніцкага раёна выраблялі сувеніры ў тэхніцы скрапбукінг.

У Першамайскім раёне пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрыўся загс — у гэты дзень тут пажаніліся шэсць пар маладых, а адна пара адзначыла залатое вяселле. Абноўлены будынак павінен стаць стымулам для абрадавай работы і адраджэння народных звычаяў пры стварэнні сям'і. За 50 гадоў у гэтым будынку зарэгістравалі больш як 116 тысяч нараджэнняў і звыш 58 тысяч шлюбаў. Па статыстыцы, беларускі ўпершыню бяруць шлюб у амаль 26 гадоў, а беларусы — у 28.

Віншаванні прымаў, дарэчы, не толькі горад. Лаўрэатаў конкурсу «Мінчанін года» узнагароджваў старшыня Мінгарвыканкама Анатоль СІВАК, які заўважыў:

— Мінск заўсёды славіўся сваімі талентамі, якія заўжды ідуць поруч з працавітасцю, і гэтыя людзі — лепшае таму пацвярджэнне. Са 125 прэтэндэнтаў абраныя 13, чые дасягненні — прыклад пошуку, адданасці справе, імкнення зрабіць для горада больш.

Завяршылася святкаванне захапляльным феерверкам і агульнымі спадзяваннямі дачакацца наступнага дня нараджэння сталіцы.

Ірына СІДАРОК

Валяр'ян ШКЛЕННІК


Гомель адзначыў някруглую дату — 877 гадоў з дня заснавання

Прадстаўнікі Акцябрскага раёна рыхтуюцца абараняць свае строі на конкурсе нацыянальнага касцюмы.

З сапраўднымі быкамі і «Дыскатэкай Аварыя»

Паўмільённы Гомель упершыню пачатак Дня горада адзначыў на набярэжнай Сожа. Новая пляцоўка, дзе зманціравалі вялікую сцэну з экранамі для трансляцыі, гараджанам спадабалася. І падарунак ад абласных улад гораду — таксама.

Старшыня аблвыканкама Генадзь САЛАВЕЙ павіншаваў са святам на беларускай мове, а потым падарыў мэру Гомеля Пятру Кірычэнку сімвалічны сертыфікат на суму 2 мільёны 750 тысяч рублёў. Грошы мэтавыя: прызначаны для завяршэння будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне № 17, а таксама ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя абласнога цэнтра. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што пастаянна адкрываюцца новыя грані турыстычнага патэнцыялу горада. Сёння замежнікамі актыўна выкарыстоўваецца медыцынская і аздараўленчая база рэгіёна, ёсць перспектывы не толькі ў медыцынскага турызму:

— Ужо амаль 10 прадпрыемстваў распрацавалі свае прамысловыя экскурсійныя маршруты. Набірае абароты і гастранамічны турызм. Яго галоўны аб'ект і месца прыцягнення аматараў смачнай і здаровай ежы — Першы гомельскі «Мясмалфэст».

Сапраўды, многія гамяльчане аддалі перавагу пляцоўцы ў мікрараёне Валатава. Там прадстаўнікі ўсіх мяса-малочных прадпрыемстваў Гомельшчыны разгарнулі яркае гастранамічнае шоу. На ім знайшлося месца як для дзяцей, якія актыўна ўдзельнічалі ў многіх конкурсах і атрымлівалі за гэта «грошы», так і для дарослых. Яны разам з прафесіяналамі маглі навучыцца гатаваць цірамісу ці проста адпачыць, пакаштаваўшы смачную нацыянальную ежу.

Ну а сапраўдныя каровы, авечкі, трусы, якіх многія дзяці, як высветлілася, ніколі на свае вочы не бачылі, выклікалі самыя бурныя эмоцыі. Дарэчы, экспазіцыю суправаджалі прафесіяналы. І яны пра кожнага гадаванца з радаводам расказвалі цікавыя гісторыі. Мне, напрыклад, жывёлавод Аляксандр Пырх падрабязна расказаў пра тое, як спраўляецца з адным са сваіх гадаванцаў — быком галшцінскай пароды па мянушчы Вілен. Дарэчы, жывёла важыць больш за тону.

Конкурс нацыянальнага касцюма «Палатно стагоддзяў», праведзены ў межах Дня горада над Сожам, сабраў аматараў этнаграфіі і мастацкай самадзейнасці з усёй Гомельскай вобласці. Кожны калектыў не толькі дэманстраваў узноўленыя строі менавіта свайго рэгіёна, але і аўтэнтычныя песні, танцы, абрады, уласцівыя той ці іншай мясцовасці.

Самыя разнастайныя імпрэзы прайшлі ва ўсіх кутках Гомеля. Набярэжную запоўнілі імправізаваныя тэматычныя кварталы — Кветкавы, Рачны, Сямейны... На цэнтральнай плошчы выбіралі самага дужага гамяльчаніна, на плошчы Паўстання — самы гучны аўтамабіль. На стадыёне «Цэнтральны» ўдзельнікі свята паслухалі народную артыстку Украіны Таісію Павалій і ансамбль «Беларускія песняры», а ўвечары пляцоўка каля Лядовага палаца запоўнілася моладдзю. Група «Дыскатэка Аварыя» апраўдала яе чаканні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ


#Гроднагучыць!

grodnonews.by

Тут была музыка на любы густ — ад сімфанічнай да цыганскай. Адмысловыя пляцоўкі размяшчаліся па ўсім горадзе, але найбольш ажыўлена было, вядома, у цэнтральнай яго частцы горада. Але не толькі, бо падчас Дня горада, які святкаваў 891-ю гадавіну, адбыліся прэзентацыі, выстаўкі і нават з'явіліся новыя аб'екты.

Новы жылы мікрараён Альшанка атрымаў добры спартыўны падарунак — футбольнае поле ў СШ № 41. Першая гульня адбылася паміж камандай гродзенскіх чыноўнікаў і ветэранаў футбола.

У раёне паркавай зоны Занёманскай часткі пачаў дзейнічаць парк актыўнага адпачынку. У яго складзе — першы ў Беларусі музей вузлоў, вяровачныя трасы, скаладром, 100-метровая тарзанка. Есць палігон для гульні ў лазертаг і магчымасць скокнуць з вежы.

Урачысты канцэрт прайшоў у Гродзенскім драматычным тэатры. Тут адкрылі выстаўку «Музычны Гродна» і ўручылі пасведчанні новым ганаровым грамадзянам горада і лаўрэатам Кнігі гонару.

Старт святочных мерапрыемстваў у суботу быў дадзены роўна апоўдні на плошчы Тызенгаўза перазвонам. А з самага ранку гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы правялі пазнавальныя экскурсіі па гістарычнай частцы горада.

Цікавасць гараджан выклікала пляцоўка рэтратэхнікі, дзе былі прадстаўлены 12 рарытэтных аўтамабіляў і матацыклаў. Самым відовішчным і захапляльным можна назваць дэфіле роты ганаровага каравула ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.

Музыка пакаленняў гучала з пляцоўкі на плошчы Леніна. Сваю праграму прадставіў эстрадна-сімфанічны аркестр абласной філармоніі, выступілі народныя хоры і ансамблі Гродна. Яскравыя нумары прадставіў музычны тэатр «Рада». Цёпла сустракалі гродзенцы сталічных гасцей — Вікторыю Алешку, Ларысу Грыбалёву, Аляксея Хлястова, Аляксандра Саладуху. У лютаранскай кірсе адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Аляксандра Ісакава з Літвы.

Пляцоўка каля Маладзёжнага цэнтра была насычана адпаведна. Тут пад акампанемент рок-музыкантаў, якія выступалі амаль цэлы дзень, можна было атрымаць майстар-клас па нанясенні татуіровак, агледзець выстаўку байк-тэхнікі, набыць эксклюзіўныя скураныя вырабы. Працягнута новая традыцыя — праводзіць у гэты дзень абласны фестываль кнігі. Сёлета ён адбыўся трэці раз.

Стала ўжо традыцыйным і правядзенне ў Дзень горада брэндавага мерапрыемства — Свята сыру. Сёлета ён пашырыў межы і перамясціўся з гарадскога парку на цэнтральны спартыўны стадыён. У фестывалі прынялі ўдзел 20 вытворцаў сыру, якія прадставілі 75 гатункаў смачнай прадукцыі.

Уражвалі разнастайныя вырабу з сыру — ад кніг да архітэктурных аб'ектаў. Але самым хвалюючым для вытворцаў стаў конкурс на лепшы смак. У вызначэнні маглі ўдзельнічаць усе прысутныя. Канчатковую ацэнку дало экспертнае журы. Самым дыпламаваным аказалася прадпрыемства «Малочны свет». Свята сыру суправаджалі шматлікія канцэрты і атракцыёны. Вечарам адбылося выступленне папулярнага спевака Макса Барскіх.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Гучна! Ярка! Смачна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.